Няма патрэбы ўдавацца ў падрабязнасці бурнай спрэчкі, якая цягнулася ад супу да пудынгу; за табльдотам дасціпныя толькі сапраўдныя жартаўнікі, а доказы, да якіх звяртаюцца ў гарачцы выпадковай застольнай спрэчкі, пераважна банальныя і прыводзяцца спехам, без абдумвання. Цяжка таксама растлумачыць, чаму наша спрэчка так хутка пайшла ў такім з’едлівым напрамку; думаю, тут сыграла ролю міжвольнае жаданне абодвух мужоў выключыць магчымасць такога легкадумства і такой небяспекі для сваіх жонак. На жаль, яны не прыдумалі нічога лепшага, як запярэчыць мне, што гэтак можа гаварыць толькі той, хто разважае пра жанчын адно па выпадковых, танных халасцяцкіх перамогах; гэта ўжо крыху ўзлавала мяне, а калі ў дадатак немка пачала аўтарытэтным тонам павучаць мяне, што бываюць сапраўдныя жанчыны, а бываюць і «прастытуткі па натуры», да якіх, на яе думку, належыць і мадам Анрыэт, цярпенне маё лопнула, і я ў сваю чаргу перайшоў у наступ. Я сказаў, што толькі страх перад уласнымі жаданнямі, перад дэманічным пачаткам у нас прымушае адмаўляць той відавочны факт, што ў пэўны момант свайго жыцця жанчынаю авалодваюць таямнічыя сілы і яна траціць свабоду волі і разважнасць, і дадаў, што некаторым людзям, мабыць, падабаецца лічыць сябе больш моцнымі і чыстымі, чым тыя, хто «лёгка паддаецца спакусе», і што, па-мойму, куды больш сумленна робіць жанчына, якая свабодна і палка аддаецца свайму жаданню, замест таго каб з заплюшчанымі вачамі ашукваць мужа ў яго ж абдымках, як гэта звычайна мае месца. Вось прыкладна тое, што я гаварыў, і чым шалёней нападалі другія на бедную мадам Анрыэт, тым з большаю гарачнасцю я яе абараняў (што, папраўдзе, не зусім адпавядала майму ўнутранаму перакананню). Мае словы, як уколы рапірай, закранулі за жывое абедзве сямейныя пары, і яны нязладжаным квартэтам так люта накінуліся на мяне, што стары дабрадушны датчанін, які глядзеў на нас, нібы суддзя з секундамерам у руцэ на футбольным матчы, быў вымушаны час ад часу перасцерагальна пастукваць костачкамі пальцаў па стале: «Gentlmen, please»[55].
Але гэта дапамагала толькі на хвіліну. Адзін мужчына, чырвоны як рак, ужо разы тры ўскокваў з-за стала, і яго жонцы толькі з вялікім намаганнем удавалася супакоіць яго; карацей, яшчэ некалькі хвілін — і наша дыскусія скончылася б бойкаю, калі б місіс К. раптам не праліла алею на бурныя хвалі нашай спрэчкі.
Місіс К., паважаная, пажылая ангелька, з беласнежнымі валасамі, па маўклівай дамоўленасці была ганаровы старшыня нашага стала. Яна трымалася вельмі прама, была аднолькава ветлівая з усімі, гаварыла мала, але з прыемнаю ўвагаю прыслухоўвалася да ўсяго, што гаварылася навокал — ужо адно яе аблічча ўздзейнічала на ўсіх дабратворна: ад яе павявала спакоем і арыстакратычнаю стрыманасцю. Яна ні з кім блізка не сыходзілася і ў той жа час выказвала кожнаму знакі ўвагі; пераважна яна сядзела з кнігаю ў садзе, часам іграла на раялі і толькі зрэдку далучалася да кампаніі або ўдзельнічала ў жывой гутарцы. Яе прысутнасць амаль не заўважалася, і, аднак, мы ўсе міжволі падпарадкоўваліся ёй. І цяпер, як толькі яна загаварыла, нам стала вельмі сорамна, што мы так шумна і нястрымана паводзім сябе.
Місіс К. скарыстала паўзу, якая настала пасля таго, як немец рэзка ўскочыў і тут жа, пасля жончыных угавораў пакорліва сеў на сваё месца. Яна раптам падняла свае ясныя шэрыя вочы, неяк нерашуча паглядзела на мяне і потым дзелавіта і выразна па-свойму ўдакладніла тэму нашай спрэчкі:
— Значыцца, калі я правільна зразумела вас, вы лічыце, што мадам Анрыэт… што жанчыну можна ўцягнуць у нечаканую авантуру, што яна можа рабіць учынкі, якія за гадзіну да гэтага ёй самой здаліся б немагчымымі і за якія яе нельга вінаваціць?
— Я ў гэтым перакананы, васпані.
— У такім разе вы адмаўляеце ўсякі крытэрый маралі, і любое парушэнне маралі можна будзе апраўдаць. Калі вы сапраўды лічыце, што crime passionnel[56], як кажуць французы, не злачынства, то выходзіць, што дзяржаўнае правасуддзе наогул лішняе. Тады без вялікіх намаганняў — а вы з душою абараняеце сваю справу, — дадала яна з усмешкаю, — можна знайсці пачуццё ў кожным злачынстве і апраўдаць яго гэтым пачуццём.
Яна гаварыла спакойна, амаль весела, і гэта так спадабалася мне, што я міжволі пераняў яе дзелавіты тон і адказаў паўжартам-напаўсур’ёзна:
— Дзяржаўнае правасуддзе вырашае такія пытанні, бясспрэчна, стражэй, чым я: яго доўг — ахоўваць грамадскую мараль і добрапрыстойнасць, і гэта вымушае яго асуджаць, замест таго каб апраўдваць. Я ж, як прыватная асоба, не лічу патрэбным браць на сябе ролю пракурора: я аддаю перавагу прафесіі абаронцы. Мне асабіста больш прыемна разумець людзей, чым судзіць іх.
Ясныя шэрыя вочы місіс К. з хвіліну не адрываліся ад мяне; яна марудзіла з адказам. Я падумаў, што яна не ўсё зразумела, і ўжо сабраўся паўтарыць ёй свае словы па-ангельску, але яна зноў стала задаваць пытанні з дзіўнаю сур’ёзнасцю, быццам экзаменавала мяне.
— Няўжо, па-вашаму, не ганебна, не агідна, калі жанчына пакідае мужа і двух дзяцей, каб пайсці ўслед за першым стрэчным, не ведаючы нават, ці варты ён яе кахання? Няўжо вы сапраўды можаце апраўдаць такія легкадумныя і бесклапотныя паводзіны ўжо не вельмі маладой жанчыны, якой хоць бы дзеля дзяцей належала паводзіць сябе з большаю годнасцю?
— Паўтараю, васпані, — адказаў я, — што я адмаўляюся тут судзіць або асуджаць. Вам я магу шчыра прызнацца, што я крыху перабольшыныў — бедная мадам Анрыэт, канечне, не гераіня, нават не шукальніца прыгод, і менш за ўсё смелая, палкая натура. Наколькі я яе ведаю, яна ўсяго толькі пасрэдная слабая жанчына, да якой я адчуваю пэўную павагу за тое, што яна знайшла ў сабе мужнасць аддацца свайму жаданню, але яшчэ болей я адчуваю да яе жаль, бо не сёння-заўтра яна будзе вельмі няшчасная. Тое, што яна зрабіла, было, можа, неразумна і, бясспрэчна, неабдумана, але ні ў якім разе нельга назваць яе ўчынак нізкім і подлым. Вось чаму я настойваю на тым, што ніхто не мае права пагарджаць гэтай беднай няшчаснай жанчынай.
— А вы самі? Вы ўсё гэтак жа паважаеце яе? Вы не робіце адрознення паміж прыстойнай жанчынай, з якою вы гаварылі пазаўчора, і тою, другою, якая ўчора ўцякла з першым стрэчным?
— Аніякага. Так, аніякага, абсалютна аніякага.
— Is that so?[57] — міжволі вырвалася ў яе па-ангельску; відаць, размова надзвычайна яе цікавіла.
Пасля кароткага роздуму яна зноў запытальна паглядзела на мяне сваімі яснымі вачамі.
— А калі б заўтра вы сустрэлі мадам Анрыэт, скажам, у Ніцы, пад руку з гэтым маладым чалавекам, прывіталіся б вы з ёю?
— Канечне.
— І загаварылі б з ёю?
— Канечне.
— А калі… калі б вы былі жанатыя, вы пазнаёмілі б такую жанчыну са сваёю жонкаю, як быццам нічога і не адбылося?
— Канечне.
— Would you really?[58] — зноў спыталася яна па-ангельску, і ў яе голасе прагучаў недавер і здзіўленне.
— Surely I would[59], — адказаў я ёй таксама па-ангельску.
Місіс К. маўчала. Здавалася, яна напружана думала. Раптам, і як бы здзіўленая сваёй смеласцю, яна сказала, зірнуўшы на мяне:
— I don’t know, if I would. Perhaps I might do it also[60].
І з той дзіўнай натуральнасцю, з якою толькі ангельцы ўмеюць далікатна, але рашуча абарваць размову, яна ўстала і па-сяброўску працягнула мне руку. Яе ўмяшанне прынесла супакаенне, і ў глыбіні душы ўсе мы, нядаўнія ворагі, былі ўдзячны ёй за тое, што пагрозліва згусцелая атмасфера разрадзілася; мы перакінуліся бяскрыўднымі жартамі, ветліва развіталіся і разышліся.
Хоць наша спрэчка і скончылася па-джэнтльменскі, але пасля той гарачай перапалкі паміж мною і маімі праціўнікамі з’явілася адчужанасць. Нямецкая пара трымалася холадна, а італійцы забаўляліся тым, што штодня з’едліва пыталіся ў мяне, ці не чуў я чаго-небудзь пра «cara sognora Henrietta»[61].
Нягледзячы на вонкавую ветлівасць, сардэчнасць і натуральнасць, якія раней панавалі за нашым сталом, незваротна зніклі.
Іранічная халоднасць маіх праціўнікаў была асабліва адчувальная ад выключнай увагі да мяне місіс К. пасля той спрэчкі. Звычайна на рэдкасць стрыманая, не схільная да размовы з сатрапезнікамі папалудні, цяпер яна нярэдка загаворвала са мною ў садзе і — я б нават сказаў — вылучала мяне, бо нават кароткая гутарка з ёю была знакам асаблівай ласкі. Шчыра кажучы, яна шукала мае кампаніі і карысталася любым выпадкам, каб загаварыць са мною; гэта было так відавочна, што мне маглі б прыйсці ў галаву недарэчныя, пыхлівыя думкі, не будзь яна зусім пасівелая старая жанчына. Пра што б мы ні гаварылі, наша размова непазбежна вярталася да мадам Анрыэт; здавалася, місіс К. адчувала нейкае незразумелае задавальненне, калі абвінавачвала ў нясталасці і легкадумстве жанчыну, якая забылася пра свой доўг. Але ў той жа час яе, мабыць, радавала, што сімпатыі мае нязменна заставаліся на баку кволай, зграбнай жанчыны і што мяне нельга было прымусіць адмовіцца ад гэтых сімпатый. Яна няўхільна вярталася да гэтай тэмы, і я не ведаў, што і думаць пра гэтую дзіўную, амаль іпахандрычную ўпартасць.
[55] Панове, прашу вас (англ.).
[56] Злачынства, выкліканае пачуццём (фр.).
[57] Ці так гэта? (англ.).
[58] Сапраўды? (англ.).
[59] Канечне, так (англ.).
[60] Не ведаю, як бы я зрабіла, можа, гэтаксама (англ.).
[61] Дарагую сіньёру Энрыэту (іт.).