MoreKnig.org

Читать книгу «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» онлайн.

Паходзіць з прыказкі Сам заварыў кашу; сам і расхлёбвай, сэнс якой ‘сам распачаў штосьці складанае, клопатнае, непрыемнае, сам і разблытвай, выкручвайся’.

Рвацца на часткі. Гл. разрывацца (рвацца, разарвацца) на часткі (на кавалкі).

Рваць на сабе валасы. Недакладная калька з ням. (sich die Haare ausraufen, літаральна «рваць сабе валасы») ці франц. (s’arracher les cheveux, літаральна «рваць сабе валасы») м, Прыходзіць у адчай, вельмі моцна перажываць, гараваць. Як указ той прачыталі, валасы на сабе рвалі ўсе палатныя чыны (В. Дунін-Марцінкевіч. Халімон на каранацыі).

Фразеалагізм жэставага паходжання: унутраны стан чалавека апісваецца праз пэўны жэст — знешні выразнік гэтага стану.

Рваць (разрываць) на кавалкі каго. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. рвать на части, укр. рвати на шматки). Бесперапынна турбаваць просьбамі, даручэннямі і пад. 3 усіх бакоў яго [Крушынскага] рвуць на кавалкі. — Таварыш Крушынскі! — Дзядзька Язэп! — Суседзе! (З. Бядуля. Язэп Крушынскі).

У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, заснаваны на гіпербале.

Рожкі ды ножкі. Запазыч. з руск. м. Сваё значэнне ‘нічога ці амаль нічога’ фразеалагізм рэалізуе пры дзеясловах пакідаць, заставацца: Хай як хоча, так і выкручваецца Эдзік. Усё роўна рожкі ды ножкі астануцца ад сцэнарыя… (П.Місько. Ціхае лета).

Узнік у выніку метафарызацыі спалучэння слоў з песні невядомага аўтара «Жыў-быў y бабулі шэранькі козлік» (каля 1850 г.). Павяла бабуля козліка ў лес пагуляць, напалі на яго ваўкі і з’елі. «Пакінулі бабулі рожкі ды ножкі, вось як, вось як, рожкі ды ножкі».

Розная рознасць. Паўкалька з руск. м. (разная разность). Самыя разнастайныя рэчы, прадметы. Апісаць не хопіць слоў, што за Сару той Абрам рознай рознасці набраў (К. Крапіва. Біблія).

Відаць, склаўся пад уплывам і на ўзор фразеалагізма ўсякая ўсячына (гл.).

Рубікон перайсці. Паўкалька з лац. м. (Rubiconem transeo). Зрабіць сур’ёзны крок, рашучы ўчынак, які вызначае далейшыя падзеі. Вельмі вялікая трансфармацыя адбылася ў ягонай душы… Ён перайшоў рубікон (Л. Дайнека. Футбол на замініраваным полі).

Выраз — пераасэнсаванае словазлучэнне. Рубікон, рака ў паўночнай Італіі, была да 49 г. да н. э. граніцай паміж Рымам (Італіяй) і яго паўночнай правінцыяй Галіяй. Кіраваў гэтай правінцыяй Юлій Цэзар. Ён ноччу перайшоў са сваімі легіёнамі Рубікон, што прывяло да грамадзянскай вайны, якая закончылася перамогай над арміямі сената і ўстанаўленнем у Рыме імперыі на чале з Цэзарам — фактычным пажыццёвым дыктатарам.

Рубікон пяройдзены. Агульны для ўсходнесл. м. Адказны, рашучы крок зроблены, прынята беспаваротнае рашэнне. — Гэта больш надзейна, — сказаў Зімін, — а то яшчэ перадумаеш [звальняцца]. I так, рубікон пяройдзены, назад ходу няма (В. Хомчанка. Стрэл у акно).

Структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, фразеалагізм утварыўся на базе суадноснага дзеяслоўнага перайсці рубікон (гл.), які абазначае ‘прыняць беспаваротнае рашэнне, зрабіць адказны, рашучы крок’.

Ружовы туман. Уласна бел. Стан ілюзорнага, таталітарна-савецкага ўспрымання рэчаіснасці. Магчыма, Быкаў стаў тым пісьменнікам, які першы выйшаў з ружовага туману (С. Дубянец. «Ружовы туман»). Гісторыя літаратуры 20–50 і пазнейшых гадоў яшчэ чакае ўдумлівага асэнсавання. У ёй быў не толькі ружовы туман, узведзеная ў закон фальсіфікацыя (У. Казбярук. «Песні з турмы» на нашым полі).

Паходзіць з назвы апавядання (1995) В. Быкава. Гэта знешне алагічнае словазлучэнне ўжыта з пераасэнсаваным значэннем ужо і ў загалоўку самога апавядання пра чалавека з саўковымі звычкамі, і двойчы ў тэксце апавядання, y тым ліку ў заключным сказе пра дзевяностагадовага Барсука, які, «можа, хай жыве ў сваім ружовым тумане, дажывае век і носіць вазончыкі да падножжа помніка». Нядаўна ўзнікшы, выраз набыў «крылатасць», што можна было б пацвердзіць яшчэ шасцю прыкладамі яго выкарыстання ў друку («Полымя», «Маладосць», «ЛіМ»).

Ружовыя акуляры. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. розовые очки, укр. рожеві окуляри). Ідэалізаванае бачанне, успрыманне чаго-н. Ведаў [Пятро], што гэта талстоўская філасофія: не праціўся злу — будзе добра. Часта смяяўся сам са сваіх ружовых акуляраў, бо жыццё штодня разбівала іх і прымушала весці змаганне супраць зла (І.Шамякін. Трывожнае шчасце).

Назоўнікавы фразеалагізм, утвораны як фрагмент, што адарваўся ад суадноснага з ім дзеяслоўнага выразу глядзець праз ружовыя акуляры на каго, на што (гл.).

Рука набіта(-я) y каго, чыя на чым, y чым. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. мае вялікі вопыт, добры навык, спрактыкаванасць у чым-н. Рука ў вас набітая. Ці не пішаце еы самі што-небудзь — вершы або апавяданні? Прызнайцеся… (С. Александровіч. На шырокі прастор).

Структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, фразеалагізм утварыўся на аснове суадноснага дзеяслоўнага набіваць (набіць) руку на чым, y чым ‘выпрацоўваючы навык, рабіцца спрактыкаваным у чым-н.’.

Рукі звязаны ў каго. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. пазбаўлены свабоды дзеянняў, магчымасці рабіць так, як хочацца. — Хто хацеў — той паздаваў! — А як жа, паздаваў… y каго скрынкі былі ды рукі нічым не звязаны (А. Кудравец. Такі дзень).

Вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма звязваць (звязаць) рукі каму, які абазначае ‘пазбаўляць магчымасці свабодна дзейнічаць’.

Рукі прэч ад каго, ад чаго. Калька з англ. м. (hands off). Ужыв. як патрабаванне не ўмешвацца ў чые-н. справы. Не вы дасце народам свята, не вам пажар вайны заліць! Дык рукі прэч, забойцы, каты! Не вам аб згодзе гаварыць! (Я. Колас. Ворагам).

Крылаты выраз, належыць англійскаму палітычнаму дзеячу, лідэру ліберальнай партыі Уільяму Гладстану. У 1878 г., калі Аўстрыя захапіла частку сербскіх зямель, Гладстан выступіў y парламенце супраць захопніцкай палітыкі і закончыў прамову словамі: «Рукі прэч ад Босніі і Герцагавіны!»

Рукі развязаны ў каго, чые. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. мае поўную свабоду дзеянняў. Нарэшце яе рукі развязаны! Яна [Волька] верыла, што яе пакутам прыйшоў канец (М. Ваданосаў. Надзеі і спадзяванні).

Структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, фразеалагізм утварыўся на аснове суадноснага дзеяслоўнага развязваць (развязаць) рукі каму ‘даваць поўную свабоду дзеянняў, вызваляць ад залежнасці, абмежавакня ў чым-н.’.

Рукой падаць да чаго. Агульны для бел. і руск. м. Зусім блізка, не вельмі далёка. Вучні загарэліся: з'ездзіць паглядзець! Нейкія сорак кіламетраў—гэта ж рукой падаць! (І.Шамякін. Ах, Міхаліна, Міхаліна).

Зыходнай формай выразу варта лічыць канструкцыю з параўнальным злучнікам як: як рукой падаць (да чаго). Зрэдку выраз і сёння ўжываецца ў поўнай, нескарочанай форме: «Ад Рыгі як рукой падаць узмор’е» (Ц. Гартны); «За гэтым мастком сама Галынаўка як рукой падаць» (А. Якімовіч); «Як рукой падаць мая радзіма, — лес, лугі, вада» (М. Пракаповіч); «Як падаць рукою цяпер да вечнасці яму» (А. Каско); «Вунь ужо і родная Турбінка — як рукой падаць…» (А. Бароўскі). Ва ўкр. м. аналагам гэтага фразеалагізма выступае дістати рукою. I яго зыходная форма — параўнальны зварот, які сустракаецца і ў бел. м.: «Як рукой дастаць тапырылі голле алешыны» (В. Быкаў), «Да іх — як рукою дастаць» (Ф. Янкоўскі). Параўн. y М. Федароўскага (с. 31): «Блізка, хоць рукою дастаць». У фразеалагізме як рукой падаць, як і ў некаторых іншых, узніклых з параўнальнага звароту, злучнік як адпаў, рэдукаваўся, бо зварот пачаў займаць слабую, непрыдзеяслоўную пазіцыю.

Рукой пайсці. Уласна бел. Добра весціся, гадавацца (пра жывёлу, птушку, пчол). Не купляй ад аканома скацінкі,—рукой не пойдзе, на крадзеным, баш, аўсе ўскормлена (В. Дунін-Марцінкевіч. Залёты).

Паходзіць з даўняга павер’я пра добрую, «лёгкую» руку: купленае з такой рукі будзе добра пладзіцца, весціся. А. Я. Багдановіч y этнаграфічным нарысе «Перажыткі старажытнага светасузірання ў беларусаў» (1895) піша: «Калі прадаеш каня ці карову, наогул што-небудзь жывое, і жадаеш, каб „пайшло рукой“, то не трэба перадаваць іх новаму гаспадару голымі рукамі: не будзе пладзіцца. У такім разе „б’юць па руках“ і перадаюць купленае „касматай рукой“, г. зн. захінуўшы руку крысом адзення». Параўн. прыказку, y якой ускосна выказаны негатыўныя адносіны да названага павер’я: Кармі парсюка мукою — пойдзе рукою.

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code