Ён, пакорліва апусціўшы галаву, слухаў, і — дзіўна — словы гэтыя, што неслі ў сабе самы страшны сэнс, якія не выклікалі сумнення, што ён так кепска выглядае, што ні для кога ніякага дзіва не будзе, калі сапраўды не сёння-заўтра памрэ, — словы гэтыя яго супакойвалі больш за абнадзейванні ўрачоў, спачуванні знаёмых, больш за жончыну асцярожную клапатлівасць.
— Чаго табе паміраць? — выгаворвала Ліда на ўсю хату. — Сям’я, кварціра, работа, пенсія хутка — што табе яшчэ трэба? Ты ж не стары, як той казаў, мужчына! Сядзі сабе ды глядзі ў тэлевізар: дровы не трэба, картоплі капаць не трэба, ні касіць, ні араць…
— Ага… Смерці гэта скажы.
— Ну а што ж у цябе баліць? Ты з Мінска сам прыехаў, сядзіш, пазіраеш, ногі цэлыя, рукі… Хворы той, хто пад сябе ходзіць — як мой бацька некалі… Тры гады адлежаў во на гэтым поліку! А табе што?
— На, паглядзі, — ён задзёр калашыны, паказаў ногі.
— Мая матка век пражыла з такімі нагамі! Заварвала бярозавае лісце, парыла ногі і жыла.
— У мяне ж не ногі, а ад сэрца…
— А ты пар, а на сэрца халоднае кладзі. Людзі ж нешта ведаюць, нездарма так робяць…
Яму раптам падумалася, а сапраўды — калі адкінуць розныя душэўныя пакуты, паглядзець збоку, чужымі вачыма, уся яго трагедыя — хворыя ногі. Ну, самае горшае — можа адабраць ногі, але ж не самае страшнае, не смерць…
— Я цябе, Ліда, папрашу, — сказаў ён, — я не ведаю, колькі тут буду і, праўда, я нікому тут не трэба, але ты заглядай хоць калі ў сцёбку, добра? Як пабачыш, што мяне на дварэ няма…
— Хаця б ты не памер! Буду заглядаць, не бойся… А ты сядзі сабе ціхенька на сваёй дачы і менш думай, галавы не дуры. Бо ты проста надумаўся нешта. Пасядзі пад плотам, у лес схадзі, напішы, як мы тут трудзімся, картоплі капаем, што хлеба не возяць… Увечары будзеш прыходзіць тэлевізар глядзець, а ранкам я буду прыносіць якога картопля з малаком…
— Дзякую табе…
Выходзячы, ён спахапіўся:
— Ліда, дай маю кніжку. Тую, надпісаную…
Ліда, з кашалём на плячы і з кашом у руцэ, вярнулася ў большую хату і вынесла кніжку, акуратна абгорнутую ў газету, — яго «Выбранае».
Яна пайшла на агарод, а ён, амаль супакоены, пасунуўся да сябе ў сцёбку, і па дарозе думаў, што будуць яшчэ наперадзе вечары каля тэлевізара з гэтай жанчынаю — ратункам яго, і шмат пра што трэба будзе з ёю пагаварыць: пра смерць, пра сваю жонку, дачку, пра тое, як паміралі яе бацькі, муж, прызнацца і папрасіць прабачэння, што скланяў яе ў сваіх творах на ўсе лады — хоць і ведаў, што яна наўрад ці нават разгарнула яго кніжку.
I ў сцёбцы здалося ўжо не так адзінока — калі ведаеш, што блізка на агародзе чалавек, які думае пра цябе і, калі што, паможа. Праз акенца свяціла чырвонае вячэрняе сонца. Ён, пакуль не зайшло сонца, чытаў Евангелле, потым, калі стала цямнець, уключыў святло і пачаў пісаць.
Калі ёсць талент верыць, прага да ісціны, гэтыя веру і ісціну можна адшукаць не тое што ў Евангеллі, а ў маіх апавяданнях пра калгасы і пра паліцаяў. Ёсць, хто не ўмее іграць на скрыпцы, не ўмее араць, касіць, танцаваць балет, пісаць апавяданні, — а я не ўмею верыць; дык у чым мой грэх?
«И приводили к Нему всех немощных, одержимых различными болезнями и припадками, и бесноватых, и лунатиков, и расслабленых, и Он исцелял их»; «воскрешает дочь Иаира, дарует зрение двум слепым, исцеляет немого бесноватого, дает апостолам власть творить чудеса, исцеляет сухорукого, исцеляет одержимого слепого и немого, исцеляет дочь Хананеяки и множество других, семью хлебами и пятью рыбками насыщает 4 тысячи человек, идет по воде к своим ученикам, воскресший, является ученикам на горе»…
І што ж?
«И, увидевши Его, поклонились Ему; а иные усумнились».
Езус Свенты! Пасля ўсяго — усумніліся?! А мне, чалавеку канца XX — пачатку ХХІ стагоддзя, які нават уявіць сабе не можа ніводнага з гэтых дзівосаў, трэба верыць на слова!
Калі б Бог сапраўды быў Дабро, калі б ён хоць трохі любіў людзей, яму трэба было б рабіць пагулянкі па вадзе перад кожным новым пакаленнем. Здавалася б — чаго прасцей: спусціцца летнім днём у вобразе анёла на Камсамольскае возера, на Фінскі заліў, Гудзон, даць сябе сфатаграфаваць і знікнуць, растварыцца — больш нічога. I чалавецтва выратавана навечна. Шчаслівыя, як дзеці, людзі радасна жывуць, радасна паміраюць, радасна хварэюць, адчуваюць сябе зброяю ў нечых добрых руках, нічога і нікога не баяцца, мозг не забіты, каго б абдурыць, абакрасці, абрабаваць, хутчэй усім насалодзіцца, войнаў няма, гора няма, фізічная праца робіцца неабходная, як ежа, культура, літаратура, мастацтва ствараюцца ў часы найвышэйшага экстазу захаплення перад веліччу Вечнасці…
Як сонца, што толькі што свяціла ў акно, і вось знікла, і следу няма.
III
Жнівень быў добры — ціхі, сонечны.
Ён пачаў жыць у сцёбцы. Рана клаўся спаць, рана ўставаў — ішоў у блізкі лес, нарываў бярозавага лісця, пакуль вяртаўся, Ліда прыносіла ўжо ў сцёбку чыгун кіпетню, слоік сцюдзёнай вады з калодзежа, заварвала лісце ў тазе, ён парыў ногі, трымаючы на сэрцы слоік з холадам, і здавалася, што лягчэла. Схадзіў на могілкі, на магілы бацькі, маці, прапалоў, высек акацыі, пасадзіў па бярозцы. Асабліва добра было вечарамі, калі Ліда, падаіўшы карову, звала яго вячэраць і глядзець тэлевізар. Яны перагаварылі пра многае. Сама яна зусім не баялася смерці, не верыла ні ў Бога, ні ў чорта, адно, чаго баялася — памерці зімою, у марозы, і грубавата смяялася з яго: «Не бойся, сканаеш, як-небудзь пахаваем!»
Ён усё хацеў расплаціцца за тое, што Ліда яго корміць. Яна перш не брала грошы, а тады стала браць, і зусім пачала глядзець яго, як дзіця.
Удзень ці ўвечары, прыходзячы ад Ліды, ён перачытваў свае дзённікі, якія вёў да 32 гадоў, перагортваў «Выбранае» — і патроху пісаў: адзін-два абзац у дзень, пра што папала.
Вось лета за акном: раніцамі — белая ад расы атава, бярэзнік, жоўты скурчаны лісток вісіць на павуціне, абабак у траве пад бярозаю, удзень — сіняе неба і людзі гарбацяцца на агародах, увечары — туман, каровы рыкаюць, камары звіняць, пахне бульбоўнікам і мокрай травою…