MoreKnig.org

Читать книгу «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» онлайн.

Пажынаць (пажаць) лаўры. Паўкалька з франц. м. (moissonner des lauriers). Карыстацца плёнам поспеху. Насця Федарынчык таксама, напэўна, пажала нямала лаўраў y мясцовых гледачоў (А. Васілевіч. Блізкія знаёмыя).

Паводле грэчаскага міфа, Апалон пакахаў німфу Дафну, але яна не хацела стаць яго жонкай і папрасіла дапамогі ў багоў. Яны ператварылі яе ў лаўровае дрэва. Лаўр стаў свяшчэнным дрэвам Апалона, бога мастацтваў. У Старажытнай Грэцыі ўсталяваўся звычай узнагароджваць лаўровым вянком паэтаў, мастакоў, музыкантаў. Звычай перанялі старажытныя рымляне. Слова лаўр y шмат якіх мовах свету стала ўжывацца з пераносным значэннем як сімвал перамогі, узнагароды. На гэтай аснове ў французаў склаўся фразеалагізм пажаць (пажынаць) лаўры, які перайшоў y многія іншыя мовы.

Пажынаць (пажаць) плады чаго. Агульны для ўсходнесл. м. Карыстацца вынікамі чаго-н. зробленага. Спакусіўшыся працэнтаманіяй, некаторыя школьныя адміністратары пажынаюць зараз тады «майстэрства», далёкага ад педагогікі (В.Вітка. Азбука душы).

Утвораны на аснове фразеалагізма пажынаць лаўры (гл.) — паўкалькі з франц. м.; абодва выразы ўжываюцца з тоесным значэннем.

Па завязку. Гл. па <самую> завязку.

Пазнацца на фарбаваных лісах. Агульны для бел., польск. (poznać się na farbowanych lisach), укр. (пізнатися на фарбованих лисах) м. Адчуць на сабе чые-н. хітрыкі, падман. Не кідайце ж вялікіх абманных лозунгаў аб сваіх заходніх ці ўсходніх пяршынствах. На хварбаваных лісах даўно ўжо людзі пазналіся (Я. Купала. Торжышча).

У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз. У І.Франко ёсць казка «Фарбоваий Лис», дзе гаворыцца, як звычайны ліс «Микита», падфарбаваўшыся, выдаваў сябе за цара звяроў, пакуль звяры не выявілі яго хітрыкі і не разарвалі падманшчыка. Параўн. y «Беларускай фразеалогіі» Ф. Янкоўскага (1968, с. 216): ліса фарбаваць — ‘быць няшчырым, выкручвацца хітруючы’.

Пайсці ва-банк. Гл, ісці (пайсці) ва-банк.

Пайсці да Абрама на піва. Гл. адправіцца (пайсці, паехаць) да Абрама на піва.

Пайсці на вудачку чыю, каго. Гл. ісці (пайсці) на вудачку чыю, каго.

Пайсці па лініі найменшага супраціўлення. Гл. ісці (пайсці) па лініі найменшага супраціўлення.

Пайсці рукой. Гл. рукой пайсці.

Пайсці ўгору. Гл. ісці (пайсці) угору (угару).

Пайсці ў Каносу. Гл. ісці (пайсці) y Каносу.

Пайсці ў рожкі з кім. Гл. y рожкі пайсці (узяцца) з кім.

Пайшла пісаць губерня. Запазыч. з руск. м. Выкарыстоўваецца з іранічнай афарбоўкай, калі кажуць пра інтэнсіўнае разгортванне якіх-н. дзеянняў, пра пачатак перапалоху, розных плётак і г.д. Дубенскі павятовы спраўнік Рамешка.. нагнаў А. Незабытоўскага.. і загадаў вярнуцца ў Пінск, дзе здаў яго пад арышт мясцоваму гараднічаму. Пайшла пісаць губерня! (С. Александровіч. Вальнадумца з-пад Нясвіжа Аляксандр Незабытоўскі).

Крылаты выраз з паэмы М. В. Гогаля «Мёртвыя душы». Назіраючы на балі ў губернатара, як дамы і чыноўнікі падняліся і панесліся ў хуткім танцы, Чычыкаў усклікнуў: «Вона! пошла писать губерния!» Выраз утварыўся далучэннем слова губерня да фразеалагізма пайшла пісаць, які і сёння ўжываецца ва ўсходнесл. мовах. Сэнсава і стылістычна гэтыя фразеалагізмы не адрозніваюцца, і тое, што першародны (пайшла пісаць) не знікае, вытлумачваецца яго большай магчымасцю спалучацца са словамі і здольнасцю першага кампанента ўтвараць формы роду і ліку (пайшла, пайшло, пайшлі пісаць): [Цёця Каця: ] Ці праўда гэта, Аляксандр Пятровіч, што пра нашага Чарнавуса гавораць?.. [Гарлахвацкі:] Каб я што і ведаў, дык вам бы не сказаў. Пра гэта гаварыць няможна. [Цёця Каця: ] Ага! Дык такі праўда. (Выходзіць.) [Гарлахвацкі (адзін):]. Пайшло пісаць! (К. Крапіва. Хто смяецца апошнім).

Паказаць дзе ракі зімуюць каму. Агульны для ўсходнесл., польск. і балг. м, Правучыць, жорстка пакараць кагосьці. Вось папрашу, каб ён паказаў табе дзе ракі зімуюць (І.Шамякін. Крыніцы).

Пра паходжанне гэтага выразу ёсць некалькі здагадак. Мяркуюць, напрыклад, што яго ўзнікненне звязана з прыгонным часам, калі паны змушалі сялян лезці зімой у халодную ваду і даставаць ракаў з нораў, дзе яны зімуюць. Думаецца, няма патрэбы ставіць этымалогію гэтага выразу ў сувязь з пэўнымі з’явамі, падзеямі і рабіць яе загадкавай. Дзе зімуюць ракі — гэта, хутчэй за ўсё, дасціпны дадатак да дзеяслова паказаць, адно са значэнняў якога — ‘правучыць, адпомсціць’ (напрыклад: «Я табе пакажу!..»). Такіх пагрозлівых формул, што пачынаюцца дзеясловам паказаць, y мове шмат: «Я яму сёння даў! Я яму паказаў, дзе камар мухі пасе!» (Я. Брыль); «Эх, каб сюды сотні са дзве рудабельцаў, пушак ды снарадаў хоць трохі, яны б ворагу паказалі, адкуль ногі растуць» (С. Грахоўскі).

Паказаць пачым фунт ліха каму. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. показать почем фунт лиха, укр. показати почаму ківш (пуд, фунт) лиха). Жорстка пакараць, правучыць каго-н., каб непавадна было. Ну, даведацца б мне толькі, хто гэта зрабіў! Я яму паказаў бы пачым фунт ліха! (Я. Васілёнак. Сартавальная горка).

Утварыўся ў выніку далучэння да фразеалагізма пачым фунт ліха (гл.) дзеяслоўнага кампанента паказаць, які сэнсава суадносіцца (але нe супадае!) з перыферыйным зкачэннем дзеяслова паказаць (‘адпомсціць каму-н., правучыць каго-н.’). Дарэчы, аналагічную ролю выконвае слова-кампанент і пры ўтварэнні яшчэ двух фразеалагізмаў, структурна арганізаваных па схеме: паказаць + фразеалагізм, які бытуе самастойна (дзе ракі зімуюць, адкуль ногі растуць).

Паказваць (выстаўляць) дулю (фігу, кукіш) каму; паказаць (выставіць) дулю (фігу, кукіш) каму. Паўкалька з ням. м. (die Feigen weisen літаральна «фігу паказаць»). Рашуча і з насмешкай адмаўляць у чым-н., нічога не даваць каму-н. Вітэ нам дакляравау — помніце? — свабоду. Потым фігу паказаў «вернаму» народу (Я. Колас. Канстытуцыя).

Выраз метанімічнага паходжання, звязаны з адпаведным жэстам. Параўн.: «Падвучаны маткаю [Піліпка] часта ўсяляк гаварыў на Зосю ды фігу соваў ледзь не пад самы нос» (К. Крапіва).

Паказваць (паказаць) дулю (фігу, кукіш) y кішэні. Агульны для бел. і руск. (показывать кукиш в кармане) м.; параўн. y І.Насовіча: кукіш у кішэні даў. Спадцішка пагражаць каму-н., асуджаць каго-н. A мы з вамі, Рагнеда Іванаўна, любім іншы раз прамаўчаць. Калі нам выгадна прамаўчаць… I кукіш y кішэні паказваем… (М. Матукоўскі. Амністыя).

Узнікненне выразу ставяць у сувязь з нямецкім фразеалагізмам machen eine Faust in der Tasche (літаральна «паказаць кулак y кішэні»).

Паказваць (паказаць) зубы каму. Агульны для ўсходнесл. м. Выяўляць непрыязнасць, варожасць да каго-н., гатоўнасць даць адпор. [Мікод: ] Мусіць, забыўся ён ужо на пяты год, дык мы яму прыпомнім, мы яму пакажам зубы, калі на тое пойдзе (П. Галавач. Праз гады).

Склаўся як метафара, узятая з жывёльнага свету. Параўн.: «Ваўчанё… наровіла выбавіцца, круціла мордачкай, скалілася. — Малое, a ўжо — бач ты яго! — зубы паказвае — сказана, воўчае адроддзе» (А. Масарэнка. Юлік, айчым і ваўчанё).

Паказваць (паказаць) кіпцюры (кіпці) каму. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. показывать когти, укр. показувати кіпті). Выяўляць непрыязнасць, варожасць да каго-н., гатоўнасць даць адпор. Галена ліхаманкава захадзіла па пакоі: дык вось чаму Мальвіна то такая ліслівая, што хоць да раны яе прыкладай, то кіпці паказвае (А. Мальдзіс. Восень пасярод вясны).

Узнік y выніку пераносу на чалавека дзеянняў і ўласцівасцей птушак ці некаторых жывёл.

Паказваць (паказаць) на дзверы каму. Калька з франц. м. (montrer la porte). Прапаноўваць каму-н. выйсці; выганяць каго-н. — Яніс, я буду вымушана паказаць вам на дзверы. — A я не пайду. — Пабачым (У. Караткевіч. Нельга забыць).

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code