“Мілая мама… Я вінаватая перад табой. Я ня стала і ня стану суперфотамадэльлю і нават менеджэрам па продажы замежнай парфумы. Я не апраўдала твае надзеі. Даруй мне. І паспрабуй зразумець. Я сама ня ведаю, як у такой прыстойнай “савецкай” сям’і маглі вырасьці гэтакія несур’ёзныя і некіруемыя дзеці. Я маю на ўвазе і браціка. Якая мова? Якая незалежнасьць? Ды і якая можа быць Беларусь? Жывіце, як усе. Навошта вам вытыркацца. Памятаеце прыпавесьць пра вераб’я, адагрэтага ў дзярме: не высоўвайся!.. Так, ведаю я вашую філасофію. Добра вывучыла яе. Але як жа тады быць з вашымі героямі, хоць бы з тым жа Ленінам, які з першага курсу універсітэту загрымеў у ссылку? Ці не на ягоным прыкладзе выхоўвалі вы нас, ставячы паперадзе ўсяго справядлівасьць, праўду, маральнасьць? Калі вы блюзьнерылі – тады ці цяпер? Я разумею, на вашую долю прыйшліся ня самыя сьветлыя часы, і пачуцьцё страху, а дакладней – самазахаваньня, пасялілася ў вас назаўсёды. І тым больш – хваляваньне за будучыню сваіх дзяцей. Але, мама, ня бойцеся за нас. Зразумейце – мы іншыя. І мы ня можам мірыцца з несправядлівасьцю ды хлусьнёй, і мы гатовыя змагацца за праўду, адстойваць свае перакананьні, нават рызыкуючы пры гэтым страціць месца вучобы, працы, “заляцець” у турму… Ня бойцеся за нас – мы ўжо дарослыя. Мы ведаем, чаго хочам, і мы даб’емся свайго рана ці позна…”
Вярнуцца на плошчу гэтым разам яшчэ было проста. Пад вечар сюды, на мітынг, зноў пайшлі людзі, і міліцыянты нікога не чапалі. Нагналі хіба ў бліжэйшыя двары дзеля запалохваньня (ці самазаспакаеньня?) сьпецтэхнікі, у тым ліку і новых браняваных аўтазакаў, якіх адмыслова да выбараў, па сьпецзаказе, нарабіў Менскі аўтазавод. Намётаў у мястэчку крыху пабольшала, з прыемнасьцю адзначыла Марыйка.
Алесь ужо быў тут. Моладзі дадалося і ў лагеры. У намёце “сваім” яны ўжо былі не адны. Што ж, стала цяплей і ўтульней. Хлопец і дзяўчына, што падсяліліся да іх, былі ня менскімі – з Салігорску. Прачыталі ў інтэрнэце пра намётавае мястэчка і прыехалі. Тут такіх шмат, сказалі, з усёй Беларусі. Едуць і едуць… Марыйка і Алесь пакінулі рэчы і выйшлі з намёту. Пачулі навіну: за гэты час ня менш за пяцьдзясят чалавек арыштавана з тых, хто ішоў сюды – з ежай, цёплым адзеньнем. На плошчы тым часам адбывалася сапраўднае сьвята волі. Грала музыка, гучалі песьні, дыджэй дасьціпна каментаваў падзеі, жвава вёў рэй. Да мікрафону падыходзілі вядомыя людзі – пісьменьнікі, мастакі, артысты. І, вядома ж, палітыкі. Усе казалі пра неабходнасьць пратрымацца да 25 сакавіка… Пісьменьнік Уладзімер Арлоў прапанаваў назваць Кастрычніцкую плошчу імем Кастуся Каліноўскага – кіраўніка антырасійскага паўстаньня 1863-64 гадоў, якога якраз у гэты сакавіцкі дзень сто сорак два гады таму павесілі ў Вільні маскоўскія захопнікі. У адказ – выбух апладысьментаў і рашучая згода.
Марыйка назірала за тым, што адбываецца, і чым далей, тым больш пераконвалася, што палітыкі ня ведаюць, што рабіць з ініцыятывай моладзі. Падавалася, што яна для іх такая ж нечаканая, як і для ўладаў. Нядаўні кандыдат у прэзідэнты Казулін ужо 21-га ўвечары прапанаваў моладзі зьняць намётавае мястэчка і разысьціся. На што атрымаў ад хлопцаў і дзяўчат шчырае абурэньне і выкрыкі: “Застаемся!”…
З “Дзёньніка” Марыі Б.
“Адкуль на плошчы ўзяліся намёты – ня ведаю. Няўжо нехта загадзя рыхтаваўся да гэтага?.. Пэўна, так і было, але я ня ведаю таго дакладна, хоць потым, думаю, героямі-арганізатарамі назавецца шмат… Бо мястэчна павінна было быць. Ідэя гэтая лунала ў паветры над мітынгоўцамі і павінна была рэалізавацца. Вельмі блізкі і жывы быў яшчэ прыклад украінскага майдану. Пра непадрыхтаванасьць – экспромтавасьць – мястэчка, сьведчыць хоць бы тое, што апроч намётаў амаль нічога “першапасяленцы” з сабою ня ўзялі: ні ежы, ні цёплага адзеньня. А ў Менску, нягледзячы на сакавік, тады была яшчэ зіма… Начамі жорсткая і халодная.
Цяпер магу прызнацца: тыя тры дні і чатыры ночы – лепшае, што было ў маім жыцьці. І ня толькі ў маім. Гэта было сапраўднае сьвята волі, сьвята неабыякавасьці і рашучасьці, сьвята аднадумцаў, сьвята сяброў. Сьвята веры і надзеі на лепшую будучыню.”
На плошчу камусьці ўдалося прыцягнуць мангал і дровы. І стала адразу ўтульней, а калі прымружыць вочы і ўдыхнуць дымок, дык можна ўявіць сабе, што ты зусім ня ў цэнтры вялізнага двухмільённага гораду, а недзе “на прыродзе”, і жыцьцё тваё ў намётавым мястэчку – суцэльная радасьць і адпачынак ад гарадскіх клопатаў. Марыйцы ж пах дыму спачатку маркотна, а потым настальгічна, нагадаў пра тую паездку за горад з Алесем. Пэўна, тады і там яна яго і пакахала… Тады і там… Нягледзячы на тое, што ён крыўдна і бяздумна здрадзіў ёй… Так, тады яна яго і пакахала. Прынамсі, задумалася пра яго, можна нават сказаць – заўважыла яго, бо дагэтуль неяк не на поўным сур’ёзе ўспрымала іхнія спатканьні і ня вельмі навязьлівыя заляцаньні Алеся. Так, пасьля тога раптоўнага разрыву, яна адчула нібы нейкую пустату ў сабе. Быццам штосьці страціла, нічога не губляючы… Так… Бо каханьне – гэта ня толькі жарсьць і ня столькі юр… Яны могуць быць і без каханьня. Каханьне прыходзіць тады, калі табе балюча за блізкага чалавека, калі табе ня хочацца губляць яго, і… калі ты яго проста шкадуеш… Як там у песьні пра сёлы Смаленшчыны, дзе жанчына, бязьмежна кахаючы, скажа мужчыну: “шкадую цябе”…
Пасьля адзінаццатай музыку прыглушылі, але зусім ня выключылі: вакол, паблізу, не было жылых дамоў. Міліцыя між тым не драмала, хоць прысутнасьць яе амаль не адчувалася тут – толькі стаялі некалькі “мірных” міліцыянтаў каля прыпынку сотага аўтобуса, які быў на плошчы зусім побач з мястэчкам. Але ў дварах, асабліва ў дварах і на падыходзе да плошчы, міліцыянты дзейнічалі даволі актыўна: правяралі ўсіх, хто ішоў у бок мястэчка. Нават выпадковых мінакоў. І ў каго знаходзілі цёплыя рэчы і прадукты – затрымлівалі без тлумачэньняў. Ня кажучы ўжо пра турыстычныя прыналежнасьці – тыя, хто нёс іх, былі ворагамі нумар адзін. А калі ўжо хто затрыманых у адказ насьмельваўся і загаварыць па-беларуску… Дзесяць сутак арышту “без суда і сьледства” былі гарантаваныя. Анекдот хадзіў тады па мястэчку: міліцыянт спыняе чалавека на падыходзе да плошчы: “Прадукты ў сумцы ёсьць?” “Няма. Толькі пісталет і наркотыкі” “Праходзь…” І яшчэ адзін выпадак пераказваўся, як легенда: прыйшлі дзьве бабулькі, прынесьлі два яблыкі, адзін надкусаны: “Даруйце, дзеткі, міліцыянты ля ГУМа спынілі і прымусілі надкусіць, але вы абрэжце…”
З “Дзёньніка” Марыі Б.
“Яшчэ раз скажу: з таго, што я асабіста бачыла, вынікае, што да Плошчы, ці да намётавага мястэчка, ня быў гатовы ніхто: ні ўлады, ні апазіцыя, ні тым болей, нядаўнія кандыдаты ў прэзідэнты. Так, пасьля ўкраінскага майдану, зразумела, гэтая думка жыла сярод моладзі і апазіцыі ўвогуле, аднак, як ні дзіўна, ніхто да ўсталяваньня намётаў не рыхтаваўся планамерна, а калі гэта пачалося, амаль стыхійна, напачатку была разгубленасьць ва ўсіх. І найперш у былых кандыдатаў.
Кандыдаты ў прэзідэнты… Мілінкевіч паводзіў сябе прыстойна. У першую ноч застаўся з намі. І потым увесь час прыходзіў, падбадзёрваў. Хоць большасьць з нас была незадаволеная ім. Усе чакалі нейкіх канкрэтных дзеяньняў, а іх не было… А пра Казуліна толькі і запомнілася, што хадзіў ды палохаў, ужо ў першую ноч, што вось-вось будзе штурм мястэчка, бо “бачыў, як накопліваюцца сілы амапаўцаў у дварах”… Было відавочна, што яму самому мандражна і ён прасіў усіх разыйсьціся і прыйсьці на мітынг 25 сакавіка на Дзень Волі. З яго ледзь не адкрыта сьмяяліся... Потым, можа, каб нейкім чынам апраўдацца, ён і павёў людзей 25-га сакавіка да Акрэсьціна. Але было ўжо позна, і гэта было ягонай памылкай, хоць я паважаю яго за гэты крок, крок адчаю, менавіта яго, а ня тых, што закрылі тады мітынг і папрасілі людзей сабрацца наступным разам праз месяц на Чарнобыльскі шлях… Праз месяц!?. А больш за пяцьсот чалавек, якія паверылі такім, як ён, цяпер у турме… Гэта прагучала як здрада, здрада тым, хто сядзеў за Плошчу на Акрэсьціна, у Жодзіна… Казулін паддаўся на пачуцьці, якія панавалі тады сярод мітынгоўцаў ля помніка Купалу… і атрымаў за гэта па рэбрах ды арышт. І цяпер у турме чакае суда, як крымінальны злачынца. А ўсе астатнія засталіся героямі?... Мне чамусьці думаецца, што між іншых кандыдатаў, па агульным настроі, ён найбліжэй да нас, тых, хто быў на плошчы – бо мы ішлі на яе (як, пэўна, і ён на выбары) хутчэй з адчаю, чым з надзеяй на перамогу і зьмены да лепшага...”
Марыйка ў намётавым мястэчку стала “працаваць” пры “кухні”: наразала хлеб, кілбасу, рабіла бутэрброды; на партатыўнай, турысцкай газавай плітцы грэла ваду, запарвала гарбату і разносіла тым, хто стаяў у ахове, у ланцугу, каб сагрэцца. Алесь заняў мейсца ў ахове мястэчка. У гэтую ноч яны амаль ня бачыліся. Алесь стаяў на самым адказным участку – на пропуску ў лагер, глядзеў, каб не прайшлі правакатары, якіх было нямала. Агульная справа яшчэ больш зблізіла іх. І Марыйка пачала заўважаць, што думае пра Алеся, як пра “свайго”: “Як там мой?..” І старалася кожны раз пры разносцы бутэрбродаў і гарбаты падысьці да яго ці хоць прайсьці побач… Каб усьміхнуцца яму, галавой кіўнуць неўпрыкмет, падтрымаць поглядам. Каб ведаў, што ён тут не адзін. І каб самой ведаць, што не адна…
Удзень было спакайней, прынамсі штурму мястэчка па сьвятлу ніхто не чакаў. Прыходзіла іншая моладзь, і ў іх была мажлівасьць трошкі адпачыць і пабыць разам. У намёце ад холаду сядзець нельга было і яны стараліся пастаяць трохі каля агню, пахадзіць, прытопваючы, па мястэчку. Чым далей, тым болей Марыйцы падабаўся гэты хлопец. Ён пасталеў і зьмяніўся. Відаць, і сапраўды шмат перадумаў за прамінулы час. І цяпер даражыў ёю – яна адчувала гэта – і быў гатовы разам: у агонь і ваду… Тая ягоная памылка, той дробненькі ўчынак, яшчэ стаялі між імі, але паступова размываліся новымі падзеямі і забываліся.
Надакучалі журналісты, якія лезьлі з пытаньнямі, часам правакацыйнымі і дурнымі, асабліва абрыдлі фотарэпарцёры і тэлеаператары, што сунулі свае камеры пад самы нос. Спачатку Марыйка спрабавала захінуцца ад іх каптуром, каб не патрапіць у кадр, а потым, пасьля таго, як дзясятак рэпарцёраў падлезьлі і ўсё ж сфатаграфалі яе, вырашыла: хай будзе, як будзе – і перастала хавацца. Але гэтая праблема: “засьвечваньня” стаяла перад кожным, хто быў у мястэчку, і кожны рашэньне прымаў сам, думаючы пра сваю будучыню пасьля немінучай паразы... Ды толькі не было такіх, што красаваліся перад камерамі. Можа, і на жаль, але не было. Героямі тады яны сябе не лічылі…
З “Дзёньніка” Марыі Б.
“Мама… Памятаеш, калі я была маленькаю, мы пайшлі з табою ў тэатр юнага гледача. Ішла п’еса Караткевіча “Калыска чатырох чараўніц”. Па-беларуску. Чаму ты павяла нас з братам менавіта на гэты сьпекталь? Мо таму, што табе білеты ў прафкаме бясплатна выдалі? Але гэта было тваёй памылкаю. Дакладней, стала. Бо мы акунуліся ў зусім іншую стыхію. М-о-в-ы! Іншай мовы. Але – нашай мовы. Ня ведаю, мо спрацавала нешта на генным узроўні і ў мяне, і ў брата, але мы захварэлі на сакавітыя і адметныя слоўцы, якія нам адразу спадабаліся. Мы запомнілі некаторыя з іх і ўсю дарогу назад, памятаеш, паўтаралі іх адзін перад адным, нібыта смакавалі, спрабавалі на язык… Не, гэта была не замежная ангельская ці французская мова, і не свая – руская, гэта была… таямніца, якая заманьвала, зацягвала ў сябе сваёй яснасьцю і прывабнасьцю… Ты сьмяялася з нас і казала, што трэба вас звазіць у вёску да бабулі. Дарэчы, так і не звазіла. А мы, менчукі ў другім калене, ці не ўпершыню пачуўшыя родную мову ў такой колькасьці, наталяліся ёй, захлыналіся ёй... З таго часу пачалі мы чытаць беларускія кнігі і цікавіцца беларускай гісторыяй. А вы з бацькам радаваліся, што мы так шмат чытаем і шмат ведаем, не здагадваючыся яшчэ, у што гэта перарасьце… Зрэшты, магчыма, гэтае дзіцячае захапленьне прайшло б, забылася, калі б ня наш настаўнік гісторыі, хоць я магу і памыляцца: бо пасьля таго выпадку словы ягоныя пра гонар за родны край – падалі ўжо не на камень...
Згадваю гэта і міжволі думаецца, што беларуская ідэя – вечная. Як вечны і незьнішчальны сам народ, кожны народ, дарэчы, а ня толькі беларускі. Папярэднія ўлады, здавалася б, зрабілі ўсё, каб такіх, як мы з братам, не было, не паўстала... Не было як беларусаў. Падумайце, нас проста не павінна было быць. І раптам гэтая беларускасьць праявілася ў нас, невядома з чаго ўзяўшыся… І ня толькі ў нас… І гэта дае мне падставу на аптымізм, што нас ня зьнішчыць. Ніколі. Папярэднія 200 гадоў вынішчэньня нічога не далі і на наступныя не спадзявайцеся, паны мураўёвы. Мы ёсьць, мы будзем, пакуль ёсьць і будзе нашая зямля… І мы будзем зьяўляцца ніадкуль, як зьявіліся браты Луцкевічы, Купала, Колас, Багдановіч… І змагацца за сваё, пакуль не пераможам канчаткова.”
Марыйка, згадваючы падзеі на плошчы, зусім забылася пра Трачылу. Павярнулася да дзьвярэй – яго там ужо не было. “Вочка” на старых, аблупленых, абшарпаных, як гэты лад, дзьвярах, зачыненае. Лягла вальней, выпрастала плечы, выцягнула ногі – аж да хрусту ў касьцях і ўсьміхнулася: шмат цікавага было ў жыцьці Плошчы. Асобны момант – цэлая эпапея з прыбіральняй. Яе на плошчы, зразумела не было. І ў першую ж ноч, усіх, хто хацеў выйсьці з лагеру да ветру, бралі адразу ж за паваротам да “Макдональдсу”, за якім, насупраць ГУМа, была бліжэйшая прыбіральня. Жыхары мястэчка хутка заўважылі, што іх сябры сыходзяць і не вяртаюцца. Зразумелі, што да чаго і сталі шукаць выйсьце. Знайшлі паблізу каналізацыйны люк, зьнялі яго, потым прарэзалі дно ў адным з намётаў, паставілі яго над люкам і атрымалася сякая-такая прыбіральня. Калі пра праблему дазналіся менчукі, адзін прадпрымальнік хацеў прывезьці біятуалет на плошчу – яго ўзялі на падыходзе, зьбілі і арыштавалі. А па тэлевізіі пайшла інфармацыя, што “адмарозкі” на плошчы, якім амерыканцы плоцяць аж па дваццаць тысячаў рублёў за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, залілі сваім дзярмом станцыю метро “Кастрычніцкая” і там цяпер стаіць смурод, не ўвайсьці…
З “Дзёньніка” Марыі Б.
“Мне спадабалася, як паводзілі сябе прыходзячы да нас многія вядомыя людзі. Не толькі палітыкі, не... Найперш пісьменьнікі, музыкі, акторы, мастакі... Многіх з іх я ўпершыню мо пабачыла так блізка. Андрэй Хадановіч файна сьпяваў і стаяў разам з хлопцамі ў ахове. “NRМ” і Лявон Вольскі былі проста душой плошчы. Ім асобны рэсьпект. Мы і без таго ўвесь час сьпявалі іхнія песьні, ну а калі яны самі выходзілі да мікрафонаў і пелі ўжывую… не, гэта незабывальна. Ніл Гілевіч, Уладзімер Арлоў, Алесь Пашкевіч – як яны перажывалі за нас і хацелі, каб мы не здаліся, сьцярпелі нягоды. Асабліва Ніл Сымонавіч… Іх гонар за нас быў шчыры, іх вера ў нас і надзея на нас – сагравалі. І мы гэта адчувалі. То былі ня проста словы, а агонь, які трапляў у сэрца, у душу. І мы гатовыя былі стаяць да канца…
Што і зрабілі.”
На другую ноч і пасьля яе Марыйка і Алесь не адважыліся пайсьці дамоў. Не было гарантыі, што яны змогуць вярнуцца на плошчу. Ды цяпер ужо і тут жыцьцё наладзілася, зарганізавалася – цёплага адзеньня яны прыхапілі з сабой, а прадуктаў хапала: людзі несьлі і несьлі іх, нягледзячы на забароны і пагрозу арышту.
Думалася хіба: а ці ведае народ у Менску і тым болей па-за Менскам праўду пра тое, што тут, на плошчы ў цэнтры сталіцы, адбываецца? Ці верыць толькі той хлусьні, што ліецца з экранаў дзяржаўнага тэлебачаньня?.. Хочаш ня хочаш, а гэта хвалявала іх, ды і ўсіх “каліноўцаў”, а яны пачалі ўжо гэтак называць сябе, “перайменаваўшы” плошчу. Бо і тут хацелася праўды, а не хлусьні… А адкуль у нашай любімай краіне можна даведацца каліва праўды? Толькі з інтэрнэту, перадачаў Радыё Свабода і сёе-тое з расейскага НТВ... Беларускія СМІ, бачылі яны на вялікім рэкламным экране, што стаяў наўскрай плошчы і трансьляваў першы канал БТ, вярзуць такую лухту, якую сорамна слухаць. І калі на ім паказвалі чарговы выпуск навінаў, над плошчай гучала магутнае “Ганьба!”.
Аднак – праязджалі міма аўтамабілі і кіроўцы сігналілі “каліноўцам” такт за тактам: “Жы-ве-Бе-ла-русь!” і паказвалі ў адкрытыя вокны пальцы, складзеныя ў літару “V”. Хоць ведалі, што праз два кварталы іх спыніць даішнік – ня кожнага, а выбарачна – і аштрафуе за “падачу гукавога сігналу ў населеным пункце”. Ішлі і ішлі да плошчы людзі з ежай, цёплымі рэчамі… Вось і адказ вам, “каліноўцы”: ці ведаюць людзі пра вас. Ведаюць і, як і вы, рызыкуюць быць аштрафаванымі, арыштаванымі… І ці ня ёсьць гэта ня проста падтрымка, а такая ж, як і ў вас, рэакцыя на хлусьню... Вы не адны, сябры, на вас глядзіць уся Беларусь, уся Еўропа!
Але – навошта гэта ім, “каліноўцам”? Чаму яны засталіся на плошчы і мерзнуць вось ужо трэція суткі? Ужо ж відавочна: параза чакае іх і тут. Змаганьне іх бесьперсьпектыўнае, і як бы ні сьмяяліся яны з Казуліна, ён мае рацыю: урэшце рэшт іх разгоняць, жорстка разгоняць, стопчуць, паб’юць, арыштуюць… Рана ці позна, сёньня ці заўтра, але гэта здарыцца. Улады ня будуць трываць іх бясконца. Тым болей – набліжаецца галоўнае беларускае сьвята – Дзень Волі, 25 Сакавіка… Калі б мястэчка расло і пашыралася штодзень, як сьнежны камяк, можа б і не адважыліся ўлады на штурм – усіх не пераарыштуеш, а то застыла ўсё на трыццаці з нечым намётах і лічбу сорак ніяк ня можа пераадолець... І, мажліва, болей ужо ня будзе да 25 сакавіка… Так, ня будзе, але ці будзем мы тут 25-га?.. І дзе мы будзем? Мо ў Курапатах? Досьвед такі і ў гэтай улады ёсьць. Захаранка, Ганчар, Завадзкі… Дзе яны?.. Там?.. Марыйка гнала гэтыя думкі з галавы, як толькі прыходзілі яны, але маркота ды адчай зноў і зноў насоўваліся на яе, калі яна падымала галаву і глядзела туды, далей: на горад – да ГУМа, да Нацыянальнага банку; на горад, які жыў сваім звычайным жыцьцём, і што яму было да купкі “адмарозкаў”, якія пратэстуюць супраць чагосьці на плошчы. Паглядзіце, колькі іх там – кучка, усяго толькі кучка… Асабліва, калі назіраць зьверху – на экране, у навінах, зноў і зноў паказвалі ўмела зьняты з вышыні намётавы гарадок: для кагосьці маленькую чорную плямку на белым сьнезе, а для кагосьці – адзінае месца ў Беларусі, дзе яшчэ білася гарачае сэрца, дзе яшчэ цеплілася надзея на праўду і перамогу… На перамены…
На нейкія моманты Марыйка вызвалялася ад працы на “кухні” і тады падыходзіла да Алеся. Пакідаў ланцуг і ён. І ў іх быў час проста пастаяць і паразмаўляць. Зноў пра жыцьцё, пра тое, што было ў іх, і пра тое, як жылі яны да гэтай сустрэчы. А то і проста, моўчкі, пабыць разам, пагрэць адно адному задубелыя ад холаду рукі…
“Як яны падгадалі з надвор’ем – наўмысна выбіралі ці проста пашанцавала… Калі б ня гэтая сакавіцкая халадэча, людзей на плошчы было б у дзясяткі разоў болей…” – сказаў неяк Алесь, падымаючы каўнер і засланяючыся ад сівернага ветру, што пякуча дзьмуў, разганяючыся да невыноснай хуткасьці між будынкам музею Вялікай Айчыннай вайны і “саркафагам” Палацу Рэспублікі.
“Ты так лічыш… Ты яшчэ не расчараваўся ў нашым народзе?.. Вельмі лёгка знайсьці апраўданьне бязьдзейнасьці, сьпісаць сваю абыякавасьць на штосьці зьнешняе: на надвор’е кепскае, напрыклад…”
“І так, і ня так… І пагаджаюся, і ня хочацца… Ёсьць яшчэ адзін важны момант: бяссэнсавасьць, бесперсьпектыўнасьць нашага супраціву, якую разумее большасьць “законапаслухмяных” грамадзянаў. Мне здаецца, што нават калі б сёньня на менскія вуліцы выйшаў мільён, і стаялі б мы на плошчы Незалежнасьці цэлы месяц і пратэставалі б, як сербы ў Белградзе, то ўсё роўна нічога б не дабіліся. Ён сваю ўладу не аддаў бы… Ты ж чула, ён казаў, што будзе адстойваць сябе нават са зброяй у руках, як Сальвадор Альендэ…”