— Ну як, дапамаглі мы вам? — здзекліва сустракае яго чарнавокая.
— Вядома, — весела ён адказвае і вяртае хлопцу сотавік. — Віцёк, Аляксей Міхайлавіч чакае нас на вакзале.
— Чаму на вакзале? — здзіўляюся я.
Фёца загадкава ўсміхаецца і накіроўваецца да падземнага пераходу. Як здагадваюся, за кепкаю. Плятуся за ім. Напаўдарозе азіраюся, дзяўчына какетліва жмурыцца, яе вочы не адпускаюць мяне, але мне не да яе. У мяне ўпершыню паяўляецца рэальная магчымасць атрымаць працу. І не важна, што Фёца пра тое не намякнуў нават, я здагадваюся пра гэта па выразу яго твару.
— Сабака! — лаецца Фёца, адкопваючы са смецця кепку. — Дзіўны ён нейкі.
— Хто? — здзіўлена гляджу на яго я.
— Гэты Аляксей Міхайлавіч, — адказвае ён. — Чаго-чаго, а абяцаць яны ўсе мастакі. Паглядзім, чым усё абернецца.
— Можа, не пойдзем? — сумняваюся я.
— Як гэта — не пойдзем? Пойдзем.
Хутка міне гадзіна, як мы здзіўляем сваім знешнім выглядам пасажыраў, бавім час у чаканні Аляксея Міхайлавіча. А яго ўсё няма. І гэтая яго неабавязковасць пачынае раздражняць мяне.
— Можа ты нешта пераблытаў, можа ён у іншым месцы чакае нас?
— Яшчэ чаго, — злуецца Фёца і мітусліва зіркае па баках. — Сказаў, чакайце ля касаў, і апісаў сябе.
— Значыць, надуў...
— Фіг яго ведае, можа і надуў, — згаджаецца Фёца.
Чалавек, якога мы чакаем, знаходзіць нас сам. Яго нельга ні з кім пераблытаць. У такіх, як сцвярджае Фёца, усё напісана на твары. Мужчына нашмат старэйшы за нас. Яго вочы схаваныя пад чорнымі акулярамі. Апрануты без густу. Гэта толькі ўзмацняе мой недавер да яго асобы.
— Калі я правільна разумею, вы чакаеце мяне? — пачынае ён, не павітаўшыся. Здымае акуляры і пэўны час яго дапытлівы, пранізлівы позірк трымае нас у напрузе. Потым мужчына скіроўвае позірк у скверык і ківае галавою на незанятую лаўку: — Час мой абмежаваны, таму не стану спыняцца на дробязях. Некалькі слоў для знаёмства: па адукацыі я псіхааналітык. Мая праца — сацыялагічныя апытанні і маніторынгі.
Мы недаверліва пераглядваемся. Мужчына расшпільвае скураны кейс і дастае адтуль некалькі тыпаграфскіх бланкаў.
— Наколькі я зразумеў вас, вы збіраецеся супрацоўнічаць з намі, так? — цікавіцца ён між іншым, не адрываючыся ад папер. Мы маўчым.
— Час падумаць вам яшчэ выпадзе. Адмовіцца заўсёды паспееце, — усміхаецца ён і працягвае кожнаму па некалькі бланкаў. — Для знаёмства вам трэба адказаць на некалькі нескладаных пытанняў. Але ад вашых адказаў будзе залежыць, падыходзіце вы для працы ці не. Так што чытайце анкеты ўважліва і адказвайце на пытанні шчыра. Калі адказы нас задаволяць, з вамі будзе падпісана дамова. Асаблівую ўвагу звярніце на апошняе пытанне. На ўсё вам адводзіцца, — ён зіркае на кішэнны гадзіннік, — пятнаццаць хвілін…
Мы паглыбляемся ў чытанне. Пытанні дэбільныя, і гэта яшчэ больш насцярожвае мяне. Здзіўляе і тая сур’ёзнасць, з якою мы ставімся да ўсёй гэтай авантуры. Скоса пазіраю на Фёцу і заўважаю, што ў графе: «Вашы жыццёвыя праблемы?» — ён акуратна выводзіць: «Непаразуменне з грамадствам…» Слепа спісваю яго думку. Ад сябе толькі дадаю: «…і з самім сабой...»
Аляксей Міхайлавіч вывучае нашы анкеты. Мы з цікавасцю сочым за яго выразам твару, які мяняецца на працягу чытання, і на нешта спадзяёмся.
— Вось і ўсё... — падміргвае ён мне змоўніцкі. Гэтая тэатральнасць фальшывая. Усмешка псуе мне настрой канчаткова.
— Такое адчуванне, — смялею я да нахабнасці, — што вы ўсё за нас вырашылі самі і даўно.
— Чаму вы так лічыце? — незадаволена зіркае на мяне мужчына.
— Скажыце, каму на руку гэты спектакль? — злосна працягваю я. — Вы нават не палічылі патрэбным сказаць нам, чым мы станем займацца.
— Ваша праца — збор інфармацыі. Але аб гэтым мы пагаворым з вамі заўтра. Гэта першае. І другое. Вы сюды прыйшлі самі, вас ніхто не клікаў. Так што… І яшчэ. Чаму вы рашылі, што мы станем з вамі супрацоўнічаць?.. Калі заўтра я не прыду, вам не пашанцавала…
— А ў колькі гадзін вас чакаць? — спяшаецца Фёца.
— Скажам, а восьмай гадзіне.
Мужчына, не развітаўшыся, крочыць да стаянкі. Мы праводзім яго збянтэжанымі позіркамі. Ён адчыняе дзверцы машыны і вырульвае на вуліцу.
— Лажа!.. — вымаўляем мы, нібыта згаварыўшыся, у адзін голас. Усё гэта мне нагадвае нейкі вар’яцкі сон, а дурнота ў снах, як я гаварыў ужо, даравальная ўсім…