Хутка ідзе будаўніцтва. Але тут нечакана здарылася замінка. Памешчык з Жабінкі запярэчыў:
– Не дазваляю праз свае землі цягнуць рэйкі. Чыгунка – гэта небяспечна!
Нічога не зробіш – давялося будаваць станцыю на сялянскіх землях. Гэтак утварыліся ажно дзве Жабінкі. Тое паселішча, што засталося ў пана, яшчэ і цяпер завецца Жабіначкай (ці Малой Жабінкай). А станцыя хутка вырасла, стала пасёлкам, мястэчкам, а праз сто гадоў – горадам, цэнтрам Жабінкаўскага раёна.
1. Чаму чалавек спачатку баяўся чыгункі?
2. Якія змены прыйшлі ў палескі край разам з чыгункай?
3. Як ты лічыш, чаму на гербе Баранавічаў змешчаны стары паравоз?
4. Чым знакамітая Люсінская школа?
5. Якое паселішча ўзнікла раней: Лунін ці Лунінец? Чаму ты так думаеш?
6. Як узніклі дзве Жабінкі? Чаму станцыя Жабінка хутка вырасла, а паселішча Жабінка паменшылася?
20. ЗВЫЧАІ І ПОБЫТ У МІНУЛЫМ
Самае каштоўнае на зямлі – веды. Ужо старажытны чалавек клапаціўся, каб ягоныя веды не губляліся. Земляроб вучыў сваіх дзяцей, як вырошчваць зерне. Майстар расказваў ім, як вырабляць прылады працы. Будаўнік – як будаваць дамы.
Згубіць чалавек веды – загіне яго праца. А навошта тады ты нарадзіўся, калі нічога пасля сябе не пакінеш? Так з’явіўся звычай перадаваць веды. Але што такое звычай? Звычай – гэта правіла, няпісаны закон, па якім жывуць людзі. І цяжкае пакаранне чакае таго, хто пераступіць праз яго.
А якія яшчэ звычаі меліся на Берасцейшчыне? Іх было шмат. Напрыклад, звычай абрабляць зямлю, шанаваць бацькоў, смуткаваць, калі прыходзіць у хату бяда, і весяліцца ў народныя святы.
Сярод шматлікіх звычаяў ёсць і такі. На ўваходзіны першым у новы дом павінен забегчы кот. Скочыць коцік цераз парог, паглядзіць па кутках, лапку падыме, быццам з кімсьці павітаецца. Што гэта ён робіць? У хаце ж няма нікога! Але нашыя продкі верылі, што ў кожным памяшканні, акрамя гаспадароў, жыве Дамавік. Так раней называлі казачнага абаронцу дома.
Вось з кім коцік “павітаўся”! А мы і не заўважылі…
Цяпер ты хочаш даведацца, якой была хата нашага продка? Тады адкрыем лёгкія сасновыя дзверы ці падгледзім у маленькія вокны, размешчаныя невысока над зямлёй.
У далёкім мінулым берасцейцы жылі ў драўляных курных хатках. У цэнтры гэтага будынка знаходзілася печка без коміна. Таму тапілася хата па-чорнаму. (Калі тапіць па-чорнаму, дым будзе выходзіць з памяшкання праз дзверы і вокны).
Хатка была зусім малая. Даўжыня кожнай сцяны – цсяго каля чатырох метраў. Мусіць, нават Дамавіку было цесна ў такой хаціне, а тут звычайна жыла сям’я ў сем-восем чалавек!
Міналі стагоддзі, і хата мяняла свой выгляд. Ужо трыста гадоў таму ў нас з’явіліся дамы, да якіх дабудоўвалі сенцы і каморы. У каморах захоўвалі бульбу, агародніну, мясныя і малочныя прадукты.
Падлога ў хаце спачатку была земляная, пазней – драўляная. (Цяпер, відаць, нашаму знаёмаму Дамавіку жыць стала весялей).
У хаце ладзілі вялікую печ. У ёй сяляне гатавалі ежу. На пячы спалі, сушылі аддзенне, дасушвалі збожжа. Тапіць пачалі па-беламу. (Ты ўжо ведаеш, што значыць тапіць па-чорнаму. Здагадайся, а як тапілі па-беламу?)
Пойдзем далей па хаце. У ёй чатыры куты, але толькі адзін з іх галоўны – чырвоны. У ім вісяць абразы з вышытымі ручнікамі. Уздоўж сцен стаяць доўгія лавы. На покуце – вялікі драўляны стол. Над ім – лямпа. Побач вісіць калыска, сплеценая з лазы. Дзіцячыя галасы ў хаце гучалі заўсёды. Дзяцей у сялянскай сям’і любілі. (Нават Дамавік, кажуць, калі яму малыя надакучвалі сваім плачам, вылазіў з падпечка і калыхаў калыску).
У другім куце месцілася скрыня з адзежаю, абрусамі, ручнікамі, грашыма і ўпрыгожваннямі.
Такой была вясковая хата ў будні, а калі пачыналася свята...
Багатая наша зямля на звычаі. Шмат берасцейцы ведаюць песень, танцаў. А калі песні і танцы больш за ўсё патрэбныя чалавеку? Вядома ж, на святы! А якое самае лепшае свята?
Безумоўна, вяселле! Нездарма словы “вясёлы”, “вясёлка”, “весяліцца” ды “вяселле” – ад аднаго кораня паходзяць. Нельга сумаваць у хаце, дзе ідзе вяселле!
Амаль сто гадоў таму пра адно такое свята ў вёсцы Свішчы на Жабінкаўшчыне расказала мясцовая настаўніца пані Савіцкая. Ад яе мы даведаліся, як раней святкавалі вяселлі.
... Заўважыў Васілёк, што ў Свішчах жыве прыгажуня Ганначка. Запрог ён коней. Разам са сватам узяў хлеб-соль і бутэльку гарэлкі. Па вёсцы пагалоска бяжыць: сваты да Ганны едуць! Спыніліся яны перад Ганначчынай хатай. Зыходзяць, абодва вітаюцца.
– Дзе ж вашая дачка? – пытаецца Васіль у гаспадароў.
– Ганначка! Ганька! – кліча маці. – Да нас Васілька прыехаў.