За парогам замка іх чакала прахалода. Плынь сонечнага святла, праходзячы праз затканыя рознакаляровымі вітражамі спічастыя вокны, пераўтваралася ў дзівоснае вясёлкавае ззянне, дываном клалася пад ногі. А далей быў яшчэ адзін выхад. З узвышша, на якім стаяў замак, адкрываўся дзівосны, незямны краявід.
З аднаго боку, сярод лясоў бялелі прыгожыя, дасканалыя. Падобныя на старажытнагрэчаскія храмы збудаванні з калонамі, з другога — узвышаліся вострыя, як іклы, вежы...
— Дзе ты спачатку хочаш пажыць, — не выпускаючы рукі дзядзькі Язэпа, ціха спытаў у яго маленькі чалавечак, — у сваім Артаполісе — горадзе мастацтва, ці ў Трывежы? І там, і там цябе чакаюць. Ты мусіш абжыць свет сваёй Мары. Працы хопіць табе на Вечнасць, на цэлую Вечнасць. Тут, у гэтай прасторы няма часу, дакладней, ніхто яго не адчувае. І ты не будзеш яго адчуваць. А ўсё, што здзейсніш тут, у гэтай прасторы, у гэтым вымярэнні, потым здзейсніцца на тых планетах, якімі ты мроіў у сваіх творах, у сваіх “Нябесных бегах”.
Дзядзька язэп маўчаў, зніякавеўшы ад грандыёзнасці жывой карціны свайго стварэння.
— Не хвалюйся. Я буду дапамагаць табе, — дадаў малы чалавечак.
— А як цябе зваць? — нахіліўся да свайго спадарожінка дзядзька Язэп і ўздыхнуў.
— Эп, заві мяне проста Эп. Так табе будзе прасцей. Я ж тваё стварэнне, — адказаў з усмешкаю, самаю прыемнаю, на якуюбыў здольны, чалавечак і ўважліва паглядзеў на дзядзьку Язэпа. — але я ведаю, пра што ты хочаш у мяне спытаць... Там, далей, за даляглядам ёсць яшчэ твая Беларусь, такая, якою ты яе маляваў. З рэшткамі замкаў, палацаў, храмаў, якія ты можаш адбудаваць, з кнігамі, якія друкуе твой скарына, з вогненнай “Пагоняй”, што ляціць над лугам, затканым рознакаляровымі кветкамі, якія ты столькі разоў маляваў на дыванах.
Цяпер уздыхнуў Эп, памаўчаў, а потым ціха дадаў:
—Ты можаш ісці туды. Але там у цябе будзе няшмат памочнікаў. І я... Я не пайду з табою. Ты ўсё мусіш рабіць там сам.
Дзядзька язэп адпусціў Эпаву руку, паправіў сівую чупрыну, прыгладзіў бараду. Ён ажывіўся. Ягоныя вочы засвяціліся. І нават усмешка з’явілася, заіграла ў ягоных сівых вусах:
— Калі я правільна цябе зразумеў, наяве, там на Зямлі, Беларусь стане такой, якою я зраблю яе тут?
— Так, але гэта адбудзецца пры адной умове. Калі цябе, твае творы будуць памятаць на тваёй радзіме, на тваёй Бацькаўшчыне, да той пары, пакуль ты будзеш аднаўляць тут сваю Беларусь.
— Што ж, на жывой Беларусі ў многіх вёсках засталіся мае маляваныя дываны з чароўнымі замкамі, за якія мне давалі паесці, недзе там блукаюць і мае карціны, тыя, што ажылі тут, у краіне Мары. Яшчэ засталіся мае дзённікі, некалькі драўляных скульптур, шмат графічных твораў...
— Дык ты не хочаш абжываць іншыя планеты? Ты кідаеш мяне? — горка ўздыхнуў Эп.
— Спачатку я мушу ўпарадкаваць сваю Беларусь, адбудаваць яе замкі, палацы і храмы, навучыць сваіх землякоў не толькі гаварыць, але і мысліць на мове нашай зямлі, сугучна з шэптам яе лясоў, траваў і кветак. А потым вярнуся сюды, да цябе. У мяне ж наперадзе Вечнасць. — супакоіў Эпа дзядзька Язэп і пагладзіў таго па зморшчанай ручцы-лапцы.
— Ты. Праўда, потым вернешся сюды? Ты хочаш абжыць і маю планету? — павесялеў Эп.
— Я змушаны буду вярнуцца. Гэта ж таксама мой свет. Свет маёй Мары. Але спачатку я ўпарадкую сваю Беларусь.
— Добра. Тады я дапамагу табе. Я зраблю так,каб усе, хто жыве на Беларусі. Заўжды памяталі пра цябе, заўжды бачылі цябе... За тое, што ты першым пачаў абжываць Космас, ты штоноч будзеш з’яўляцца на небе, такім, якім ты сам намаляваў сябе ў зорным небе...
* * *
... У чаканні зорападу мы ўглядаліся ў глыбіню аксамітнага жнівеньскага неба. Зорка міргнула і, чыркнуўшы, як запалка, блакітным агнём, імкліва скацілася за далягляд. Млечны шлях стаўся сівабародым старым.
— Глядзіце, глядзіце, на небе наш Драздовіч! Памятаеце, ён, прадчуваючы жахі другой сусветнай вайны, намаляваў сябе на фоне космасу. З крохкаю блакітна-зялёнаю нашай планетай у руцэ. Ляціць сярод зорак, планет, у бясконцасць і растае ў аксамітнай бездані...
— Бачу. Бачу...
— Памятаеце, я вам расказвала пра рускага паэта Максіміліяна Валошына, які лепшыя свае творы напісаў у Кактэбелі, там, дзе чорныя скалы Кара- Дага ўтвараюць ягоны, менавіта ягоны непаўторны профіль. Ён назаўжды застаўся ля мора. А наш Язэп Драздовіч у небе, у ім самім абжытым космасе. Я ведала, што калі-небудзь мы знойдзем яго сярод зорак, мы ўбачым яго... І вось мы ўбачылі...
Фантастычны эцюд з будучыні
У кожнай жанчыны мусіць быць таямніца. Вось я, напрыклад, люблю глядзець на зоркі, жнівеньскія ці вераснёўскія, зыркія, ясныя, як крынічнай вадой, прамытыя сцюдзёным, ужо начным паветрам. Я выязджаю куды за горад, закідваю галаву і ... зоркі літаральна накотваюцца на мяне, колкія, імглістыя, вабныя. А я міжволі шукаю Вялікую мядзведзіцу. З яе лягчэй за ўсё пачынаць падарожжа па сузор’ях. І гэтым разам я ўгледзела яе, прыпала паглядам, душою і спынілася, тут, у мяккай аксамітнай зорнай калысцы, спынілася, бо, мне падалося, хтосьці закалыхвае мяне, спавівае таманамі, так, што голаў вядзе... І аднекуль з вышыні, з аксамітнае глыбіні Сусвету гучыць з маленства знаёмая бубуліна, маміна калыханка...
І я разумею, што, я ўжо не на зямлі, ляжу, спавітая, захутаная туманамі і люляюся ў калысцы, нябесным карцы Вялікай Мядзведзіцы. І ведаю, як я туды трапіла — мае бацькі паслалі мяне туды на канікулы. За тое, што сёлета я навучылася іграць н араялі любімы прабабулін “Вальс”Шапэна, яны прапанавалі мне самой выбраць летняе падарожжа. Я магла здзейсніць новамодную вандроўку ў часе, злётаць да маёй прабабулі і сыграць ёй Шапэна. А мне захацелася ў зорнае неба, у калыску Вялікай Мядзведзіцы. І вось я люляюся ў ёй, дзіўлюся на зоркі і засынаю пда бабуліну. Маміну калыханку...
Але я адчуваю, чую, што ўва мне пачынае пульсаваць, гучаць, ува мне гучыць іншая музыка... І дзеля яе, гэтай музыкі, рамантычнай. Узнёслай, з туману выплывае, матэрыялізуецца белы раяль. І я праз сон, у сне іграю. Спачатку гэтую рамантычную, узнёслую музыку старажытнага кампазітара Шапэна. А потым нешта сваё.
Мае рукі, кожаня па-свойму, голасна спавядаюцца Сусвету, гукі то сыходзяцца, то пераўтвараюцца ў рэха, трывожнае рэха Вечнасці. Я разумею, што гэта мае варыяцыі, мае паліфоніі на тэмы адной з фугаў Баха. Гармонія, бясконцыя сугуччы шматгалосся. Тут, на Вялікай Мядзведзіцы, мой белы раяль гучаў як арган. І з гэтых магутных гукаў раптам проста перада мною складаецца велічны вобраз Зеўса, такога, якім яго калісьці ўбачыў старажытнагрэчаскі скульптар Фідый, той самы, якога называлі “творцам багоў”. У V стагоддзі фанатыкі з хрысціянскага духавенства загадалі знішчыць Зеўса, як язычніцкую святыню. Засталіся толькі ўспаміны, апісанні, замалёўкі. Але мне пашчасціла жыць у той час, калі разам з музыкай па маім жаданні я магу аднавіць амаль рэальны галаграфічны вобраз таго, нават у межах Сусвету каласальнага трынаццацімятровага Фідыева Зеўса, якога ён зрабіў для храма ў алімпіі.
Зеўс сядзіць н атроне з кедравага дрэва, магутны, велічны, строгі, непадступны. Ягоны задумлівы позірк, сапраўды, як пісаў хтосьці, скіраваны ў Вечнасць. У ягоных руках знакі ўлады, у левай — скіпетр, на якім сядзіць арол, у правай — багіня перамогі Ніка. Золатам адліваюць ягоныя валасы, барада, сандалі. На галаве — залаты ж вянок з аліўкавых галінак, такім дасюль вянчаюць пераможцаў Алімпійскіх гульняў. На ягоным плашчы — выявы кветак і звяроў. А сабранае з пласцінак слвновай косці ягонае цела глядзіцца зусім як натуральнае. Мускулы іграюць і пульсуе кроў. Гарачая, неўтаймоўная алімпійская кроў. Здаецца, ніводная жанчына не рашыцца дакрануцца да яго, прылашчыць, пацалаваць. Маланкі вылётаюць з ягоных цёмных вачэй. Але ж, грэкі ведалі, а цяпер пра тое вядома ўсяму свету, не зважаючы на шалёную рэўнасць сваёй жонкі Геры, Зеўс ніколі не мінаў прыгожых дзяўчат. І сёння, я здагадваюся, чаму так напружана пульсуе ў яго кроў, чаму ўглядаецца ён у мой бок, у бок Вялікай Мядзведзіцы. У душу ягоную, а калі праўда, што мужчыны любяць вачыма, то ў вочы, запала адна са служанак багіні Афрадыты — Калліста. І ён прагне авалодаць ёю, узяць сабе ў жонкі. І баіцца не столькі Геры. Колькі Афрадыты. Тая звыклася быць непераможнаю ў прыгажосці. А ён упадабаў не яе. А еёную служанку. Нонсэнс. Абраза, якую багіня кахання і прыгажосці не сцерпіць. Ператворыць яшчэ Каллісту ў якую пачвару і бывай каханне, бывай жаданне, бывай насалода! Таму трэба яе апярэдзіць, і ён, Зеўс, апярэдзіў Афрадыту, ператварыў Каллісту ў Вялікую Мядзведзіцу і забраў да сябе на неба. У ейнай калысцы я і люляюся зараз, іграю на белым раялі нешта падобнае на фугі Баха. А каб каханай не было адзінока, Зеўс утварыў яшчэ адно сузор’е — любімы сабачка Калліста стаўся Малою Мядзведзіцай.
Акорд, узыходжанне ў глыбіню. Аксамітны ўздых. Паўза. Цішыня. Кажуць, што ў сапраўдных музыкантаў паўза гучыць больш шматзначна, чым сама мелодыя. Бо гэта тое самае імгненне, калі не кампазітар, а кожны з нас выплёсквае свае пачуцці. Душа адкрываецца свету і спявае, шэпча нешта зусім патаемнае...