— Вельмі.
— Ой, не глядзі так.
— Калі інакш не магу.
— Мішэль наказаў?
— Не, па сваёй волі.
— Ой...
Добра, што не паспеў вывучыць ролі. Смарагдавы цуд падказваў мне словы, міміку і дзеянне. І калі пачуў бацькоўскае „дабро” і прыціснуў да сябе партнёрку, здалося мне, што здаў жыццёвы экзамен. І быў шчаслівы. Бурныя воплескі, вядома, запісаў на свой рахунак. А ці пацалаваў Ясю? Наўрад.
Акрамя камедыі, былі скетчы, песні і танец. Тут вылучылася Лёля і рускі інжынер (не з фабрыкі). Яна — акрабатычным шпагатам, ён — эксцэнтрычнай чачоткай. Абое мастакоўскім чуццём выведалі наша мерапрыемства, з’явіліся ў разгар падзеі, і мы выпусцілі іх на сцэну без рэпетыцыі. І не памыліліся.
Падахвочаны поспехам, Мішэль пачаў пісаць п’есу з лагернага жыцця. А я наклікаў на сябе бяду. Плаваў у аблоках, уявіў сябе адораным артыстам, і калі з Панямоння прывезлі новы кантынгент, вырашыў выпрабаваць на ім свой талент. І страціў пачуццё рэальнасці. Выстраіўся пад лагерфюрэра. Меў хромавыя боты, галіфэ, чорную куртку, лыжную казырчастую шапку. Чаго яшчэ трэба? Чырвоны шматок на рукаў. Гакенкройц нарысаваў вуглём. Пераапрануўся:
— Ну, як?
— Першы сорт! — кажа „Сват”, які згадзіўся згуляць ролю перакладчыка.
— Дзейнічаем зыходзячы з сітуацыі.
Дарэчы, наш лагерфюрэр ніколі ў падобным адзенні не хадзіў. Але адкуль новым ведаць, як апранаецца наш лагерфюрэр. Яны яго, пэўна, вось такім і ўяўляюць. Пайшлі ў крайнюю штубу, да дзяўчат. А там поўна кавалераў.
— Was ist los!? — стаўлю з парога законнае пытанне. — Warum hier ist viel Mann?
— Пан лагерфюрэр пытае, што тут дзеецца? — перакладае Янэк Шуміцкі. — Чаму тут толькі мужчын?
Хлопцы скусціліся пасярод штубы, дзяўчаты сарамліва стаяць між ложкамі. Усе з пытальным позіркам у пашыраных вачах.
— Verboten! — я.
— Забаронена! — Янэк. — Нельга! Няможна!
Усчаўся гармідар:
— А што нам можна?
— Усё, што не забаронена.
— Мы цёмныя людзі.
— Асвецім дубінкамі.
Махаюць рукамі на вокны:
— Паненка далёка! — пераконваюць. Сюды зайшлі на хвілінку. Каб залагодзіць небяспечнага прышэльца, працягваюць шклянку мутнай мармытухі.
Сідар, як з пад зямлі: „Толькі не выбухні рогатам, сківіцы вывіхнуць гэтыя асілкі!”
А яны здзіўлены: лагерфюрэр — і не пітушчы. Выкручваюцца, бы ўюны, просяць памілавання, каюцца:
— Больш ніколі, ніколі...
Дапусціць да цалавання рук?
— Gut! — вялікадушна дарую правіну. Нават хлопцаў не выганяю з дзявочай штубы. Пан лагерфюрэр добры.