“І ў мяне, пэўна, з гісторыі пачалося. Дакладней, з гістарычнай літаратуры, з Караткевіча, з гонару раптоўнага за свой горды народ – калі казаць высокімі словамі... Мову я сам вучыў. Практыкаваўся, калі ў вёсцы ў дзядулі быў. Сяброў беларускамоўных у мяне не было – і цяпер няма. Брата ці сястры таксама няма. Адзін. Толькі маці. А бацьку я ўвогуле ня ведаю, ня бачыў ніколі. Маці спачатку казала – лётчык. Потым перастала. Думаў, што зэк нейкі: лётчык-налётчык... Аказалася – толькі год таму маці прызналася, калі мае вершы ў “Крыніцы” надрукавалі, – што паэт. Беларускі паэт, які рана памёр. У яго была сям’я, калі ён з маці пазнаёміўся. Закахаўся. Думаў разьвесьціся ды не пасьпеў. Загінуў у аўтакатастрофе яшчэ да майго нараджэньня...”
“А якое ў яго прозьвішча? Як і тваё?”
“Не, вядома, у мяне матчынае прозьвішча, а ягонае... Якая розьніца... Я чытаў ягоныя вершы. Як па тым часе – дужа файныя. А калі б яшчэ пажыў трохі... Яму не было і трыццаці... Яму і сёньня няма трыццаці. Хутка я яго даганю... Ён шмат пасьпеў зрабіць, а я...”
Машы спадабаліся ягоныя апошнія словы, спадабаўся расповед:
“Усё ж, скажы – як ягонае прозьвішча”,
“Потым. Будзе час. Прынясу кнігу і разам пачытаем вершы”.
Ён адчуў, што нешта зьмянілася ў іх адносінах. Нібыта цяпло пайшло ад Марыйкі, заміж холаду... На разьвітаньне ў той вечар яна нават пацалавала яго. Сама. Прыўхінулася грудзьмі і чмокнула ў шчаку...
Ён ішоў дамоў і думаў: навошта я хлусіў ёй? Няўжо пэўная мэта вартая любой маны? Дзяўчына – паверыла яму, прыняла за “свайго”, за “родную душу”. Ёй, відаць, яшчэ больш адзінока, чымсьці яму. Так, ён прыдумаў: проста, каб падыграць ёй – і бацьку-паэта, і сваё захапленьне “мовай”. Быў у яго перыяд, калі ён шмат пісаў па-беларуску, але тое прайшло. Цяпер жа ён і самую мову і тых, хто на ёй размаўляе, – хутчэй, маўкліва ненавідзеў. Ну ня тое, каб ненавідзеў, але неяк пагардліва ставіўся, маўляў, чаго ім трэба, выпендрываюцца тут… Прынамсі, думаў так да спатканьняў з Марыйкай. З чаго гэта пачалося? Ды з нічога. Што паўплывала? Ды нішто. “А сапраўды, за што неўзьлюбіў?” – падумаў раптам ён. Чаму з нейкага часу ў яго выклікае алергію ўсё беларускае, чаму падаецца яно больш прымітыўным за рускае? Адкуль гэта пайшло? Ніколі не задумваўся... Не любіў – і ўсё, ненавідзеў – і ўсё. Бо ўсе вакол яго не любілі і ненавідзелі “мову”. Плыла гэтая пагарда штодзень з радыё, з тэлебачаньня... “За што? Чаму?” – а таму, што не задумваліся над гэтым, бо той, хто сам задаў сабе такія пытаньні, зьмяняўся і рабіўся іншым, бо як можна не любіць родную маці, якая б яна ні была... Але ён не задумваўся. Дагэтуль. Бо так было прасьцей жыць. Сапраўды, прасьцей. Аднойчы ён паспрабаваў у краме па-беларуску папрасіць прадавачку падаць хлеб. Як яна вызьверылася на яго! Божа мой... Як на нікчэмнасьць, як на поскудзь нейкую. І ён моўчкі адыйшоў. А пасьля гэтага аднойчы назіраў падобную сітуацыю ў кавярні. Хлопец з бел-чырвона-белым значкам папрасіў “філіжанку кавы”. “Чьто-чьто? – пагардліва перапытала афіцыянтка. “Філіжаначку кавы”, – спакойна паўтарыў хлопец. “Как это? Вы поляк?”— перапытала дзяўчына. “Я беларус. І не прыкідвайцеся, калі ласка, што вы не разумееце”, – яшчэ спакойней, годна паўтарыў хлопец. “Это кофе чьто лі?...” – нібыта сама сабе сказала дзяўчына і прынесла тое, што трэба...
Ён ня ўмеў быць такім упэўненым і настойлівым. Ён губляўся. Ён ня мог быць такім, як той хлопец. Ён мог быць такім “як усе”. І ён раптам падумаў для сябе: сёньня цяжка быць беларусам у Беларусі... Ды і навошта. Навошта самому сабе ствараць дадатковыя цяжкасьці?.. І зьмірыўся.
Цяпер ён зноў прагнаў гэтыя думкі, як толькі яны захацелі прымусіць яго паспрабаваць нешта зьмяніць... Вярнуўся да Марыйкі. Чаму ён цацкаецца з гэтай дзяўчынаю? Чаму заігрывае з ёю? Ды таму, што зразумеў – прызнаўся ён сабе, ідучы усё шпарчэй і шпарчэй: яна і ёсьць тое, што ён шукаў... Са Сьветаю трэба заканчваць: не адказваць на званкі. Хай жыве сваім жыцьцём, і, дасьць Бог, знойдзе сабе добрага хлопца... А з Марыйкаю... З Марыйкаю... Менавіта з ёю, а не са Сьветаю, хоць са Сьветаю было б прасьцей, але хочацца з Марыйкаю... З Марыйкаю, нарэшце прызнаўся ён сабе ў тым, што не давяраў нават “Дзёньніку” (тым болей – “Дзёньніку”!), як толькі можна будзе, як толькі прыйдзе час, яны паедуць на лецішча, ці проста ў лес... Лепш у лес, каб было менш праблемаў. Менш, чымсьці ў горадзе. Не давяраў ён гораду, гарадской кваэры... Вось лес – гэта іншая справа... І ён зробіць там тое, што задумаў даўно, што карціць яму даўно, дзеля чаго, урэшце, і распачаў ён гэтыя знаёмствы. Так, зробіць з Марыйкаю, хоць са Сьветаю было б лягчэй. Але яму хочацца з Марыйкаю. І ён зробіць тое з ёю...
Ён прыйшоў дахаты зусім ачмурэлы ад мрояў. Не распранаючыся ўпаў на ложак. І доўга ляжаў, гледзячы ў столь, пракручваючы адны і тыя ж думкі...
З “Дзёньніка” Аляксандра К.
“Пазнаёміўся з адною дзяўчынаю. У яе брат – змагар, як яна кажа. Разам з іншымі змагаецца з дыктатурай. Расклейвае ўлёткі, распаўсюджвае анты-газеткі, ходзіць на пікеты ды мітынгі, “лёзунгі” на сьценах піша...
Мне сьмешна стала: тожа мне – героі-падпольшчыкі... Як пры немцах: улёткі расклейваюць, “жыцьцём рызыкуюць”.
Праўда, яна мой сьмех не зразумела. Кажа, і сапраўды рызыкуюць, і сапраўды героі: міліцыянты, калі затрымліваюць, б’юць тых хлопцаў моцна, не шкадуючы, “суткі” даюць, штрафуюць.
Я: дык ёсьць за што – сьцены псуюць, клеем мажуць, графіці – слова якое прыдумалі! – пішуць, пэцкаюць фарбаю дамы і платы – “Жыве Беларусь!” Ну жыве, а хто супраць? Няхай жыве…
Карацей, не паразумеліся з ёю. Яна іх героямі лічыць. А мне – сьмешна...”
Што ён зробіць з Марыйкаю – яму прысьнілася ў тую ж ноч... Яны ідуць па лесе. А лес ня змрочны, а чысты-чысты. Залаты – хваёвы, белы – бярозавы. Дзень сонечны. Трава зялёная. Неба блакітнае – ні хмурынкі. Прыгажосьць неапісальная. Марыйка нагінаецца, каб сарваць ягадку. Сунічку. А сукенка ў яе кароткая. Вецер-гарэза падхоплівае спаднічку, загортвае на сьпіну. А Марыйка там, далей – без нічога, і тое, што ён бачыць, набліжаецца да яго, заварожвае, павялічваецца, як у кіно, на ўвесь экран... і ён прачынаецца, прахопліваецца ў ложку.
Вакол цемра. Ён мацае яе перад сабою і ня можа адразу зразумець, дзе ён? Вакол пустэча... Ён палохаецца, але цемра патроху ападае, і ён бачыць абрысы коўдры на нагах, потым белую лямпу ля ложку і здагадваецца, што ён дома, у сваім пакоі... “Вельмі важна, – думае ён у працяг сну, – запрасіць яе так, каб ніхто ня ведаў, што яна з ім. На ўсялякі выпадак. Ці мала што. Мяркуючы па адносінах у іхняй сям’і, Маша нікому ня скажа пра яго. Магла б сказаць брату, мажліва, магла б, але брат цяпер пад арыштам. А бацькам – ніколі ня скажа... (А Сьвета сказала б сястры – пахвалілася. Ці мужу яе... Вось дзе падсьвядомасьць дапамагла, вынырнула своечасова.) Усё сыходзілася. Усё было як найлепш. Ён, нарэшце, знайшоў тое, што яму трэба... Добра, што жыцьцё, часам, дае нам права на выбар. І я выбіраю... я выбіраю... лепшае... Ён усьміхнуўся, і з гэтаю ўсьмешкаю на вуснах заснуў.
З “Дзёньніка” Аляксандра К.
“Адна заве мяне Сашам, як мама, другая Алесем, як ніхто больш ня кліча.
І хоць я вельмі люблю маму, сэрцам схіляюся да той, што называе мяне Алесем. Хоць нават вершы свае, і беларускамоўныя, я падпісваю – прынцыпова – Аляксандр, а не Алесь…
Навошта мне гэтыя дзяўчаты? Чаму я столькі гадоў жыў бяз іх, жыў не зважаючы на іх прысутнасьць і раптам кінуўся ў “каханьне”?
Шчыра прызнацца – а як іначай у сваім дзёньніку, які, спадзяюся, ніхто не пачытае – ёсьць у мяне да жанчын, да дзяўчат, нейкая боязь, ці што, з таго самага часу, як у мяне не ат… (далей закрэсьлена, шчытна замазана атрамантам, так што не расчытаць)...
Але – не, ня буду пісаць цяпер, хай застанецца гэта толькі маім…
А яшчэ таму, што дастала маці.
Не, яна ня лезе з лішнімі роспытамі, не задае пытаньні пра “маіх” дзяўчатаў. Думаю, яна здагадваецца, так, яна безумоўна, ведае, што ў мяне нікога няма. Прынамсі, да нядаўняга не было.
А час ужо.
Гады падціскаюць. Мне 27. Маці ня супраць ужо і бабуляй стаць, унукаў пагушкаць.
Ёй, пэўна, і перад сяброўкамі няёмка. Таму з месяц назад, пасьля таго як “выправіла” мяне на першае спатканьне, яна асьцярожненька пачала распытваць. Ды так, што я падумаў раптам: ці не падазрае яна мяне ў тым, што я “блакітны”, як многіх адзінотных хлопцаў цяпер падазраюць, бо, нарэшце, дачуліся пра такую зьяву, якой раней у нас, як і сэксу, “не было”….