“Гэта страшна… І чаму людзі так чапляюцца за ўладу?”
“Ну, тут усё проста… Ці трэба казаць, якой спакусай ёсьць улада і што яна дае, асабліва тым, хто ня варты яе... Мне больш цікава, чаму людзі, вось так, як мы, сёньня выходзяць змагацца – з рэжымам, з тыраніяй, з аўтакратыяй... Ці не прасьцей было б зьмірыцца, не рызыкаваць сваім жыцьцём, зьехаць урэшце рэшт адсюль… Гары яно гарам… Жыцьцё ж такое кволае і такое кароткае… Вось ты сама, напрыклад, – чаму прыйшла?”
“Я? Таму што не хачу быць авечкай у статку… А ты?”
“А я… А я захацеў убачыць тут цябе – маю мілую тыгрыцу…” – перавёў ён на жарт.
“Тыгрыца…” – Марыйцы спадабалася гэта. Няважна, чаму ён прыйшоў на плошчу. Важна, што прыйшоў і яны зноў спаткаліся…
З “Дзёньніка” Марыі Б.
“Алесь… Мілы мой Алесь. Ты так блізка цяпер ад мяне і так далёка. Між намі ня сьцены, ня метры адлегласьці, між намі – пяць дзён, праз якія нас выпусьцяць з Акрэсьціна. Ня ведаю, ці змагу я табе тады ці калі-небудзь увогуле прызнацца… і ці адважышся сказаць гэта ты мне, але тут і цяпер я напішу: “Я кахаю цябе!.. Так, я адчайна кахаю цябе і хачу быць побач. Каб сагрэцца ад цябе і сагрэць цябе так, што ніколі больш у жыцьці нам ня будзе холадна…” Можа быць, мне проста вельмі сумна і самотна тут, можа быць, я выйду на волю і, апынуўшыся ў іншым жыцьці, забудуся пра гэтыя хвіліны амаль роспачы і наймоцнай тугі, але для таго, каб не забыць іх, я запісваю гэта цяпер. Я ведаю, ты не ідэал. Я ведаю твае слабасьці. Але я бачыла і тваю моц. І я паверыла ў цябе. Разам мы зможам шмат. Разам мы зможам усё. А найперш – нарадзіць і выгадаваць беларусікаў, якія пойдуць далей за нас. І якіх ужо ніхто ня спыніць і не стрымае…”
Усе размовы пра шпрыцы і “наркаманаў”, “п’яніцаў” і “бл...дства” на плошчы, якія падкідваліся ў народ дзяржаўнымі СМІ падчас супрацьстаяньня і пасьля – пустое… Хлусьня, шытая белымі ніткамі, якая нават не патрабуе тлумачэньня, тым больш апраўданьняў. У мястэчку было шмат веруючых. А таму і размовы не магло быць пра нейкае “п’янства”. Тым больш, што “каліноўцы” цьвёрда верылі ў правату свайго змаганьня і лічылі, што яно павінна быць максімальна маральна чыстым, шчырым. І баяліся толькі правакатараў, якія маглі занесьці ў лагер гарэлку ці віно. Бо разумелі, нават калі гэтага ўсяго ня будзе, дзяржаўнае тэле-радыё паспрабуе іх зганьбіць і “знайсьці” шпрыцы ды пляшкі з-пад гарэлкі… Дык няхай гэтыя подлыя людзі потым падкінуць іх сюды, і ведаюць, што подла зрабілі гэта самі, але пакуль мы тут – такога ня будзе…
Парадак, дысцыпліна, чысьціня трымаліся ў мястэчку як прынцып. І калі ў першую раніцу на плошчу выехалі трактары-бульдозеры ці то, каб зьнесьці намёты, ці, як потым казалі, сабраць сьмецьце, дык сьмецьця і бруду якраз і не было – усё акуратна зьбіралася, запакоўвалася і выносілася.
Вядома, пасяліліся ў мястэчку ня толькі адзіночкі-змагары, былі тут і закаханыя, якія засталіся разам, былі і даўнія знаёмыя, якія шмат часу ня бачыліся і сустрэліся на плошчы, як Марыйка і Алесь, нараджалася ў мястэчку і ўзаемная сімпатыя між маладымі людзьмі. Але босыя ногі, што тырчаць з намёту на адным са здымкаў “афіцыйнага” інфармагенцтва, з пошлым намёкам: вось чым яны там займаюцца… – гэта проста блюзьнерства. Бог ім даруе… Бо было так холадна, што нават пацалавацца немажліва – вусны рабіліся драўлянымі і можна было толькі дакрануцца ў спачуваньні імі: холад да холаду. А “глупствы”? Усе разумелі: “глупствам” будзе месца і пасьля. Справа маладая, і яна пацерпіць…
Як жа саграваліся ў дзесяціградусны мароз? Найперш гарачай гарбатай і кавай. А яшчэ так: таньчылі пад музыку, скакалі, прытоптвалі, бегалі па коле са сьцягамі і, як адказ на паведамленьні пра п’янства ў мястэчку, выкрывалі: “Моладзь – за здаровы лад жыцьця!”, “Моладзь – за здаровы лад жыцьця!”. Ад бездапаможнасьці гэта, пасьміхнецеся вы, можа і так... Але вы, там, на Плошчы, не былі…
З “Дзёньніка” Марыі Б.
“Алесь… Што ты файны і непадобны да іншых, я зразумела з першага погляду, з першай сустрэчы на тым паседжаньні гуртка. Да цябе я бачыла не аднаго “генія”, што прыходзілі сюды са сваімі “вершамі”. І чым большы графаман быў, тым болей гонару… А ты прачытаў свае тэксты, па-добраму, шчыра саромеючыся. І хоць вершы твае былі ня самыя горшыя, асабліва верлібры, пасьля дурной, мы казалі – аглабельнай – крытыкі “дзеда”, наступным разам ты да нас не прыйшоў. Што мне больш за ўсё спадабалася і чаму я вырашыла ўрэшце не адмовіць табе ў знаёмстве.
Я ня думала, што пасьля маіх словаў, пра тое, што я ненавіджу такіх баязьліўцаў-беларусаў, як ты, і што не хачу ад “вас” мець дзяцей, ты наважышся на самазабойства… Здагадаўся, дадумаўся, палез, дурненькі, на хмарачос. Скінуцца хацеў... Навошта? Чаму?.. Хачу думаць, то было ў цябе нейкае часовае зацьменьне. Зрэшты, і я таксама вінаватая. Крэтынка шалёная… Магла б і ня быць такою жорсткай і тупой... Даруй… Ды – не, мусіць, усё ж, на той момант не магла... Няма мне дараваньня, як і табе… Але добра тое, што добра заканчваецца. Дзякуй Богу, глупства ня здарылася… І як мне хацелася б быць тым коцікам, што прыйшоў да цябе тады, і ўратаваў!.. Сам Бог яго паслаў... бо надта не падобна гэта на выпадковасьць...
Я разумею, я заўважаю, што пры ўсім пры тым мы вельмі розныя: у звычках, у любімых справах, а часам і ў перакананьнях. Але якраз у гэтым мне бачыцца добрая будучыня, веру табе: “мінус” і “плюс”, “плюс” і “мінус” прыцягваюцца, а аднолькавае, найчасьцей, адштурхоўваецца… Важна, што ў самым галоўным, у нашых жыцьцёвых мэтах, мы цяпер супадаем. Так, супадаем: у мяне была магчымасьць пераканацца ў гэтым…”
Тое, што ўлады апамятаюцца ўрэшце рэшт і разбураць мястэчка, усе ведалі ад пачатку. Толькі калі гэта будзе? Наколькі хопіць цярпеньня ў міліцыянтаў, гэбістаў і ў тых (у таго), хто над імі? Бо Плошча была для ўладаў, як бяльмо на воку, як пастаянны напамін, што ў краіне ёсьць нязгодныя з вынікамі выбараў, а значыць, пэўна, і сапраўды нешта ня так... і гэта бачыць, і пра гэта задумваецца ўвесь сьвет. Да таго ж, наперадзе быў Дзень Волі, у які на менскія вуліцы раней штогод выходзілі дзясяткі тысячаў мітынгоўцаў, каб адзначыць Сьвята Волі. І гэты дзень можа даць штуршок пашырэньню пратэсту і павелічэньню намётавага лагеру. А значыць, улады не дадуць моладзеваму мястэчку даіснаваць да 25 сакавіка... І таму кожная ноч была напоўненая чаканьнем штурму. Хлопцы і дзяўчаты трывожна ўслухоўваліся ў пошум, які далятаў з двароў. Напруга ўзрастала і тады, калі да ачапленьня падыходзілі правакатары з бэрэсээмаўцаў ды гэбістаў. Праўда, ня выключана, што часам ішлі да лагеру і звычайныя людзі, ачмураныя прапагандысцкай тэлехлусьнёй пра “адмарозкаў”, якім Захад плоціць грошы, каб яны падрывалі аўтарытэт прэзідэнта. Прыходзілі “лукашысты” звычайна падвыпілыя. Пэўна, для сьмеласьці – усё ж ішлі на “подзьвіг”, прыходзілі і пачыналі зьдзеквацца з тых, хто стаяў у ланцугу аховы, абліваць слоўным брудам, матамі. А калі не знаходзілі словаў, кідаліся біцца.
Марыйка назірала такую сцэнку. Да Алеся падыйшоў п’яны “патрыёт-бэрэсээмавец” і пачаў чапляцца: “Чьто ты зьдзесь дзелаешь? Американские дзеньги отрабабатываешь? Идзи домой, к мамке…” Алесь стаяў і глядзеў паўзьверх гэтага “абаронцы рэжыму”, нібыта не заўважаючы ягонае мітусьні. А той яшчэ больш распаляўся: “Как вы мне надаели, падонки! Чэго вам не хватает? Суки! Какой-такой свабоды захацелась? Да есьли б мая воля, я б вас всех свалачэй вывез отсюда в Курапаты и расстрэлял…” – пры гэтым ён пачаў хапаць Алеся за руку і выцягваць з ланцуга: “Пайдзём са мной, падонак. Адзин на адзин… Пасматру, какой ты сьмелы, скацина…” Марыйка стала баяцца за Алеся, ведаючы, што нахабства падобнага можа не стрываць і сарвацца. А бэрэсээмавец ужо лаяўся адборнымі матамі на Алеся, нібыта больш нікога ня бачыў перад сабою: злосьць засьціла яму вочы. І крычаў, балюча б’ючы сваімі нагамі пад каленьні Алесю: “Чьто, сосцал! Ванючий калхозьник. Идзи са сваей мовай в… Я видзел вас всех на… Я в рот… Скоты! Ублюдки!..” Алесь стаяў сьцяўшы зубы і высока ўзьняўшы галаву – гэта было адзінае, што ён мог рабіць у гэтай сітуацыі – быць вышэй за гэтага “героя”, які сам ці па чыімсьці загадзе, ператвараўся ў жывёлу, не заўважаючы таго… Ён толькі спакойна і працягла паглядзеў у бок трох міліцыянтаў, што стаялі ў пяці метрах ад іх і назіралі за тым, што адбывалася. Паглядзеў так, што тыя зразумелі яго бяз словаў – нібыта раптам убачылі, што вакол дзясяткі жанчын і дзяўчат, а яны дазваляюць такое… І міліцыянты ня вытрывалі, падыйшлі і адцягнулі п’янага “героя-абаронцу”.
Нехта скажа, што невялікая мужнасьць трэба, каб сьцярпець нахабства і ня даць яму адпор. Каб атрымаўшы па адной шчацэ – падставіць другую… А вось якраз і наадварот. У такіх умовах і правяраецца чалавек на ягоную чалавечнасьць: годнасьць, гонар… У той сітуацыі і тады патрэбна было якраз цярпеньне: не сарвацца на істэрыку ў адказ, ня даць волю пачуцьцям, стрымаць сябе – застацца мужчынам… Алесь гэтае выпрабаваньне прайшоў. І зразумелі, і ацанілі гэта нават міліцыянты.
Так, правакацыяў і хамства было шмат. Ноччу агрэсіўных, а ўдзень – паказных, для тэлебачаньня: хтосьці раптам станавіўся між камерамі і намётавым гарадком і задраўшы галаву піў з горла гарэлку. І гэтыя кадры ішлі ў эфір...
З “Дзёньніка” Марыі Б.
“Мне было чатырнаццаць, брату на год больш, калі мы першы раз выйшлі пісаць фарбай на сьценах дамоў у нашым мікрараёне “Жыве Беларусь!” і “Далоў Луку!”. Мы лічылі сябе героямі-падпольшчыкамі, якія жывуць у акупаванай краіне. Захопнікі адабралі ў нас нашыя гістарычныя, спрадвечныя сімвалы – бел-чырвона-белы сьцяг і герб “Пагоня”. Адзін з найстаражытнейшых у Еўропе, у сьвеце, сямісотгадовы дзяржаўны герб і Хрыстоў сьцяг назвалі фашыстоўскімі за тое, што імі карысталіся ў часы другой сусьветнай вайны беларускія калабаранты. Расейцы ад свайго трыкалору з-за таго, што пад ім ваявалі ўласаўцы, не адмовіліся. І ўкраінцы ад жоўта-блакітнага сьцягу не адцураліся… І ня сталі без штаноў хадзіць таму, што іх таксама насілі фашысты. А беларусы і тут паперадзе планеты ўсёй. Ці не маразм? Маразм. І мы з братам вырашылі змагацца з ім, з гэтым маразмам, які набіраў сілу ва ўсім. Ніхто нас гэтаму не вучыў, проста прыкладаў такіх было тады шмат: ледзь ня кожная сьцяна менская хоць раз за тыя гады мела на сабе такі надпіс. Неахайна зафарбаваныя жэсаўцамі адмеціны, скрозь якія чытаюцца літары, можна бачыць на многіх дамах яшчэ і цяпер. Вядома, гэта было небясьпечна, гэта было рызыкоўна, і тое яшчэ больш узвышала нас і заварожвала – пад-поль-шчы-кі: зоікасмадзям’янскія, алегікашавыя… У краіне, дзе культ партызанства, гэта было такім гонарам... Ранкам, калі ішлі ў школу, мы абавязкова спыняліся каля зьдзейсьненага ноччу “геройскага” ўчынку. Прыемна было чуць захапленьне “няўлоўнымі мсьціўцамі” ад аднакласьнікаў, якія і падумаць не маглі, што гэты надпіс зрабіла я. Я!!! Яшчэ прыемней было чуць абурэньне старпёраў-пенсіянераў… Так, гэта мы вам насалілі за тое, чаго вы нам нагаласавалі…”
…Адыйшліся ўбок журналісты і афіцыйныя асобы з іншых краінаў: іх папрасілі гэта зрабіць міліцыянты – груба і настойліва (потым высьветліцца, што пакінулі мястэчка ня ўсе…). Стала зразумела: хутка пачнецца штурм. “Каліноўцы” выйшлі з намётаў, сталі вакол іх двайным-трайным ланцугом. Хтосьці скамандаваў прысесьці: маўляў, так будзе цяжэй іх хапаць.
Назіраючы за манёўрамі амапаўцаў у поўным баявым абмурдзіраваньні, за якое іх ахрысьцілі “касманаўтамі”, зноў жа, экіпіравалі іх гэтак напярэдадні выбараў (во куды грошы дзяржаўныя ідуць…), хлопцы і дзяўчаты спачатку ціха, а потым усё гучней і гучней пачалі скандаваць той лозунг, які ня раз гучаў над плошчай: “Міліцыя з народам! Міліцыя з народам! Міліцыя з народам!..”
Так, толькі з якім?
Пад’ехалі яшчэ машыны, амапаўцы выскачылі з іх, імкліва і шчытна акружылі мястэчка: так, каб ніхто ня змог сыйсьці. Сталі вакол метрах у трох-чатырох. Нейкі начальнік крычаў у гучнагаварыльнік, што гэта несанкцыянаванае мерапрыемства і “прасіў” разысьціся. Ага, зараз… Куды ўжо тут разыйдзешся… Не адыйдзеш і пару крокаў, як арыштуюць. Цішком… Дык няхай лепш зробяць гэта тут – на вачах ва ўсіх і з усімі разам. Ня дзеля таго мы тут зьбіраліся, каб разьбягацца… Хлопцы і дзяўчаты яшчэ шчыльней згрупаваліся і ўзяліся за рукі. І тут некалькі чалавек выкінуліся з ланцуга і пабеглі ўбок аўтобусаў. Іх ніхто не чапаў. Потым казалі, што гэта былі “падсадныя”, якія выбеглі з лагеру да сваіх.
Марыйка была ў ачапленьні разам з Алесем. Побач сядзелі хлопец і дзяўчына і маліліся Богу, прасілі, каб не было ахвяраў, каб зьлітаваўся над неразумнымі, якія ня ведаюць, што робяць… Крыху далей малілася яшчэ некалькі чалавек. Музыка сьціхла, мікрафон ўзяла прыгожая, сталая жанчына (маці-ахоўніца, падумала Марыйка), і стала казаць да амапаўцаў, што мы адзін народ і ня трэба гвалту, вы такія ж людзі, як і мы, і ў вас ёсьць дзеці, каханыя… не пралівайце крыві!.. тут жа лепшыя дзеці нацыі!.. Але ніхто яе ня слухаў, вочы ў амапаўцаў пад паднятымі шклінамі “шлемафонаў” былі глыбокія і страшна пустыя, глядзелі яны некуды паўзьверх “каліноўцаў”, стаялі моўчкі, некаторыя нават, падалося, пасьміхаліся, і ў тым, як нярвова торгалі яны шчытамі і гумавымі палкамі, было відаць, што ў іх цяпер адно жаданьне: накінуцца і разламаць, разьбіць, разбурыць, разьнесьці гэта ўсё… Ня дзіва, накачалі іх супраць “адмарозкаў” здорава… Марыйка падняла галаву і ўбачыла за прасьпектам, каля Дому афіцэраў, Паўлічэнку. Таго самага… У “крапавым” бярэце... Стаіць, назірае… Усё, падумала яна, мястэчку канец…
Марыйка пачула яшчэ, як нехта сказаў: “Памятайце, за намі праўда!” – і ўбачыла, як да яе кіруюць два амбалы-“касманаўты”, якія чамусьці вылучылі ў коле “каліноўцаў” менавіта яе. Справа і зьлева амапаўцы накінуліся на людзей у ачапленьні, пачалі выцягваць па адным. “Местачкоўцы” не супраціўляліся, але чапляліся за сваіх да апошняга, і гэта было горш для іх, бо міліцыянты сталі разьярвацца і забывацца, у ход пайшла жорсткая, брутальная сіла… Тым часам амбалы (“двое з ларца”, падумала Марыйка) падыйшлі, нагнуліся, схапілі Марыйку за ногі і пацягнулі. Алесь трымаў яе за рукі, за плечы, але было дарэмна... Ён зразумеў гэта і, каб не было горш, адпусьціў Марыйку і амбалы пацягнулі яе да машыны. Краем вока Марыйка бачыла, як Алесь кінуўся ўсьлед за ёй і як быў звалены ударам “касманаўта” ў грудзі… Ачомалася яна ўжо ў аўтазаку пад крыкі: “На пол, сволочи! Лежать, суки!” і маты, маты, маты... Грубыя, істэрычныя… Яна даўно ня чула, каб людзі так лаяліся – брыдка і з такой лютасьцю. Марыйка ляжала на падлозе і на яе выцягнутую нагу нехта прысеў і ціха стагнаў… Што сталася з Алесем яна ня ведала… Праз некалькі хвілінаў усё было скончана: шэсьць брудна-зялёных “мазаў”-аўтазакаў, напоўненых людзьмі – усяго амапаўцы арыштавалі каля пяцісот чалавек – ад’ехалі ад плошчы.
З “Дзёньніка” Марыі Б.
“Камера нашая – пяць на сем крокаў. У ёй адным шэрагам памост-узвышэньне, як сцэна нейкая, і справа ад дзьвярэй прыбіральня. Адкрытая, я туды спачатку хадзіць саромелася. Цярпела да апошняга… У камеры гэтай нас трынаццаць чалавек. Усе з плошчы. Маладзенькія дзяўчаты – найменшай ледзь споўнілася васямнаццаць, у асноўным студэнткі, і дзьве старэйшыя жанчыны – ім пад сорак. Што й казаць – не санаторый. Цесна і брыдка… Сяброўка мне неяк расказвала пра турмы ў Швецыі. Яна езьдзіла ў Стакгольм ад нейкай праваабарончай арганізацыі. Іх звадзілі на экскурсію. Дык там камеры на аднаго чалавека, з тэлевізарам, лядоўняй, тэлефонам… Чысьціня неймаверная. На калідоры спортзала, ёсьць мажлівасьць вучыцца, а на выходныя і дамоў могуць адпусьціць… А нас тут адзін раз выводзілі на прагулку ў “дворык”… І няхай сабе абстаўлена гэта было суцэльным гвалтам і рыкам: “Выйсьці з камеры! Тварам да сьцяны! Рукі за галаву! Не размаўляць!”… Жах! І, не гатовы да такога маральна, – падпарадкоўваешся і сам палохаешся сваёй гатовасьці падпарадкоўвацца, што засела, відаць, у падкорцы… Я, ды і большасьць з нас, да гэтакіх адносінаў нязвыклыя – у мяне ад гэтага рыку адразу сьлёзы на вочы: за што так груба, што мы зрабілі, знайшлі злачынцаў… Але то была незабывальная “гулка” (да турэмнае “фені” нас прывучаюць самі ахоўнікі): на вуліцы, чутно, вясна – неяк вельмі хутка пацяплела, птушкі радасна шчабечуць недзе: іх не відаць, але яны ёсьць! Неба сіняе-сіняе над галавою, белыя, пуховыя воблачкі на ім – ідылія… Уяўляю, як невыносна цяжка тым, хто трапляе сюды на гады ці… пажыцьцёва і бачыць гэта толькі з-за кратаў… А паветра… якое паветра! Сказаць сьвежае, дык хіба хто зразумее, колькі ўсяго ў гэтым слове і як пераказаць тыя адчуваньні, каб зразумелі… Дзяўчаты згадвалі показку: “Зэк, выйшаўшы з турмы, пытае: “Што гэта так сьмярдзіць, васпане?” – “Сьвежае паветра, сэр”, – чуе адказ.”
Марыйка абаперлася на руку, каб устаць – падлога ў машыне была мокрай і ліпкай ці то ад расталага сьнегу, ці то ад крыві. Агледзелася: у многіх хлопцаў былі разьбітыя насы, твары, значыць, можа, гэта і кроў... У цемры яна здавалася брудам на руцэ, страшным ліпкім брудам. Як у фільме жахаў…