Гэтую SMSку я атрымліваю толькі што і ўспрымаю яе як падарунак лёсу, як альтэрнатыву песімістычнаму настрою, як крок да прымірэння. Тэлефон для нас з Люськай пакуль адзіны рэальны сродак зносін, а таму хуценька націскаю на зялёны гузік з мэтаю пачуць яе голас. Мяне нахабна спыняе аператарка, якая прытарна-ветлівым сапрана папярэджвае, што сродкаў для такой раскошы на маім рахунку не засталося, што падрабязнасці мне змогуць патлумачыць у абаненцкай службе кампаніі. Пасля чаго ў трубцы нешта голасна шчоўкае, і зусім іншы ўжо голас — замагільны і ненатуральны, пачынае вучыць уму-розуму і страшыць, што ў выпадку, калі я не разлічуся ў бліжэйшы час з даўгамі, мой тэлефон адключаць. Слухаць гэтую лухту не выпадае, тым больш што разлічвацца ні з кім я не збіраюся. Павагаўшыся, усё ж спрабую даслаць Люсьцы пісьмовы адказ.
«Мы дарослыя людзі, і нам ніхто не замінае спаць у адным ложку!» — набіраю я на дысплеі тэкст у характэрным для яе стылі і націскаю на гузік «даслаць». Але з гэтай маёй задумы таксама нічога не атрымліваецца. Тэлефон заблакіраваны і за лічаныя хвіліны ператварыўся ў непатрэбную цацку, па якой можна хіба што вызначаць час, ды і то пакуль не села батарэйка. Гляджу на высветлены на дысплеі нумар Люськінага тэлефона і разумею, што гэта пакуль адзіная з ёю лучнасць. Праз хвіліну лямпачка гасне, і яе нумар бясследна знікае. Цяпер і яго давядзецца шукаць у тэлефоннай кніжцы. Хаваю «забаўку» ў кішэню і пачынаю думаць пра Яе.
Калі верыць Люсьцы, я — тая яшчэ штучка! Мне палец у рот не кладзі, адкушу. Магчыма, так яно і ёсць на самай справе, але чуць пра сябе такое ад каханага чалавека, маці маіх будучых дзяцей, не ў кайф. Таму і не дзіва, што я крыўдую. Але гэта, як гаворыцца, мае ўжо праблемы.
— Вікцюша, ведаеш, чаму мы ніколі не станем з табою дарослымі? — выпытвае яна ў мяне. На вуснах блукае ледзь заўважная ліслівая ўсмешка.
— Як гэта? — недаверліва пазіраю я.
— Так гэта, — абразліва крыўляецца яна. — Дарослымі, Вікцюша, могуць стаць толькі дзеці.
Спасцігаю сэнс пачутага і недаўменна паціскаю плячамі.
— Лагічна, — хвілінку маўчу і ў неўпапад вымаўляю: — Якія ўсё ж нікчэмныя людскія жаданні!
— Макака! — абразліва цэдзіць Люська. — Ты нават закахацца не здольны як след.
— Пры чым тут закахацца?
— Пры тым, Цюша, што для цябе закахацца — цэлая праблема.
Гэта чыстая праўда, і мне робіцца няёмка. Не за сябе, а за тое, што Люська агаляе гэтую праўду, выстаўляе яе напаказ.
— Няўжо табе не падказвае сэрца, што ты… — задумваецца яна на хвілінку. Яе доўгія пальцы з кіпцюрамі, нібыта ў кошкі, ваяўніча выгінаюцца. Твар наліваецца чырванню.
— У мяне няма сэрца, — цынічна вымаўляю я. — Замест сэрца ў мяне пажарная помпа. Ха-ха-ха!
— Сумна і банальна.
Ліслівая ўсмешка ператвараецца ў абразлівую. Люська заўжды скажае маё імя, калі хоча пакрыўдзіць. А яшчэ называе мяне макакай.
— У цябе, Люська, ёсць нешта такое, — прызнаюся я ёй шчыра, — што крадзе мяне ў самога сябе.
Люська дэманстратыўна закідвае нагу на нагу і запальвае цыгарэту. Я патанаю ў яе вачах і ўпершыню пачынаю сумнявацца ў дакладнасці паняццяў, што такое прыгажосць. У Люські асіметрычны твар і маленькі рот, але гэта не псуе яе знешнасці, наадварот. Яе пуловер, які шчыльна абцягвае грудзі, яе туфлі на высокай шпільцы, яе самаўпэўненая ўсмешка, яе… (пералічваць перавагі можна бясконца) падкрэсліваюць яе статнасць і элегантнасць.
— Чалавек — асоба маральная, а ты, Цюша… Ты — макака! — падводзіць яна рысу пад нашай размовай.
Адварочваюся, абы толькі не глядзець праўдзе ў вочы. І ўсё ж пасаваць перад ёю не з рукі, не па-мужчынску, таму цынічна выціскаю:
— Не ўсе ж так умеюць прыгожа ўсміхацца. Выходзіла б ты лепей замуж.
— За каго? — насцярожана ўздымае яна вочы. Гачок заглынуты. Цяпер мая чарга здзеквацца:
— А за каго хочаш…
Які я ўсё-такі зануда!
Камячок попелу валіцца ёй на джынсы. Яна не страсае яго. Здаецца, нейкая хвіліна — і з вачэй пырснуць слёзы. Але словы сказаныя, яны застылі ў паветры кропелькамі яе нявыплаканых слёз.
— Ц-цюш-ша, — заікаецца яна, пагардліва аблізваючы губы, — я стамілася ад тваёй дурноты. Паспрабуй, коцік, пажыць без мяне. І не турбуй мяне, калі ласка, сваімі дакучлівымі тэлефоннымі званкамі. Дамовіліся?
Каб не чуць гэтых крыўдных слоў, не трэба ні да каго ўсур’ёз прывязвацца. Цяпер гэта я ведаю дакладна.
Адрываюся ад успамінаў і лезу ў кішэню за здымкам. «Ты тут таму, што я хачу на цябе паглядзець», — нахабна скалюся я. Немата негатыва матэрыялізуецца, і мы некалькі хвілін глядзім адно аднаму ў вочы, потым я рву здымак напалам. «Макака!» — шэпча мне Люська тонкімі сфатаграфаванымі вуснамі. Хвілінку вагаюся, потым хаваю рэшткі ў кішэню. «Відаць, старыя здымкі для таго і прызначаны, каб ім можна было выказаць усе свае крыўды і не пачуць у адказ абразлівых і здзеклівых слоў ад тых, каго мы дасюль усё яшчэ кахаем...» — думаю я і накіроўваюся ў горад.
4
Вуліца, якою ён крочыць, знаёмая яму з дзяцінства. Ён здольны прайсці яе ўсю, ад пачатку да канца, нават з заплюшчанымі вачыма. Гэта на ёй жыве тая, дзеля каго ён прыйшоў сюды. Праўда, належнага задавальнення ад гэтага ён не адчувае. Ім авалодвае шчымлівае разбуральнае хваляванне, якое нават хваляваннем цяжка назваць, якое можна параўнаць хіба толькі са страхам. Напэўна, гэта і ёсць страх — страх застацца ў чарговы раз незразуметым, а значыць, адрынутым той, якую ён усё яшчэ кахае. І пачуццё гэтае мацнейшае за ўсё астатняе. Яно правацыруе яго на неадэкватныя ўчынкі, яно пажырае яго знутры, выкручвае цела, нібыта бялізну, не пакідаючы месца для радасці. Але надзея — рэч наіўная. У яе хочацца верыць нават тады, калі верыць у яе небяспечна. Яна, нібы той наркотык, спачатку спакушае, а потым трымае ў залежнасці. Нягледзячы ні на што, ён усё яшчэ жывы надзеямі.