— Таксама.
— А я швед. Выходзіць, я магу забіць любога шведа за тое, што ён таксама швед?
— Можаце.
— А ён мяне?
— І ён вас.
— Чаму тады беларус, якога вы забілі, не забіў вас за тое, што вы таксама беларус? Нават не паспрабаваў забіць?
— Мог паспрабаваць. Я б яму не замінаў.
Я б насамрэч не замінаў. Якая розьніца, якім беларусам меней? Але ён не паспрабаваў. Дастаў запальнічку, а не пісталет.
Ад’язджаючы, Ражон схаваў пісталет ў ніжнюю скрыню стала і замкнуў на ключ. Адчыніць шведскі замок шведскім сьцізоркам не было праблемай.
Пісталет быў, як цацка.
Я ня стаў чакаць Ражна…
З нумару я выходзіў, ня ведаючы, што буду рабіць… А з ліфту ўбачыў таго, з пакетам… Яго лёс да мяне прывёў, дык што ж…
Я б яго і без пакета, без трактара на ім распазнаў бы. Па тым, як ён ішоў, азіраўся — і ўсё рухі ягоныя, хоць нібыта ён і ўпэўнены ў сабе, нейкія незавершаныя, незакончаныя, не да канца даведзеныя: рухі напалову. А калі ён прыпыніўся, каб закурыць, дык стаяў хоць і на дзьвюх нагах, а ўсё адно быццам на адной, як бацян на балоце. Плечы стуліў, калена ў калена ўціснуў…
І ў замежжы мы такія, і дома. Здавалася б, і прасторы ж хапае, і сваёй, ня нечай, а нам усё здаецца, нібы чужую займаем.
Ёсьць такое ў беларусах, больш ані ў кім такога няма. Паляк вунь ідзе — увесь паляк, рускі — увесь рускі. А беларус — напалову беларус, і ва ўсе бакі галавой круціць: хто ж ён яшчэ?
А больш ён ніхто, якая б у ім, руская, польская ці нямецкая кроў яшчэ ні цякла. Няхай нават у ім і не палова, а чвэрць ці меней беларускага — усё адно ён кончаны беларус. Хоць ён борусь, хоць бабыб.
Вера казала: «Вы на зямлі сваёй не гаспадары, бо за так, а не за кроў яна вам дасталася. Суседзі вам яе, як соткі калгасьнікам, адмералі. І вы ўсё баіцёся, што калгас скончыцца, і соткі ў вас адбяруць. Таму і прыдумляеце самі для сябе: то вы ад балтаў, то ад рымлянаў… Каб тыя ці балты, ці рымляне пра вас паклапаціліся.
Нашчадкі рымлянаў вы, ага!.. Дык зрабіце нешта, дастойнае продкаў! Рымлянам ніхто і нічога не даваў, яны ўсё самі мячамі бралі! А вы?.. Вы што заўгодна прыдумаеце, абы нічога не рабіць. Прыдумалі, што ў Беларусі цэнтр Еўропы, дык, Еўропа, дапамагай! Каму?.. Ты не палянуўся, зьезьдзі ды паглядзі, хто там і што — у тым цэнтры».
Я не паленаваўся, зьезьдзіў ды паглядзеў…
Цэнтраў Еўропы, як і ўсяго астатняга: моваў, гербаў, сьцягоў… — у Беларусі, аказалася, два. Адзін на дне возера Шо, а другі ў сярэдзіне трохкутніка Чэрвень-Асіповічы-Клічаў, два кіламетры на паўднёвы захад ад вёскі Чыжахі на Бярэзіне. Паколькі на дне возера хоць у цэнтры Еўропы, хоць на ўскрайку адна вада, я паехаў у Чыжахі. Рака там, як у Еўропе, а ўсё астатняе…
Там дзед сядзеў на беразе ў тых Чыжахах, рыбу вудзіў, я пытаюся: «Дзед, ты ведаеш, дзе сядзіш?..» — і ён мне: «Дзе хачу, там і сяджу, а ты пайшоў на…»
Я пайшоў не адразу. Стаў распытваць чалавека з самага цэнтру Еўропы, што ён пра Еўропу думае? І зноў чую: «А пайшла яна на!..» Я тады пра Расею, але і Расея пайшла на….
— А Беларусь?
— Якая Беларусь?..
— Як якая?.. Твая… мая…
— Ня ведаю, якая твая… Мая во… — ён кіўнуў у бок вёскі. — Астатняя на!..
— На?..
— А куды яшчэ?.. — Чалавек у цэнтры Еўропы плюнуў на чарвяка. — Туды ўсе — адтуль нікога.
Я падумаў: прападаюць не ў Бермудскім трухкутніку. Прападаюць тут, у трохкутніку беларускім. У самым цэнтры Еўропы…
Вера пыталася: «Вам чым ганарыцца перад сьветам ня сорамна?.. Тым, што больш за ўсіх бульбы ясьцё? Тым, што ваш сімвал — балотная птушка бацян?..