MoreKnig.org

Читать книгу «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» онлайн.

Сабачая радасць. Агульны для ўсходнесл. м.(руск. собачья радость, укр. собача радість). Самая танная каўбаса, звычайна ліверная. Калі на паліцах будуць толькі кілбаскі «сабачая радасць», усе пойдзем з працягнутай рукой (В. Адамчык. Падарожжа на Буцафале).

Этымалагічна выраз грунтуецца на ўяўленні, што каўбаса самай нізкай якасці з’яўляецца радасцю толькі для сабакі.

Сабе наўме. Калька з лац. м. (sibi in mente). Вельмі скрытны, хітры (пра чалавека). — Старыя розныя бываюць, — цішэй загаварыла маці.—Адзін за ласку гатовы ўсё аддаць, a іншы сабе наўме (Э. Ярашэвіч. Гэта было нядаўна).

Садзіцца не ў свае сані. Гл. не ў свае сані садзіцца (сесці).

Садзіцца (сесці) на мель. Агульны для ўсходнесл. (руск. садиться на мель, укр. сідати на мілину) іпольск. (osiąść na mieliznie) м. Трапляць у вельмі цяжкае становішча. Мы абодва выдатна ведалі, што гэтым рашэннем калгас садзіцца на мель (В. Шырко. Імем барыкад мяцежных).

Утвораны на аснове суадноснага фразеалагізма садзіць (пасадзіць) на мель каго (гл.).

Садзіцца (сесці) на свайго <любімага> канька. Запазыч. з руск. м. Пачынаць размову на ўпадабаную, улюбёную тэму. Сіняк, як заўсёды, сеў на свайго любімага канька. Ён лічыць, што яго абышоў лёс, што толькі ў горадзе маглі б поўнасцю раскрыцца ўсе яго шматлікія таленты (Л. Дайнека. Футбол на замініраваным полі).

У рус. м. выраз склаўся на аснове калькі з франц. м. с’est son dada (літаральна «ёсць яго канёк») ці з англ. it is his hobby horse (літаральна «гэта ёсць яго любімы канёк, хобі»). Узнікненне фразеалагізма садзіцца на свайго любімага канька адбылося ў выніку разгортвання метафарычнага кантэксту нарашчэннем дзеяслоўнага кампанента садзіцца (на каго). Назоўнікавы ж кампанент канёк атрымлівае тут як бы падвойнае значэнне: і прамое, памяншальнае да конь y зыходным значэнні, і фігуральнае — «захапленне, хобі».

Садзіцца (сесці) на хлеб і ваду. Агульны для ўсходнесл. м. Абмяжоўзаць сябе ў самым неабходным, харчавацца толькі простай ежай. Аўтар зноў і зноў ладзіў прэзентацыі кніжкі… I стаміўся ад гэтых высілкаў… I тады вырашыў сесці на хлеб і ваду і раздаць рэшткі тыражу ўсім-усім сваім знаёмым. На апошнія грошы ён выкупіў дзве свае кніжкі ў той самай, знаёмай з маленства вясковай краме (С. Рублеўскі. Кніга).

Склаўся, відаць, на аснове фразеалагізма садзіць (пасадзіць) на хлеб і ваду (каго), узнікненне якога звязваюць з пакараннем, прынятым у турмах, ваенных і навучальных установах царскай Расіі. Віноўніка запіралі ў асобным пакоі і кармілі толькі хлебам і вадой.

Садзіцца (сесці, уссесці) на карак (на шыю) каму, чый, каго. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘поўнасцю падпарадкоўваць сабе, выкарыстоўваць каго-н. y сваіх інтарэсах’ і ‘абцяжарваць каго-н., знаходзячыся на яго ўтрыманні’. У кожным маёнтку садзіцца на шыю народа «зондэрфюрэр» (К. Чорны. Нямецкае вараннё над Случчынай). Э не, дачушка, садзіцца на ваш карак я не хачу. Глядзіце сябе, абы вам добра было, a мы, старыя, так-сяк пражывём… (Т. Хадкевіч. Даль палявая).

У аснове фразеалагізма — гіпербалізаваны вобраз.

Садзіць на пасад каго. Гл. на пасад садзіць каго.

Садзіць (пасадзіць) на мель каго. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. сажать на мель, укр. саднти на мілину) і польск. (sadzać na mieliżnie) м. Ставіць каго-н. y вельмі цяжкае становішча. Востры на язык, Платон у час спрэчак мог абрэзаць дасціпным словам каго хочаш, садзіў на мель любога (Я. Радкевіч. Закон прыцяжэння).

Паходзіць з маўлення маракоў, дзе меллю называюць неглыбокае месца на моры, небяспечнае для суднаходства.

Садом і гамора. Агульны для ўсходнесл. і польск. м. Крайняе бязладдзе, беспарадак, хаос. О, божачка! Садом і гамора. Думала, канец свету настаў. Гэта ж трэба так біць па сваім горадзе (І.Шамякін. Шлюбная ноч).

Узнік на аснове біблейскага сюжэта (Быццё, 19, 24–25) пра лёс двух суседніх гарадоў старажытнай Палесціны — Садома і Гаморы. У гэтых гарадах запанавалі беспарадак, распуста, і Бог вогненным дажджом і землетрасеннем рашыў пакараць грэшнікаў. Пра гэта ў паэме К. Крапівы «Біблія»: «Як пасыплецца агонь! Як прарвецца ў небе дзірка! Як пальецца з неба серка! Так, як „Біблія“ нам кажа, бог Садом дарэшты спляжыў, a з ім разам і Гамору».

Сакрэт палішынеля. Паўкалька з франц. м. (secret de polichinelle). Уяўная тайна; тое, што хоць і лічыцца тайнай, але стала вядома ўсім.

Дзялюся сакрэтам палішынеля за ўмераную плату (Я. Таўшчэзны. Вясёлая сумесь).

Узнікненне фразеалагізма звязана з імем Палішынеля — камічнага персанажа французскага народнага тэатра (з канца XVІ ст.). Гэта быў вясёлы задзіра, насмешнік, блазан і балбатун. Часта ён смяшыў публіку тым, што расказваў пад сакрэтам пра вядомыя ўсім рэчы.

Саламяная ўдава. Калька з ням. м., пераклад складанага слова Strohwitwe, якое ўзнікла аб’яднаннем частак двух слоў: Strohbraut (‘саламяная нявеста’) + Graswitwe (‘спакушаная’, літаральна ‘травяная ўдава’). Так называюць жанчыну, якая часова засталася без мужа або афіцыйна не мела яго. Кладаўшчыцай у калгасе была Ганна Карнілава, саламяная ўдава: y свае маладыя гады — не набрала яшчэ і дваццаці пяці — яна мела двух дзяцей, так званых ветравічкоў-бяз-бацькавічаў (І.Чыгрынаў. Плач перапёлкі).

Азначэнне саламяная звязваецца з сярэдневяковым звычаем у прырэйнскіх гарадах: на галаву дзяўчыны, якая мела пазашлюбнае дзіця, публічна надзявалі саламяны вянок.

Саламяны ўдавец. Калька з ням. м. (der Strohwitwer). Мужчына, які знаходзіцца ў часовай разлуцы з жонкай. Сяргей Кірылавіч, вы сёння саламяны ўдавец, прашу ўзяць пад апеку маю сяброўку, яна — літаратар, вы — кнігалюб, побач вам не будзе сумна! (Л. Арабей. Дзень мінулы, дзень наступны).

Складаны нямецкі назоўнік калькуецца як двухкампанентны выраз. У ням. м. гэты назоўнік склаўся як пазнейшае ўтварэнне ад Strohwitwe («саламяная ўдава»), дзе саламяная звязваецца з сярэдневяковым звычаем у прырэйнскіх гарадах: на галаву дзяўчыны, якая мела пазашлюбнае дзіця, прылюдна надзявалі саламяны вянок.

Самі з вусамі. Агульны для бел. і руск. м. Не горшыя за іншых. Не, ён мною не пакамандуе, гэты студэнцік. Мы самі з вусамі… (П. Пестрак. Серадзібор).

Першапачаткова ўжываўся як своеасаблівая формула задзірлівага выхваляння, y якой спайка кампанентаў (першы з іх захоўвае слоўнікавае значэнне) рэгулюецца рыфмай. У XIX ст., як адзначана ў «Зборніку беларускіх прыказак» І.І.Насовіча, выраз выкарыстоўваўся і ў такой форме: самі з вусамі, толькі нос не аброс ‘адважны адказ на пагрозы’.

Сам-насам. Агульны для бел., укр. (сам на сам) і польск. (sam na sam) м. Ужыв. са значэннямі ‘без сведак, удвух з кім-н. (гаварыць, сустракацца і пад.)’, ‘без саюзнікаў, без падтрымкі з боку каго-н. (біцца, сустракаць небяспеку і пад.)’, ‘на адзіноце (заставацца, рабіць што-н.)’ і ‘зусім адзін, y адзіночку (заставацца, пабыць з чым-н.)’.

Пасля, сам-насам са сваім героем, я спытаўся: — Вас тады, Рафаіл Іванавіч, білі? — Ну, вядома (Я. Брыль. Партрэт старэйшага таварыша). [Шукайла: ] Хлопцы, глядзіце! Князь мядзведзя забіў Сам-на-сам, без нас! (В. Вольскі. Машэка). Калі ж ні сяброў; ні сведак не было паблізу, ён [Сушчэня] мусіў трываць усё сам-насам (В. Быкаў. У тумане). Мужчыны пайшлі [на фронт], івёска засталася сам-насам з усімі чуткамі і трывогамі (У. Паўлаў. Спелыя травы).

Узнік па мадэлі сэнсава тоесных фразеалагізмаў таўталагічнага характару вока на вока, адзін на адзін. Адна з ранніх фіксацый адносіцца да 1599 г. — y форме самъ на самъ (помнік палемічнай літаратуры «Антиризисъ, или Апологія против Христофора Филалета»).

Сам-насам з сабой. Уласна бел. На адзіноце (заставацца, быць і пад.). Такія часіны душэўнай сабранасці, роздуму сам-насам з сабою Пятро Глебка вельмі любіў і даражыў імі (В.Вітка. Майстар).

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code