— Давайце пакінем пакуль у спакоі дзядзьку Сэма, а вернемся ў наш літаратурны цэх, дзе нашылі без нас непрыдатных ботаў.
— Канечне, мне на іх, можна сказаць, нават напляваць — хай варацца ў сваім соку, але, з другога боку, нам трэба быць не крытыкамі ім, ці там нават трыбуналам такім літаратурным, а даваць адпор, бо мы — ідэолагі новай улады, мы можам у чалавечай душы як гадзіннікавы майстра ў механізме разабрацца дасканала: шасцярэнькі, колцы, стрэлкі.
— А што яны пішуць пра нашых знакамітых асобаў?! Іван, па-іхняму “Жудасны”, па вушы ў крыві. Фельдмаршала Сумбурава, нашага любімага героя, сукай называюць.
— Так-так, і — карнікам!
— Святы наш царкоўны ў іх не йнакш як “Мардашоў-вешальнік”. Цар Халдзей — першы бальшавік ў іх. А імператрыца — юрлівая, любаярлівая шлюха ў кароне.
— Аграмаднай, як дзёдзя, называюць яшчэ.
— Правільна! Мы ім пакажам! Дамо бой! Нагадаем, дзе ракі зімуюць!
— Таварышы-таварышы, нам тут вайны не трэба, але адрадзіць традыцыі прынцыповай бязлітаснай крытыкі, яе айцоў-заснавальнікаў — таварышаў Бэндэ і Кучара — варта. Бо зусім без крытыкі пісьменнікі пішуць абы-што: што Чапай быў дурань, што Анка мела хваробу венерычную, а дзе даведка? Дзе даведка са скурвендыспансера? Усё павінна быць на падставе даведак, пажадана з гербавай пячаткай.
— І наконт цара Халдзея. Гэны карыфей, які вярнуўся з буржуазнай эміграцыі, эпапею пра яго напісаў калісьці, але нават ён не мог так адразу як мае быць свой раман зрабіць. Яму цэнзура тры разы вяртала кнігу на дапрацоўку, і ён перарабляў! Вось што такое пісьменніцкая карпатлівая дбайная праца! А не так: смажаных фактаў наскубаць, не праверыўшы, і ўсё — у раман без разбору! Шліфоўка патрэбна, шліфоўка!
— Я, калі шчыра, часам думаю наконт тых, каго расстралялі: дыму без агню не бывае. Паўзгуртавання да сценкі паставілі, канечне, паслабілі тым самым літаратурны фронт. Але НКВД мела канкрэтыку: адзін надрукаваў кніжку ў Берліне, другі меў сваякоў у Польшчы, трэці там сам нарадзіўся, чацверты яшчэ чаго-небудзь, лісты, напрыклад, з-за мяжы атрымліваў. Канечне, каб яны працавалі на шведскую разведку — гэтага я не ведаю, але на дэфензіву — гэта вельмі верагодна, як піць даць. Дыму без агню дакладна не бывае: пагляньце на сённяшніх, якія свабоды захацелі! А тыя, што да сценкі,.. як скарпіёны ў слоіку, калі іх з усяго горада за ноч звезлі ў “Амерыканку”, адзін на другога наплявузгалі. Калі ты сапраўды ні ў чым не вінны, табе ніякія “гішпанскія боты” — не пагроза.
— Не будзем паглыбляцца ў нетры. Лепей дапісаць недапісанае, будзе высакародна, ушануем памяць. Мы атрымалі з архіваў Міністэрства палітычнай бяспекі некаторыя няскончаныя раманы. Ім яны не далі, не даверылі аматарам дэмакратыі і свабоды. Мы — людзі дабранадзейныя, у гэтым наш плюс, ганарыцца маем поўнае права.
— А я вось думаю пра таго Самасуя. Спаліў са страху. А можа там нічога й не было такога крамольнага? Можа ён як Гогаль — зрабіў працяг у станоўчым рэчышчы, усе перавыхаваліся, усвядомілі памылкі, палепшалі? Не ведаю...
— Не дуры сабе галавы, лепей сам дапішы свайго Самасуя як табе падабаецца, на ганарарнай аснове.
— Хачу толькі папярэдзіць: наш народ, наш урад — не дойная карова, але для слушных, чэсных пісьменнікаў цыцка ў яго знойдзецца, нам трэба харчавацца народным малаком, каб усмактаць, прасякнуцца, пісаць на патрэбу народа. А што яму падабаецца, чаго хочацца простым людзям, працаўнікам сяла, фабрык і заводаў? Ім хочацца, што не сакрэт, душэўных гісторый. Але навошта нам бразільскія, ціцікакскія?
— Ды ў нас саміх ужо рукі свярбяць!
— Каб без парнухі, без чарнухі, крывішчы і жахаў, мардабою. Без Тэрмінатараў і Рэмбаў. Адрадзіць задача найлепшыя традыцыі вытворчага рамана: калі яна не хоча замуж за лайдака, за бракароба, калі шчыра й прынцыпова папярэджвае — не дам, пакуль не справішся, план не выканаеш, каб не чырванець за цябе.
— Іхнія кніжкі ў сячкарню траплялі для паперы ў рэшце рэшт: на канфеці, на “спагеці”, на туалетныя рулькі. Затаварыліся! Іхняе пісьменніцкае “карыта” пустое закарэла. Мы пакажам якасць, тое, што народу цікава, шырокім чытацкім масам. Таварышы, браты па пяру! Нам разам з усёй народнай гаспадаркай трэба без лішняй раскачкі вярнуцца ў 1984-ы! Колькі тады на гара выдавалі нашыя раманісты?
— Нам патрэбны станоўчы герой, ні паліцай ці зубровец, а сапраўдны герой нашага часу! Амонавец, які не даў разгарнуць незарэгістраваны сцяг, які парваў партрэты ў руках, скруціў ў бараноў рог і — у варанок! Які кайданкамі карыстаецца віртуозна як фокуснік! А дубінкай — адпачывайце ўсе Брусы Лі! Зухавы, спартовы, за якім дзеўкі табунамі! У крапавым берэце.
— Ёсць прапанова: цяпер усе бяруць адстаючы калгас, фермерскую гаспадарку — банкі, установы. Трэба пупавінай з народам злучыцца. Будзе тады ў пісьменніцкай сталоўцы і сваё малачко, і шніцаль з эскалопам.
— Так яшчэ сталоўкі ніякай няма, я, шчыра кажучы, за рэстаран або хаця б за карчму.
— Я наконт пагонаў нібы нашых. Яны здзекуюцца: пагоны зробім, званні, зорачкі, аксельбанты. Брахня! У нас будзе дэмакратычна: іерархія згодна працоўным дасягненням — хто колькі напісаў, колькі выдаў. Канечне і падлік абавязковы: колькасць старонак, колькі тамоў, тыраж, само сабой. Працоўныя нормы, працадні, каб ні дня без радка. Каб кожнаму паводле высілкаў. Хто не працуе — той не ясі! Калі што — можна і на вагу. А то сёй-той брашурку зробіць і ходзіць гогалем.
— А на вагу — увесь тыраж, ці кожнай кніжкі па адной?
— Гэта пакуль невядома.
— Лаканічны адказ.
— Нам патрэбна не толькі станоўчага героя адрадзіць, трэба выкрываць ненадзейных. Я памятаю раманы лаўрэатаў: у адным машыністка-шкодніца рассылала па рэдакцыях адмоўныя лісты на раман Леаніда Ільіча, падрабляючыся пад чытачоў, пад голас народа, была выкрыта органамі і змешчана ў псіхіятрычны шпіталь. Далей, паэт Артур Бяссмертны ў іншым рамане сціляжнічаў, слухаў джаз, пісаў пра каханне ды пра віно, і скончылася тым, што ў рэстаране скраў пашпарт з грашыма. Нам трэба і сёння выкрываць адмоўных герояў — у рэчышчы нашай багатай раманнай традыцыі, заклікаю!
— Я таксама толькі “за”! Хопіць, апрыклі, астачарцелі кількі ў тамаце! Хай самі ліверку каціную жуюць! Я таксама акулы мяса хачу, ананасы, прабачце, у “Напалеоне” пакаштаваць нарэшце! Дайце мне цэлага індыка, гуся! Ездзяць па замежжах, па фуршэтах! На якія грошы? А нам non grata! Хіба справядліва? Гульні ў эміграцыю, спектакль! Уладу не любяць, не паважаюць!
— Папрашу без эмоцый. Будзе усім і кофэ, і какава з чаем, пачакайце да банкета. У нас ёсць калектыўныя заяўкі ў нашую арцель пісьменніцкую. Перш літаратурны гурток пры газеце “Слава Богу Вайны”, усе добра ведаюць “Варашылаўскіх стралкоў” палкоўніка Сцечкіна. Дэлегаты атрымалі бясплатна новы раман нашага калегі пра палюбоўніцу амерыканскага прэзідэнта, у ім выкрываюцца язвы заакіянскага ладу жыцця. Нам сёння не хапае часам вайсковага гарту: байцы трымаюцца заўжды да апошняга патрона, пішуць салдацкай мовай — “так точна!”, “ёсць!”, “нікак нет!” — без рэверансаў, без саладжавых “калі ласка!”, “дзякуй!”, без ніякага “спадарства”, а толькі “таварыш” —“таварыш маёр!” — старшыня сходу знянацку ўстаў, рэзка адсунуўшы крэсла, з цвіка зляцела дубальтоўка, бразнуўшыся аб маснічыны, але стрэлу ніхто не пачуў.
Палкоўніка аднадушна прызначылі назіраць за літаратурным працэсам, уручыўшы першы лаўравы вянок “кола неўміручых” новага пісьменніцкага таварыства, да яго сшыхавалася чарга падпісваць раман. Ён служыў на бронецягніках, запрасіў дэлегатаў у творчую паездку ў памежны Горад-цытадэль: пакруцім гарматамі-кулямётамі, паказычам рулямі нервы НАТО! Пісьменнікі акрыялі, кожны выдумляў сабе месца за бранёй — хто ў вежы, хто на назіральным пункце, а нехта ў вагоне-рэстаране, хаця, як высветліцца на месцы, існаваў толькі вагон-салдацкая кухня-сталоўка.
ЯНЫЧАРСКАЯ МУЗЫКА