MoreKnig.org

Читать книгу «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» онлайн.

Ні ў кола ні ў мяла. Уласна бел. Няўмелы, няздатны чалавек. Людзі і па-людску жыць хочуць. Што яны, цётачка, вінаваты, што старшыні ні ў кола ні ў мяла?.. (М. Клебановіч. Заручыны).

І.Насовіч тлумачыць гэты выраз так: «кажуць з прыкрасцю пра такога чалавека, які ў сям’і мала здатны да гаспадарчых работ». У абагульненым сэнсе гэта выказваецца праз назоўнікавыя кампаненты, якія (на ўзроўні слоў) даўней, паводле «Слоўніка…» І.Насовіча, абазначалі: кола — ‘млынавое кола’, a мяла — ‘мяліца, мялка, на якой лён або пяньку мнуць’.

Ні ўцяць ні ўзяць. Уласна бел. Абсалютна нічога (няма есці). Ты ж ажэнішся ды будзе ўсяго ставаць, дык і прывыкнеш і палюбіш, a як не будзе ні ўцяць ні ўзяць, дык любошчы твае пойдуць марна… (К. Крапіва. Каровін мужык).

Значэнне кампанента ўцяць y зыходным спалучэнні — ‘адрэзаць’. Вобразнасць рыфмаванага фразеалагізма асэнсоўваецца як ‘ні адрэзаць чаго-н., каб з’есці, ні ўзяць з сабой’.

Ні цэ ні бэ. Уласна бел. Зусім нічога (не ведадь, не разумець). Смяхоцце з чалавека! Не ведае, як той казаў, ні цэ ні бэ, a на каралеўства прэ! (С. Баранавых. Межы).

Утвораны па аналогіі з ужо існуючым, сэнсава тоесным фразеалагізмам ні бэ ні мэ <ні кукарэку> з запаўненнем структурнай схемы назвамі трэцяй і другой літар лацінскага алфавіта.

Ногі выцягнуць. Агульны для ўсходнесл. (руск. протянуть ноги, укр. витягти ноги) і польск. (wycągnąć nogi) м., абазначае ‘памерці’. У бальніцу я не пайду Пайсці мне ў вашу бальнігцу, значыць, і ногі там выцягнуць (П. Галавач. Праз гады). У бел. і ўкр. мовах фразеалагізм ужываецца і ў форме ногі выпрастаць: A той, што падстрэлены быў Арцёмам, пакуль яго там раздзявалі ды перавязвалі, і ногі выпрастаў (А. Чарнышэвіч. На сажалках).

Этымалагічна гэта «метафара, узятая з жывёльнага свету» (В.У.Вінаградаў): жывёлы перад смерцю, y апошнія секунды жыцця, выпростваюць, выцягваюць ногі.

Ногі кормяць каго. Уласна бел. Чыя-н. плённая праца патрабуе бегатні, амаль сталага знаходжання ў руху. Каб ты ведаў, той чалавек, якогая шукаў па вуліцы Русіянава, прызнаўся ў трох забойствах. Два — y нас, адно — y Расіі. Так што ногі нас кормяць, ногі… (В. Праўдзін. Танцавальны марафон).

Паходзіць з прыказкі Ваўка (воўка) ногі кормяць, якая абазначае ‘каб пракарміцца, трэба шукаць харчы, турбавацца, a не сядзець на адным месцы’. Супаставім выкарыстанне фразеалагізма з агаленнем яго вобразнасці праз параўнальны зварот: «Думалася, цяпер у рэдакцыю яму ўжо ніколі не вярнуцца, журналіста, як любіў і сам жартаваць, як і воўка, ногі кормяць, a якія ў яго цяпер ногі?!» (І.Капыловіч).

Ногі мыць каму, чые і тую ваду піць. Запазыч. з руск. м, Бязмежна дагаджаць каму-н. y знак удзячнасці за што-н. Часцей як абяцанне. — Будзем пані ногі мыць і тую ваду піць, — нізка кланялася пані Даміцэля (Я. Колас. Хатка над балотцам).

Узнік y выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння. «У Сібіры калісьці быў на першы погляд варварскі, але мудры звычай. У часе сватання нявеста павінна была вымыць ногі жаніху, a пасля выпіць гэту ваду. Толькі ў такім выпадку нявеста лічылася вартай, каб яе ўзялі ў жонкі» (Я.Еўтушэнка).

Ногі на плечы і (ды)… Гл. <браць (узяць)> ногі на плечы і (ды)…

Ногі ў рукі і (ды)… Гл. <браць (узяць)> ногі ў рукі і (ды)…

Нуль увагі каму, на каго, на што. Калька з руск. м. (ноль внимания). Зусім не зважаць на каго-, што-н., абыякава адносіцца да каго-, чаго-н. На супрацьлеглым баку дзеўчынёха вудзіць рыбу. Стройная, маладая, y яркай матросцы… На заляцанні — нуль увагі (Г. Пашкоў. Палескія вандроўнікі).

Паходзіць, на думку В.У.Вінаградава, са школьнага жаргону. Тут нуль атаясамліваецца з ніколькі, з поўнай адсутнасцю чаго-н. (увагі). Замацаванню фразеалагізма ў мове садзейнічала яго строга фіксаваная, нязменная марфалагічная форма і пастаянная сінтаксічная функцыя выказніка.

Нялёгкая гоніць (прыгнала) каго. Уласна бел. Хто-н. недарэчы, не ў пару прыходзіць, з’яўляецца (выказванне незадавальнення ў сувязі з прыходам нежаданага госця, наведвальніка). [Яніна: ] Ведзьма ідзе… Леснічыха. [Люба: ] Чаго ж яе нялёгкая гоніць сюды? (І.Козел. Папараць-кветка).

Утвораны шляхам мадэліравання — на ўзор ліха гоніць, нячыстая <сіла> гоніць, чорт гоніць і інш. Кампанент нялёгкая, неўжывальны па-за фразеалагізмам як назоўнік, паходзіць ад словазлучэння нялёгкая сіла, г. зн. ‘нячыстая сіла, чорт, д’ябал, ліха’. Гэты кампанент ёсць і ў фразеалагізмах нялёгкая носіць (каго дзе), нялёгкая нясе (каго) і інш. І.Насовіч падае выраз нялёгкая нясець з паясненнем першага кампанента: «г. зн. сіла».

Нясолана хлябаўшы. Запазыч. з руск. м, Нічога не дабіўшыся, ашукаўшыся ў сваіх спадзяваннях. Развітаўся Слімак і пайшоў нясолана хлябаўшы. Усё думаў, гадаў, як жа ён выберацца з усёй гэтай напасці (М. Лынькоў. Векапомныя дні).

Узнік y выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння. Даўней, калі соль была вельмі дарагім прадуктам, бо дастаўлялася здалёку на конях ці валах ды яшчэ абкладвалася высокім падаткам, страву гатавалі несалёнай. A пасля, як садзіліся за стол, гаспадар дзяліў соль. Такі парадак захоўваўся і тады, калі ў дом збіраліся госці. Некаторых, малаважных, часамі гаспадар абмінаў, і яны елі несалёнае.

Няўрокам кажучы. Уласна бел. Ужыв. як пабочнае словазлучэнне са значэннем ‘няхай і надалей будзе гэтак жа, без змен’. Грыбок сказаў, што Міканор, няўрокам кажучы, спраўны вельмі з выгляду — непагана, мабыць, на службе было (І.Мележ. Людзі на балоце).

Узнікненне фразеалагізма звязана з былым павер’ем у магічную сілу слова. Літаральна — ‘каб не сурочыць, сказаўшы што-н.’. Няўрокам, урокі, сурочыць — аднакаранёвыя словы.

П

Паабіваць парогі чые, каму, каго, чаго. Гл. абіваць (паабіваць) парогі чые, каму; каго, чаго.

Павесці рэй. Гл. весці (павесці) рэй.

Паветраныя замкі. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. воздушные замки, укр. надхмарні замки). Нерэальныя, фантастычныя планы, што-н. нязбытнае. Ты і без гэтага марыш пра паветраныя замкі, a гэта ў тваім узросце не пасуе… (У. Караткевіч. Нельга забыць).

Утварыўся ў выніку ўсячэння дзеяслоўнага кампанента ў фразеалагізме будаваць паветраныя замкі (гл.), які паводле паходжання з’яўляецца калькай з ням. м. (Luftschlösser bauen).

Паветраныя замкі будаваць. Калька з ням. м.: складаны назоўнік Luftschlösser перакладзены словазлучэннем паветраныя замкі, дзеяслоў bauen — будаваць. Абазначае ‘захапляцца нязбытнымі марамі, планаваць нездзяйсняльнае’. Дробязей такіх вось прапаноўваць спецыяліст не будзе. Паветраных замкаў будаваць не стане — ён ведае рэальныя магчымасці сучаснага (Х. Шынклер. Сонца пад шпалы).

Склаўся, відаць, y выніку кантамінацыі двух выразаў: будаўніцтва ў паветры + будаваць замкі ў Іспаніі або будаваць картачныя замкі. Першы — крылаты выраз, яго аўтар — царкоўны пісьменнік Аўгусцін (354–430). Два другія — франц. фразеалагізмы-сінонімы. Адзін з іх (будаваць замкі ў Іспаніі) узнік на аснове сярэдневяковага гераічнага эпасу «Песні пра подзвігі», дзе расказваецца, што рыцары атрымлівалі ў спадчыннае ўладанне яшчэ не заваяваныя замкі ў Іспаніі.

Павісаць у паветры. Гл. вісець (віснуць, павісаць) y паветры.

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code