MoreKnig.org

Читать книгу «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» онлайн.

Падняць на шчыт каго, што. Гл. узняць (падняць) на шчыт каго, што.

Падпілоўваць (падпілаваць) рогі каму. Уласна бел. Уціхамірваць, утаймоўваць, рабіць больш памяркоўным каго-н., прымушаць пакарыцца. Я стаяў у парозе і думаў: позна вучыць чалавека ў такія гады, позна яму і падпілоўваць рогі (М. Гроднеў. Радня).

Узнік y выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое ўжываецца ў дачыненні да быка, калі ён становіцца небяспечны для статка і ўзнікае патрэба ўтаймаваць яго.

Падпісвацца (падпісацца) абедзвюма рукамі пад чым. Агульны для ўсходнесл. м. Ахвотна і поўнасцю згаджацца з чым-н. Прыгнёт ненавідзіць [Мікола Браніборскі], сялян тады вызваліць сам прапанаваў, абедзвюма рукамі падпісаўся пад Раткевічавай запіскай (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім).

Утвораны па аналогіі з ужо існуючым фразеалагізмам хапацца абедзвюма рукамі за што (гл.). У аснове фразеалагізма — гіпербалізаваны вобраз.

Падразаць (падрэзаць) крылы (крылле) каму. Калька з франц. м. (couper les ailes). Перашкаджаць каму-н. шырока разгарнуць сваю дзейнасць, праявіць свае сілы, здольнасці. Каторы рабіць не лянуецца, то і тут жыве… Вайна толькі цяпер крылы падрэзала (М. Лобан. На парозе будучыні).

Выраз усведамляецца як разгорнутая метафара праз супастаўленне з птушкамі, якім па пэўных прычынах падразаюць крылы.

Пад рукой. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘у чыёй-н. уладзе (быць)’, 'каля сябе, так блізка, што можна лёгка дастаць, выкарыстаць’ і ‘вельмі блізка, недалёка, побач’. Ведаў [Арсень] адно: ён на фронце, пад яго рукой за чатыры дзесяткі байцоў (Т. Хадкевіч. Песня Дзвіны). Дуга была тут недалёка — ляжала тут жа пад рукою (Я. Колас. Новая зямля). [Янка] міжвольна ўсе свае няўдачы зварочваў на таго, хто быў пад рукою (У. Дамашэвіч. Ключ ад шчасця).

Першае значэнне фразеалагізма мае сувязь са старажытным атаясамліваннем рукі з фізічнай сілай і ўладай над чым- ці кім-н. Фразеалагізм у гэтым значэнні ўжываўся ўжо ў XIV ст. — y Лаўрэнцьеўскім летапісе: «Иже послани отъ Олга, великаго князя Рускаго, a отъ всъх иже суть под рукою его светлых бояр».

Пад спудам. Усходнесл. Без выкарыстання, ужывання, прымянення; y забыцці (трымаць, заставацца, знаходзіцца). Недзе ж пляснее ў скрынях пад спудам хараство — узоры слуцкай зямлі (А. Калачынскі. Хлопец з нашага сяла).

Выраз сустракаецца яшчэ ў «Астраміравым евангеллі» (1057): «Ни въжагають светильника и поставляють его под спудьмъ, нъ на свещьнице». Амаль тое самае і ў царкоўнаславянскім тэксце Евангелля (Лука, 6, 14): «Запаліўшы свечку, не ставяць яе пад спудам, a на падсвечнік». Гістарызм спуд — мерка вадкіх і сыпкіх цел, напрыклад: «…было ячменя яко два спуды, которые принесла и указала свекрови свое» (М. Бельскі. Хроніка ўсяго свету). Слова спуд ужывалася і са значэннем ‘тайнік’.

Пад сукном. Агульны для ўсходнесл. м. Без прасоўвання, без руху наперад, без разгляду (трымаць, знаходзіцца і пад.). Няхай бы ўжо такую змрочную паперчыну прафсаюзныя лідэры пад сукном дзе трымалі, давалі ёй ход толькі пры неабходнасці (А. Масарэнка. Баргузінскае лета).

Вытворны ад дзеяслоўнага фразеалагізма ляжаць пад сукном (гл.).

Пад сурдзінку. Агульны для ўсходнесл. м. Абазначае ‘ціха, прыглушана’ і ‘тайком, цішком, употай’. Верабей стаяў перад сходам і гаварыў пад сурдзінку — Якія ж вы дзіўныя… (П. Пестрак. Серадзі-бор). У іншых школах мо і лепей, а ў нашай музыка занядбала: Юльчын тата прыглушыў яе, пад сурдзінку грошы калыміць і ў вус не дзьме (Л. Левановіч. Якар надзеі).

Першапачатковая сфера ўжывання выразу — мова музыкантаў, y якой словамі сурдзіна і сурдзінка называюць прыстасаванне (у выглядзе грабеньчыка з расшчэпленымі зубамі), што надзяваецца на падстаўку смычковага інструмента, каб аслабіць, прыглушыць яго гук. Фразеалагізм пад сурдзінку ўзнік на аснове французскага a la courdine з выкарыстаннем замест сурдзіна слова сурдзінка, агульнага для ўсходнесл. м., утворанага ад запазычанага сурдзіна далучэннем суфікса — к-.

Падтуліць хвост. Гл. хвост падтуліць (падціснуць).

Падцісканне хваста. Уласна бел. Залішняя асцярожнасць, страта самаўпэўненасці. Людзям сапраўды патрэбен мір. Але ж не схаваўшыся пад зямлёю здабываць яго — не скавытаннем, не падцісканнем хваста ў хвіліну небяспекі, a смелым, разумным і сумленным дзеяннем (Я. Радкевіч. У Агароднікі па песні).

Назоўнікавы фразеалагізм, вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага падціскаць хвост.

Падціснуць хвост. Гл. хвост падтуліць (падціснуць).

Пад шафэ. Відаць, запазыч. з руск. м. У стане ап’янення. Канечне, Масальскі быў пад шафэ. Ён у новенькім трыковым гарнітуры, лакавых новых туфлях (В. Хомчанка. Пры апазнанні — затрымаць).

У руск. м. выраз склаўся па аналогіі з ужо існуючымі, сэнсава блізкімі фразеалагізмамі пад газам, пад мухай, пад чаркай. Структурная схема фразеалагічнай мадэлі «пад + назоўнік» запоўнена запазычаным з франц. м. дзеепрыметнікам chauffé ‘нагрэты алкаголем’.

Падымацца з каленяў. Гл. уставаць (падымацца, паднімацца) з каленяў.

Падымаць (падняць) голас. Агульны для ўсходнесл. м. Рашуча выказваць сваю думку, выступаць. Досыць было мне трошку падняць голас, як адзін з іх, мусіць, загадчык ці старшы майстар, унтэр з нашыўкамі, схапіў мяне за локаць і выпіхнуў на вуліцу (М. Гарэцкі. Віленскія камунары).

Выраз з агульным аналітычным значэнкем. Абодва кампаненты семантычна суадносяцца з прыватнымі значэннямі адпаведных слоў: кампанент падымаць — са значэннем ‘выклікаць паяўленне чаго-н.’, голас — са значэннем ‘меркаванне, выказванне’.

Падымаць (падняць; узнімаць, узняць) галаву (галовы). Відаць, калька з франц. м. (lever la tête). Адчуўшы ўпэўненасць, станавіцца смелым, пачынаць актыўна дзейнічаць. Як прыйшлі былі палякі, Скуратовіч падняў галаву (К. Чорны. Трэцяе пакаленне).

Фразеалагізм успрымаецца як матываваны, з жывой унутранай формай.

Па дыяганалі. Паўкалька з франц. м. (en diagonale). Няўважліва, павярхоўна (чытаць). І тут жа [Шура] успомніў, што даўно збіраўся зайсці ў бібліятэку, узяцца і па-сапраўднаму перачытаць класіку, не так, як студэнтам — па дыяганалі (А. Жук. Такая восень).

Пад эгідай чыёй, каго, чаго. Відаць, паўкалька з франц. м. (sous l’egide). Пад прыкрыццем каго-, чаго-н., пад чыёй-н. аховай, заступніцтвам ці кіраўніцтвам (рабіць што-н.). Пад эгідай іх [выставак] актыўна дзейнічаюць гіды і эксперты ЦРУ (С. Паўлаў: Рак).

У франц. м. выраз склаўся на аснове грэчаскага слова эгіс (aigis, y род. скл. aigidos), якім называлі шчыт бога Зеўса ў старагрэчаскай міфалогіі.

Паехаць да Абрама на піва. Гл. адправіцца (пайсці, паехаць) да Абрама на піва.

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code