— Russich — Moskau — Kamerad!6
Маніфестацыю інтэрнацыянальнага сяброўства бесцырымонна спыніў немец у бураватай форме. Выйшаў ён з за распарадчыцкіх дзвярэй і гаркнуў:
— Michael Scharkewitz und Georg Wolkowyki, kom mit!7
— А Сідар?! — крычу ў роспачы.
— Sidar auch!8 — чую.
Разам! Лахі пад пахі — і за „Бурыкам”. На вуліцы дае ён наказ ісці, а сам узлазіць на ровар і круціць за намі.
Ідучы „проста” выйшлі мы на спакойную алейку і трапілі ў іншасвет. Справа, на сонечнай узгорыстасці грувасціўся горад. Насупраць, у даліне — чыгунка, нейкія дзіўныя тэхнічныя канструкцыі, агромністыя пукатыя рэзервуары (газ? нафта?), вычварныя абрысы фабрычных карпусоў, а за імі шырокая рака. Ніжняе наваколле дыхала злавеснасцю. У душы прадчуванне страшнага. Уяўляю паветраны налёт. Жывому з гэтага абсурду не выбрацца. Пастка! Стала не па сабе. Даючы волю ўяве, не заўважыў, як скончылася чарадзейная алейка. І мы на Arndt Strasse.
— Links!9
Скручваем улева, на жалезабетонны віядук, што злучае ўзгорыстасць з ракою. Унізе, з левага боку, жуда фабрычнага канструктывізму, з правага — чыгуначная станцыя. Напруга ўзрастае.
— Halt!10
Спыняемся пасярэдзіне віядука. Уніз вядзе жалезная лесвіца. Над ёю шыльда: Waggonfabrik L. Steinfürt.
Во куды кінуў нас сляпы лёс — у кашмарны эпіцэнтр апакаліпсіса. Спускаемся на дно. „Бурык”, які абярнуўся ў фабрычнага бобіка, здае нас адміністрацыйным казяўкам. Дзейнічаюць спраўна, хоць і не вельмі ведаюць, як ставіцца да нас. Мы тут першыя арбайтары з паўднёвай акругі. Пра зямляцкую лучнасць не намякаюць. Пакуль высветляць становішча, прапануюць нам экскурсію па фабрыцы. Прапанову прымаем з удзячнасцю. Наш экскурсавод — з гакенкройцам на грудзях (член партыі) — добра валодае рускай мовай. Паказвае нам вартыя ўвагі аб’екты, хваліць умовы працы.
— Вам пашанцавала! — пераконвае.
І сапраўды, калі па дарозе ўступілі мы ў фабрычную сталоўку і апаражнілі па ёмістай місцы густога, добра закрашанага гарохавага супу, увайшлі нават у стан эйфарыі.
— Будзем жыць! — прарочыць Міша.
— І сыта! — цешыцца Сідар.
Значканосец пасадзіў нас побач рускамоўнага латыша. Знаёмімся. Токар. Жыве ў горадзе, наймае кватэру. Во як! Але нас перш за ўсё хвалюе зямная цяга — харч.
— І заўсёды так смачна кормяць? — дапытваецца Сідар.
— Гэта ж нямецкая сталоўка! — тлумачыць здзіўлена сусед.
Мы ў захапленні і ад распранальні. Кожнаму асобная шафка, чысценькія ўмывальнікі, элегантная прыбіральня. І цэх, у які нас уключылі, выдаўся ніштаваты. Што я кажу — цудоўны! Не тое, што суседняя кузня — існае пекла: распаленыя да чырвані жалезныя печы, злавесны лязг гільяцінападобных штампавальных станкоў, горы гарачых штамповак, грукат, пыл, жар, смурод. А ліцейная катавальня!
Добры настрой спаў у канцы дня. Дзе будзем жыць? „Бурык” ведае дзе. На лесвіцу! Вядзе ў канец віядука. На беразе Прэголі, пад змрочнымі цаглянымі сценамі шматпавярховага млына, прытуліўся да зямлі смешна малы барак — дамок ліліпутаў ля ступні Гулівера. Гэта хацінка млынароў-палякаў. У ёй „Бурык” і знайшоў для нас свабодны ярусны ложак.
Ускараскаўся я на верхні паверх і праваліўся ў бяздонне.
Апакаліпсіс сноўдае ў скроні. Значыць, ноччу разбамбілі стратэгічны аб’ект. І абрынуўся млын. Засыпала нас! І Міша пада мною, як і кладавіліся спаць. Хто ж тады палажыў у труну?
А голас з долу сваё:
— Уставай!
— А як?
— Не жартуй.
— Мне не да жартаў.
Як чорт з табакеркі выскачыла збоку галава Мішы. Нячысцік! Чуў, у іх няма свайго твару, яны заўсёды пазычаюць іншыя.
— Што табе трэба?