Міратворчы смех. Пацяплела на сэрцы.
У Гайнаўцы разам вучыліся слесарскаму рамяству. Толькі ён ішоў курсам вышэй. Міша са Слабодкі, маленькай вёсачкі над ракою Нарвай. Жыў з іншымі вясковымі хлопцамі на кватэры. Я часта наведваў іхні гурт: вазіў перадачы Пецю Валкавыцкаму, які, у адрозненне ад нас, белавежцаў, ездзіўшых у школу поездам, аддаваў перавагу гайнаўскаму кватараванню. Цікава было заглянуць у самастойнасць старшакурснікаў.
Значыць, зноў прыбіліся. Адмотваецца шпуля застыўшай памяці. За немцаў сустрэў Мішу ў Белавежы на камісаравай паверцы. Дамовіліся трымацца разам. Беглі поплеч на голым парадзе, плячо ў плячо рухаліся па пыльнай дарозе на таварную станцыю, не разлучыў нас канвой і ў чырвоным таварняку.
На гарызонце ўспаміну міргнуў Сярожа Валкавыцкі. Перад пасадкай у вагоны падышоў да мяне, абняў і кажа:
— Запомні: не будзь першым, ні апошнім — першых і апошніх б’юць.
Павучаў бывалы салдат. Запомню. А як трапіў у труну?
— Даганяй учарашні дзень! — гукае Сярожа.
Пачало хістаць у бакі. У крацістым акенцы грудкоўскі тартак. На пагрузачнай рампе знаёмыя разявакі. Асавелымі вачыма ўтаропіліся ў наш транспарт і стаяць як слупы. Прасоўваю праз краты руку: бывайце! Ні варухнуліся.
Затым быў Бельск. Перасыльны катух у цэнтры горада, абнесены з панадворку высокім мурам. На двух’ярусных нарах шляхцюкі з пад Бранска. Сядзяць на пацярушанай саломе ў адной бялізне і кормяць блакітнай крывёю паспалітых блох. Раяць зашморгваць кальсоны. Міша і Сідар лезуць на нары. Яны ў кальсонах. А я ў трусах. Іду на двор і ўсаджваюся пад мурам. Ні то сплю, ні то драмлю. Раніцай з дрыготкага трымцення вырывае застаўлянская Стэфка. Брыкае па дварэ, бы жаробка:
— І-га-га! І-га-га!
За адну ноч чокнулася? Не, Стэфка не мімоза. Узнімае дух сярод апанураных „баўэраў”. На снеданне выдалі каўбасу. З’еўшы сваю порцыю, Стэфка і даказвае з якога фаршу прадукт.
Баўэры! У белавежскім амтскамісарыяце, кіруючыся стадным інстынктам, як і ўсе лесуны, падаліся мы ў „баўэры”: прынамсі з голаду не памрэм. А ў Бельску перадумалі:
— Мы не баўэры! — тыцкаем пад нос транспартфюрэру школьныя пасведчанні: — Мы шлёсэры! — выпраўляем „памылку” і далучаемся да спецыялістаў.
Транспарт з бельскага крэйсу ідзе на Беласток. На беластоцкім вакзале доўга стаім на запасных пуцях. З вагонаў не выпускаюць. Праз вентыляцыйныя акенцы амаль не відаць горада. Узбоч вагонаў сноўдаюцца чыгуначнікі і выпытваюць: адкуль ды куды? А мы не ведаем „куды”.
Урэшце рушылі. На поўнач. Нудны краявід: палі і саламяныя стрэхі. Людзей не відаць. Вымерлі?
За Багушамі Усходняя Прусія. Думаю ўчарашнім днём. Дык ад двух год яна значна пашырылася, глытанула Bezirk Bialystok1. Выходзіць, мы — хай і паняволі — даўно прусы.
А падбранскія шляхцюкі спяваюць Nie rzucim ziemi. Ім добра, маючы такую песню. Мы, белавежскія кметы, нават песні сваёй не маем.
За акном зваблівая карціна. Сярод буйнай зелені белыя домікі, крытыя чырвонай чарапіцай. Бы малюнак з турыстычнай рэкламы. Узіраюся ў прускую казку, а яе засланяюць выціснутыя Канапніцкай слёзы.
— Назад! Пад саламяныя стрэхі! — кліча пустэча незваротнай дарогі.
Таварняк грукае наперад.
У Элку „баўэраў” накіравалі на Голдап. У Коршах вагон дзяўчат піхнулі на Мэмэль. Нас, спецыялістаў, вязуць у Кенігсберг. Раніцай уехалі ў горад.
— Schnell! Schnell!2 — фюрэр рэшткавага транспарту выгружае нас на таварным прыстанішчы Галоўнага вакзала. Пералічвае — і трухтам вядзе ў арбайтсамт. Недаспаны, як і мы, спяшаецца дахаты. Яго сцябае адзін клопат: як найхутчэй здаць кантынгент і праваліцца ў сон.
Біржа працы недалёка, на другім беразе Прэголі. У прасторнай чакальні наведвальнікаў не густа. Павадыр знікае за высокімі дзвярыма. Наш лёс у руках распарадчыкаў біржы. Ці будзе ён нам ласкавы? Куды трапім? Нам усё роўна куды — толькі б разам.
Падыходзіць да нас франтаваты незнаёмец:
— Polone?3
— Weissrusse.4
— O, Moskau! Gut!5
Парукаліся, вызначылі сваю арыентацыю. Масквафіл — француз. Маляр. Вывернуў перад намі ўсю сваю душу. Як толькі вернецца дамоў, то перш за ўсё павесіць Лаваля, затым — Пэтэна. Міша па-сяброўску ляпае яго па плячы:
— Gut!
Француз цешыцца, знайшоў аднадумцаў, скандуе: