Крычаты
1
Чуў я раней у сваім налібоцкім краі, як знаёмяцца чужыя людзі:
— Адкуль самі будзеце?
— З Налібак.
— А я з Хлябовіч, з Янковіч…
Толькі не помню, каб пахваліўся хто, што ён з Крычатоў — за вярсту якую схаваўся за нашым мястэчкам, за Шабуневым лесам, такі невялікі хутарок, хат дзесяць, не болей. Спытаюць незнаёмыя крычатоўца, дзе жыве, — нiколi не прызнаецца, скажа: стаіць яго хата «непадалёку Рудні, Янковіч ці Пільніцы»…
Месца, на якім аселі Крычаты, i добрае, i нядобрае: жывуць людзі на беразе шырокай ракі. У ёй многа шчупакоў, ментузоў, плотак — хапае круглы год i свежай рыбы, i сушанай, самі ўволю ядуць i прадаюць, добрую капейку бяруць. Не ведаюць людзі гopa i на сена: месца ля ix нізкае, мокрае, не скора высушваецца — расце трава ў пояс, пахкая, ядкая. I коні ахвотна ядуць i каровы.
Але ў крычатоўцаў мала ворыўнай зямлі: вясною выходзіць з берагоў рака, залівае поле; вада стаіць да чэрвеня, не дае ні араць, ні што лапатаю пасадзіць. А то ворыва забірае лес — ля самага хутарка накідваецца, прыжываецца самасейка, а воддаль уросся, укамліўся бор Налібоцкай пушчы. Дровы, ягады, грыбы блізенька, хоць лапатаю грабі, a зямлі, каб зрабіць добрыя грады ці пасадзіць бульбу, няма.
З-за гэтай зямлі яшчэ раней, за панамі, не хацелі нашы местачкоўцы браць крычатовак, a дзяўчат з вёскі нельга было зацягнуць да ix на хутар. Удавалася ў мястэчку якая бедная ці брыдкая дзяўчына, пасміхаліся: «Табе толькі за крычатоўца ісці…»
Вось так гадамі чужыя людзі абнеслаўлялі гэты лапік зямлі, пасміхаліся, забываліся пра яго, успаміналі, калі выходзіла сваё сена i трэ было дакупіць, ці ўзяць у ix рыбы, мёду або піва, якое ўмелі рабіць толькі на гэтым хутарку. Бралі i стараліся, каб ніхто пра гэта не ведаў… I благая слава трымалася, ліпла да крычатоўцаў, як смала…
Як i я помню ўжо, у Крычатах да самага калгаса не было ні школы, ні магазіна, з ix хутара ніхто не вывучыўся за настаўніка, урача, самае вялікае— налоўчваліся хлопцы рабіць бочкі, шыць касцюмы ды кажухі, век цягаліся па свеце па заработках, прыставалі ў прымы, каб пакінуць меншым кусок зямлі, a самім сесці на жончын.
Праўда, казінцы (так яшчэ завуць крычатоўцаў) амаль усе ўмелі добра спяваць i іграць на цымбалах, гармоніках. Калі паблізу бывала якое вяселле ці вечарынка, казінцы тады хадзілі каралямі: ігралі іхнія баяністы i цымбалісты, i тады ix паважалі, нават зайздросцілі, бо i танцоры былі яны спраўныя, люба глянуць было, як яны танцуюць. Вальсамі ды полькамі іхнія хлопцы знясільвалі дзяўчат, танцавалі падоўгу, прыпеўвалі, скакалі, траслі валасамі, грукалі ботамі, i ніхто з імі не мог параўнацца.
Праходзілі танцы, i забывалася гэтая павага, i нават адчувалі гэта i нашы дзеці-янкоўцы i не толькі помнілі, але i часта крычатоўцам-аднакласнікам стараліся не даць пра гэта забыцца.
Яны хадзілі ў нашу пачатковую школу, то мусілі часцей, чым нашы, падмятаць у класе, не старацца на ўроках добра адказваць i не атрымліваць пяцёрак; калі гулялі ў хованкі, ім даводзілася часцей шукаць, а не хавацца.
У нашай школе самым старэйшым i дужым быў Мішка — стараста другой змены. З раніцы вучыўся першы i трэці клас, пасля полудня — мы, другакласнікі, i большыя.
Мішка быў высокі, плячысты, пад носам у яго ўжо чарнеліся вусы — ён яшчэ да вайны адзін ці два гады вучыўся ў польскай школе, «нямала пастаяў на коленках у кутку». Дома ён араў, касіў, піў з мужчынамі гарэлку, на вечарынках агрызаўся са сталымі хлопцамі, не «папускаўся», каб над ім так жартавалі, як над намі, на гадоў восем меншымі за яго. Ён і ў школе не надта слухаўся маладой настаўніцы, часта даводзіў яе да плачу, i тая пасылала каторага з нас, каб мы паклікалі Мішкавага бацьку. Але мы, гэўрыкі, як ён дражніў нас, не хадзілі i не клікалі: баяліся Мішкі. З ім дружылі толькі пераросткі Пятро i Віця, але гэтаксама надта не пярэчылі яму.
2
…У той лютаўскі дзень яны завяліся з-за сцежкі. Праўда, яе спачатку не было: пакуль мы вучыліся, вецер круціў i перасыпаў снег, гнаў па полі, залізаў ім санную дарогу, i нам трэ было ісці па цальнягу.
Мішка, Віця i я жылі на другім ад школы канцы вёскі, i нам ладны кавалак дарогі выпадала ісці разам з крычатоўцамі, бо мы хадзілі не вуліцаю (так было далей), а па полі, напрасткі. Вось, калі выйшлі на голае поле, Мішка i пагнаў крычатоўцаў таптаць сцежку, а сам цягнуўся па ix слядах i падганяў: «Ну, ну, гэўрыкі!»
Крычатоўцы, усе дробныя, нядужыя, спачатку паслухаліся, як i заўжды, мяняліся па чарзе, ішлі след у след, але хутка стаміліся, набралі ў боты снегу, памарозілі ногі i сталі прасіцца падмяніць ix, але Мішка нават i слухаць не хацеў пра гэта, піхаў ix у плечы i гнаў наперад. Тады яны адмовіліся ісці першымі, збіліся ў кучку i плакалі, пагражалі, што раскажуць настаўніцы.
Мішка пасміхаўся, абы-што гаварыў, з месца не кратаўся, стаяў, сціскаўся ад холаду, калючага ветру, цёр халодныя шчокі i загадваў крычатоўцам падавацца. Я не вытрымаў холаду ды гэтай гыркатні i, абышоўшы ўсіх, памкнуўся таптаць сцежку, але Мішка хапіў мяне за плячо, прыцягнуў да сябе, прасіпеў: «Што — шкода ix стала? Эх ты, гэўрык!..»
Цямнела, хацелася есці, было холадна, але Мішка i не думаў здавацца, усё сыкаў: «А ну пайшлі, казіне». Калі яны так i не падаліся, ён узвярэў, накінуўся на ix i стаў матлашыць сумкаю. Хлопцаў паваліў, панатыкаў кожнага тварам у снег. Пасля кінуўся да маленькай Камці — адзінай дзяўчынкі-крычатоўкі,— піхнуў яе, хапіў жменю снегу, хацеў нацерці ёй твар, але яна павалілася, засланіла нос i шчокі рукою, папрасіла: «Не біся» — i так жаласна глянула на яго, што я сумеўся, у мяне сцялося ад страху сэрца, i я ледзь не заплакаў. Але Мішка сціснуў снег на лядзяшку i пляснуў ёю у твар Камці. Яна заплакала, з носа паказалася кроў.
— Бандзюга! — крыкнуў я.
— Ну, ты! — Мішка вызверыўся на мяне, вылупіўшы вялікія, па яблыку, вочы. — Калі так, то смалі першы. Я цябе…
Я не чакаў, пакуль крычатоўцы падбяруць вытрасеныя з кішэняў ручкі ды гумкі, пайшоў пракладаць сцежку, глыбока правальваючыся i набіраючы ў боты снегу.
— Які жаласлівы! Смаркаты гэўрык! — гудзеў ззаду Мішка, ужо на мне спаганяючы сваю злосць. — Будзеш такі добранькі, дык яны цябе заганяюць… Але каб дома маўчаў, як нічога i не было. Папробуй толькі пахваліцца!..
Дома я звычайна расказваў маці пра ўсё, што было за дзень у школе, паказваў, якую атрымаў ацэнку, за што мяне пахваліла настаўніца. Але на гэты раз прамаўчаў, нічога не прамовіў, бо добра ведаў: маці не пахваліла б за тое, як мы абышліся сёння з Камцяю. А яе плач не выходзіў з маіх вушэй, у вачах стаяла, як толькі заплюшчуся: Мішка б’е лядзяшкай Камці ў твар…
Ноччу мне снілася, як мы ішлі па цальнягу, гналі перад сабой казінцаў, піхалі ix у снег. I мне здалося, што я ўдарыў Камцю ў твар лядзяшкаю, разбіў ёй губу… Я крычаў спрасоння i ўскакваў, так мне было страшна — маці колькі разоў уставала i супакойвала мяне.
Назаўтра, калі я падняўся раненька, сон не выходзіў з галавы; я не чакаў, калі да мяне зойдуць Мішка i Віця, пайшоў у школу адзін. Плёўся i бачыў, што крычатоўцы ўчора ці першая змена сёння панапісвалі на снезе абышто пра нас, янкоўцаў,— выводзілі пальцамі ля сцежкі. Я добра ведаў, што Мішка не даруе ім гэтага, будзе помсціць, і, каб ён не прачытаў іхніх абраз, не прыдзіраўся, каб зноў не папала Камці, стаптаў нагамі надпісы.