Калі ты з’явіўся на свет, сонца яшчэ не паспела ім перадаць свой залаты колер, але яны, убіраючы нябесную і зямную вільгаць і сонечнае цяпло, набывалі малочную спеласць і зелянелі, як... мае вочы. А побач красавалі васількі. Не яркія, светла-блакітныя, халаднаватыя. Жывыя. Як бацькавы вочы.
Ніхто мне так і не паказаў, дзе ягоная магіла. Спачатку мне сказалі, што твой тата выконвае нейкае таемнае даручэнне і яго нельга трывожыць. Калі ты нарадзіўся, я папрасіла Відушчую паклікаць твайго тату, а яна строга папярэдзіла:
— Забудзься на яго. Ён парушыў табу. Пакуль ты была цяжарная, мы не хацелі цябе трывожыць. А цяпер ведай: ён вылепіў Роду з тваім тварам і тваімі вачыма. І яго ніколі больш не будзе ў нашым племені.
Ні слёзы мае, ні просьбы паказаць хаця б, дзе яго магіла, нічога не далі.
— Ён пайшоў да сонца, — сказала Відушчая.
З таго часу нашае племя жыве без мастака. У нас змяніліся тры Галоўных, Відушчая з моцнай жанчыны ператварылася ў нямоглую старую. Аслепла. У нашага племені цяпер сляпая Відушчая. А мастака так і няма. Відушчая ўпэўнена, што ты хутка зможаш стаць нашым мастаком. Толькі для гэтага табе трэба навучыцца выразаць аленяў, ад якіх не будуць адварочвацца стрэлы, якіх не будуць шкадаваць, якіх з лёгкім сэрцам заб’юць паляўнічыя падчас рытуальнага танца, каб потым паўтарыць усё на паляванні. Толькі ж хіба можна забіваць з лёгкім сэрцам?
— Ма!
Я злякнулася. Я забылася, што перабіраючы зёлкі, гавару, шапчуся сама з сабою...
— Ай, ты клікаў мяне?
— Хадзі сюды, нешта пакажу!
Пакінуўшы зёлкі, я пайшла бліжэй да ракі.
Пясок яшчэ вільготны, пругкі, несыпучы, зацалаваны сонцам, ужо пацяплеў. Але на ім заставаліся сляды. І на гэтым светлым, амаль белым пяску аднымі лініямі, тонкімі, лёгкімі, як птушыныя пёркі лініямі быў выпісаны жаночы твар, так, як калі на жанчыну глядзець збоку. Высокі лоб, глыбока пасаджаныя вялікія вочы. Прамы, з ледзь заўважнаю горбінкай нос, тонкія вусны, мяккі падбародак. Даўгая лебядзіная шыя. Партрэт быў яшчэ няскончаны, яшчэ імклівымі лёгкімі хвалямі клаліся, набягаючы, даўгія, зблытаныя мае валасы. Але не пазнаць было немагчыма. Занадта доўга разглядала я сябе сёння ў вадзе, калі купалася. І вось так, бокам, таксама станавілася. Так меней зморшчынак, чысцейшая ліінія. Так прыгажэй.
З хваляваннем, не, маё хваляванне адразу сталася трывогай, жахам, з трывогай і жахам я зноў падыйшла да ракі, зайшла ў ваду. Нахінулася, прыгледзелася і... патанула ў сваім адбітку, у імклівай плыні часу.
... — Група крыві! Якая ў яе група крыві?! — даляцела да мяне аднекуль зверху.
І я чыста інстынктыўна адразу адрэагавала, азвалася:
— Першая! Чуеце, першая! — закрычала, як мне падалося, закрычала я на ўсю моц, так, што рэха аглушыла мяне. Але наяве мяне не пачулі. Бо, як потым казалі дактары, гэта быў нават не шэпт, а ўздых. Давялося сабраць усе свае сілы, вынырнуць, пераадольваючы зямное прыцягненне, узляцець, выбрацца з бяздоннага калодзежу часу.
— Першая!
Толькі цяпер яны, здаецца, мяне пачулі. Яны, гэтыя людзі ў белых халатах урэшце рэшт пачулі мой голас, мой крык, які наяве стаўся шэптам.
На твары маім ужо не было маскі з наркозам. І я, аблізнуўшы засмяглыя вусны, спыталася:
— А чаму ён не крычыць?
І акушорка з усяе сілы ляпнула малога па кволенькаму заду.
— Ай! — азваўся мой сын, мой першынец, — Ай! Ай!
Мы ж з ім так і не паспелі сцерці, затаптаць малюнак.
Там, у глыбіні, па той бок калодзежу часу, ля ракі, на вільготным, нагрэтым сонцам пяску засталіся нашыя з сынам сляды, застаўся мой профіль. І сонечны знак. Я паспела намаляваць яго дзеля перасцярогі. Ці можа гэта зрабіў мой сын... Кружок з кропачкай. Пуп сусвету. Зярнятка. Дзіцятка ў космасе майго цела.
Тры каханні Неферціці
— Вы, праўда, плылі на тым самым “Тытыніку”?
Маё пытанне-прыдыханне накалолася на востры скептычны позірк. Вочы пані Магды дыхнулі сцюдзёнай прахалодай. Цяпер між намі нават не лёд, які можна растапіць, а шкло.
— А што Вас так дзівіць? — паціснула яна плячыма, — Там шмат было малых дзяцей. І потым... у мяне застаўся дзённік маёй маці. Калі хочаце, я дам Вам яго пачытаць. Толькі пры адной умове. Вы не дазволіце сабе нават падумаць, што мая маці вар’ятка. Я вам давяраю. І потым, мне хацелася б камусьці перадаць яе таямніцу. А ў мяне наўрад ці калі яшчэ будзе пакаёўка з журналісцкай адукацыяй.
— Адкуль вы ведаеце пра маю адукацыю?! — здзівілася я, — Я ж ва ўсіх паперах праходзіла, як настаўніца...
— Няўжо Вы думаеце, што такая заможная дама, як я, магла пусціць да сябе ў дом чалавека, пра якога не ведала б усё да драбніц? У нас безліч сумленных агентаў. Але не зважаючы на гэты маленькі падман, я палічыла магчымым даверыцца Вам. Вы ж , урэшце рэшт не вінаватая, што газета, у якой шмат гадоў працавалі, зачынілася, і Вам давялося пайсці выкладаць у школу. А калі Вы зразумелі, што грошай не хапае, выправіліся ў Польшчу, у заробкі. Усё разумна. Вам не выпадала прызнавацца, што маеце журналісцкі вопыт. З ім Вас наўрад ці хто захацеў бы прымаць у пакаёўкі. А мне Вы патрэбная. Вам я хачу даверыць мамін дзённік... Там...