Больш я не страшыў Пацука адплатай. Балазе, у ягоных чалавечых пачатках адкрыў абнадзейлівую слабінку. Рудзі — заядлы курэц, а картак на тытунь не хапае. А ў мяне бацькаў самасад чакае карыснага рэйтынгу. Што, калі падсілкую ім Пацука? І я, у чарговы прыступ Пацуковай амнезіі, сыпнуў яму пад вочы дробку прагнага ласунку. Пацук набіў самасадам трубку і, зацягнуўшыся белавежскім дымком, ухваліў:
— Gut Tabak!36
А я ўспрымаю:
— Scheisse Arbeit! Гуляй!
У час „шайсавых” прагулак — і пераліў я сваю нянавісць з Пацука на карычневых тхароў. Буравата-жоўтую форму насіла фабрычная стража. На гэту погань не было сродка. Найлепшы — зашыцца ў непралазную нару. І мы з Міхасём Харкевічам знайшлі, як нам здавалася, такое месца — на даху фабрыкі. Прабіраліся ў схованку праз цёмную вертыкальную бездань, па нейкіх дзівосных выступах, уладкоўваліся пад комінам і давалі храпака. Ды карычневыя тхары і там нас вынюхалі. Шчасце, наша чуццё падказвала трымацца коміна: калі па сонных целах загулялі паліцэйскія палкі, мы не паспадалі з даху і праз апраметную вертыкаль цэлымі эвакуіраваліся ўніз.
Прыдатным сховішчам з’яўлялася аўсляндэрская прыбіральня, ды ў ёй занадта „пахла” — тут вытрымлівалі самыя вынослівыя. Іншая справа — нямецкі Klosett37: беленькія адзіночкі з унутранымі зашчапкамі, чысціня, камфорт! Аднойчы Міхась, куды спрытнейшы за мяне, апанаваў мару, пранік у запаветную кабіну, зашчапіўся, асядлаў ракавіну... і заснуў. Прачнуўся сярод ночы і не адважыўся выйсці. Так і кляваў у пастцы да дзённай змены.
Вясной сорак чацвёртага спынілася ўсялякая сувязь з домам, набліжаўся фронт. Пацук, не атрымаўшы належнай нікацінавай дозы, пачаў раздражняцца. Урэшце сталі мы аднадумцамі.
Склаўшаеся становішча ацэньваў ён з пазіцыі наплявізму:
— Alles Scheisse!38
Пад занавес нашу брыгаду ўзмоцніў яшчэ адзін немец, Фішэр, былы тэльманавец. Але ён, адбыўшы належнае (10 год), замкнуўся ў самотніцкай крэпасці: ніякіх меркаванняў ад яго не чакай.
Капітуляцыя Італіі выкінула на балтыйскае ўзбярэжжа хвалю макароннікаў. Новае! У працягу адной ночы таварышы па зброі пераўвасобіліся ў ваеннапалонных. Мога іх у нас. У дзіўных капелюшах, насцярожаныя, звышруплівыя. Асаджваем іх:
— Piano, piano, Italiano!39
Наступная хваля хлынула з другога боку: фабрыку запрудзілі рыжскія яўрэі. Жудасная карціна. У паласатым адзенні, адны косці і скура, нечалавекападобныя. Пад стражай вермахта, але б’юць свае, паласатыя — драўлянымі паліцамі, б’юць па чым папала, асабліва, як прывязуць каністры з баландою.
А ў задымленай і смуроднай аўсляндэрскай прыбіральні эстрадны канцэрт. Выступае жывы шкілет, іграе на губным гармоніку „Мястэчка Бэлз”. Гэту песню пра любоў да роднай хаты не раз чуў я перад вайною па радыё ў выкананні варшаўскіх віртуозаў. Але ніхто яе не выконваў у такім натхненні. Відаць, і наш музыка быў выдатным майстрам. Уклаў у песню ўвесь свой талент, усю сваю душу. Развітваўся з роднымі мясцінамі назаўсёды, і перадаваў нам свой боль і жаль.
Сёння ўва мне кранальнае „Мястэчка Бэлз” невядомага рыжскага яўрэя злілося з незабыўнай Робсанавай „Місісіпі”.
частка XI.
26 студзеня 1945. Эвакуіравалі савецкіх ваеннапалонных. Апусцела фабрыка. Ніхто не працуе. Немцы, як аглушаныя, сноўдаюцца з кутка ў куток. У кожную хвіліну ў горад могуць увайсці рускія.
27 студзеня. Майстар прыйшоў у цэх з ранцам, да якога падвесіў запасныя чаравікі. Немцы ў чаканні. Як толькі завыюць сірэны, пакінуць горад. А ты, Жорж, чаго тырчыш тут? Вышмыгнуў на вуліцу. На Lawsker Allee танкі, самаходы, фуры, гарматы, зняможаныя ваякі — пагубілі аўтаматы, шынялі, шапкі. Забінтаваны прадукт чалавечага шаленства плыве на Пілау.
28 студзеня. Нядзеля. Загад лагерфюрэра: падрыхтавацца да экавуацыі. Гэтага нам толькі не хапала. Але дзень мінуў без неспадзянак. А пад вечар з горада прыйшлі дзяўчаты. І Андрэ тут як тут. І Rosamunde.
Ад сумнавядомай „дыверсіі” жыву ў гродзенцаў. Залез на свой верхні ложак і ўмольна ўзіраюся ў насценны алтар: над ложкам прышпіліў паштоўкі з белавежскімі краявідамі. Выключыўся з рэальнага вымярэння, углядаюся ў далёкі свет, душою лунаю над недасяжным.
На ўласцівы віток вяртае Мішэль, трасе за нагу і дае знаць: „Злазь!” Выйшлі з барака.
— Знайшоў добрую схованку, — кажа. — Нямецкі бункер на Dürer Strasse. Парожні. Можна ў ім праседзець да прыходу рускіх. Доўга чакаць не давядзецца.
Дык мяне ў гэтым пераконваць не трэба. Ідэя пад мае думкі. Пасля поўначы бярэм з сабою свае рэчы — і да схованкі. Бункер якасны: святло, дзве электрычныя печкі, лаўкі. І кампанія адборная: Яся, Ганорка, доктар Філіповіч, Сабалеўскі, Матыяшак. Двое апошніх — палякі з Францыі. Матыяшак, стары ваяка, пераконвае:
— Раніцай тут будуць рускія.
І выходзіць:
— Буду трымаць нос па ветры.
А мы дрэмлем на лаўках. Праляцела ноч, прамінула раніца, а рускіх няма. Мішэль пайшоў у разведку. Адвячоркам вярнуўся з Іркай і Чэсяй.
На другі дзень над горадам павіслі савецкія самалёты, кантралююць кожны рух на зямлі. Дык не вылазім з бункера.
31 студзеня. Голад выганяе з бетоннай пасткі. Выходжу наверх. У галаве мутна, зямля пад нагамі калышацца. А ў лагеры:
— Твая чарга ісці па абед.