– І ты думаеш, яны там гэта разумеюць? І будуць паляваць на цябе, каб забіць тую будучую Беларусь? Нейкі «Тэрмінатар» атрымоўваецца! Ты ў ролі Сары Конар, маці збавіцеля. А я ў ролі Джона Конара, яе абаронцы! І бацькі збавіцеля…
Спроба ацверажальных кпінаў не спрацавала:
— Не зубаскаль, дурань! Нічога яны не разумеюць. І, вядома, яны лічаць, што тая грымотная, сцюдзёная дзяржава, пабудаваная на падмурку агрэставых карпусоў, цёплага ды халоднага, будзе існаваць вечна. Яны ізалююць, стэрылізуюць, нейтралізуюць мяне з меркаванняў бацькоўскай клапатлівасці. Нельга ж быдлу сыходзіць з дома ды гойсаць па лясах. Яно ж належыць гаспадару, і менавіта гаспадару трэба вырашаць лёс! Я бачу ты не разумееш логікі, дык раскажу табе пра сваю котку.
Была ў мяне котка, старая, мы з маці вельмі ж яе любілі… Бо, здаецца, яна была маёй аднагодкай і нават неяк удзельнічала ў маім выхаванні. Так-так, я менавіта таму такая дзікая! Дык вось, адным залацістым жніўнем кошке прыйшоў час сыходзіць, з яе дыягназам можна было пражыць тыдзень ці два. Яна яшчэ магла рухацца, але ўжо зусім нічога не ела ды ўсё намагалася збегчы з дому паміраць. Бо ў кашачых ты ведаеш… Яны знаходзяць месца, яны ж мудрэйшыя за людзей… Знаходзяць месца… І застаюцца там… Назаўсёды. Дык, ведаеш, як маці прыехала ад доктара, я адразу ж пачала будаваць ёй хацінку. І добра ж атрымоўвалася! Думала насыпаць корму, адвезці ў лес, каб яна пажыла, развіталася са светам, а там, можа, знойдзе зёлак ды ачуняе… Кошкі ж… І вось, калі хацінка была гатовая, я прыйшла дадому па яе і заўважыла, што Крысціны няма… Я яе шукала да самага вечара, пакуль маці не прыйшла з працы. Маці мне ўсё растлумачыла. Яна зраніцы завезла Крысціну да доктара, дзе той пагаліў ёй лапу і ўкалоў у вену атруту.
«Ён усыпіў Крысціну», —сказала ёй маці. «Усыпіў»— гэта такое слова, каб пазбегнуць дзеяслова «забіў». (She told that they use word like «asleepening» or «getting to sleep» instead of «mercy killing» which is used in English — I do not know, how to translate it, but make it hurt, Janka!). І Наста запытала ў маці: «Навошта ты гэта зрабіла? Я ж яе так любіла!». І маці адказала: «Менавіта з-за таго і забіла! Бо любіла!» І Наста зразумела, што ў іх вельмі рознае адчуванне клопату. Што ў маці — таксама, як і ў той дзяржавы, якую маці лічыла ідэальнай і якую ўласнай прыхільнасцю да гэтай дзяржавы невыносна і няспынна стварала вакол сябе, «клапаціцца» азначае быць адказным нават за смерць, якая павінна быць гарантаванай і абавязковай. Ты бярэш істоту, ты яе песціш, ты даеш ёй корм, але ты павінен забяспечыць ёй упакаваную, клапатлівую, непазбежную смерць, калі гэтая жывёла пакутуе і ты ўласнымі сіламі (даволі абмежаванымі, бо што ёсць свет чалавека ў параўнанні са светам коткі) не можаш ёй дапамагчы, ты павінен яе забіць, каб забяспечыць тым самым гарантаванае ды гігіенічнае пазбаўленне ад уласнасці. Стаўленне да хворага жывога на маёй радзіме, — патлумачыла яна, — як да металічнага хламу, у які ператварылася тваё колішняе аўто. Ты павінен utilize it.
І Насту таксама трэба utilize. Ці адвесці да дактароў, каб зрабіць аперацыю па выдаленні злаякаснай і метастазуючай радзімы, якую яна носіць у сабе.
— Бачыш, нават у выраі мяне не пакідае Беларусь, — горка ўсміхнулася яна…
— Але мы вырашылі, што гэта не вырай… Гэта чысцец. Тут трэба пакутаваць ад ачышчальнага агню. А вырай будзе пазней. Але я на тваім месцы спыніў бы гэты лямант на тэму перахода з адной якасці ў другую, з зямной юдолі ў нябесную купель, бо, Наста, усё нашае жыццё гэта кшталту прахода караблёў праз Басфор. Спачатку нам здаецца, што дзяцінства — пакуты, а дарослае жыццё — кайф. Потым, у сталым узросце, разумееш, што якраз наадварот: у дзяцінстве было файна, дзяцінства — той страчаны рай, які мы так спяшаліся пакінуць… Здаецца, тваё стаўленне да радзімы — як да таго страчанага дзяцінства…
– І трэба проста пазбавіцца ад цацак? Хер ім, а не застрашаная Наста! — Яна выслізнула з-пад майго парасону. — Я не магу ўсё жыццё насіць з сабой свае страхі, як мех са смеццем, вынесены з кватэры, якую пакінула год таму.
— Куды? — толькі і паспеў запытацца я. Яна бегла да хлопца з салепам. Хутка вярнулася з папяровым кубачкам у руцэ: кроплі стамбульскага дажджу расквецілі паверхню вадкасці празрыстымі плямамі. Як быццам над салепам плакаў Бог.
— Мяне дакладна не атруцяць?
Я ўсміхнуўся:
— Самае дрэннае, што цябе чакае — гэта лёгкая дыарэя, справакаваная мясцовымі легкадумнымі адносінамі з гігіенай.
Яна сербанула і працягнула мне.
— Падзялі са мной чару цыкуты, Ксантыпа!
Я зрабіў дэманстратыўна доўгі глыток, з гатоўнасцю падзяляючы з ёй патэнцыйна магчымую смерць (яна ўсё яшчэ баялася!). Мы зрабіліся яшчэ трохі бліжэйшымі. Бліжэйшымі на два глыткі ўмоўнай цыкуты.
Забалбаталі пра ўсялякую трасцу, прыгадалі абавязковую ў такіх выпадках хуткасць, з якой злучаюцца душы. Нашая незлучонасць і незнаёмасць некалькі гадзін таму цяпер падавалася такой жа бяглуздзіцай, як уяўленні старажытных людзей, што Зямля нібыта стаіць на трох кітах. І вось, калі ўжо дапівалі салеп, яе прасякнула раптоўная шчырасць:
— Кожную ноч, як прыехала сюды, прачынаюся ў цемры… — мне спачатку падалося, што яна зноў цытуе Набокава, але нават проста па інтанацыі зразумеў: кажа пра сваё, інтымнае. — Прачынаюся а чацвёртай, і нібыта сядзіць хтосьці на маім ложку. Наўзбоч, ля ног. Маўклівая, згорбленая постаць, спінай да мяне. Я хачу запытацца: «Хто?! Як сюды патрапіў?! Праз замкнёныя дзверы?!». Але не магу. І вось ляжу, і раптам становіцца зразумела, зразумела менавіта з яго маўклівасці, што трэба збіраць рэчы. Што гэта — за мной. Ну а потым я прачынаюся, і на вуліцы — дзень і дождж. Як думаеш, што гэта значыць?
— Не ведаю, — бестурботна сказаў я. — А ты даўно тут?
— Даўно… Чакала пацвярджэння з амбасады… Паспела ўжо прымерыць эмігранцкі баўл… Асноўнае пачуццё, акрамя, канечне, адзіноты, бо ні з кім з радзімы не зкантактавацца — скампраметуеш, і сябе, і іх, дык вось, асноўнае пачуццё — нейкая неверагодная безабароннасць…
Мы зноў выходзілі з трамвая. Я не ведаю, як яна пераносіла нас у гэтыя трамваі, як яна вымушала рэальнасць рабіцца чымсьці другасным у параўнанні з яе воляй, яе планамі. Вось яна вырашала схававацца ў якую-небудзь непрыкметную вулачку ў самым цэнтры, каб хуткім дотыкам далоні зняць былінку з маіх валасоў і не рабіць гэта на праспекце, дзе шмат людзей, дзе ўсмешлівыя locals паглядзяць так, што нам абодвум стане няёмка, — і вулачка адразу ж апыналася побач, і яна цягнула мяне туды.
— Ты казала пра безабароннасць, — нагадваў я, і мне хацелася яе абараніць, зрабіцца супермэнам побач з ёй, яна ляціць заўтра зранку, я — увечары, але ў нас яшчэ ёсць аскепак ночы, ёсць троху часу на тое, каб абкружыць яе маім клопатам, падмацаваць артэфактам, надзець на руку бранзалет, як Рыплі на Рэбеку ў фільме «Aliens» — каб я ведаў, дзе яна, калі ёй патрэбная падтрымка…
— Безабароннасць — гэта калі ты не ведаеш, куды трэба тэлефанаваць, каб выклікаць «хуткую», калі зрабілася млосна. Куды бегчы, калі на цябе напалі. Да каго падыйсці, калі трэба пра штосьці спытацца. На радзіме, у горадзе, дзе ты нарадзіўся і гадаваўся, такіх пытанняў проста не ўзнікае, адказы відавочныя, а тут самае простае ператвараецца ў невырашальную праблему. І маці не дапаможа. Адчуваеш сябе аголеным у канцлагеры. Нават калі краіна — самая прыязная, кшталту Турцыі…
Мы падышлі да Галацкага маста. Ёсць такія месцы, кшталту Апіевай дарогі, у назвах якіх адчуваецца востры прысмак стагоддзяў, дзіўнае пазнаванне падзей музейнай даўніны ў назвах вуліц — як тая шыльда пра Скарыну, што вісіць на рагу ля Вакечу ў Вільні, ці «іпадром», ад якога ў колішнім Канстанцінопалі застаўся толькі слуп ды шыльдачка. Нашыя продкі будуць вучыць гарадскую гісторыю, якая з’яўляецца гісторыяй ужо для нас — па шыльдачках… Аднак — як на іпадроме, дзе нават самае вострае вуха не пачуе водгукаў таго ляманту, які разносіў вецер дзве тысячы год таму, так і на Галацкім мосце ўся гісторыя, уся гістарычнасць, закансерваваная хіба што ў назве. Стаяць шэрагі начных вудзільшчыкаў, побач з якімі дрэмлюць вёдры, а ў вёдрах лупяцца адна на адну зачараваныя рыбіны, якім ужо не пашанцавала. Рыбіны, у якіх ужо больш падабенства са смачнай вячэрай, чым з жывой істотай. А ўнізе, на другім ярусе (мост з-за свайго ўзросту раздваіўся, стаў двухпавярховым), турысты калупаюць відэльцамі экспанаты, якія б упрыгожылі любы музей мора. Менавіта туды я яе і павёў — упершыню за вечар перахапіўшы ініцыятыву, запрасіўшы Насту далучыцца да гастранамічнага вывучэння глыбіняў. Яна скарылася з крывой усмешачкай, ну вядзі, Джоні, а я пагляджу, як ты, турысціна нявопытная, неабстраляная, разбіраешся ў гастранаміі. Хутка высветлілася, што ў нас істотныя разыходжанні ў разуменні слова «добрая рэстарацыя»: для мяне прынцыповым быў выгляд, разнастайнасць страваў у меню, для яе — нейкая дзіўная «вартасць», якую яна разумела як суаднесенасць «кошту» і «якасці». І першае месца, дзе на ўваходзе нас сустракаў карсар, чымсьці падобны да Джоні Дэпа, яна адразу ж абвесціла «нявартым», тое ж самае, але з затрымкай на азнаямленне з коштамі ў меню, адбылося з другой і трэцяй рэстарацыямі, нават пасля майго запэўнення, што dinner is on me. Урэшце на адной з шыльдаў я заўважыў назву на кірыліцы. Напэўна, ёй будзе прыемна павячэраць у рэстарацыі з кірылічнай назвай, ад якой, мабыць, патыхае радзімай, домам, — разважаў я. Рэстарацыя называлася «Золотои Бабушка», і яна спачатку думала раззлавацца на мяне за тое, што зноў праасацыяваў яе дом, яе гэтую Беларусь, з Расеяй і расейскай мовай, але хутка сама прыйшла да высновы, што «Золотои Бабушка» — гэта не па-руску. А калі нават па-руску, то з такім наборам памылак, што прыстойнаму беларусу вячэра тут павінна прыносіць асалоду сімвалічнай знявагай вялікай рускай культуры.
Даволі хутка прынеслі лобстэра, які апынуўся звычайным рачным ракам, але даволі вялікіх памераў. Афіцыянт пры гэтым меў такі лагодны выгляд, што я проста не мог пакрыўдзіцца на ежу.
— Вы адкуль? — спытаў ён у мяне.
— Я з Бостану, — адказаў я.
— У мяне сястра ў Бостане! — падхапіў ён. — Вельмі прыгожы горад!
Мне зрабілася прыемна.
— А вы адкуль? — спытаў ён у Насты.