— Нічога маме не кажы… — папрасіла-загадала. — Няхай думае, што мы адпачывалі… I пра каня не гавары праўды. Запытае сама — адкажам, што ўцёк…
Неўзабаве Чапроўская, несучы карзіну, дачыльгікала сюды. Кульгала, абапіраючыся на кавеньку, але ішла досыць хутка.
— Якая ты белая… — не павітаўшыся, занепакоілася яна, не зводзячы позірку з Яніны. — Блажыць?
— Відаць, перагрэлася на сонцы, дык вот крыху i пабялела, — паспрабавала ўсміхнуцца Яніна, але ўсмешка яе была не зусім вясёлая i гарэзная, як звычайна бывав пры добрым настроі.
— Ці не на сабе цягнеце вы сырняк? — здзівілася Чапроўская. — А дзе ж ваш конь? Ды во i вупражы нідзе ніякай не бачу… — i з падазронасцю зірнула на ix абаіх.
— Уцёк ад нас Рыжы, — стараючыся не пазіраць матцы ў вочы, сказала Яніна. — Ведама, чуж-чужаніца, як толькі сарваўся з прывязі, дык i марсянуў дадому. Ці нават i ў свет белы.
— Дык самі цягаеце такі ценжар? — пахітала галавою Чапроўская, а пасля i папікнула: — Ці не падурэлі вы?! Цягнучы за каня, i падарвацца можна. Ты ж, — зірнула на Яніну, — дзяўчына, а ты, — перавяла позірк на яго, — яшчз ж нядаўна на жаўтуху хварэў, печань у цябе слабая… Падарвяцё змоладу, так перасільваючыся, здароўе — белы свет мілы не будзе… Скідай, хлопец мой, бервяно во гэтае, самае тоўстае, потым яго забярэш…
Васіль паслухаў, залез на бярвёны, стаў адною нагою на пярэднюю ручку, другою — на сярэдняе бервяно, ухапіўся рукамі за камель крайняга бервяна i папхнуў яго між ног назад, пакуль не скінуў з перадка. Пасля, злезшы, зайшоў за задок калёс, яшчэ, вышэй задняй ручкі, надняў узняты канец бервяна i скінуў яго долу, нагою адкаціў на ўзбочыну. Пакуль ён рабіў гэта, Чапроўская ўсё ўшчувала ix абаіх. У яе словах была праўда, але, канечне, няможна было цяпер, у такіх умовах, жыць па гэтай праўдзе. Хочаш ці не хочаш, але мусова трэба было якраз не спаць у шапку i не асцерагацца. Праўда, кабеты пасля злёгку падпіхнулі, i ён калёсы з двума бярвёнамі пацягнуў без вялікай натугі. Чапроўская ішла ззаду i ўсё ці то дакарала Яніну, ці пра нешта ў яе строга дапытвалася. Колькі разоў азірнуўшыся, Васіль бачыў, што Яніна нібы без ахвоты адказвае i ідзе, апусціўшы галаву.
На хутары Васіль з рэўнасцю чакаў, што скажа старая Чапроўская пра зямлянку — пра іхнюю сумесную работу ды пра іхняе першае ў іхнім жыцці сумеснае жытло. Але тая нічога не сказала, толькі з ахвотаю схавалася ад спякоты ў зямлянку, дастала з карзіны i выклала на стол звязаную хустку з яйкамі, абвязаны збанок (мусіць, з малаком), слоік смятаны, а таксама i боханчык вайсковага чорнага хлеба.
— Сядзьце, з’есце трохі,— лагодна ўжо прамовіла Чапроўская.
— Дзякую, мама, — сказала Яніна, — няхай Васіль перакусіць, а я прылягу, — i легла на палок.
— А што ж вы тут ясцё? — запытала Чапроўская.
— Ды не галадаем, мама.
— Бачу, што надта сытыя… Аж «ляўціць» усё i на адным, i на другім… Шчокі ўпалі, вачэй не відаць…
— Хлеб i тушонка, праўда, скончыліся, — прызналася Яніна, — але картофлю-самасейку капаем, булён ці шчаўе варым… Я нават шчаўе на зіму крышу…
— Зерне пражым, — дадаў Васіль, не могучы паадолець сліну, што гнала i гнала ў рот, калі ўбачыў такі вабны, смачны цешчын пачастунак. — Яблыкі-скараспелкі ходзім у Ляджа рваць… Там не згарэла, уцалела колькі яблынь… Увосень грыбоў на зіму насушым, грыбныя поліўкі будзем варыць…
— Адным словам, як паны жывяцё, — усміхнулася Чапроўская.
— Ды не прападзём, мама, — сказала Яніна. — Жылі людзі ў зямлянках, будзем жыць i мы.
— Я за свой век аж чатыры разы ў зямлянках жыла, — уздыхнуўшы, загаварыла госця, села пры стале. — Першы раз жыла, калі яшчэ малая была. Тады наша, яшчэ дзедава, хата ад маланкі згарэла — агонь палавіну Янковіч як языком злізаў. Пасля гэтага мы выбраліся з вёскі, пачалі жыць у Ляйтарках. Вось там, калі пачалася тая, першая, вайна з немцамі, нашу новую хату царскія салдаты на мост разабралі, змусілі зноў рабіць зямлянку. На трэці раз загналі ў зямлянку немцы, на чацвёрты — палякі… Цяпер вот, калі выганіць Кажушка, прыйдзецца пяты раз у зямлю рыцца… — горка пахітала галавою, зірнула нібы невідушча, — Іншы раз калі падумаеш, успомніш усё, дык аж дзіва альбо страх бярэ: божа, колькі чаго выпала на долю, колькі чаго можна выцерпець… A колькі яшчэ чаго наперадзе будзе… Босыя, без кала ł двара, без жаднай жывёлінкі, без гаспадара…
— A хіба Васіль ужо не гаспадар? — запытала Яніна, лежачы на палку i, здаецца, ужо ачуньваючы, — Хіба благую зрабіў зямлянку? Хіба не змайструе пазней хату?
— Зямлянка ў вас i праўда неблагая. Відаць, Вацік як быў у партызан, дык навучыўся ў ix, — усміхнулася Чапроўская, крышку падбадзёраная дачкою. Але тут жа, нешта ўспомніўшы, зноў засмуткавала, нават панікла. — Я i з-за вас, дзеці, начэй не сплю, але… — Зусім спахмурнела. — Бачу: будзеце жывыя — будзеце жыць. Не прападзіцё, як вы кажаце. А вот з-за Янака ўтрая мяне цяпер сон не бярэ… — Заплюскала вачыма, не стрымала слёз. — Я спачатку, калі вы прыйшлі i сказалі, што ён вытварыў, не паверыла. Думала: можа, нагаварылі людзі, бачылі ці не бачылі, а плятуць. Калі ўцёк, дык не павінен ён абы з кім туляцца, лаўкі, як кажаце, абіраць, на начальства цяперашняе кідацца… Аж учора чуем уночы стук у шыбіну. Выйшаў Кажушка ў сенцы i тут жа зноў ідзе ў хату. Вас, кажа мне, кліча Янак. У мяне i ногі памлелі, сэрца абарвалася: ускочыў-такі ў пастку, пайшоў па сабачай сцежцы недавярак… «Сыночак ты мой, сыночак, — кажу яму ў хаце, — хай бы ты лепш не радзіўся ці малы памёр… Што ж ты сам губіш сябе? Мяне без пары ў магілу гоніш? Род наш знеслаўляеш?! Яня з Вацікам вунь на бацькаўшчыне ўжо сваёй, жыць як людзі пачалі, а ты… Ды ў той час, калі ўжо Брэсце на нашым баку…»— «Такая ўжо мая доля, мама, — адказвае, — Няма ўжо мне ходу назад. У арміі мяне расстраляюць. I Вяршок расстраляе, калі я сыду ад яго… Буду пакуль што хавацца, а потым, можа, з’еду куды…» — «Ідзі, злыдзень, — кажу, — да Васюкова, папрасі, каб заступіўся. Не ўхаваешся i не збяжыш, не ўратуешся нідзе…» Колькі ні прасіла, ні ўгаворвала, не паслухаў. Узяў чыстую бялізну i пайшоў з хаты ў ноч… Куды, чаго пайшоў, адзін чорт ведае…
Васіль i Яніна паныла маўчалі.
— Вацічак, сыночак, — нечакана толькі да яго загаварыла Чапроўская, — я цябе папрашу як сына… Яня сёння мне сказала, што Янак яшчэ ў вас не быў. Але я ведаю: ён прыйдзе сюды, не ўтрывае, каб не ўбачыць вас. Дык ты, сыночак, як мужчына пагавары з ім. Ты ж сталейшы, разумнейшы. Як кажа Яня, наш гаспадар ужо… Папрасі, змусь, каб адумаўся, не цягаўся з тым бандзюгам. Загубіць жа той яго…
Замаўчала, выцерла канцом белай хусткі слёзы.
— Канечне, пагаворым, мама, — падакляравала Яніна, таксама выціраючы слёзы. — Толькі ці паслухае ён i нас…
— Божачка мой родненькі,— забедавала Чапроўская, — ці ж трэба быць такім нелітасцівым? Як толькі нарадзіўся Янка, дык i маю з ім клопаты. Ды не толькі клопаты — бяссонныя ночы, слёзы, боль. Хіленькі, слабенечкі быў, доўга не мог падняць галоўкі, потым — на ножкі стаць, пайсці… Думалі: не выжыве. Але выжыў, акрыяў патроху, але доля яго ўсё роўна была няўдалая. То шкоду якую зробіць, то скалечыцца без дай прычыны: спатыкнецца на гладкай дарозе, са страхі ці з дзерава ўпадзе, нагу ці палец рукі куды падсуне — пад серп, пад касу, над якое кола… Пайшоў у школу — зноў бяда ды гора. То яго наб’юць смялейшыя дзеці, то настаўнік без дай прычыны прычэпіцца, то нешта паб’е ці перакуліць… Мы i вучылі, i крычалі, нават i білі з нябожчыкам Юзем — нічога не памагае. Ці маўчыць, ці плача… Думалі, гаварылі не раз: перарасце, паразумнее — зменіцца, талкавейшы стане. Аж ён i хлопцам не такі, як усе, стаў. Усе вясёлыя, гаманкія, борздкія, а ён усё задумлівы ды задумлівы, сцішлівы, а то нават нейкі i адрачоны. Як сам не ведае, чаго жыве, што робіць… Вот цяпер аднагодкі, маладзейшыя на фронт ідуць, хто рады, хто плача, а ён маўчыць… А я ж, маці, павінна была ведаць, што ён думаў, чаго хацеў, чаго баяўся… А я не ўведала, не пагаварыла добра… — Залілася слязьмі,— I ён ні разу не захацеў пагаварыць, усё таіўся… А цяпер, божа мой, каму — Вяршку даверыўся…
Чапроўская панаракала на вайну, на сваю жаночую i матчыну долю, паплакала, выяўляючы ўвесь свой боль.
Пасля, калі пахадзіла па дварэ, агледзела студню, вычышчаны склеп, выпаланы Янінаю гародчык, мальвы, луг, а таксама i блізкае поле з жытам, пшаніцай i бульбаю-самасейкаю, пачала збірацца дадому.
— Я ж вам, здаецца, казала, што Брэсце ўжо на нашым баку, вайна пайшла далей, — загаварыла на развітанне Чапроўская, — але зімаваць, будзьце пэўныя, будзеце тут адны. Людзі нашы яшчэ не скора вернуцца. Дык смела потым жніце з усяго янковіцкага поля жыта, пшаніцу, ячмень, выкопвайце картофлю — зімою як знойдзеце… Праўда, усё, што само насеялася, мізэрнае, але, што ні кажы, дабро… — Схамянулася: — Ага, ледзь не забылася. Дошчачка наказаў, каб сабаку яго прывяла.
Мурзік якраз, стоячы паблізу, залівіста гаўкаў на поле. Дарэчы, ужо каторы дзень, якую ноч запар ён на некага ўсё брэша. Спачатку думалі, што ён цяўкае на немцаў ці на Вяршка з шайкаю, але калі тыя не заяўляліся, дык рашылі, што, можа, брэша на вожыка якога альбо на ваўкоў. Шкода было Васілю аддаваць Мурзіка, бо i прывык да яго, i не ведаў, як заставацца тут, на хутары, без сабакі, без ніякай жывёлінкі. Але нічога не зробіш, мусіў паклікаць таго i ўзяць на вяровачку.