Ад зямлі не адрос. Уласна бел. (параўн.: руск. от земли не видать, укр. від землі не видно, чэшск. u zemё аnі vіdёt, польск. lеdwіе оdrosl оd ziеmі). Вельмі нізкага росту, малы. — А што, паночку, бачылі? — кінуў услед Даніку Палуян. — I шапкі скінуць не хоча! Ад зямлі яшчэ не адрос, а ўжо, глядзіце, бальшавік!.. (Я. Брыль. Сірочы хлеб).
Узнік праз супастаўленне з раслінай, засноўваецца на літоце (знарочыстым прымяншэнні).
Ад коркі да коркі. Запазыч. з руск. м. Цалкам, поўнасцю, нічога не прапускаючы (чытаць, прачытаць, вывучыць і пад.). Прачытаў ад коркі да коркі і зараз шкадую: чаму паспяшаўся (М. Лужанін. Руплівай душы камуніст).
Узнікненне фразеалагізма звязана з даўнейшым спосабам пераплятання кніг: іх вокладкі рабіліся з дошак, абцягнутых скурай або тканінай. Таму першапачаткова прачытаць ад коркі да коркі абазначала ‘прачытаць ад вокладкі да вокладкі’.
Адкрываць (адкрыць) Амерыку. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘знаходзіць, выяўляць што-н. зусім новае, невядомае’ і ‘гаварыць, аб’яўляць пра даўно ўсім вядомае’. Не адкрыю Амерыку, калі скажу, што для нармальнага, гарманічнага развіцгрі школьніка патрабуецца мінімум пяць гадзін заняткаў фізічнай культурай у тыдзень (Настаўн. Газ. 6.01.1988). —Каб жа ты ведаў, колькі там нашага брата, працоўнага бедняка! — Безумоўна, больш і значна больш, як розных паноў і падпанкаў. Амерыку адкрыў. Думаеш, я не ведаю? (М. Машара. Ішоў дваццаты год).
Утварыўся ў выніку метафарызацыі адпаведнага свабоднага словазлучэння, звязанага з адкрыццём Амерыкі (1492), што здзейсніў Хрыстафор Калумб, які, адправіўшыся ў пошуках прамога марскога шляху ў Індыю, прычаліў да берагоў невядомай тады Амерыкі. Другое, супрацьлеглае значэнне развілося ў фразеалагізме ў выніку іранічнага асэнсавання той жа з’явы (з падтэкстам «ужо даўно адкрытую»).
Дзень (дні) адкрытых дзвярэй. Агульны для ўсходнесл. і польск. (dzień оtwartych drzwie) м. (Дзень, дні) вольнага доступу ў навучальную ўстанову ці на прадпрыемства (каб азнаёміцца з іх профілем). Сталі традыцыйнымі дні адкрытых дзвярэй, калі бацькам паказваюць усё, пачынаючы з кухні і канчаючы пакоямі (Настаўн. газ. 30.11.1984).
Утвораны на аснове фразеалагізмаў адкрываць (адчыняць) дзверы (каму, чаму куды) і дзверы адкрыты (адчынены) (каму, для каго, перад кім).
Адкрыццё Амерыкі. Агульны для ўсходнесл. м. Вынаходніцтва, выяўленне чаго-н. новага. А што тычыцца імперскай мовы, то і гэтае сцвярджэнне не адкрыццё Амерыкі Нобелеўскі лаўрэат І. Бродскі пісаў, што «мова — рэч імперская» (А. Вальфсон. Нецярпімасць па-ялугінску).
Назоўнікавае ўтварэнне ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма адкрыць Амерыку (гл.), адно са значэнняў якога — ‘знаходзіць, выяўляць што-н. зусім новае’.
Адкрыць Амерыку. Гл. адкрываць (адкрыць) Амерыку.
Адкрыць карты каму. Гл. раскрыць (адкрыць) карты каму.
Ад мала да вяліка. Паўкалька з царк. — слав. м. (отъ мала до велика). Абсалютна (усе), без выключэння, незалежна ад узросту. Усе ад мала да вяліка падзей чакалі ў Петрушах (Я. Колас. Рыбакова хата).
3 такім жа значэннем упершыню ўжыта ў Бібліі (Кніга прарока Іерэміі). Мала, вяліка — форма род. скл. адз. л. кароткага прыметніка.
Ад малога да вялікага. Агульны для бел. і ўкр. (від малого до великого) м. Абсалютна (усе), без выключэння, незалежна ад узросту. Поп прыехаў у позняе снеданне, калі вёска ўся ад малога да вялікага сабралася да клуба (Б. Сачанка. Вялікі Лес).
Утвораны на аснове фразеалагізма ад мала да вяліка (гл.) — паўкалькі з царк. — слав. м.
Адмыкаць адамкнёныя (адчыненыя) дзверы. Уласна бел. Настойліва даказваць, сцвярджаць тое, што даўно ўсім вядома і не выклікае пярэчанняў. Не варта ламаць коп'і, адмыкаць адчыненыя дзверы ні абаронцам роднай мовы, ні яе праціўнікам — трэба і тым і другім часцей і ўважлівей чытаць класікаў… (Б. Сачанка. Край, дзе жывём).
Выраз з рамана К. Чорнага «Сястра» (1927), утвораны, відаць, на ўзор сэнсава тоеснага фразеалагізма ламаццаў адчыненыя дзверы — калькі з франц. м. (ш.) — і ўжыты ў такім урыўку: «— А ты сам падумай, што гэта значыць. — Нашто думаць. Тут няма чаго і думаць — нашто адмыкаць адамкнёныя дзверы…».
<Адна> скура ды косці. Калька з лац. м. (реllіs tоtus еst). Вельмі худы, змарнелы. «Андрэй здорава падупаў, адна скура ды косці, — адзначыў сабе Лукаш. — Цяжка яму на гэтай нішчымніцы. Голас ледзь адцягвае» (М. Лобан. Шэметы).
Фразеалагізм з аналагічнай вобразнасцю, значэннем і граматычнай структурай ёсць у вельмі многіх мовах (славянскіх, франц., англ., ням., італ., румынскай, малдоўскай, нарвежскай, венгерскай і інш.). Відаць, ён пранік у гэтыя мовы як калька з камедыі «Гаршчок» рымскага камедыёграфа Плаўта (III–II ст. да н. э.).
<Адна> шайка-лейка. Запазыч. з руск. м. Група людзей, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі ці паводзінамі, учынкамі. — Ты скажы, дзе хаваецца твой Рыгор?.. — Я за Рыгорам не хаджу: дзе ён — я не ведаю. — Брэшаш! Вы адна шайка-лейка, — і бандыт перацягнуў Таццяну тоўстым гарапнікам (Я. Нёманскі. Маці).
Кампанент шайка тут сэнсаўтваральны, ён суадносіцца з абодвума значэннямі слова шайка — ‘банда’ і ‘хеўра’, дарэчы, запазычанага з латышскай м.: saika — ‘шмат народу’. У руск. м. ёсць два амонімы: шайка1 — ‘банда’, шайка2 —‘ражка, пасудзіна для вады’ Фразеалагізм утвораны каламбурным шляхам, аб’яднаннем слова шайка1 (‘банда, хеўра’) са словам лейка (‘чарпак для вады’), якое належыць да той жа семантычнай групы, што і слова шайка2 (‘пасудзіна для вады’).
Адным махам семярых забіяхам. Паўкалька з руск. м. (одним (единым) махом семерых убивахом). Меркаваць пра каго- ці што-н. зусім аднолькава, не ўлічваючы індывідуальных асаблівасцей. Нельга на адзін аршын мераць — «адным махам семярых забіяхам», — і ўсіх рэдактараў, якіяў большасці таксама пісьменнікі, ды і ўсіх пісьменнікаў… (Б. Сачанка. Ведаць мінулае, заглядваць у будучыню).
Лічаць, што выраз склаўся пад уплывам спалучэння адным ударам семярых з казкі братоў Грым «Храбры кравец» (1814), дзе кравец адным махам забівае сем мух. Магчыма, выраз узнік у асяроддзі семінарыстаў, якія для рыфмоўкі скарысталі старажытную форму 1-й асобы мн. л. забіяхам (мы забіваем). Выраз фіксуецца ў беларускіх крыніцах, праўда, у крыху іншай форме: адным махам сем сот душ забіяхам (І. Насовіч); адным махам сто забівахам (М. Федароўскі); адным махам сем мух забіяхам (Ф. Янкоўскі).
Адным мірам мазаны. Агульны для ўсходнесл. м. Вельмі падобныя адзін на аднаго ў якіх-н. адносінах, з аднолькавымі недахопамі. — Адным мірам мазаны, — нібы ўгадаўшы Петрусёвы думкі, заўважыла бабка Саклюта, — што гультай, што лодар, тое самае і прагульшчык (А. Кулакоўскі. Першы малюнак).
У складзе фразеалагізма ёсць цяпер ужо забытае царкоўнае слова міра, якое абазначала духмяны алей для хрысціянскага абраду памазання. У час хрышчэння, перад смерцю, пры каранацыі цароў і ў некаторых іншых выпадках рабілі крыжападобнае мазанне мірам.
<Адны> скура ды косці засталіся на кім, у каго, ад каго. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. вельмі схуднеў. Ніхто не пазнаваў яго — скура ды косці засталіся на хлопцы (В. Праскураў. Зялёная рапсодыя).
Склаўся ў выніку пашырэння кампанентнага складу фразеалагізма <адна> скура ды косці (Гл.), атрымаўшы структуру двухсастаўнага сказа, іншую спалучальнасць са словамі кантэксту і адпаведна іншы сэнс.
Ад печы (ад печкі). Агульны для ўсходнесл. м. 3 самага простага, з самага пачатку (пачынаць рабіць што-н.). [Навіцкі:] Дзяніс Іванавіч, давайце не будзем забягаць наперад, а пачнём, як кажуць, ад печы. [Размысловіч: ] Разумею, Георгій Максімавіч… Можна і ад печы, так сказаць (А. Петрашкевіч. Трывога).
Утвораны на аснове фразеалагізма танцаваць ад печы (ад печкі) (Гл.) у выніку ўсячэння дзеяслоўнага кампанента. Адарваўшыся ад кампанента танцавацьу выраз стаў спалучацца з іншымі дзеясловамі поўнага лексічнага значэння (найчасцей з дзеясловам пачынаць).