Рылыца ў пушку ў каго. Запазыч. з руск. м. Хтосьці мае дачыненне да чаго-н. нядобрага, заганнага. Думалася, што ў мясістага дырэктара рыльца ў пушку, дык ён і паддобрываецца, як можа (Р. Сабаленка. Дырэктарава бакоўка).
Аўтар крылатага выразу — І.А. Крылоў. У яго байцы «Лісіца і Сурок» выраз выкарыстаны двойчы. Першы раз — з прамым значэннем слоў. Лісіца была «суддзёй над курамі», яе асудзілі за хабар на высылку, і яна скардзіцца Сурку (пераклад К. Крапівы):
У маралі байкі аўтар зноў вяртаецца да гэтага выразу, ужываючы яго пераносна ў дачыненні да тых, хто «паціху ды патрошку то дом збудуе, то купіць сабе вёску».
Рыхтык у рыхтык падобны. Уласна бел. Вельмі моцна, абсалютна. Адразу ж ззаяе плячэй выйшлі два сыны, абодва трактарысты і падобныя, як кажуць, рыхтык у рыхтык адзін да аднаго (В. Казько. Бунт незапатрабаванага праху).
Выраз пэўным чынам сэнсава таўталагічны з прыметнікам падобны, бо, як пазначана ў ТСБМ (т. 4, с. 741), рыхтык y сваім 2-м значэнні — гэта «выліты, падобны на каго-н.’». Магчыма, склаўся пад уплывам і на ўзор сінанімічнага з ім фразеалагізма кропкаў кропку (кропля ў кроплю).
Рыцар без страху і дакору. Калька з франц. м. (le chevalier sans peur et sans reproche). Смелы, велікадушны чалавек. Дастойны, скажу вам, быў служка… Такімі людзьмі род багацее… Але… прапаў, як рыцар без страху і дакору (В. Быкаў. Кар’ер).
Спачатку ў Францыі гэтым выразам называлі канкрэтных гістарычных асоб: мужнага рыцара П’ера дзю Тэрайля Баярда(1476–1524) і яго сучасніка, выдатнага палкаводца Луі Трэмуйля (1460–1525). Пра першага з іх расказваецца ў кнізе «Найпрыемная, забаўная гісторыя, напісаная сумленным слугой пра падзеі і ўчынкі, поспехі і подзвігі добрага рыцара без страху і дакору, славутага сеньёра Баярда…» (1527). Пасля выраз фразеалагізаваўся і стаў выкарыстоўвацца для характарыстыкі любога чалавека высокіх маральных якасцей.
Рыцар журботнага вобраза. Калька з іспан. м. (ei Caballero de la Triste Figura). Наіўны, бясплённы летуценнік. — Чытаеце думкі на адлегласці? — засмяялася дзяўчына. — Тады прачытайце!.. — Тады… вам… адзін рыцар журботнага вобраза прапанаваў руку і сэрца… — Не-е… (В. Блакіт. Вяселле ў Беражках).
Выраз з рамана Сервантэса «Дон Кіхот» (1615). Так аднойчы называе пабітага, пацярпелага, упрыгожанага сінякамі Дон Кіхота яго збраяносец Санча Панса.
Рыцар на час. Запазыч. з руск. м. Слабавольны чалавек, няздольны да працяглай барацьбы дзеля высакародных мэт. Я пачаў патрабаваць сабе тое, што, па сутнасці, мне не належала. Вось і атрымаўся з мяне рыцар на час, герой міжволі, які вельмі хутка пацярпеў крах (А. Кобец-Філімонава. Агні за перавалам).
Выраз з аднайменнага верша (1863) М. А. Някрасава. Утвораны па аналогіі з ужо існуючым фразеалагізмам каліф на час (гл.).
Рыцар ночы. Уласна бел. Злосны вораг прагрэсу; цемрашал. На нас узнімаюцца рыцары ночы, іх сочаць у цьме нашы зоркія вочы (К. Крапіва. Ворану вышай арла не лятаць).
Выраз з абразка З. Бядулі «Прытуліся ка мне» (1913), ужыты ў такім кантэксце: «А мо і праўда, што ў розных там замчышчах крыштальных ваююць паміж сабой рыцары дня з рыцарамі ночы?» 3 экспрэсіўна-стылістычнага боку гэта кніжны выраз і выкарыстоўваецца ў творах на грамадска-палітычныя тэмы: «Апошнія здзірае з плеч старых кашулі распасвены, вясёлы рыцар цёмнай ночы» (Я. Купала); «Рыцары ночы са скуры вылузваліся, каб нацягнуць на сябе скуру авечак» (І.Сіманоўскі).
Рэжа (рэзала) вочы <каму, чые, чым>. Агульны для ўсходнесл. м. Рэзка выдзяляцца, выклікаючы да сябе адмоўныя адносіны. У паветры стаяла барва і рэзала вочы святло (М. Лобан. На парозе будучыні).
У фразеалагізме праз кампанент рэжа перадаецца не толькі зрокавае адчуванне, але і як бы пачуццё непасрэднага дакранання да вачэй.
Рэжа (рэзала) вушы. Агульны для ўсходнесл. м. Непрыемна раздражняе слых. Уразіла слова «з’ёмныя», уразіла ненатуральнасцю. Вушы рэжа яно, бо штучнае, робленае (В. Рабкевіч. Шукаю слова).
У фразеалагізме праз дзеяслоўны кампанент перадаецца не толькі слыхавое адчуванне, але і як бы пачуццё непасрэднага дакранання да вушэй.
Рэч у сабе. Калька з ням. м. (das Dingansich). Хтосьці загадкавы ці штосьці загадкавае, сапраўдная сутнасць каго- ці чаго-н. не раскрытая, не зразумелая. Дзякуй табе, maтa, што ты быў тады поруч са мною. Каб ты ведаў, як я шкадую, што не паспеў дасягнуць таго веку, калі мая і твая душы маглі б ператварыцца ў злучаныя між сабою ёмістасці: ты так і застаўся для мяне рэччу ў сабе (У. Арлоў. Мой радавод да пятага калена…).
Пераасэнсаваны філасофскі тэрмін І.Канта — з яго «Крытыкі чыстага розуму» (1781). Паводле Канта, рэчы, якія існуюць незалежна ад свядомасці, прынцыпова непазнавальныя і ў гэтым сэнсе з’яўляюцца «рэчамі ў сабе».
Рэшатам (y рэшаце) ваду насіць. Гл. насіць ваду рэшатам (у рэшаце).
С
Сабакам сена касіць. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі: 1) бадзяцца дзе-н., займаючыся пустой справай, 2) знаходзіцца невядома дзе, хаваючыся ад сям’і. Недзе па загальскіх хутарах з такою ж хеўраю, як і сам, сабакам сена косіць (С. Грахоўскі. Рудабельская рэспубліка). Пра мужа пытаўся, махнула: — Am, сена сабакам косіць… (Р. Барадулін. Дом на сопцы).
Узнік не са свабоднага словазлучэння (такога не магло быць: сабакам сена не косяць, яны і не ядуць яго). Ён утвораны па мадэлі свабоднага словазлучэння тыпу каровам сена касіць, y якім лагічнае каровам заменена нелагічным. Атрымаўся дасціпны выраз каламбурнага характару. Параўн.: кот наплакаў, без нажа зарэзаць, без году тыдзень.
Сабака на сене. Агульны для ўсходнесл. м. Чалавек, які сам не карыстаецца і іншым не дае карыстацца чымсьці. —Дазволь ноччу на чыгунцы супроць твайго хутара перапыніць патрулёў са страшаўскай вахі… — Не, Валя. Шукай сабе іншае месца!.. — Сабаакі на сене! (А. Карпюк. Пушчанская адысея).
Крыніца фразеалагізма — прыказка Сабака на сене ляжыць, сам не есць і другім не дае, тлумачальная частка якой адпала. Або: Як сабака на сене: і сам не гам, і другому не дам.
Сабак вешаць на каго, каму. Агульны для ўсходнесл. і польск. (psy wieszać) м. Нагаворваць на каго-н., абвінавачваючы ў чым-н. — У вашай палатцы яшчэ чатырох пасяляем. Глядзі, каб без гэтага… — Зноў за старое? Што на мяне ўсіх сабак вешаюць?.. Каваль ды Каваль! (А. Савіцкі. Кедры глядзяць на мора).
Паходзіць са свабоднага словазлучэння, y якім слова сабака мае значэнне ‘лопух, галоўка лопуху, дзед’ Параўн. y слоўніку
І.І.Насовіча: «Сабачка — галоўка лопуху. Твая світка ўся ў сабачках». Вешалі сабак на таго, хто заслугоўваў насмешкі ці быў вінаваты ў чым-небудзь.
Сабаку з’еў на чым, y чым. Агульны для ўсходнесл. м. Mae вялікі вопыт, навык у чымсьці. Нашто вам браць якога-небудзь смаркача, калі ёсць вопытны работнік, які на гэтай справе сабаку з’еў (К. Крапіва. Брама неўміручасці).
Ёсць некалькі спроб разгадаць этымалогію гэтага выразу. Найбольш верагодная з іх тая, якая ставіць фразеалагізм у сэнсавую і генетычную сувязь з прыказкай Сабаку з’еў, a хвастом удавіўся (падаецца ў слоўніку УДаля). Яна ўжывалася ў XIX ст., калі гаворка ішла пра вопытнага майстра, які выканаў штосьці вельмі цяжкае, a на дробязі спатыкнуўся. Другая палавіна прыказкі адпала, a першая стала фразеалагізмам, захавала за сабой частку агулькага значэння прыказкі і застыласць дзеяслоўнага кампанента, яго здольнасць ужывацца, як і ў прыказцы, толькі ў формах прошлага часу (з’еў, з'ела, з’елі).