MoreKnig.org

Читать книгу «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» онлайн.

Складвалася ўражанне… што некаторых «апазіцыянераў» больш хвалюе падзел скуры незабітага мядзведзя (Ю. Хадыка. Што далей?).

Утвораны на аснове суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма дзялиць скуру незабітага мядзведзя (гл.).

Падзенне акцый каго, чаго. Агульны для ўсходнесл. м. Зніжэнне ўплыву, значэння каго-, чаго-н. Наменклатуршчыкі не маглі не зафіксаваць падзенне акцый палітыкі прэзідэнта (Нар. воля. 29.10.2000).

Узнік унутрыфразеалагічным спосабам на аснове несуадноснага выразу акцыі падаюць (чые, каго) — паўкалькі з франц. м. (гл.).

Падкаваць блыху. Запазыч. з руск. м. Паказаць, праявіць надзвычайную вынаходлівасць у якой-н. справе. [Аляксей] падышоў, моўчкі прысеў ля прыбора. Клімчанка запытаў: — Падкуём, Лёша, гэтую блыху? (М. Гроднеў. Сонечны вецер).

Выраз з апавядання М. С. Ляскова «Ляўша» (1881), дзе расказваецца, як тульскі майстар Ляўша змог падкаваць маленькую металічную блыху, якую англічане падарылі рускаму цару, каб паказаць сваё адмысловае ўменне.

Пад канём быць, аказвацца і пад. Агульны для ўсходнесл. м. У непрыемнай сітуацыі, y нявыгадным становішчы. За свой век я на многае наглядзеўся, многае пабачыў Быў; як кажуць, на кані і пад канём. Больш, канечне, пад канём… (Б. Сачанка. Памяць).

Параўнальна нядаўняе ўтварэнне, «абломак» фразеалагізма на кані і пад канём ‘у самых разнастайных, прыемных і непрыемных сітуацыях (быць і пад.)’. У «Зборніку беларускіх прыказак» І.І.Насовіча выраз фіксуецца ў форме быў на кані і пад канём.

Пад каўпаком каго, y каго. Запазыч. з руск. м. (под колпаком). У поўнай залежнасці ад каго-н. (знаходзіцца, быць, жыць і пад.). Скора я буду браць вашага рэзідэнта, пачакаю толькі, пакуль управіцца, a таму не ўздумайце мне перашкодзіць — вы ў мяне пад каўпаком (М. Кусянкоў. Чага).

Выраз з тэлефільма «Семнаццаць імгненняў вясны», знятага па аднайменным рамане Ю. Сямёнава. Будучы маўленчай характарыстыкай аднаго з персанажаў рамана — гестапаўца Мюлера, выраз з’яўляецца недакладнай калькай з ням. м. (unter jemandes Hut sein ‘быць пад чыёй-н. аховай’). Пры калькаванні фразеалагізма стварылася каламбурная двухпланавасць, бо ў ням. м. ёсць два амонімы: Hut1 — ‘капялюш’, a таксама ў тэхнічным ужыванні ‘каўпак’ і Hut2 — ‘абарона, ахова’.

Падкласці свінню каму Гл. падлажыць (падкласці) свінню каму.

Падлажыць (падкласці) свінню каму. Агульны для ўсходнесл. м. Цішком падстроіць непрыемнасць, подласць. Ічаму раптам інспектар патрабуе пасведчанне якраз y той час, калі настаўнік y споведзі не быў?.. Эгэ! Ды гэта пісар Васількевіч падлажыў яму такую свінню! (Я. Колас. На ростанях).

У многіх рускіх крыніцах этымалогію гэтага выразу звязваюць з даўнейшым ваенным тэрмінам свіння — ‘строй клінам для прарыву варожай абароны’. Аднак фразеалагічнае значэнне ‘цішком падстроіць каму-н. подласць’ не мае ніякай сувязі з названай «свіннёй». Яно склалася як метафарычнае ў адносінах да прамога значэння свабоднага словазлучэння. Даўней татары і іншыя магаметане не елі свініны, і калі хто-небудзь за сталом падкладваў ім свінню (свіное мяса), то гэта было для іх вялікай непрыемнасцю.

Падліванне масла ў агонь. Агульны для ўсходнесл. м. Абвастрэнне непрыязных адносін паміж кім-н. Ніякіх аргументаў ён [Іван Пятровіч] знаць не знае і не слухае, наадварот, гэта толькі — падліванне масла ў агонь (Я. Колас. У глыбі Палесся).

Паходзіць з суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма падліваць маслаў агонь (гл.), адно са значэнняў якога — ‘абвастраць непрыязныя адносіны паміж кім-н., узмацняць якія-н. пачуцці, настрой і пад.’.

Падліваць (падліць) масла ў агонь. Калька з франц. м. (verser l’huile sur le feu). Ужыв. ca значэннямі ‘абвастраць непрыязныя адносіны паміж кім-н.’ і ‘выклікаць, павышаць цікавасць да чаго-н.’. Яго [Башлыкова] пагроза падліла масла ў агонь. — Засудзіце? За нашае ж добрае? — Арыштуеце! За што? (І.Мележ. Завеі, снежань). Дзед уважліва ўглядаецца ў акно, каб не прапусціць часам свой прыпынах. A вясёлы хлопец падлівае масла ў агонь, выдумляе ўсё пра балота ды камароў (Л. Прокша. Дзе ж тыя камары?).

Магчыма, склаўся пад уплывам лац. oleum addere сатіпо (літаральна «падліваць масла ў печ»). Фразеалагізм з празрыстай унутранай формай.

Падліваць смалы ў агонь. Уласна бел. Абвастраць непрыязныя адносіны паміж кім-н., узмацняць якія-н. пачуцці, настрой і пад. У нас на Беларусі і так, дзякаваць богу і добрым людзям, бяды і гора ўсякага хоць гаць гаці, дык нашто яшчэ падліваць смалы ў агонь? (Я. Купала. Вера і незалежнасць).

Утвораны на базе сінанімічнага фразеалагізма падліваць масла ў агонь — калькі з франц. м. (гл.).

Падмінаць (падмяць) пад сябе каго, што. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі ‘поўнасцю падпарадкоўваць сваёй волі’ і ‘сілай авалодваць чым-н. (часцей пра ўладу)’. Спярша ён прыкінуўся ціхмянай, бяскрыўднай авечкай, неўзабаве ж увайшоў у сілу, паказаў зубы, падмяў пад сябе: паспрабуй толькі не дагадзі — адразу ж звольніць (Маладосць. 2001. № 6). Страшная татарская навала падмяла пад сябе рускія гарады, але нас яна не зачапіла (В.Іпатава. Вяшчун Гедзіміна).

Узнік y выніку асацыяцыі па падабенстве з некаторымі жывёламі, якія сваю ахвяру падмінаюць пад сябе. Параўн.: «Апошніх трох ахвотнікаў мядзведзь згроб у ахапак і падмяў пад сябе» (Я. Конеў).

Пад мухай. Агульны для ўсходнесл. і польск. (pod muchą) м. Падпіўшы. Аднойчы дзядзька Захара вярнуўся з мястэчка пад мухай, але не ноччу і не зімой, і я тады бачыў і чуў цераз плот незаўважна, як ён сустрэўся з Канісам каля будкі (Я. Брыль. Ніжнія Байдуны).

Узнікненне фразеалагізма звязана з карцёжнай гульнёй у муху. Паводле В. У.Вінаградава, спачатку склаўся ў жаргонна-прафесійным асяроддзі карцёжнікаў і ваенных фразеалагізм забіць муху—‘выпіць віна’, a затым на яго аснове азначальны выраз з мухай. Апошні першапачаткова абазначаў ‘з выйгрышам, з перамогай пры гульні ў муху’, a пасля стаў характарызаваць стан нецвярозага чалавека. Пазней на базе выразу з мухай складваецца фразеалагізм пад мухай, мадэллю для якога маглі паслужыць аналагічныя ўтварэнні тыпу пад чаркай.

Паднімаць сцяг чаго, чый. Гл. узнімаць (узняць; паднімаць, падняць) сцяг чаго, чый.

Падножны корм. Агульны для ўсходнесл. м. Сродкі існавання, здабытыя дзе прыйдзецца і як папала. — Бачу, брат, на падножным корме сядзіш. — Беркут глянуў на кошык з грыбамі і крывенька ўсміхнуўся. — Так доўга ногі не працягнеш! (В. Жуковіч. Кволы).

Выток фразеалагізма — сялянскі быт. Першапачаткова так называлі няскошаную траву, корм, які свойская жывёла сама знаходзіць пад нагамі.

Падняць галаву. Гл. падымаць (падняць; узнімаць, узняць) галаву.

Падняць голас. Гл. падымаць (падняць) голас.

Падняць на крыло каго. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі ‘змусіць узляцець, паляцець, аддяцець (пра птушак)’ і ‘вырасціць, выхаваць, давёўшы да самастойнасці’. Адшчыраваў пчаліным звонам ліпень, і жнівень вырай на крыло падняў… (С. Законнікаў. Адшчыраваў пчаліным звонам…). Палессе для В. Казько і яго персанажаў — гэта не проста куточак, дзе яны нарадзіліся, паднялі на крыло дзяцей (Полымя. 1999. № 2).

Выраз «птушынага паходжання». Склаўся шляхам мадэліравання — на ўзор фразеалагізма падняць на ногі (каго), адно са значэнняў якога тоеснае з 2-м значэннем выразу падняць на крыло (каго).

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code