У тым жа, 1910-м, годзе літаграфічным спосабам накладам у 400 экзэмпляраў п’еса «Модны шляхцюк» выйшла асобным выданнем. Ёй пачала суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца» рэпертуарную серыю сцэнічных твораў. Гэта быў першы крок насустрач патрэбам маладых нацыянальных аматарскіх тэатральных калектываў (а іншых на той час і не існавала), і значны сродак натхнення і дапамогі беларускаму тэатральнаму руху.
27 траўня . «Наша Ніва» ўжо давала станоўчую ацэнку п’есе і спектаклю «Модны шляхцюк» у выкананні трупы Ігната Буйніцкага. Гастролі адбыліся ў Вільні, Полацку, Менску, Койданаве, Радашковічах, Слуцку, Асіповічах, Барысаве, Бабруйску, Жлобіне. Першыя выступы тэатра Францішка Аляхновіча ў лютым . пачаліся паказам «Моднага шляхцюка». Беларускі дзяржаўны тэатр БНР у Менску свае гастрольныя падарожжы пачынаў з гэтага спектакля…
І пастаноўкі адбываліся ў перапоўненых залах і — на лепшых сцэнах. Як, да прыкладу, выступы акторскай трупы пад кіраўніцтвам І. Буйніцкага 25 і 27 чэрвеня . у зале галоўнага менскага гатэлю «Парыж» на цяперашняй Плошчы Свабоды. Аўтар «аншлажнай» п’есы быў у тыя дні за некалькі хвілінаў хадзьбы ад месца пастаноўкі, але прыйсці — не мог!..
Няўмольны лёс зноў зрабіў з творцы вязня. Вясной . К. Кастравіцкага судзіла Віленская крымінальная палата ў Менску, куды ён прыехаў зусім хворы i ледзь жывы. Атрымаўшы год «крэпасці» пасля судовай расправы, да адбыцця тэрміну Карусь Каганец прабыў з дзецьмі i жонкай у Бярэзіне. А з 27 ліпеня 1910-га быў за мурамі «Пішчалаўскага замка»...
Менская турма, пабудаваная ў ., знаходзілася на ўскраіне тагачаснага горада — на ўзвышку ў Раманаўскім прадмесці. Сваю назву «Пішчалаўскі замак» яна атрымала ад прозвішча архітэктара Пішчалы, які і спраектаваў будынак у форме гатычнага замка…
У ім адбывалі пакаранне паплечнікі Канстанціна Каліноўскага (магчыма — і бацька з дзядзькам Каруся Каганца), а таксама многія беларускія пісьменнікі, грамадскія і культурныя дзеячы. За напісанне рэвалюцыйных пракламацый і ўдзел у паўстанні 1863–1864 гг. адседжваў тут тэрмін пакарання Вікенцій Якуб Дунін-Марцінкевіч (1864–1865). Тут 5 жніўня 1863-га, калі царскія апрычнікі вялі на расстрэл «каліноўца» Янку Жмачынскага, з акна сваёй камеры Каміла Марцінкевіч кінула пад ногі героя букет кветак…
Вязнямі «Пішчалаўскага замка» былі Алесь Гарун (1907), Якуб Колас (1908–1911). …І герой гэтага нарыса, сын паўстанца . Карусь Каганец, як і пасля яго (парадоксы беларускай гісторыі!) — многія вядомыя літаратары, пачынаючы ад Ларысы Геніюш…
Развітаўшыся з сям’ёй, пабачыўшы перад расстаннем блізкіх сяброў, Карусь Каганец у сярэдзіне ліпеня . выбраўся ў Менск. Апошнія дні на волі ён праводзіў у Антона Апалінаравіча Шабуні, даўняга таварыша, менскага адваката — гэта яго адрас захаваецца на лісце Казіміра Карлавіча да жонкі ад 16 ліпеня: «прис[яжный] повер[енный] Шабуня. Преображенская, дом Русецкой», гэта ён дапаможа Каганцоваму Янку ўладкавацца на вучобу ў менскую гімназію, урэшце, гэта яны — Карусь Каганец і А. Шабуня — першымі з Менску ўступілі ў Беларускую Рэвалюцыйную Грамаду і ахвяравалі распачатай справе ўжо не першы год…
Жонка ж гасціннага гаспадара — Эмілія Іванаўна — была роднай сястрой Івана і Антона Луцкевічаў. Яна, дарэчы, замацуе звяно стасункаў паміж Карусём Каганцом і Максімам Багдановічам, які пра пісьменніка ведаў толькі па рэдкіх (на старонках друку) творах, нягледзячы на што часта ўзгадваў у сваіх крытычных артыкулах. Яна, Эмілія Шабуня з роду Луцкевічаў, будзе доўга распавядаць Максіму пра Каруся Каганца, калі той летам . наведае хутар яе дзядзькі Вацлава Лычкоўскага непадалёк ад Ракуцёўшчыны.
М. Багдановіч прысвяціў песняру-адраджэнцу верш, які 11 сакавіка . надрукавала «Наша Ніва» і які ўвайшоў у славуты зборнік «Вянок»:
«Змоўк пясняр, затаіў свае песні»… І не дзіва: у турме — не да спеваў…
Трапіць жа ў яе дзеля адбыцця пакарання на той час было няпроста — праз перапоўненасць! «Дагэтуль яшчэ не дабіўся, каб мяне пасадзілі», — нават з нечаканай іроніяй успрымаюцца сёння гэтыя радкі пісьменніка з яго ліста да жонкі (тут і далей лісты Каруся Каганца да жонкі цытуюцца па: Каганец К. Творы. – Мн., 1979).
…У той 27 дзень ліпеня . ён доўга ішоў ліповымі прысадамі прыдрамалага ў спёцы горада, нібы знарок выбіраючы гэты — акаймаваны шацістымі дрэвамі — шлях. З распешчаных суквеццяў, да якіх клапатліва заляцаліся пчолы, праз слодычна-гаманкое мроіва высокае сонца кідала яму да ног залацістыя букеты-промні…
Праз уваходны калідор, выразаны ў двухпавярховым будынку турэмнай канцылярыі, яго ўвялі ў прасторны двор. Вакол узнімаўся масіўны мур, па якім са стрэльбай у руках хадзіў малады жаўнер. Далей, у глыбіні, стаяў пануры «замак» у чатыры паверхі, «дааздоблены» чатырма круглымі вежамі па баках — там месціліся адзіночкі для асуджаных на смерць.
Мы падрабязна ведаем турэмны расклад Каруся Каганца — збярогся яго ліст да жонкі, у якім апісаны дзень «пішчалаўскага» вязня.
Ён прачынаўся рана — а 6-й гадзіне — і, крыху паляжаўшы, пачынаў крышыць галубам чэрствыя скарынкі, што заставаліся ад учарашняй вячэры. Потым, як адкрывалі камеру, мыўся і снедаў. Далей была паверка, пасля якой ён браўся за чытво ці пісанне. Затым — прагулка па перыметры двара, абед, «вольны» час. Перад вячэрай — другая паверка.
Доўгія вязенскія дні Карусь Каганец змог расквеціць толькі творчай працай. На працягу ўсяго астрожнага побыту ён шмат маляваў — па ранейшых задумах, па просьбах-замовах сукамернікаў. «Маляваць я маляваў усё найболей беларускія тыпы, адно — два малюнкі з турэмнага жыцця, а то нарысаваў 12 рысуначкаў Якубу Коласу да яго твораў», — апавядаў ён у лісце да жонкі.
У той час будучы народны пясняр і класік нацыянальнай літаратуры Якуб Колас быў таксама вязнем «Пішчалаўскага замка» — і, зразумела, не па злачынна-крымінальнай справе…
Лісты ад родных і знаёмых — рэдкія «госці» ў турме — былі вялікай радасцю. Першае пісьмо ад жонкі ў час зняволення ён атрымаў у нядзелю, 1 жніўня. Вось толькі пісала жонка часткова па-польску, часткова лацінкай па-беларуску, праз што абвастрыла пільнасць турэмная цэнзура. Настрой у жонкі быў кепскі, і тое турбавала і непакоіла больш за ўсё. «Чаму ты падаеш духам і пішаш так нявесела, ты б павінна і мне бодрасць паддаці, а не адбіраці той, якая ё. Я ж бо маю надзею, што вярнуся да вас здароў і што зажывема лепей, як дагэтуль жылі», — мусіў супакойваць яе Карусь Каганец.
Напрыканцы жніўня на спатканне прыйшоў старэйшы сын Янка — ён прытуліўся ў Шабуняў і меркаваў паступаць у гарадское вучылішча, — і адразу ледзь не расплакаўся. Міхась Кардэцкі, які сядеў у адной камеры з Карусём Каганцом і па той жа справе, перадаў тады хлопцу 10 зэканомленых рублёў і кавалак цукру…
Сум браў і па астатніх дзецях. «Мірко, мой даражэнькі, сыночак ты мой любенькі! Як ты там? Хочацца мне пабачыць цябе, Галюшку і Міленьку, ды нельга. Сяджу я за сценамі, за мурамі, за жалезнымі варотамі, і сядзеці мне яшчэ доўга…», — пісаў ён дадому — і ў прыкрым балючым одуме выводзіў свой адрас: «Минск. губ. Крепостному Казимиру Карловичу Костровицкому в тюрьме». Так, ён быў «крепостнымъ», а ў асуджаных да зняволення ў крэпасці, на радасць, быў крыху лягчэйшы рэжым: яны атрымлівалі 10 капеек у дзень на яду, самі гатавалі, мелі самавар, камера ў іх зачынялася толькі ноччу…
Не на дабро наваліліся кепскія сны пра дзяцей, а да ўсяго — ад жонкі брата Амброзія прыйшла вестка, што «Галюшку хочуць узяць на выхаванне якоесь панства»…
Пагоршылася і астрожнае жыццё. Наступіла восень, у камеры паболела людзей, стала пыльна, вокны адчыняць забаранілі. Дзень пакарацеў, а прагулка была адна…
І па-ранейшаму, стомлены і сумны, кожную новую раніцу ён прачынаўся а шостай і чакаў абуджэння званоў нядаўнаўзведзенага Чырвонага касцёла, зачаравана прыслухоўваючыся да строга-велічных i ўрачыста-спакойных гукаў, i ў яго душу, збалелую i стомленую, пачало ўлівацца святло Боскай праўды, — у які ўжо раз да пакутніка прыходзіў збавіцель-ратавальнік...
У паэтычнай ліры Каруся Каганца абуджаецца струна новага, клерыкальнага ладу. Толькі чуць яе доўгія дзесяцігоддзі мы не мелі магчымасці. Вершы згаданага плану то знікалі, то перахоўваліся, то «не заўважаліся» даследчыкамі.
З твораў Каруся Каганца рэлігійнай тэматыкі трэба назваць вершы «Устань, народ, прачухайса...», «Купалле (лета)», «Дзяды (восень)», «Каляды (зiма)», «Юр’е (вясна)», «Аб долю сям’і», «Малітва вячэрняя», «Малітва ранняя», а таксама невялікую паэму «Вялiкi чацвер», якая псіхалагічна ўзнаўляе біблейскі сюжэт аб ахвяраванні сабой Ісуса Хрыста. Перад намі — добраахвотны выбар Бога, які «свету соладзь ўсю да краю // мог бы сабе смакаваці», але які дзеля выратавання чалавецтва аддае сябе на жахлівае пакаранне:
Хрыстос паўставаў перад чытачом «ачалавечанай» асобай, якой таксама ўласцівы і боязь смерці, і пакуты горычы. Але тое не прыніжала, а, наадварот, яшчэ больш узвялічвала і ўвекавечвала Яго подзвіг, — у якім асацыятыўна маглі прачытвацца і ўчынкі самаадданай дзейнасці Каганцовых таварышаў па агульнай барацьбе з «ненавіснай цемрай». Як, зрэшты, і лёс самога Каганца…
Тэма Бога і ўвогуле рэлігійныя матывы адлюстраваны ў творчасці паэта надзвычай шырока — шырэй, чым у астатніх беларускіх творцаў таго часу і нават святароў-паэтаў Андрэя Зязюлі і Казіміра Сваяка. У гэтым няпростым і засмечаным жыцці пісьменнік шукаў той чысты і светлы шлях да народнага аднаўлення і абуджэння свайго краю.
У просьбах-маленнях да Госпада па-мастацку глыбока і шчыра выявілася сама асоба аўтара, ягоны лёс і лёс родных — як у вершы «Аб долі сям’і»:
Нельга абмінуць увагай і празаічны тэкст Каруся Каганца «Не той міл Богу, хто многа знае, а той, хто шчыра сэрца к яму навяртае». Ужо ў самой назве згаданага абразка раскрываецца яго ідэя: найважней не веды пэўных канонаў, галоўнае — унутраная шчырасць, душэўныя якасці чалавека. Названы твор можна лічыць і мастацкай прытчай, якая, зрэшты, шмат у чым раскрывае і аўтарскую маральна-эстэтычную пазіцыю.