Паходжанне фразеалагізма звязана з царкоўным адпяваннем: над нябожчыкам, перад тым як яго пахаваць, спявалі «Са святымі ўпакой». Параўн. y Я. Коласа: «Смерць прыйшла — і песня спета, і прыложана пячаць».
Песня песняў. Запазыч. з царк. — слав. м. Выдатны, найлепшы твор, вяршыня творчасці. Выдатная праца Сухамлінскага «Сэрца аддаю дзецям», у якой абагульнены вопыт педагога-наватара, — гэта сапраўды яго песня песняў (В.Вітка. Настаўнік).
Паходзіць ад назвы адной з біблейскіх кніг, напісанай з высокім паэтычным майстэрствам.
Пець асанну каму, чаму. Гл. спяваць (пець) асанну каму, чаму.
Пець Лазара. Гл. Лазара пець (спяваць).
Пець (спяваць) дыфірамбы каму, чаму. Ужыв. таксама ў руск. (петь дифирамбы), укр. (співати дифірамбн), польск. (śpiewać dytyramby), балг. (пея дитирамби) м. Празмерна хваліць, захвальваць. Эх, шкада, што я не лірык! Я тады, дзяўчаткі, вам бы пеў такія дыфірамбы ад відна і да відна, — «душу б выпеяў да дна» (К. Крапіва. Шкірута).
Склаўся на аснове свабоднага словазлучэння, звязанага са звычаямі старажытных грэкаў. Першапачаткова слова дыфірамб мела вузкае значэнне: ім называлася ўрачыстая харавая песня ў гонар Дыяніса — бога вінаробства. Пасля песні-дыфірамбы спявалі і ў гонар іншых багоў і герояў. Яшчэ ў старажытнагрэчаскай мове слова дыфірамб развіло пераноснае значэнне ‘усхваленне, напышлівасць’.
Печкі і лаўкі. Гл. <і> печкі і лаўкі.
Піць (выпіць) <горкую> чашу да дна. Запазыч. з царк. — слав. м. Вельмі многа пакутаваць, цярпець, пераносіць якія-н. цяжкасці. У маці ад гэтага ляманту як адарвалася сэрца. Відаць, ёй давядзецца выпіць чашу да дна. Яна ўскрыкнула і ў роспачы закрыла твар рукамі (Я. Шарахоўскі. Сярэбраная раніца).
Упершыню выраз ужыты ў біблейскім тэксце (Ісаія, 51, 17) — y звароце да Іерусаліма, які выпіў з рук Госпада чашу да дна і павінен паўстаць, падняцца.
Піць (смактаць) кроў з каго, чыю. Калька з франц. м. (boire (sucer) le sang, літаральна «піць (смактаць, ссаць) кроў»), Ужыв. са значэннямі ‘бязлітасна эксплуатаваць, даводзіць да беднасці каго-н.’ і ‘мучыць каго-н., прычыняць пакуты’. — Папаліся, гады! Не век жа вам чужую кроў смактаць! — чуліся паасобныя выклікі людзей з тратуараў, з вуліцы (М. Лынькоў. Міколка-паравоз). Зноў пайшоў цягацца праз ноч, не дай бог. От, з’еў маё жыццё, от, высмактаў маю кроў паляваннем гэтым (Э. Самуйлёнак. Паляўнічае шчасце).
У гэтым метафарычным фразеалагізме — выразны намёк, напрыклад, на п’яўку ці аваднёў, якія п’юць, высмоктваюць кроў y прамым значэнні гэтых слоў. Параўн. ужыванне фразеалагізма з агаленнем яго ўнутранай формы параўнальным зваротам: «Ты, як п’яўка, усю б кроў з нас выссаў!» (В. Дунін-Марцінкевіч).
Плаціць (адплаціць) той жа манетай каму. Калька з англ. (to рау a man back in his own coin) ці франц. (rendre à qn la monnaie de sa pièce) м. Адказваць тым самым, такімі ж адносінамі, учынкамі. [Італьянец: ] Гітлераўцы.. не любілі нас, здзекліва звалі «спагецці» — «макароннікі». Мы плацілі ім той жа манетай (У. Краўчанка. Сустрэча ля храма Лорэта).
Утвораны шляхам пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое бытавала ў практыцы грашовых разлікаў.
Плесці кашалі <каму, пра каго, пра што>. Уласнабел. Гаварыць абы-што, выдумваць. Гавары хутчэй, хто такая і куды ідзеш. Толькі пра Заграддзе кашалі не пляці — я там yсіх ведаю (П.Місько. Мора Герадота).
Склаўся на аснове асобнага слова ў выніку адначасовай рэалізацыі двух значэнняў дзеяслова плесці (‘перавіваючы, вырабляць што-н.’ і ‘гаварыць абы-што’) з далейшым дапаўненнем каламбурна выкарыстанага дзеяслова экспрэсіўным дадаткам кашалі.
Плесці лапці. Уласна бел. Гаварыць абы-што, выдумваць. — Базы няма. Напэўна, перабазіравалася ў іншае месца… — Называецца, гарадзілі гарод. Плялі лапці, — прабурчэў Лукашоў (В. Быкаў. Дажыць да світання).
Утвораны ў выніку адначасовай рэалізацыі прамога і пераноснага значэнняў дзеяслова плесці (‘перавіваючы, вырабляць што-н.’ і ‘гаварыць абы-што’) з далейшым дапаўненнем каламбурна выкарыстанага дзеяслова экспрэсіўным дадаткам лапці.
Плоць ад плоці каго, чыёй. Запазыч, з царк. — слав. м. Ужываецца са значэннямі ‘роднае дзіця’ ці ‘плён каго-н., чаго-н.’. Жбан гліняны павіс на плоце — плоць ад вясковай плоці (А. Вярцінскі. Прадмесце).
Крыніца фразеалагізма — тая ж біблейская легенда пра стварэнне Евы з Адамавага рабра, з якой паходзіць фразеалагізм косць ад косці (гл.). I семантыка абодвух фразеалагізмаў аднолькавая.
Плоць і кроў чыя, каго. Відаць, калька з ням. м. (Fleisch und Blut). Ужыв. са значэннямі ‘роднае дзіця (пра кроўную роднасць)’ і ‘спараджэнне, дзецішча каго-, чаго-н. (пра ідэйную роднасць)’. Ян шкадаваў сына не толькі як роднага чалавека — сваю плоць і кроў — але і як работніка, без якога занепадзе гаспадарка (А. Чарнышэвіч. Засценак Малінаўка). Гэтыя недахопы зыходзяць ад вашых таварышаў, ад людзей вашай плоці і крыві (Маладосць. 1958. № 3).
Склаўся на базе семантычна тоесных фразеалагізмаў плоць ад плоці, кроў ад крыві, косць ад косці ў выніку аб’яднання першых кампанентаў двух выразаў. Узнікненне гэтых фразеалагізмаў звязана з біблейскім аповедам пра стварэнне першых людзей на зямлі. Паводле Бібліі, Адам, прачнуўшыся і ўбачыўшы Еву, зробленую з яго рабрыны Богам, сказаў: «Вось гэта косць ад касцей маіх і плоць ад плоці маёй».
Плысці за вадой. Уласна бел. Пасіўнічаць, прыстасоўваючыся да абставін. Магдаліна заўпарцілася. Хопіць плысці за вадой. І заявіла, што здасць усе іспыты (Л. Рублеўская. Пярсцёнак апошняга імператара).
Магчыма, склаўся пад уплывам сінанімічнага фразеалагізма плысці па цячэнні — калькі з ням. ці франц. м. (гл.).
Плысці (плыць) па цячэнні. Калька з ням. (mit den Strom schwimmen) ці франц. (se laisser aller au courant) м. Дзейнічаць пасіўна, вяла, прыстасоўваючыся да абставін, не выказваючы супраціўлення. [Ясевіч] прывык, відаць, абыходзіць вострыя вуглы. I цяпер вось ён не рашаецца пераадолець у сабе гэтай прывычкі, плыве па цячэнні (А. Дзятлаў. Начное неба ў ліпені).
Утвораны на аснове свабоднага словазлучэння, пры пераасэнсаванні якога актуалізацыю атрымала патэнцыяльная сема ‘плысці без асаблівых намаганняў’.
Плысці (плыць) супраць цячэння. Калька з ням. м. (gegen den Strom schwimmen). Дзейнічаць наперакор усяму. «Сярод нас, — гаварыў прадстаўнік Мадагаскара, — існуе група краін, якія плывуць супраць цячэння…» (А. Вярцінскі. Дзве дыпламатыі на паверку).
Узнік шляхам пераасэнсавання свабоднага словазлучэння.
Плячом к плячу (да пляча). Калька з ням. (Schulter an Schulter) або ангп. (shoulder to shoulder) м. Ужыв. са значэннямі: 1) зусім побач, y непасрэднай блізкасці, адзін каля аднаго (ісці, ехаць, стаяць, сядзець і пад.), 2) разам, вельмі дружна, y цесным адзінстве (жыць, працаваць, змагацца і пад.). І мы не забудзем ніколі, суседзі мае, землякі, як роднаму ў хаце пісалі, сядзелі — плячо да пляча (А. Бялевіч. Высокі поўдзень). Нам дружыць патрэбна між сабою і стаяць за мір — плячом к плячу, — сустракаць вас не на полі бою, a на фестывалях я хачу (М. Смагаровіч. Маё выступленне).
1-е значэнне ўзнікла шляхам сінекдахічнага пераносу: па назве часткі называецца цэлае. 2-е ж значэнне развілося на аснове 1-га метафарычным шляхам.