Павярнуў на праспект — любімае сваё месца — шырокі, прыгожы, абсаджаны каштанамі, з кветкамі ў клумбах паўз тратуар. Вінярскі любіў гэты праспект яшчэ і таму, што тут хоць зрэдку, дзе-небудзь каля «Планеты» ці «Юбілейкі», можна было пачуць чужую мову і ўбачыць сапраўдных, свабодных, шчаслівых і багатых людзей. Ён ішоў паволі, пазіраючы вакол і прыслухоўваючыся, і сапраўды — раптам каля газетнага кіёска пачуў англійскую мову. Мужчына ў белых шортах, у белай кашулі і ў белым гальштуку, у цёмных акулярах, паказваў на нешта ў кіёску сваёй сяброўцы — маладой жанчыне, таксама ў шортах, з фотаапаратам у руцэ, — і абое смяяліся. I вочы ў жанчыны чыстыя, бестурботныя, і смех у абаіх дзіцячы і бестурботны. Вінярскага нібы працяло токам ад гэтага смеху. Ажыло раптам у душы таксама нешта чыстае і светлае, і захацелася абняць гэтых людзей, узяць пад руку жанчыну, ісці разам з імі некуды і ні аб чым не думаць. Але хутка ён апамятаўся, прыгорбіўся і пайшоў хутка, ні на кога ўжо не гледзячы.
«Толькі сярод такіх людзей я сам адчуваю сябе чалавекам, — значыць, мне і трэба быць увесь час сярод іх, — думаў ён. — Але гэта даўно было зразумела. Не тое, нешта не тое…»
I Вінярскі паспрабаваў адпусціць у сабе тую струну, якая з самай раніцы, пасля расказа Стэльмаха, звінела ў ім і ўсё накручвалася, і накручвала на сябе нейкія пабочныя думкі і пачуцці, перашкаджаючы думаць пра галоўнае. Паспрабаваў адпусціць гэтую струну — і ўдалося, і выплыла: Стэльмах — грошы — замежная клініка — дзве цагліны ў «дыпламаце».
Але што яму, Вінярскаму, да гэтага?! I ён зноў захацеў «закруціць струну», не думаць пра Стэльмаха, а марыць пра самае сваё запаветнае — чым жыў з дня ў дзень вось ужо колькі гадоў, яшчэ з інстытута. Не, гісторыя Стэльмаха вельмі цесна на гэтыя мары накладвалася. Вінярскі мусіў прызнацца сабе, што гэтая гісторыя ўсхвалявала яго, выбіла з душэўнай раўнавагі. Вядома, не сваёй таннай меладраматычнасцю, Вінярскі сапраўды не помніў ніякай Стэльмахавай дачкі, увогуле, не верыў ніводнаму слову Івана Змітравіча, — але ж грошы былі! Былі ж дзве «цагліны» даляраў! Гісторыя ўсхвалявала Вінярскага тым, што ў ёй праглядвала ўпартая мэтанакіраванасць чалавека, які ў нешта моцна верыць і любымі сіламі і сродкамі стараецца дабіцца гэтага «нечага». Вінярскі раптам зразумеў, што яго непакоіць — зайздрасць. Яму было зайздросна і крыўдна, што, акрамя яго, ёсць яшчэ людзі, якія нечага ад жыцця хочуць. А тым больш такія, як Стэльмах. Гэта была інстынктыўная крыўда і, урэшце, злосць маладога самца, што вынайшаў спосаб збіваць бананы з дрэва палкаю, і раўніва хаваў сваё вынаходніцтва, пакуль знянацку не ўбачыў, што і другі самец, слабы і ўжо непрыдатны для размнажэння, таксама карыстаецца такою ж палкаю.
Яшчэ ў час вучобы, некалькі гадоў назад, калі на адным з экзаменаў Вінярскаму ні за што паставілі тройку — толькі з-за асабістай непрыязнасці да яго выкладчыка, — ганарысты, крыўдлівы хлопец вырашыў, што жыць тут — гэта зажыва пахаваць сябе. Разумны, халодны, без комплексаў (такім лічыў сябе Вінярскі), ён мог праявіць сябе толькі там, дзе б яго паважалі і цанілі. Гэта была сапраўдная мэта, дзеля такой варта было жыць. I дзякаваць Богу, яна прыйшла яму ў галаву даволі маладому, калі быў яшчэ студэнтам. Час наперадзе ёсць. Некалькі гадоў — ды хоць дзесяць, і тады яму будзе толькі пад трыццаць — пажыць аскетам, назіраць усё, запамінаць, нікога не любіць — і збіраць грошы. Любымі спосабамі. Акўпіцца і апраўдаецца ўсё. Ен разумеў, вельмі добра разумеў Стэльмаха, калі той расказваў пра сябе!..
Сам Вінярскі збіраць грошы пачаў яшчэ ў інстытуце, рублямі: фарцаваў, ездзіў у Прыбалтыку, дзе скупляў падробленыя пад «фірму» красоўкі і джынсы, у Мінску перапрадаваў… Потым, калі закруцілася перабудова і «адкрылі» Польшчу, пайшло лягчэй. Ён пачаў цікавіцца палітыкаю, радаваўся, як яно ўсё нечакана паварочваецца, і адначасова трывожыўся, што такіх, як ён, становіцца ўсё больш. Усіх такіх, як сам, яму трэба было ненавідзець з-за канкурэнцыі. Але сёе-тое перападала і на яго долю. I вечарамі, зачыніўшыся ў сваім пакоі, Вінярскі падоўгу пералічваў рознакупюравую «зеляніну», даляры, разглядваючы на святло, разгладжваючы пальцамі кожную купюру. Ен складаў даляр да даляра, па сотцы, перацягваў гумкаю, пералічваў яшчэ раз пачкі і замыкаў у шуфлядку на ключ, ведаючы, што гадзін праз колькі, калі ён пачытае газеты і паглядзіць тэлевізар, ён зноў зачыніцца, і зноў пачнецца ўсё спачатку… Ен разумеў Стэльмаха.
З кожным месяцам, пасля кожнай удалай паездкі — а ў яго амаль усе былі ўдалыя, — купюраў большала, і большала яго радасць, гонар за сябе, за сваю кемлівасць, спрыт, — большала і нянавісць да некага, хто таксама збірае грошы і пра нешта марыць. Вінярскаму гэта было можна, ім — нельга. Для іх грошы былі адзенне, ежа, у лепшым выпадку машына ці кватэра, а для яго — толькі віза і замежны пашпарт. Куды? Хоць у Аўстралію, хоць куды — толькі б далей ад усяго, што вакол, далей ад хамства, тупасці, жабрацтва… Проста не чапайце мяне, дайце спакойна купіць білет на самалёт ці на цягнік; я паеду ў любы еўрапейскі, амерыканскі, аўстралійскі горад, у любое Богам забытае мястэчка (калі там ёсць такія). Я гатовы працаваць грузчыкам, парабкам, мыць посуд, падмятаць вуліцы, прыбіраць туалеты — і рана ці позна я дачакаюся свайго, дакажу, што я люблю і ўмею працаваць, напомню пра свой дыплом урача і пра свой вопыт… Хай мне даюць выпрабоўчы тэрмін — я ахвотна пайду санітарам, асістэнтам, прыбіральшчыкам, дакажу сваю адданасць, і мяне ацэняць. А там — свой домік, сад, прыслуга, машына. Больш нічога не трэба. Нідзе не трэба кідацца ў вочы. Мне і гэтага хопіць на ўсё жыццё. Галоўнае — будзе акуратны гарадок, дахі з чырвонай чарапіцы, клумбы з ружамі, чыстыя вуліцы, ціхі вечар і людзі, якія ўмеюць радасна смяяцца — як гэтыя, каля кіёска, — не баючыся, што на іх будуць азірацца і круціць пальцамі каля скроняў.
Яму нікога і нічога не шкада будзе тут пакідаць. Бацькі? Бедныя, затурканыя маралісты, маці, без пары ссівелая, напаўсляпая ад вечнага чытання чужых сшыткаў, з акладам настаўніцы, які больш нагадвае жабрацкую міластыню, чым плату за такую катаржную працу; бацька — будаўнік, які ўсё жыццё ляпіў тыпавыя, падобныя адна на адну, як васковыя ромбы ў сотах, цёмныя цесныя клеткі — так званыя «кватэры»… Што яны бачылі, што ведаюць? Для іх вяршыняй шчасця было тое, што ён скончыў медыцынскі інстытут, а найбольшая мара — каб ён гадоў да пяцідзесяці дабіўся таго, што ёсць цяпер Стэльмах… Але яны нават не здагадваюцца, якая старасць іх чакае! Вядома, ён забярэ іх адсюль, за імі будзе дагляд, лепшая медыцынская дапамога, лепшыя курорты, спакой, хоць пад канец жыцця яны павінны ўбачыць, што свет намнога шырэйшы і святлейшы за трохпакаёвую клетку панельнага дома ў Вяснянцы…
Вінярскі падумаў пра Жану. Не, і Жану шкада пакідаць тут. Шкада нават не столькі Жаны, колькі таго ўспаміну, што з ёю звязаны, — як яна, голая, выціралася ручніком у ванным пакоі, паставіўшы нагу на край ванны, нагнуўшыся…
Часта бывае, асабліва на гарадскіх людных вуліцах, што пра каго падумаеш, таго хутка і сустрэнеш. I неяк інтуітыўна Вінярскі пачаў пазіраць на сустрэчных дзяўчат: вось прайшла з такімі ж доўгімі, прыгожымі нагамі, але белая, а Жана чарнявая… Вось дзве чарнявыя, і такія ж высокія, з такімі ж нагамі, але ў адной — тонкія вусны, другая — зусім маладая, відаць, школьніца; а ў Жаны вялікі рот, поўныя вусны, і менш дваццаці гадоў ніяк не дасі…
Каля «Юбілейкі» ён спусціўся ў пераход, выйшаў на другім баку вуліцы, якраз на прыпынак, — і знянацку ўбачыў Жану. Яна сядала ў чырвоную «Мазду», каля якой стаялі мужчыны і курылі.
Кроў кінулася яму ў галаву. Але разам з тым яго ахапіла цікаўнасць, жаданне паглядзець, што ж будзе далей, — нібы ён атрымаў магчымасць паглядзець у шчылінку ў пакой, дзе паслалі маладым пасля вяселля. Ён спыніўся сярод людзей на прыпынку і пачаў назіраць за машынаю. Мужчыны курылі, пазіралі на другі бок вуліцы. Хутка з пераходу выйшлі дзве тыя самыя чарнявыя і высокія, і адна, падобная на школьніцу, праходзячы каля Вінярскага, сказала рэзка:
— Не магу, я так…
I далей не пачулася, але разанула па вушах і па нервах. Дзяўчаты селі ў «Мазду», якая адразу ж крануўлася і паехала, мужчыны прайшлі трохі ўперад, дзе каля тратуара стаяла яшчэ адна новенькая машына.
А ты не ведаў, што Жана — прастытутка, папытаў у сябе Вінярскі. Не, пакідаць яе тут нельга. Ён адпомсціць ёй. Калі ўсё наладзіцца, ён выпіша яе туды, да сябе, выкарыстае да апошняга, а тады проста выкіне на вуліцу, у яе родную стыхію…
Пад’ехаў тралейбус, Вінярскі механічна зайшоў у яго і неўзабаве ўжо сыходзіў на сваім прыпынку, каля фінскай запраўкі. Дома ён скінуў плашч, але пераапранацца не стаў, не стаў і есці, нават не зайшоў на кухню. Сеў у сваім пакоі ў крэсла і выдаўжыў ногі. Пастукала матка, зайшла.
— Будзеш есці на кухні ці прынесці сюды?
— Не, прынясі лепш кавы.
— Што-небудзь здарылася?
— Нічога, толькі галава баліць.
— Можа, не пі кавы? — яна падышла і пагладзіла сына па галаве, патрымала ў руцэ касу. Спытала проста так, ведаючы, што ён усё адно зробіць па-свойму.
…Доўга сядзеў, піў каву і ўсё пра нешта думаў у той вечар Вінярскі.
IV
Назаўтра зноў з самай ночы ўсю раніцу ішоў дождж. Вінярскі, ужо адзін, стаяў каля адчыненай форткі ў кабінеце, курыў, пазіраў на мокрыя клёны, але сёння ў яго вачах ужо не было ўчарашняй нуды. Нешта зусім іншае свяцілася ў іх. Ён раптам заўважыў, што курыць і міжволі кратае пальцамі ніжні шпінгалет на раме, спалохаўся нечага і адышоў ад акна.
Зрэшты, увесь ранак ён потым быў узбуджаны, вясёлы, нават спрабаваў жартаваць з хворымі — аднаму, з нагою ў гіпсе, сказаў: «Добра, што нага, а не шыя», — але ніхто не засмяяўся; а загадчык аддзялення Сцяпанаў чамусьці здзіўлена падняў вочы на маладога доктара. У абед Вінярскі пайшоў у другі корпус, спусціўся ў сталоўку, зазірнуў у маленькія паўпадвальныя вокны. Выйшаў на лесвічны марш і падняўся да апошняга, пятага паверха. Ні са сталовай, ні з паверхаў не было відаць не тое што акна іхняга кабінета, а і сам іхні корпус амаль увесь быў закрыты клёнамі. Ён вярнуўся ў кабінет. Стэльмах так і не прыходзіў. Вінярскі агледзеўся яшчэ раз. Ну, так: іхняе акно можна ўбачыць толькі з вуліцы і ніадкуль з бальнічных карпусоў. Пад акном, паміж сцяною і кусцікамі паўз тратуар— чыстая паласа асфальту з паўметра шырынёю. I гэта варта запомніць… На мокрым асфальце слядоў жа не застаецца…
Вінярскі ўзяўся за аконную ручку, моцна пацягнуў на сябе. Шпінгалеты і ўверсе і ўнізе сядзелі ў сваіх дзірках-гнёздах як улітыя. Але гэта былі ўжо дэталі.
Цяпер Вінярскі маліў Бога толькі аб тым, каб Іван Змітравіч не прыйшоў да канца рабочага дня.
Стэльмаха не было ў пяць, не было ў палове шостай, і без дваццаці шэсць Вінярскі, не могучы больш трываць, не зачыняючы дзверы ў кабінет («калі зойдзе хто-небудзь, скажу, што пакасілася рама, папраўляю»), дастаў з кішэні падрыхтаваную яшчэ дома веласіпедную адвёртку, падняў ніжні шпінгалет і хутка, каб адрэзаць шляхі да адступлення, вывернуў адвёрткаю гняздо. Трэснулі сухія бялілы, адкалоліся разам з трэскаю, лёгка вывернулася гняздо разам з іржавымі шурупчыкамі… I тады яго як аглушыла — ды што ж я раблю?! Хто ж, лезучы з вуліцы, будзе ламаць шпінгалеты на палавінках з пакоя?! Ламаць будуць толькі з двара, а потым проста стануць на падаконнік, прасунуць у фортку руку…
З адчаю ён ударыў далоняй па знадворнай раме, дзе сыходзіліся палавінкі — і здалося, гэты гук, трымценне шкла, пачула ўся клініка, уся вуліца, што Стэльмах ці яшчэ нехта нячутна зайшоў і стаіць за спіною. Але Вінярскі нават не азірнуўся. З мясам павыкалупваў з гнілаватай рамы гнёзды, апусціў назад шпінгалеты… Нечакана ўся яго выдумка здалася яму страшэнна арыгінальнай і праўдападобнай, выцягнулася ўся ў ланцужок — ён аж засмяяўся, закурыў, тады толькі агледзеўся, прыслухаўся. Нідзе нікога, звычайныя гукі бальніцы. «Проста націснулі на створкі з двара, створкі падаліся, трошкі адышлі, тады падсунулі знізу, у шчылінку, звычайную адвёртку, вывернулі гняздо, тое ж зрабілі зверху, залезлі на падаконнік… не, не залезлі, а, стоячы знізу, нечым выламалі і ніжні шпінгалет унутраных палавінак… А потым схамянуліся, што фортка адчыненая і можна рукою дастаць… Тады залезлі на падаконнік — і ўсё. Чаго сюды лезлі? Гэта трэба пытацца ў тых, хто лез. Ці не думаеце вы, што гэта я зрабіў? Калі б я хацеў нешта тут украсці, я зрабіў бы гэта, не ламаючы рамы!..»
Самае дзіўнае, што гэты доказ — калі б ён, Вінярскі, краў, дык не ламаў бы рамы — здаваўся яму ў той момант абсалютна пераканаўчым.