Але час прыспешваў спазнаць i гімназічныя навукі. Яшчэ ў 11 гадоў Казімip паспрабаваў паступіць у гімназію, але, нягледзячы на добрую падрыхтаванасць, так i не быў залічаны: трапіўшы ў бліскучыя пaкoi, ён нясмела адказваў на пытанні. Паўплывала яшчэ, верагодна, i яго паходжанне-стан – сына ссыльнага ваяра-паўстанца. Але ўсё ж такі хлопец змог паступіць у Менскае гарадское вучылішча. Пасля пашэнціла авалодаць скульптурным майстэрствам у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры i дойлідства. З-за недахопу грошай даводзілася — часцей вальнейшым летам — падзарабляць: ехаць у вёску і брацца за касу і плуг. І не раз крывавыя мазалі раз’ядалі яму рукі — пасля чаго было сорамна брацца за кволы пэндзаль. Так і назбірвалася на ўвесь акадэмічны год нейкіх 80 рублёў…
Павучыўся Карусь Каганец i ў Пецярбургу, i зноў (ужо праз недахоп здароўя: не мог пераносіць піцерскага клімату) не дужа доўга.
Ды i які час прыпаў на «альмаматарскія» гады? Гэта — перыяд канчатковага затухання «Народнай волі», этап арыштаў 1880-х гг., калі ў памяці быў яшчэ свежым замах на iмпepaтapa групы студэнтаў на чале з Аляксандрам Ульянавым. I Карусь Каганец на новых шляхах палітычнай чыннасці мацуе свае сілы...
У . выйшлі ў свет два гектаграфічныя нумары нелегальнага часопіса ў расійскай мове «Гомон», у якіх група нарадавольцаў-беларусаў дала абгрунтаванне ідэі беларускага дзяржаўнага будаўніцтва — але, праўда, у складзе Расійскай Федэрацыі (да старэйшых нарадавольцаў Беларусі належаў Ігнат Грынявіцкі, які выканаў смяротны прысуд цару Аляксандру ІІ). Як адгалоскі гэтага руху там-сям з’яўляюцца беларускія студэнцкія гурткі (яскравы прыклад — маскоўскае моладзевае аб’яднанне ў ., у склад якога ўваходзіў беларускі пісьменнік Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш.), да якога мог спрычыніцца і малады Казімір Кастравіцкі.
З пазіцый народніцтва дзейнічаў Карусь Каганец у той час і ў сваім Прымагіллі, і гэта пашырала як кола яго таварышаў-прыхільнікаў, так і зласліўцаў-нядобразычліўцаў з вакольнай «шляхты» , якая і без таго не любіла гэтага «культурнага мужыка» (яшчэ ў юнацкія гады да яго прыстала мянушка «хлопоман»).
Не праходзілі марна гады вучобы i ў мастацкім плане: Карусь Каганец меў вялікія пocпexi ў скульптуры i, вырабіўшы галаву Івана Грознага, стаў вядомым i сярод настаўнікаў, i сярод cвaix сяброў-аднагодкаў.
Убіралася ў сілу няўрымслівае, натхнёнае, апантанае Каганцова полымя, i ўжо не такім загадкава-нечаканым ycтупіў ён у спрэчку з халодным i магутным пакуль царствам вакольнай цемры, распачаў сваю публіцыстычную дзейнасць (i заканамерным уяўляецца цяпер узнікненне вышэйзгаданай нацыянальна-асветніцкай «Прамовы»), а да абуджальнай публіцыстыкі — нібы ў пярэвітак да сімвалічнага каганцовага кноту, каб светач шугаў далей i вышэй — уплёў i калівы паэтычнага таленту. У тым жа . з’яўляецца i верш «Наш покліч». Яго першая публікацыя адбылася разам з вершамі Ф. Багушэвіча ў нелегальна выдадзеным у . зборніку «Песні» — адной з першых беларускіх кніг ХХ ст.
«Наш покліч» — адзін з першых твораў новай беларускай літаратуры, у якім разам з сацыяльнымi яскрава прагучалі i адраджэнска-асветніцкія матывы:
Палітык-народнік і адраджэнец-рамантык зліліся ў адной асобе творцы — асобе адметнай і арыгінальнай. І ці не адным з першых адзначыў гэта яшчэ Максім Гарэцкі, які ў сваёй «Гісторыі беларускае літаратуры» засведчыў: «Пачаў ён (Карусь Каганец. — А. П.) пісаць з 90-х гадоў у часе пашырэньня твораў Багушэвіча, але стаіць у гэтым часе зусім самабытна, арыгінальна, па-за ўсякімі ўплывамі і перайманьнямі…».
М. Гарэцкі першым абмаляваў і сам гістарычна-ідэйны зрэз, на які прыпаў пачатак Каганцовай чыннасці, і асноўныя накірункі-ўзросткі ягонай працы: «У самую дзікую пару аляксандраўскай рэакцыі <…>, калі сыстэма абмаскальваньня й змаганьня з сацыялістычным рухам была ў поўным росквіце, кінуў Каганец лозунг: “Беларусь трэба падымаць!”. Як ідэйна-грамадскі працаўнік, ён быў ведамы ня толькі беларускай інтэлігенцыі, але й шырокім колам краёвых працаўнікоў вызваленчага руху канца 90-х і 900-х гадоў».
Маніфестам кожнага сапраўднага беларуса з’яўляўся і верш Каруся Каганца «Наш сымболь» (напісаны ў тым жа, што і «Наш покліч», .), у якім перадаваліся пажаданні-зычанні сваім братам па справе змагання-барацьбы за Бацькаўшчыну:
Не выпадкова захацелася працытаваць гэты верш цалкам і ўзнавіць яго менавіта па першапублікацыях — у «Велікоднай пісанцы» ., у «Календары “Нашай Нівы” за 1911 год», бо нялёгкі лёс «рэдагавання» і лакіроўкі выпаў яму. Таму ў адзіным зборы твораў пісьменніка (Каганец К. Творы. – Мн.: Мастацкая літаратура, 1979) на месцы падкрэсленых вышэй слоў мы знаходзім нейтральныя, завуаляваныя: «За гонар груддзю ставайце», «З праўдай заўсёды трывайце»…
Жыццё i лёс Беларусі патрабавалі разнаплыннай i разнажанравай працы, i ён ужо зрыхтаваўся да гэтага...
I яшчэ пад адной найяркай зоркай трэба разглядаць легенду Каруся Каганца. Імя ёй — Любоў.
Лёс падараваў яму велічнае каханне да жанчыны, i гэта ўнесла ў творчасць новую магічную цеплыню лірычнасці, пачуццёвасці i шчырай сентыментальнасці.
Пачуццё гэтае — шырэй — было асвечана любоўю творцы да роднай зямлі, да маці-прыроды, i ад aпoшнix i ўзрастала, бо хто, як нi тыя радзіма i прырода, уклалі ў калекаватае, сціснутае цяжарам вакольнай цямрэчы цела здольнасць так высока, чыста і адухоўлена (напрыканцы жыццёвага шляху Карусь Каганец прыйдзе да ўсеахопнага спасціжэння вобразу Маці Боскай) адчуваць сусветную прыгажосць i прыгажосць адзінкавую... А да ўсяго — i ўнутраную.
Вялікая i чароўная сіла кахання надала Каганцоваму полымю якасна новыя адценні i афарбоўкі, пяшчоту й кунегу. Таму i нараджаліся разам з названымі вышэй абуджальна-асветніцкімі вершамі лірычна-інтымныя творы. У перыяд з 1894 па 1896 гг. Карусём Каганцом быў створаны асобны вершаваны цыкл, з якім, на жаль, цалкам чытач азнаёміцца пакуль што не можа...
Поўная назва цыкла — «Спяваннi мілосныя “Каханне Каганца”», а самі тэксты захоўваюцца ў рукапісным apxiвe пісьменніка (Аддзел рэдкай кнігі i старадрукаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, ф. 1, вып. 1.). У складзены далёка не поўны збор твораў Каруся Каганца (Каганец К. Творы. — Мн., 1979) увайшлі два вершы гэтага цыкла, аб чым, верагодна, не здагадваўся i сам складальнік — Сцяпан Александровіч. У прадмове да кнігі ён зазначыў: «Шкада, што не захаваўся своеасаблівы прыродаапісальны (? — А. П.) цыкл вершаў паэта “Каханне Каганца”».
Цыкл складаецца з шасці вершаў, знітаваных узвышаным i чыстым пачуццём, насычаных лірычна-псіхалагічнымі роздумамі. З народна-песенных традыцый, дааздобленых уласнааўтарскім светабачаннем, выліваюцца найчасцей Каганцовы радкі:
Маючы ўражлівую душу мастака, ведаючы адгадкі вясёлкавых фарбаў i скульптурных ліній, Карусь Каганец не мог не адчуваць, не асэнсоўваць суб’ектыўна-ўласных перажыванняў, настрояў. I тут, здаецца, ён адным з першых пракладаў у нашай літаратуры (па-свойму i смела) новую сцежку імпрэсіяністычнасці. I iмпpэсіяністычнасць Каруся Каганца — адметная, фальклорная. «Першае слова яго кніжнай творчасьці было апошнім словам народнай творчасьці», — пісаў пра пісьменніка ў «Гісторыі беларускае літаратуры» Максім Гарэцкі. А Максім Багдановіч, прыйшоўшы напрыканцы жыцця да спасціжэння народнасці культуры і мастацтва, «каб стаць бліжэй да душы беларуса, лепей наталіць яе духоўную смагу, каб улажыць што-небудзь сваё ў скарбніцу светавой культуры, каб уліць у нашу паэзію свежыя сокі», першым прыкладам працы ў гэтым кірунку бачыў творчую постаць Каруся Каганца. «Можна пісаць і інакш — не намагаючыся падрабіцца пад народную песню, але ў народным духу, прыклад чаго даў Карусь Каганец», — адзначаў у сваім артыкуле «Забыты шлях» М. Багдановіч. Больш за тое, ён стаў і таленавітым вучнем Каруся Каганца: згадаем «вершы беларускага складу» «Бяседная», «Лявоніха», «Скірпуся», «Агата» і пад.
Карусь Каганец спрабаваў «акультурыць», наблізіць да кожнага — праз сваё перажыванне і пачуццё — беларускую народнапесенную стыхію, крануцца агульных духоўных струнаў — і ў іх поліфанічнасці знайсці найбліжэйшы гук для выяўлення свайго настрою. І Карусь Каганец змог прамовіць не толькі ад імя селяніна (прыклад Ф. Багушэвіча), — вуснамі пісьменніка загаварыў сам беларускі народ. А праз колькі гадоў маладзейшыя працягнуць яго спеў, і з’явяцца ў Янкі Купалы і Якуба Коласа вершы з аднолькавай назвай «Мужык», і новай водпаведдзю прагучыць над роднай старонкай: «Што я мужык, усе тут знаюць» і «Я — мужык, бядак пахілы»…
Першымі iмя Каганцовай «кветачкi» — яго каханай абранніцы — даносяць нам лісты да Ганны Пракаповіч (.), а само знаёмства Kaзiмipa i Ганны адбылося на некалькі гадоў раней (і, як відно з лістоў, Казімір паспеў ужо пасябраваць і з маці сваёй абранніцы).
Паненка Ганна Пракаповіч гасцявала тады ў вёсцы Добасня пад Бабруйскам, дзе жыла яе радня. Туды і слаў свае пісьмы (старанна выводзячы з вялікіх літар у сваім змрочным Прымагіллі і адкрытае «Ты», і кунежныя «Галубка», «Зязюлю»), без прамаруджвання атрымліваючы прыхільныя адказы.
Усё падавалася вырашаным. «…дому сяголета, мабыць, не буду ставіць <…> , так што нам прыйдзецца ў Лісіх Норах зіму празімаваці», — пісаў Казімір у адным з сакавіцкіх лістоў. Пісаў, дарэчы, вельмі дзіўным і арыгінальным почыркам — скорапісам ажно ці не XVII ст., з неадменнымі «ерамі» і «яцямі»… Застаецца толькі з цікавасцю ўглядацца ў гэтыя роўныя — нібыта з адбітку старога летапісу — радкі, якія захаваў нам з . ліст Каруся Каганца да сваёй каханай, ці ранейшы, пазначаны «беразнем» таго ж года, аўтэнтычная частка якога дайшла да нас у ілюстрацыі часопіса «Наш Край» за . (№10): «Але Гануся хітрэнька, бытцем Амброжэя не ведае, а показываецца, што штось ведаеш…» — углядацца ў рукапісныя літары старадаўняй кірыліцы, якія не могуць сёння перадаць кампутарныя шрыфты…
А можа, і сапраўды лёс зблытаў усе часавыя межы і перанёс гэтага чалавека ў пачатак ХХ ст.? Ці, хутчэй за ўсё, Неба злітавалася з Беларусі і данесла да нас гэтую жыццядайную іскрынку, — каб наноў зашугала полымя Адраджэння?..
…Апошняя вясна ХІХ ст. была ранняй. Увесь сакавік Кастравіцкі займаўся гаспадаркай. Прадаў сівую кабылу і старога Каштана, — апошняга стратна. Набыў дзябёлую гнядую чатырохгодку.
З братамі пілавалі бярэзнік на майстэрку. Ды, на бяду, накінуўся кашаль, работа зацягнулася, і дрэва засталося ў лесе. А тут яшчэ не было на чым і вывезці, бо коні ўсё маладыя, а каторая і была сталейшай, то неўзабаве мусіла жарабіцца. Праўда, мелася яшчэ ласуха Чорная, за якую можна было б, прадаўшы, узяць дваіх старых цягавікоў, — ды Чорную ён меркаваў падарыць Ганне…
У клопатах і неадступным суме па каханай прайшоў месяц, а ў цёплым красавіку . маладыя пабраліся i аселі ў Прымагіллі, у тым жа ўрочышчы Лici Норы. У той самай хатцы, нават ці можна яе так назваць — нейкай маленькай драўлянай «асунуўцы», урослай у зямлю і дамацаванай валунамі, са старой саламянай страхой, дзіравай у надхлеўі, з двума слепаватымі акенцамі, з земляной падлогай, бутлымі сценамі, з уваходам праз хлеў, дзе стаялі коні...
Але былі ў ix жыцці i ўлюбёныя aбoiмi вялізныя xвoi, што раслі на ўскрайку лесу, непадалёк ад хаты, — вольнымі ад працы гадзінамі Kaзiмip i Ганна праседжвалі там у чароўнай мілосці да ўсяго жывога i вакольнага, — i быў яшчэ той кудзебны лес, а наўшыркі — зямля, іхняя i для ix!
У новае стагоддзе Карусь Каганец уступіў у Хрыстовым узросце — яму спаўнялася 33 гады. Застаўшыся апошнім магіканінам мінулага, у час народзінаў новага XX ст. ён стаў піянерам беларускага нацыянальнага руху i народным прарокам. Гэта не проста ўзвышаныя словы ўдзячнай даніны. Памяць друкаваных слоў зберагла для нас шматлікія ўспаміны тагачасных дзеячаў, чые імёны праўдзіва засведчаць сказанае: Аляксандр Уласаў, Антон Луцкевіч, Змітрок Бядуля, Вацлаў Ластоўскі, Язэп Дыла... Прывядзём толькі некаторыя ўрыўкі. «Я помню, якое сьвяшчэннае ўражаньне на нас, маладых хлопцаў, 15–17 гадоў таму назад (напісана ў . — А. П.) аказаў першы беларускі верш, прачытаны нам К. Кастравіцкім... Ад барадатай прысадзістай фігуры аўтара, нaciўшаго дэманстрацыйны кажух, боты i падпіразанага «чорна-рускім» поясам, веяло такой моцнай, нісакрушымай, як скала, верай, што «Беларусь трэба падымаць...», — згадваў колішні рэдактар «Нашай Нівы» А. Уласаў. У тым жа артыкуле, падрахоўваючы, ён пісаў: «У старым Менску былі тады характэрныя фігуры першых беларускіх прарокаў. Гэта Кастравіцкі i стары археолаг Татур... Гэта былі два Maгiкане, дзьве крыніцы, которыя перэхавалі зародыш беларускай ідэi i не далі ёй загаснуць» (Уласаў А. К. Кастравіцкі i Г. Татур // Беларускі Шлях, 1918, № 52.). Нагадаем, што сябар і паплечнік Каруся Каганца Генрых Хрыстафоравіч Татур — беларускі археолаг, гісторык, этнограф, калекцыянер. Па дакументах i іншых навуковых крыніцах ведаў ycix славутасцяў і герояў нашай мінуўшчыны, прапагандаваў яе слаўныя старонкі. Працаваў над збіраннем свайго беларускага музея i гуртаваў вакол сябе перадавую таленавітую моладзь.