Утвораны шляхам пераасэнсавання адпаведнага словазлучэння, якое ўжываецца пры картачнай варажбе, a таксама пры гульні ў карты.
Прытуліць галаву дзе, да каго. Гл. галаву прыхінуць (прыхіліць, прытуліць) дзе, да каго.
Прытча ва языцах. Запазыч. з царк. — слав. м. Прадмет усеагульных размоў, абгавораў, кпінаў і пад. Усё Азярное ведае, што Бадытчык — кулак, што яго скора знімаць будуць. Там — гэта прытча ва языцах (М. Лобан. Гарадок Устронь).
Выраз з Бібліі, дзе ён выкарыстаны некалькі разоў (напрыклад, Другазаконне, 28,37), Ва языцах (во языцех) — старая форма меснага скл. мн. л, назоўніка язык (тут ён ужыты са значэннем ‘народ’). Літаральна прытча ва языцах абазначае ‘прытча ў народзе, народная прытча’.
Прыхінуць галаву дзе, да каго. Гл. галаву прыхінуць (прыхіліць, прытуліць) дзе, да каго.
Прыходзіць (прыйсці) y галаву каму. Агульны для ўсходнесл. і польск. (przychodzić do głowy) м. Ужыв. са значэннямі: 1) раптоўна, выпадкова з’яўляцца ў свядомасці, 2) даходзіць да свядомасці, 3) адчуваць патрэбу ў чым-н.; хацець, наважвацца. Шафёр зірнуў насцярожана: што сакратару прыйшло ў галаву? (І.Шамякін. Атланты і карыятыды). Мне і ў галаву не прыходзіла, каб бацька найшоў на маю бяду і ўбачыў усё сваімі вачыма (А. Пальчэўскі. Калі ападала лісце). Нікому не прыходзіла ў галаву палажыць кладачку хоць супраць свае хаты, каб льга было прайсці праз балота, у якім тапілася гэта вуліца (Я. Колас. На ростанях).
Усе кампаненты фразеалагізма выступаюць як сэнсаўтваральныя, суадносныя з адпаведнымі словамі свабоднага ўжывання ў пэўных іх значэннях: прыходзіць — ‘узнікаць, з’яўляцца’, галава — ‘розум, свядомасць’. Але дзеяслоўны кампанент прыходзіць (прыйсці), калі яго разглядаюць на ўзроўні слова, мае абавязковае канструктыўна абмежаванае значэнне (прыходзіць y ш т о), тады як суадносны дзеяслоў згаданае вышэй значэнне заўсёды рэалізуе без залежнага слова-канкрэтызатара: прыйшло жаданне (І.Шамякін), думка мне прыйшла (Л. Прокша), апетыт прыйдзе (А. Васілевіч).
Прыходзіць (прыйсці) y сябе. Калька з франц. м. (revenir a soi). Ужыв. са значэннямі ‘выходзіць са стану непрытомнасці, забыцця і пад.’ і ‘пераставаць хвалявацца; супакойвацца’. Праз некалькі хвілін Агата прыйшла ў сябе, але была такою нямоцнаю, што ногі яе не трымалі (Я. Нёманскі. Тодар Базылёнак). Даведалася, што з табою зрабілася бяда, і, паверыш, тры дні не магла прыйсці ў сябе, супакоіцца (Ц. Гартны. Сокі цаліны).
Узнікненне фразеалагізма звязана з вераваннем, што ў часе непрытомнасці душа чалавека пакідае яго цела, a пасля зноў вяртаецца. Другое значэнне развілося ў фразеалагізме на базе першага.
Прыход на свет каго, чый. Уласна бел. Нараджэнне каго-н. Бацька, расказвалі ў вёсцы, вельмі рады быў майму прыходу на свет і трывожыўся, помнячы лёс папярэдніх дзяцей (У. Калеснік. Доўг памяці).
Вытворны назоўнікавы фразеалагізм ад суадноснага дзеяслоўнага прыходзіць на свет.
Прыцягваць (прыцягнуць) за вушы (за валасы) што. Калька з франц. (tirer par les cheveux) ці ням. (an den Haaren herbeiziehen) m. (літаральна «прыцягваць за валасы»). Неапраўдана, беспадстаўна выкарыстоўваць што-н. y якасці доказаў, доваду. Успомнілася, што ў некаторых абвінавачванні, і вельмі сур'ёзныя, былі прыцягнуты, проста сказаць, за вушы (І.Мележ. Подых навальніцы).
У аснове фразеалагізма — гіпербалізаваны вобраз.
Прышыванне ярлыкоў. Уласна бел. Аднабаковая, шаблонная ацэнка, характарыстыка каго-н. Настаў час, калі палітыка бесцырымоннага прышывання ярлыкоў пачала цярпець няўдачы (М. Чавускі. Чаму ж не смяяцца?).
Назоўнікавы фразеалагізм, утвораны ад суадноснага дзеяслоўнага прышываць ярлыкі (каму).
Прышый кабыле хвост. Агульны для ўсходнесл. м. Зусім непатрэбна, не мае дачынення да чаго-н. — Мы ведаем, што чужы. Табе ён толькі, відаць, не чужы… — Разам градусы ціснуць!.. Прымак — прышый кабыле хвост! — пачуліся ў агульным шуме галасы (Я. Брыль. У Забалоцці днее).
Паводле паходжання гэта «абломак» выслоўя больш поўнай формы, якое цяпер ужываецца без другой, тлумачальнай часткі. У збор-ніках І.Насовіча, Е. Раманава, М. Федароўскага падаецца з сэнсаўтваральнай часткай: Прышый кабыле хвост, а ў яе свой ёсць.
Псаванне крыві. Уласна бел. Непрыемнасці, моцнае раздражненне. Мыслі аб выездзе з Ташкента палохаюць… Будзе многа клопатаў і псавання крыві (Я. Колас. Дзённікі).
Паходзіць з суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма псаваць кроў каму (гл.).
Псаваць кроў каму; многа, нямала, колькі і пад. папсаваць крыві Калька з франц. м. (se faire du mauvais sang). Рабіць непрыемнасці каму-н., моцна раздражняць каго-н. Баламутны сын многа папсаваў крыві Паўлу і працягвае псаваць (І.Навуменка. Якая доўгая вайна).
Узнікненне фразеалагізма грунтуецца на ўяўленні, што ў чалавека пры яго раздражненні псуецца кроў, бо ў яе паступае занадта многа жоўці.
Птушынае малако. Калька з грэч. м. (gala omithon, літаральна «малако птушынае»). Ужыв. са значэннямі ‘птушкамлечнік’, ‘нешта неверагоднае, казачнае, яўна немагчымае (часцей пра ежу)’ і ‘вельмі смачны торт, a таксама цукеркі асобнага гатунку’.
Гл. ілюстрацыі да гэтых значэнняў і гістарычна-этымалагічную даведку пра фразеалагізм на с. 13–15.
Пудзіла агароднае. Уласна бел. Непрыгожа адзеты ці пусты, варты смеху чалавек. — Дурніца! Пудзіла агароднае! Што нарабіла?! — з кулакамі кінуўся Анатоль да Пігулеўскай, але тут жа ачомаўся, выскачыў за дзверы (А. Кандрусевіч. Кругі на Белай паляне).
Утвораны праз супастаўленне чалавека з пудзілам, якое выстаўляецца ў агародзе для адпуджвання птушак.
Пужаная варона. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. пуганая ворона, укр. лякана ворона). Залішне асцярожны чалавек, які з-за перажытых выпрабаванняў баіцца нават таго, што не пагражае яму небяспекай. — Хто Васіля пабіў, га, Шылькевіч? — Нея… — Дарэмна білі. Васіль нічога не ведаў. Тут вам верхавод, хаця і папаў па галаве, моцна прамахнуўся. — Пужаная варона… (У. Шыцік. Ускосныя доказы).
Паходзіць з прыказкі Пужаная варона куста баіцца.
Пуп зямлі. Калька з грэч. м. Самы важны, самы галоўны; лепшы за ўсіх. Нічога — гэта не самае лепшае, безумоўна, аднак лепш, чым задзіраць нос і думаць, што ты пуп зямлі (І.Шамякін. Крыніцы).
Мяркуюць, што ў грэч. м. выраз трапіў з талмуда. Паводле старажытнаяўрэйскіх рэлігійных уяўленняў, пуп, або цэнтр, зямлі ў Іерусаліме, y алтары храма; адсюль Бог, кінуўшы ў мора камень, пачаў стварэнне свету. Такое ўяўленне пра святое месца, пуп зямлі, знаходзім і ў некаторых старажытнарускіх літаратурных помніках («Хождение в Иерусалим игумена Даниила»).
Пусканне пылу ў вочы. Агульны для ўсходнесл. м. Стварэнне падманлівага ўражання пра сябе з выхвальваннем і паказам чаго-н. Падобныя нараканні, апрача непатрэбнай мітусні і пускання пылу ў вочы, ніякай рэальнай карысці не маюць і ўвогуле з 'яўляюцца справай марнай і пустой (Я. Лецка. Згода…).