— Нашто мне хлусіць. Мо яны яе выкінулі.
— Хм!
— Інакш як патлумачыць тое. Хаця Кін-дза-дза ўсё раскажа, — сумна ўсміхаюся я.
— Не раскажа, загінуў ён. Пад цягнік трапіў.
— Як? Калі? Нашто ён табе схлусіў? Нічога не разумею.
— Напэўна, твая флейта — гэта толькі прынада, на якую я павінен быў клюнуць. Вось я і клюнуў. І ўвогуле, каб не гэты Лёшка, я быў бы шмат ад чаго ўратаваны. А так…
— Забудзь! — суцяшаю яго я. — Усё кепскае ўжо мінула.
— Магчыма, — няпэўна паціскае плячыма Эдзька.
Павісае працяглая паўза. «Безумоўна, жыццё наша сплецена з супрацьлегласцяў, — думаю я, услухоўваючыся ў жахлівую цішыню. — Але я імі сыты па горла ўжо. Мне надакучылі ўсе гэтыя неспадзяванкі. Я хачу жыць нармальна! Чуеце?!»
Ужо зусім сцямнела. Вуліца патанае ў цемрадзі. І мне хочацца як найхутчэй выбрацца адсюль і ўліцца ў агульнае хваляванне натоўпу.
— Дзе будзем начаваць? — прарываецца ў мае думкі Эдзька.
— У Люські, — не задумваючыся адказваю я. — У яе пакойчык у інтэрнаце. Ноч перакантуемся, а далей будзе бачна.
— Тады хадзем.
— А Фёца? — гляджу я на яго неўразумела.
— Знойдзем мы твайго Фёцу. Абяцаю! — буркае незадаволена Эдзька і накіроўваецца ў горад. — Я гэтага Лёшку яшчэ дастану!
Спяшаюся следам.
— Дзе жыве твая Люська? — паварочвае галаву Эдзька.
Тлумачу яму.
Моўчкі прадзіраемся праз цемру. Вуліца бязлюдная. Недзе наперадзе неонавымі распяццямі палае галоўны праспект горада. Заўважаю, як ад яго аддзяляецца легкавушка і рухаецца нам насустрач на вялікай хуткасці. Спыняецца ў некалькіх кроках ад нас і асляпляе фарамі. Цела дранцвее ад жахлівай здагадкі: «Гэта ж Аляксей Міхайлавіч! Ва ўсякім выпадку, гэта яго машына!»
— Нагаварыліся? — даносіцца да мяне праз адчыненую фортку яго голас.— Забірайце свайго сябра.
Аляксей Міхайлавіч вылазіць з машыны і адчыняе багажнік. Яму на дапамогу кідаецца яго калега. Гэта Манах. Я пазнаю яго здалёк. Яны вымаюць нечае безжыццёвае цела з багажніка і цягнуць да тратуарнай дарожкі. Я кідаюся ім насустрач. Гэта Фёца. Твар у яго разбіты, у кровападцёках.
— Што вы зрабілі з ім? — лямантую я як ашалелы. Святло асляпляе, і я марна спрабую затуляць вочы рукамі. — Выключыце гэтыя чортавыя ліхтары! Выключыце, прашу вас!..
Схіляюся над скрываўленым Фёцаю і дакранаюся далонню да яго твара. Ад сябра цягне перагарам. Назіраю, як яго рот расплываецца ў нахабнай вар’яцкай усмешцы, і мяне працінае жахлівая здагадка: «Ён жа п’яны! А кровападцёкі на твары — усяго толькі бяскрыўдны макіяж».
— Га-а-ды! — лямантую я, не адчуваючы моцы свайго голасу. — Як вы мне ўсе надакучылі!
Падымаюся і чую побач істэрычны смяшок Аляксея Міхайлавіча. Злосна зыркаю на яго і пераводжу позірк на брата. У руках яго нож.
— Эдзька, не трэба! Стой! Стой! — крычу яму я, каб спыніць. І ў гэты момант чую глухі стрэл.
Машына з віскам зрываецца з месца, і я бездапаможна гляджу ёй услед.
18
— Стоп! Стоп! Стоп!— крычу я ад безвыходнасці і азіраюся. Вакол ні душы. І тым, хто зараз мог бы дапамагчы мне, не да нас. Яны занятыя сабою, і ніхто не можа ўжо спыніць гэтай крывавай істэрыі, гэтай вялікай несправядлівасці.
— Гэта розыгрыш! — лямантую я. — Погань! Ты спланаваў гэтае зло!