Прыбіральшчыца добра папрацавала тут раніцай. Адзіным, пра што яна не падумала, было Гэта: яно ляжала на вычышчаным, дзе-нідзе яшчэ вільготным ад шчоткі дыване, і сваімі канечнасьцямі дакраналася нават да лямінату на падлозе. Яно ня мела ні ручак, ні колцаў, што бываюць на валізах або куфрах, і таму на выгляд было даволі цяжкім. Прынамсі, для жывога, дастаткова жывога, каб зрабіць беглы аналіз сытуацыі, чалавека Гілюка, што ўвайшоў у кабінэт, старанна хаваючы незадаволенасьць доўгай чаргой.
Таму, хто выйшаў з-за фіранкі, Вераніка, наадварот, падавалася вельмі лёгкай, значна лягчэйшай, чым раней. Яму здалося нават, ён можа ўзьняць яе адным пальцам. Проста падчапіць за каўнер чорнага, дзелавога жаночага пінжака, і павесіць на кручок ля дзьвярэй. Гілюк зірнуў на яго трохі зьдзіўлена, але цікава: у позірку Гілюка было поўнае разуменьне. Гілюк адкрыў рот і нават зьбіраўся нешта сказаць, але голас ягоны раптам сеў, і ён толькі гучна прасіпеў штосьці ды выцягнуў перад сабой рукі. Той, хто выйшаў з-за фіранкі, замахаў рукамі на знак пратэсту. Гэта была нямая сцэна, і дэкарацыі па кутох былі вырабленыя канвэерным спосабам, – але гэта была нямая сцэна, здольная аглушыць сваёй нематой. Ён і праўда на імгненьне аглух: усе гукі гэтага будынку зьліліся ў ціхае цырчэньне, якое нібыта сыходзіла акурат зь цела Веранікі.
Гілюк на нечаканую перашкоду ля ягоных ног, як ні дзіўна, забыўся. І таму спатыкнуўся аб гэта – гэта, што не выклікала ў ім цяпер нічога, апрача агіды. Шкло сэкунду падумала й трэснула – ён наляцеў на празрыстую сьценку шафы, дзе ляжалі Паперы – паперы, зь якіх паволі зьнікала, бы напісанае адмысловым атрамантам, яе імя. Яе імя ў росьпісах, подпісах, графе “Выкананьне”, графе “Адказны/ая”, іншых вясёлых і важных графах... Яе імя, яе прозьвішча, яе імя па бацьку.
Зь Веранікі марудна выцякала адказнасьць. Судзьдзі адварочваліся, быццам яна, Вераніка, увадначасьсе стала зноў той дзяўчынкай, зь якой так паважна, бы з роўнай, размаўляў некалі сур’ёзны Коць. Дзяўчынкай, не падлеглай ніякім судам. І яна, бы пазбаўленая нарэшце атруты, паціху станавілася сабой.
***
Яна ўсё блукае па гэтым полі, нібы ў ім можна заблудзіцца. Аголеная штучная постаць у сплеценых з тонкіх скураных матузкоў рудаватых ботах. Яна йдзе да яго краю, туды, дзе сканчаецца несьмяротнае, бясплённае, вечна зеленаватае калосьсе, ідзе мэтанакіравана, бы ведае ўсе лясныя дарогі, і потым спыняецца побач зь першымі, яшчэ невысокімі дрэвамі, і стаіць там, а потым разварочваецца й брыдзе да таго лапіка зямлі, адкуль пачынала свой шлях. Калосьсе паволі разгладжваецца, месяцы на небе блішчаць, як лямпачкі прыбораў невядомага прызначэньня.
Яе вочы пустыя, яе цела сабранае ўмелымі рукамі, хаця шнары на ім і намаляваныя даволі ўмоўна. Усім, хто праходзіць тут, яна кагосьці нагадвае. Яна ўжо й ня ўспомніць, колькі разоў нападалі на яе лясныя монстры, колькі забойчых промняў чужой зброі падала раптам на яе са схованкі, колькі рук цягнулася да яе плячэй, да яе сьпіны, да яе ног. Безвынікова: жыцьцё гэтага сьвету праходзіць скрозь яе, як праз масла, і яна зноўку пачынае свой кароткі шлях. Яна ня памятае – яна ўжо нічога ня памятае, і нічога ня думае. Яна рухаецца, але цела яе ўпэўненае, што ягоная гаспадыня стаіць на адным месцы. Яшчэ трошкі, і яна стане новым пэрсанажам гэтай гульні – не па той бок, адкуль яна прыйшла сюды, а па гэты, так геніяльна распрацаваны. Яе назавуць як-небудзь па-дурному: Каралева Журба або Дух пшанічнага мора. І будуць пасылаць да яе з заданьнямі тых, хто апынуўся ў замку непадалёку.
Яна дагэтуль ня ведае, што за ёй ужо доўга сочаць. Двое мудрых вачэй схаваліся за бліжэйшай разлапістай ялінай, і зь нейкім болем глядзяць на яе, і нешта ўзгадваюць.
Аднойчы два вокі заплюшчыліся, і маленькая істота, мружачыся, выбралася на сьвятло. Чыхнула пагладзіла бараду, пачціва зьняла каптур.
– Дзень добры, Дух пшанічнага мора, – ветліва сказала істота. – Я ведаю, што твой знак – маўчаньне, але ж ці не пазнаеш ты мяне?
Яна нават не паварочвае галавы ў ягоны бок.
– Ты не абавязаная мяне помніць, – пасьпешліва дадае гном. – Але я цябе, здаецца, бачыў. Ня тут, далёка, але адтуль, дзе мы сустракаліся, майму народу давялося сысьці...
– Я – Ольда, – кажа гном і кланяецца ёй. – Можа, ты памятаеш маё імя? Я магу заплюшчыць табе вочы, калі ты жадаеш. Бедная, бедная Ўлада.
І тады яна паварочваецца да гнома, і той закрывае маленькі, тоўсты, напалову й так схаваны за белай барадой твар. Бо ў яе няма вачэй. Толькі два белыя шары, якія разгублена круцяцца, шукаючы ратаваньня. Гном заечымі скачкамі ратуецца ў лесе, а яна чарговы раз выпраўляецца ў сваё недалёкае падарожжа.
***
Як капрызны хлопчык, Чэслаў Карлавіч сядзіць за сталом, грызе пазногці й чакае Ларысу. Гэтае чаканьне прыносіць яму асалоду – ён нават не адказвае на тэлефанаваньні, хаця апарат на стале раз за разам называе яго імя. Падняць слухаўку – значыць пазбавіць чаканьне разынкі. Чэслаў Карлавіч сядзіць, засяроджана пазбаўляючы пазногаць апошняй саломінкі, і чухае сабе пакрытую сівымі валаскамі скуру на назе, там, дзе яна выглядвае з-пад нагавіцаў. Ён называе сябе вечным, і яму гэта падабаецца. Вечны Чэслаў. Чэслаў Вечны – гучыць ня горш, чым імя якога-небудзь з польскіх выканаўцаў эстраднай песьні часоў ягонага юнацтва. Або чэскіх – неістотна. За некалькі тысяч гадоў свайго жыцьця Чэслаў Карлавіч нагледзеўся на розных поп-зорак. Зь некаторымі нават быў асабіста знаёмы. Па шчырасьці, Чэслаў Карлавіч нічога ня меў бы супраць, калі б ягоныя падначаленыя таксама яго так называлі. Чэслаў Карлавіч Вечны. Вось толькі ён ня ўпэўнены, што яны адэкватна гэта ўспрымуць. Бо маладыя яшчэ. А ў яго заўжды ўсё напагатове. Зараз яна пабачыць.
Зрэшты, калі Ларыса нарэшце прыходзіць, Чэслаў Карлавіч адразу ж бярэ строгі, афіцыйны тон.
– Я маю патрэбу ў некалькіх дасье, – кажа ён, з прыемнасьцю адчуваючы, як паколвае амаль зьдзёрты пазногаць. – Сьпіс знойдзеце ў сакратара. І яшчэ: заўтра вас чакае адказная справа. Паедзеце на інспэкцыю. Час цяпер такі, што на вас будзе ляжаць двайная адказнасьць. Упэўнены, Ларыса, што магу на вас разьлічваць.
Ларыса ловіць кожнае яго слова. Яна нібы становіцца вышэйшаю, і Чэслаў Карлавіч з задавальненьнем гэта адзначае. “І чаму яна перастала насіць тыя туфлі на высокім абцасе?”
– Я даручаў вам падрыхтаваць загад наконт Веранікі...
– Ён ужо гатовы. Вось.
– Добра, – Чэслаў Карлавіч адчувае, як пахнуць валасы Ларысы. Кожны яе валасок прымушае ноздры Чэслава Карлавіча пашырацца, рухацца, уцягваць у сябе водар. – Але не сьпяшайцеся. Ніякай сьпешкі, чуеце? Не траўмаваць, дайце ёй дарабіць усе справы, за якія яна адказвае. Ух...
Чэслаў Карлавіч абмяк, паваліўся ў фатэль, быццам са сьпіны ягонай дасталі нарэшце спружыну. Ён заплюшчыў вочы й тут жа жаласьліва зірнуў на Ларысу праз вузенькія шчылінкі.
– Прыходзіў тут зноў вар’ят адзін, – сказаў ён, ледзь ня плачучы. – Колькі можна ўжо... Псыхоляга трэба саджаць унізе, а не міліцыянта... Яшчэ й торбу забыў. Так змарыўся, ты сабе не ўяўляеш. Ну, ідзі, працуй.
І толькі калі Ларыса даходзіць да дзьвярэй, Чэслаў Карлавіч з радасьцю крычыць ёй: “Стой!”. “Стаяць!” – паўтарае ён груба, гэта ўжо амаль брэх, і Ларыса паслухмяна спыняецца, разварочваецца на месцы, а Чэслаў ужо гатовы! Урачыстым рухам ён падсоўвае да люстра, што вісіць на сьцяне, свой начальніцкі фатэль, асьцярожна, але спрытна выкладвае на маленькі столік для размоваў за гарбатай набор нажніцаў, невялікі, прыемнай формы, фэн, калекцыю драўляных расчосак, сярод якіх ёсьць адна масажная, якой Чэслаў вельмі ганарыцца. На руцэ ягонай вісіць акуратненькі, навюткі белы ручнік з вышытымі на ім ружамі, – Чэслаў Карлавіч вельмі задаволены сабой: не прайшло й хвіліны. А ў куце кабінэту, бы ў казцы, утварылася маленькая, ўтульная прыватная цырульня. “Сядзець!” – крычыць Чэслаў, лагодна ўсьміхаючыся, і хапае Ларысу за руку. Тая дае сябе падвесьці да фатэлю, але потым пачынае супраціў. Яна ведае, што сказаць.
– Ты хочаш, каб усё было, як у мінулы раз? – спакойна кажа Ларыса, гледзячы проста яму ў вочы. – Ты памятаеш, што ты нарабіў мінулы раз?
Чэслаў Карлавіч адварочваецца. Яму сорамна. Зь Вечнага ён адразу становіцца Сьмяротным, такім як усе. Утульная прыватная цырульня пакрываецца павуціньнем. На ружах ручніка распываюцца тлустыя плямы. Іржавеюць нажніцы. Ён глядзіць у люстра і ўжо не адчувае гэтага чароўнага паху. Ларыса прыводзіць усё ў парадак і ціха выходзіць, пакуль Чэслаў Карлавіч стаіць ля акна й лічыць маладыя дрэўцы на патыліцы сквэру.
***
Калісьці Вераніцы было нават цікава, якім будзе наступны наведнік: якім будзе ягоны твар, што прынясе з сабой ягоны голас, у што будуць апранутыя жанчыны й чаго захочуць мужчыны. Яе хвалявала, калі наведнік адступаў ад звычнага сцэнару такіх візытаў: вітаньне, нейкае школьнае слова “Сядайце”, аповед, пісьмовая заява... – былі такія, што любілі пачынаць здалёк, былі такія, якія казалі ёй камплімэнты, былі такія, якія прыносілі ёй падарункі. Былі суворыя жанчыны з зусім малымі яшчэ дзецьмі, і дзеці крычалі, і кабінэт Веранікі адразу сьвятлеў. Гэтыя дзеці лямантавалі роўна столькі, колькі трэба для замілаваньня; але Вераніка ў такія моманты з жахам думала, што адбылося б зь ёй, калі б яна чула гэты енк увесь дзень. Часам сьвятло з плошчы падала на наведнікаў якім-небудзь адмысловым чынам, і Вераніка ўжо не магла слухаць – любавалася нечаканай зьменай у абрыдлай чалавечай зьнешнасьці, раптоўнымі ўпрыгожаньнямі, якімі надвор’е адорвае нас зусім безвач. А яшчэ аднойчы да яе прыйшоў чалавек, які, сеўшы за стол, забыўся, што ён хацеў сказаць, і з прабачэньнямі паехаў дахаты. Больш ён не завітваў, відаць, так і ня ўспомніў.
Але сёньня ўсё было ня так.