Не ўстаць табе, сяло Драмлёва,
Не ўстаць – цяжкая галава.
Гэта адбылося 11 верасня 1942 года. Было журботнае свята Галавасек. Карнікі ў чорных мундзірах са свастыкай і чарапамі на рукавах акружылі вёсачку на досвітку. Людзей будзілі, выганялі з хат. Мужчын прыкладамі аўтаматаў заганялі ў адзін хлеў, жанчын і дзяцей – у два суседнія. Аблілі бензінам. Успыхнула страшнае полымя. Людзі задыхаліся ў агні і дыме. Апошнія крыкі драмлёўцаў былі чуваць нават у суседніх вёсках. Восеньскі вецер расцярушыў па палях попел.
Так перасталі бачыць сонца, радавацца сонцу 196 жыхароў Драмлёва. У агні загінула каля 90 дзяцей. Замест вёскі засталіся толькі абгарэлыя дрэвы, ды страшнымі абеліскамі тырчэлі над папялішчамі пячныя коміны.
Больш Драмлёва ніколі не адрадзілася. Людзі не вярнуліся на папялішчы. Бо не было каму вяртацца.
“Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі”... Няма Драмлёва. На месцы знішчанай вёскі насыпаны вялікі Курган. Побач з насыпам – бронзавыя фігуры трох жанчын. Яны назаўсёды зкамянелі ў журботным маўчанні.
На Беларусі 186 вёсак былі спаленыя з усімі жыхарамі ў гады вайны. Людзі называюць іх “вогненнымі”. Самая вядомая “вогненная” вёска – Хатынь пад Мінскам. На Брэстчыне найбольш пацярпелі жыхары лясістага Пружанскага раёна. У самым цэнтры Пружанаў стаіць велічны помнік з пералікам усіх вёсак, што былі знішчаны і не адрадзіліся. Гэта напамін жывым, наколькі цяжкім быў шлях да Перамогі.
1. Чым вядомы ў гісторыі дзень 22 чэрвеня 1941 года?
2. Якія подзвігі здзейснілі лётчыкі Рабцаў і Жмаеў?
3. Чаму Брэсцкую крэпасць называюць крэпасцю-героем?
4. Як фашысты спрабавалі запалохаць жыхароў Беларусі?
5. Дзе і калі ўтварыўся першы партызанскі атрад? Якія партызанскія атрады дзейнічалі ў тваім раёне?
6. Што ты даведаўся пра Здзітаўскую абарону?
7. Як ты думаеш, чаму дзень Перамогі называюць “святам са слязьмі на вачах”?
8. Якія вёскі людзі называюць “вогненнымі”? Чаму? Ці ёсць у вашай мясцовасці такія вёскі?
24. ПЛЫВЕ КАСМІЧНЫ КАРАБЕЛЬ…
Нярэдка можна пачуць: “Вось раней было не тое, што цяпер! І зімы былі снежныя, і рэкі рыбныя, і песні душэўныя, і людзі шчырыя…”
Аднойчы я вырашыў праверыць гэта на сваіх вучнях і прынёс ў клас старыя чорна-белыя фотаздымкі. Вакол сабраліся хлопчыкі і дзяўчынкі, а я ім задаю пытанне:
– Паглядзіце, як жылі раней людзі. Вось вам тры здымкі і тры хвіліны на адказ: “Чым ранейшае жыццё адрозніваецца ад цяперашняга?”
Але не трэба маім “чамучкам” тры хвіліны. Ужо праз хвіліну адказы пасыпаліся, як бульба з меху:
– У такой сарочцы цяпер па вуліцы не ходзяць. Я такую адзежу толькі ў музеі бачыла, – сцвярджае адна дзяўчынка.
А другая ёй пярэчыць:
– А я такую сарочку і хустачку апранала, калі летась у клубе святкавалі Каляды. Мы там спявалі ды танчылі. Гэта было цікава і прыгожа!
Гляджу яшчэ адна дзяўчынка рукою трасе.
– Можна я, ну, можна я?! Я таксама адрозненне знайшла! Паглядзіце на плот!!!
Паглядзелі. Нехта фыркнуў:
– Што глядзець? Няма тут ніякага плота…
– А я пра што?! – узрадавалася дзяўчынка. – Цяпер па вёсцы пройдзеш – навокал платы стаяць да неба, а на іх грозна напісана: “Асцярожна, злы сабака!” А можа, гэта злыя людзі ў будках схаваліся? Раней жылі бядней, чым цяпер, гэта бачна, без кампутараў і іншых разумных машын, але за платамі не хаваліся…
Тут да размовы далучыліся хлопчыкі. Ім, вядома, цікавей даведацца пра вайсковыя справы.
– У яго на капелюшы не зорачка, а арол. Гэта якой арміі салдат, рускай ці амерыканскай?