Ён скінуў сандалі, зняў шкарпэткі, паспрабаваў паварушыць пальцамі — ногі былі апухлыя, сінія, з раздутымі венамі, — потым прылёг на бок і адчуў страшную палёгку. Як заўсёды апошнімі часамі ў хвіліны палёгкі, слёзы падступілі да горла, але ён стрымаўся; чакаючы яшчэ больш моцнага прыступу шкадавання сябе, пачаў глядзець на столь, у акенца на сіняе неба, на сцены, на падлогу з квадратнай, закладзенай цаглінамі адтулінай, дзе калісьці стаяла іхняя маленькая веч, — паспрабаваў думаць пра тое, на што глядзеў. Сцены і столь былі акуратна абабітыя кардонам і пафарбаваныя бяліламі — ён у кожны свой прыезд падфарбоўваў, паднаўляў іх, і нават цяпер, запыленыя, пацямнелыя на швах, яны выглядалі сімпатычна. Што ён тады думаў, калі фарбаваў іх? Чаму не радаваўся, не бег у лес, на рэчку, не качаўся па траве?
У тым і справа, што радаваўся!
Ён падцягнуў кійком сумку, падняў на ложак, пачаў распакоўвацца. Дастаў складзены брызентавы плашч, пакунак з бялізнаю, пакуначак з ежаю, некалькі агульных сшыткаў, папку, маленечкае Евангелле; калі даставаў цэлафанавы мяшэчак з зубной пастай, шчоткай, электрабрытваю і сваім любімым крэмам, урэшце не ўтрымаўся і заплакаў — горка, упаўшы галавою на гэтыя пакункі. Усё жыццё, перад любымі зборамі кудысьці яму звычайна рабілася неяк трывожна, сумна, задоўга да ад’езду ён пачынаў пакавацца, ніколі нічога не забываў, перад тым як загарнуць і пакласці ў сумку, кожную рэч нейкі час трымаў у руках, пагладжваў, — але гэтым разам, збіраючыся сюды, ён адчуваў ужо не проста звычайную разбэрсаную трывогу — цяпер гэтыя рэчы было адзінае, што заставалася ў яго ад ранейшага жыцця, ад ранейшага сябе, рэчы, якія будуць з ім да канца, нават калі ён прыехаў сюды на смерць.
Выцершы мокрыя вочы і шчокі, ён устаў, адчуваючы, як зноў наліваюцца цяжарам ногі, перасеў за стол, разаслаў газету і паеў каўбасы з хлебам і з памідорам, мачаючы памідор у запалкавы карабок з соллю; астаткі ежы загарнуў у газету і паклаў у шафу на верхнюю паліцу, уніз паставіў сумку, на адзіныя плечкі павесіў плашч, на стале акуратна расклаў сшыткі, папку, чысты аркуш паперы, ручку. Цяпер трэба было паспаць. На міг яму стала страшна — за акном стаяў такі сонечны дзень, якіх у яго, відаць, не многа ўжо засталося, і трэба было б гэтым днём неяк пакарыстацца, хоць бы выйсці на двор пасядзець пад сцёбкаю, — але стома змагла страх. Ён пракаўтнуў таблетку, запіў астаткамі цёплага ліманаду і лёг, не распранаючыся.
Прачнуўся ён ад сонца, якое заходзіла і праз адчыненыя дзверы свяціла на падушку і яму ў твар. Было восем гадзін вечара. Пасля сну — хоць і ненатуральнага, з дымедролам, стала лягчэй. Ногі адтухлі і амаль не балелі. Ён пераапрануўся ў свой ношаны чорны спартыўны касцюм, усунуў ногі ў звыклыя лёгкія тапкі, узяў кіёк і пайшоў на двор, паўз Лідзін плот, і патрапіў у канец вулачкі. Адсюль, у прасвет паміж алешынамі, добра была відаць вілюжная рачулка, сенажаць, зарэчныя хаты, раскіданыя ў зеляніне, і далей куды ні глянь — лес і лес; толькі ў адзін бок, дзе асфальт, жаўцее жыта, сярод якога — зялёны астравок могілак, а за жытам і могілкамі — зноў лес.
Праходзячы пад вокнамі, ён убачыў, што Ліда сядзіць за сталом. А калі ён зайшоў у хату і спыніўся ў парозе, яна ўжо стаяла каля печы і выцірала ручніком рот, саромеючыся есці пры чужым.
— А я думаю: кот мыецца, а тады глянь — ідзе нехта! — гучна, як любая вясковая жанчына, загаварыла яна ў адказ на яго «добрыдзень». — Гэта такая прыкмета: як кот мыецца лапаю, значыць, намывае гасцей, — патлумачыла яна. — От так людзі прыдумалі — а можа, і праўда? Сядай, праходзь, не стой…
Яна выцягнула з-пад стала табурэт, абмахнула ручніком, якім выцірала рот, і кінулася ў большую хату.
II
Ён сеў, агледзеўся, ізноў чыста машынальна адзначаючы тое, што магло б спатрэбіцца для новага апавядання (ізноў думаючы — навошта?!): хата як хата, чыстая, печ завешаная, каля печы — абярэмак дроў, кашэль, кош, ад печы да сцяны — полік, разабраны да палавіны, пад полікам — горка бульбы, пахне зямлёй і мышамі, на стале — міска з варанай бульбаю, слоік кіслага малака, гурок, памідор…
— Рана капаеш, — сказаў ён, паказваючы на бульбу пад полікам; Ліда ўжо вярнулася з пачатай пляшкай куплёнай гарэлкі і даставала з тумбачкі шклянкі і сподачкі.
— А хто мяне гоніць? Я кожны год на Іллю пачынаю капаць, людзі навек смяюцца, што я раней скапаю, чым жыта пажну… Ужо як яна не вырасла, дык большая і не вырасце. Прыйшоў Ілля — нарабіў гнілля, — дадала яна, пазірнуўшы на яго.
Ліда, як і ўсе вяскоўцы, думала, што праца пісьменнікаў у тым, каб запамінаць розныя народныя прыкметы, загадкі, забаўкі; яна думала, што ён у горадзе гэта забывае і знарок прыязджае, каб наслухацца, і хацела шчыра памагчы яму, нагадваючы штораз як малому дзіцяці: Спас — рукавіцы ў запас, на Пакрову — зіма гатова, кепска, калі дарогу перабягае чорны кот, пераходзяць з пустым вядром і гэтак далей. Яна толькі здзіўлялася, чаму ён не перапытвае і не запісвае следам.
З Лідаю яны былі аднагодкі, жылі побач, хадзілі разам у школу, гулялі, быў час, калі нават трохі кахаліся. Усе, у тым ліку і настаўнікі, і яго і яе бацькі, думалі, што яны пажэняцца. Але ён добра вучыўся, ужо друкаваўся ў раёнцы; захвалены настаўнікамі, трызніў горадам, філфакам, рэдакцыямі, літаратураю… Пазней, ужо жанаты, наязджаючы з горада, заходзячы да Ліды, асабліва пасля таго, як у яе памёр муж, ён заўсёды стараўся выглядаць перад ёю вясёлым, здаровым, шчаслівым, хацелася, каб яна шкадавала, што не ён ёй дастаўся, — і яна, ведаючы, што яму хочацца гэтага, шкадавала, казала: «Не ўсім такое шчасце, як тваёй жонцы». Ён ведаў яе малою, школьніцай, потым нявестаю, маладой маці, цаніў і бярог сяброўства з ёю. Неяк міжволі станоўчыя жанчыны ў яго творах паўтаралі адна адну, выходзілі ўсе «зеленавокія, з усмешлівымі куточкамі тонкіх вуснаў» — як у Ліды, хадзілі «акуратна ступаючы, маленькімі хуткімі крокамі, трохі касалапячы» — як хадзіла Ліда.
Цяпер гэта была ўдава, на пенсіі, звычайная адзінокая вясковая жанчына, якая капае ўлетку бульбу — у выцвілым ад мыцця і сонца сарафане, загарэлая, басаногая, з парэпанымі ад зямлі вялікімі далонямі, і здавалася б — што яму цяпер, ужо на любыя вочы не здароваму, не вясёламу, не шчасліваму, да гэтай жанчыны? Якія тут ужо могуць быць паказы сябе? Аднак ён, панурыўшыся, сядзеў за сталом і ўвесь час баяўся, што Ліда загаворыць зараз пра тое, як ён змяніўся, пастарэў, і ўжо не будзе зайздросціць яго жонцы.
— Ты, Ліда, мне нічога тут не кладзі і не рэж, я есці не буду, — апамятаўся ён, калі Ліда ўжо наставіла перад ім у сподачках, па-культурнаму, парэзаныя гуркі, сыр, сала, сырыя яйкі, нават хлеб на сподачку. — I гарэлкі не лі. Глядзець на яе не магу.
— А што ж гэта з табою?! Ці дома што?
Ён махнуў рукою. Дома ўсё было як заўсёды.
— Нейкі ты, праўда, абы-які, — з жалем разглядаючы яго, сказала яна тое, што ён чакаў і баяўся пачуць. — А я вып’ю.
Яна выпіла і запіла кіслым малаком са слоіка.
— Ты надоўга?
Ён паціснуў плячыма, хацеў сказаць — пакуль не памру, і не вытрымаў, гучна ўсхліпнуў і закрыў вочы рукою.
— Ну, яшчэ што… Як дзіця малое!..
— Інфаркт быў нядаўна… І чаго я толькі не перажыў!.. Як адмучыўся!..
Яму хацелася расказваць усё: як жыў, ні пра што не дбаючы, не хварэў, на добрай чыстай працы, дажыў амаль да пенсіі, аднойчы вяртаўся дамоў, а тут насунулася хмара, пацямнела ў аўтобусе, і ў яго ў вачах таксама раптам пацямнела, сціснула сэрца, як ён выграбся на прыпынку з аўтобуса і лёг на мокры тратуар, і хацеў паклікаць каго, а ўсе прабягалі побач, ратаваліся ад дажджу, і на яго ніхто нават не глянуў, як ён у залеву дагробся дадому, як везлі потым яго на «хуткай» у бальніцу, і чаго толькі ён там, у бальніцы, набачыўся і наслухаўся!..
Хацеў расказваць, але падняў галаву, глянуў Лідзе ў вочы і зразумеў, што не зразумее яна. І не трэба ёй гэта. Гэта можна расказваць доктару, жонцы, дачцэ, сябрам на рабоце, толькі не Лідзе. Лідзе трэба проста сказаць, што ў яго баліць і чаго ён баіцца.
— А я бачу — з кійком, думаю, так узяў ці нага баліць… Ну, годзе, не плач!..
Ён паслухмяна выцер вочы.
— Тут галоўнае, Ліда, што? Нечаканасць, непадрыхтаванасць… Вось так жыве чалавек, і думае, што вечна… А душа тлушчам заплывае. А потым трах-бах… Я, можа, Ліда, паміраць сюды прыехаў…
— А яшчэ куды? Ты мне тут трэба?! У яго сям’я, жонка, а ён прыехаў да мяне паміраць! Хто табе тут труну выпіша, ямку выкапае?! Тут жа ні «хуткай», ні бальніцы, ні, як той казаў, трупярні!..