Ляснік хутка вярнуўся, несучы ў руках бутэльку з чырвонаю соскаю, даў яе, халодную, мяккую, i ласяня, скрывіўшыся ад непрыемнага гумовага паху, пацягнула i адчула, што малако палілося ў рот тонкім струменьчыкам. Ад радасці яно ледзь не захлынулася, памкнулася ўсхапіцца, але яго працяў боль у назе, i прыйшлося аціхнуць, перачакаць, калі стане лягчэй, тады ўжо смактаць далей, выцягваючы шыю i стараючыся не выпусціць слізкай соскі.
I ўжо смокчучы, яно бачыла, як з другой, адгароджанай, палавіны хаты, адчыніўшы дзверы, зайшло двое заспаных босых дзяцей — худаваты, але высокі хлопчык гадоў сямі i поўненькая, у доўгай белай кашульцы дзяўчынка гадоў пяці. Спачатку, тручы ручкамі вочы, яны з дзівам пазіралі на бацьку i на яго, а пасля ажывіліся, пайшлі сюды хутка-хутка — i ў ix адразу прапаў сон, шырока адплюшчыліся вочы i паадкрываліся роцікі.
— Гэта другое цялятка? — запытала мякенькім, далікатным голасам дзяўчынка. — Дзе ты яго ўзяў?
Бацька нічога не адказваў, пасміхаўся.
— Гэта не цялятка, — сказаў хлопчык, пакручваючы на голым вострым плечуку шлейку ад майкі.— Гэта маленькі лось. Так, татусь?
— Так, дзеці,— сказаў ляснік. — I цяпер ён будзе жыць у нас, пакуль не вылечым яго.
— Лёсь, лёсь! — прысеўшы ля ласяняці i гладзячы яго маленькаю ручкаю па спіне, гаварыла дзяўчынка, а пасля зайшла з другога боку i пацягнулася да бутэлькі…— Дай я, татусь… — I як той згадзіўся, узяла бутэльку i трымала яе абедзвюма ручкамі.
Ласяня, з цікавасцю пазіраючы на маленькіх дзяцей, высмактала ўсё малако, нават доўга патрымала пустую соску, ад чаго тая засвістала, а пасля зліплася. Як забралі яе з рота, яно пацмокала языком, адчула, што зусім змарылася, што самі пачалі ліпнуцца вочы.
…Ноччу — пасля таго як яго рану прыклалі падбелам, зноў напаілі малаком i яно спала — прытрызнілася, што паблізу блукае маці, ціхенька падклікае яго — самотна мычыць.
Яно прахапілася, прыслухалася — мыканне прапала. Толькі, здаецца, дзьмухнуў, адбіўся ад сцяны вецер. Як яно суцішылася, пачынала засынаць — зноў пачулася жалобнае мыканне.
Ласяня напялася, абапёрлася на пярэднія калені, каб стаць на заднія ногі, а пасля падняць ужо адну i другую пярэднія, але задняя нага не ўпёрлася, як у лесе аб зямлю, а паехала, зарыпела капытом па падлозе. На нагу аб’ехала з плячэй старая фуфайка, i яно заблыталася ў ёй i ў падасланай, але ўжо збітай набок дзяружцы.
— Ужо хвост падняло, га? — пачуўшы яго грукат, азваўся гаспадар, які ў майцы i трусах прыйшоў сюды са спальпі i ўключыў святло, асляпіўшы зусім ласяня. — Ужо i сіла ест? Га? Гэта добра, але каб не нарабіла ты нам бяды, я адгараджу цябе, — i ён, прыпаднімаючы, прывалок перад сабою i паставіў наўскасяк высакаваты столік. — A заўтра, маё даражэнькае, я цябе ў дрывотню затарабаню. Там табе будзе воля… — пастаяў крыху, успёршыся грудзінай на столік, пагладзіў па спіне i, выключыўшы святло, пашлэпаў назад у спальню.
3
Прайшло пекалькі тыдняў.
Ласяня падрасло, падужала, пачула, што ў яго залячылася рана — спачатку зацягнулася цвёрдаю, тоўстаю, бураю ад крыві нарасцю, а пасля гэтая нарасць пачала сушэць, свярбець i адлушчвацца ды абвісаць.
У падпаветцы — на ахапку сена — яно спала ноччу, а днём гуляла па двары, пазнаёмілася з усімі яго насельнікамі. Палюбіла шчыра гаспадара, добрага i спагадлівага чалавека, мірна ўжылася з крышку страгаватаю i буркліваю гаспадыняю, падружылася з таварысцкім сабакам, са свавольнікам цялём, амаль равеснікам, з якім гойсала па двары; з катом, з курамі — драбнатой — яму было нецікава, i яно без ніякай злосці, толькі дзеля жарту не адганяла тых, a наўмысна бегала за імі, нясмелымі, пудкімі, бачачы, як яны баязліва ўцякаюць, i гаспадар, заўважыўшы гэта, у першы раз накрычаў, кажучы, што ката чорт не возьме, а вось курэй не трэба гэтак палохаць: яны i пер’е губляюць, i «адбіваюцца», не нясуцца. З вялікай — амаль з ласіху — каровай адразу ж, у першую хвіліну сустрэчы, ніякага сяброўства не выйшла: яно памкнулася да яе, да вымя, пачуўшы пах малака, але тая балюча трэснула задняю нагою, i яно, плачучы ад болю, больш не падышло да яе, як i тая ганарліва не звяртала ніякай увагі.
Найбольш ласяня пасябравала з гаспадаровымі дзецьмі — з хлопчыкам i дзяўчынкаю. Яно не ведала, каго больш з ix любіла. Відаць, абаіх пароўну. З імі яно i дурэла, бегала па двары, брала з іхніх рук смачны хлеб, салодкія цукеркі i пернікі, ад ix яно атрымала смешную, нават дураслівую мянушку — Губаты.
Прыдумаў гэта хлопчык. Усё дзівіўся, што ў яго, ласяняці, такая гарбатая морда, абвіслая верхняя губа, а пасля i выдумаў: «Губаты!» Падклікалі яго адным з цялём клічам: «Цяля-цяля!» — а мянушку вось далі такую.
Спачатку называлі так дзеці, а пасля пачалі гэтак падклікаць i сталыя.
У адзін з апошпіх летніх дзён, у яшчэ раннюю, сівую ад туману раніцу, да якой яго рана стала цвёрдай, зарубцавалася, ужо не трэскалася i не балела, толькі крышачку саднела, хоць так i не зарасла шэрсцю, чамусьці зрання прынёс яму вядро з пойлам не босы, яшчэ заспаны хлопчык, а сам гаспадар. Ён быў ужо ў аброшаных кірзавых ботах, старым пінжаку, на плечы якога начаплялася шмат лясной павуціны, i ўвесь ён пахнуў вільготнымі грыбамі.
Прынёс па паўвядра пойла яму i цяляці, якое сёння чамусьці ўсё яшчэ не выводзілі ў поле i з якім яны дасюль елі з цабэрка свежую траву.
Хлопчык заўсёды стаўляў перад ім вядро, апускаў у яго руку, i Губаты, ловячы пальцы, хлябтаў смачнае цёплае пойла, а пасля ўжо языком вылізваў наліплае да дна салодкае цеста. Цяпер Губаты тыцнуўся ў вядро, шукаючы мяккіх пальчыкаў, абліў да вачэй морду і, нічога не абмацаўшы, не мог піць, толькі выплёхваў усё долу.
Ляснік моўчкі пазіраў, але пальцаў сваіх не даваў i за такую марнату не крычаў. Стаяў i курыў зацяжкамі, моршчыўся. Быў ён сёння нейкі задумлівы, надта сур’ёзны.
Як цяля выпіла i вылізала сваю долю, ласяня абы-як гэтаксама апаражніла вядро, ляснік узяў з плота зматаны ланцуг, адзеў ашыйнік на цялячую шыю, адчыніў брамку i павёў яго з двара. У тыя разы, калі выводзіў цяля на пашу, зачыняў брамку перад самым носам Губатага, якому гэтаксама хацелася пайсці разам, не заставацца аднаму, а сёння чамусьці не паспяшаўся гэтага зрабіць, i Губаты — спачатку нясмела, як не верачы, што яму гэта можна, а пасля смялей — памкнуўся следам.
Яны падаліся па выцэментаванай сцежцы ля хаты; ідучы, Губаты ўбачыў, што ў запацелае ад цяпла акно пазірае гаспадыня, глядзіць самотна i нават, здаецца, нечага плача — выцірае рагом белай хусцінкі вочы.
За яшчэ адною — лаўчэйшаю намнога — брамкаю амаль адразу пачаўся бела-шэры брук, на якім Губаты ледзь не спатыкнуўся, не могучы ісці па каменнях. За брукам ляжаў неабгароджаны вялізны — ад вуліцы да лесу — выган, амаль увесь ужо выгаралы ад сонца, рыжы, але мясцінамі, у лагчынках, яшчэ зеленаваты. Гаспадар прывёў ix да зелянейшай лапіны, па дарозе вырваўшы з зямлі калок, да якога, відаць, раней прывязвалі цяля.
Як гаспадар прыпыніўся, нагнуўся, пачаў забіваць каменем у дол сплясканы зверху калок, пятлёю надзеўшы яго на ланцуг, стала i ласяня, здзіўленае такім вялікім прасторам, над якім, здаецца, намнога пабольшала i блакітнае, з лёгкай парнасцю неба.
— Ну што, Губаты? — кінуўшы вобзем камень, ляснік падняўся, атрэпаў аб штаніны рукі, а пасля пагладзіў яго па спіне. — Стаў ты ўжо дужы, здаровенькі, то ідзі ў свой дом, так сказаць, i жыві, дзе ўсе твае сваяке жывуць… Бо цяперака, покуль ты яшчэ малое, табе добра ў нас, а скора будзе нядобра… Ідзі, покуль дзеці спяць… — сказаў так i падштурхнуў у зад. — Ідзі, звярок мілы, да свайго, а пра нас забудзь… Так будзе табе ж лепей…
Губаты адышоўся, пхнуў мызаю цяля — i яны, як штодня ў двары, іматнулі адсюль. Але хутка цяля, ірвануўшыся, стала: яго, напяўшыся, затрымаў ланцуг. Ляснік, які шлэпаў у ботах за імі, замахаў вялікімі рукамі — i Губаты, зусім не спалохаўшыся, a дурасліва i як дражнячыся, падскочыў, брыкнуў заднімі нагамі i гайцануў далей, імгненна п’янеючы ад вялікай прасторы, бегу, душой адчуваючы, як яму ўсяго гэтага дасюль не хапала.
За выганам пачаўся адразу малады лес, які знаёма запахнуў зеленню, смалой, расою, — i ў душы Губатага нешта як варухнулася, захацелася бегчы, i ён, ужо нічога не помнячы, не азіраючыся, мінуў маладняк i памчаў у глыб лесу. Стары сасоннік яшчэ болей завабіў нечым невядомым, родным, мілым, што ён адчуў такое вялікае шчасце, якое, здаецца, не толькі поўніла грудзі, але i ахмяліла зусім. Ён прабег яшчэ, тыцнуўся ў высокую траву i нечакана, зморшчыўшыся, спыніўся: гэта былі калючыя ажыны.