MoreKnig.org

Читать книгу «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» онлайн.

Фразеалагізаваны крылаты выраз з камедыі К. Крапівы „Хто смяецца апошнім“ (1939): „[Гарлахвацкі—адзін: ] Правяральшчык знайшоўся! Я, брат, такія акуляры настаўлю, што табе і чорнае белым пакажацца“. „Беларуска-рускі слоўнік“ (1988, т. 1, с. 757) падае як адпаведнік да наставіць акуляры рускі фразеалагізм втереть очки, хоць, зразумела, паміж кампанентамі акуляры і очки няма ніякай сувязі — ні сэнсавай, ні этымалагічнай. Выраз втирать очки паходзіць з лексікону карцёжнікаў: шулеры, каб выйграць, ішлі на падман, непрыкметна ўціралі, замазвалі на парашковай карце ачкі, ператваралі, напрыклад, сямёрку ў шасцёрку.

Настаўляць рогі каму. Вядомы славянскім і заходнееўрапейскім мовам, абазначае ‘здраджваць мужу, становячыся палюбоўніцай іншага мужчыны’ і ‘ашукваць мужа, стаўшы палюбоўнікам яго жонкі’. І жонка яму рогі настаўляла… ды ён цярпеў, бо рваўся ў чыны (Э. Валасевіч. Ён не кахаў — жаніўся па разліку…). Думка пра тое, што ён можа наставіць рогі самаупэўненаму, пыхліваму і нядобразычліваму да яго Макаеду, рассмяшыла (І. Шамякін. Атланты і карыятыды).

Выраз прыйшоў ва ўсходнеславянскія мовы, на думку М. Міхельсона, або непасрэдна ад грэкаў, або праз французаў. Гэта не зусім дакладная калька (франц. coiffer de cornes — „надзяваць рогі“; тое самае і ў немцаў: Hörner aufsetzen). Ёсць некалькі меркаванняў адносна этымалагічнай асновы гэтага выразу. Немцы, напрыклад, лічаць, што ён звязаны з іх старажытным звычаем: калі муж ішоў ваяваць, жонка надзявала яму шлем са звярынай шкуры з рагамі, і гэта азначала, што жонка застаецца „на сваёй волі“.

Наступаць (наступіць) на горла (глотку) каму, чаму. Калька з ням. м. (J-m an die Kehle gehen; літаральна „на горла нахадзіць (наступаць)“). Прымушаць рабіць так, як хочацца, як выгадна каму-н. Калі нам удасца падвесці масы, як гаворыцца, да барыкад, тады мы зможам наступіць на горла фашызму, тады прадыктуем сваю волю… (П. Пестрак. Сустрэнемся на барыкадах).

У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз. Параўн. падобныя выразы з такім самым дзеяслоўным кампанентам: наступаць на душу каму, наступаць на язык каму, наступаць сабе на язык, наступаць сабе на горла.

Наступаць (наступіць) на граблі. Запазыч. з руск. м. Рабіць непрадуманы крок з мажлівымі непрыемнымі наступствамі для таго, хто гэта робіць. Улады хутка зразумелі, што зноў наступілі на граблі, і праз 16 гадзін [арыштаванага] выпусцілі. Праўда, з умовай, што пасля з’езда ён усё ж адбудзе пакаранне (ЛіМ. 27.06.1997).

Крылаты выраз з байкі Л. Талстога „Вучоны сын“ (1872). Тут расказваецца, як бацька папрасіў сына, які прыехаў з горада ў вёску, узяць граблі і дапамагчы на сенажаці. „А сыну не хацелася працаваць, ён і кажа: „Я вучыўся навукам, a ўсе мужыцкія словы забыў, што такое граблі?““ Толькі ён пайшоў па падворку, наступіў на граблі, яны яго стукнулі ў лоб. Тады ён і ўспомніў, што такое граблі, хапіўся за лоб і кажа: „I што за дурань тут граблі кінуў!“

На схіле дзён (жыцця). Калька з франц. м. (sur le déclin de la vie). У глыбокай старасці. Вось i цяпер, ужо на схіле дзён, душу ўспамін кранае нечакана, калі раптоўна рве кароткі сон забыты голас мілай і каханай (А. Звонак. Праўдзе веку).

У аснове фразеалагізма — прыпадабненне чалавечага жыцця да пад’ёму і схілу, спуску.

На сцяну лезці. Агульны для ўсходнесл. м. Крайне ўзрушвацца, раздражняцца, злавацца. Іду гэта па Зарэччы, чую, у хаце адной аж на сцяну лезе народ, лямант, візг!.. Што гэта, пытаюся. Моляцца, кажа (Я. Брыль. Праведнікі і зладзеі).

Відаць, фразеалагізм узнік са свабоднага словазлучэння, якім характарызуюць дзеянні раз’юшаных, раздражнёных ці напалоханых жывёл. Напрыклад, y байцы К. Крапівы „Далікатныя Парасяты“: „Наставіўшы хібы і папусціўшы пену, на дзверы лезуць і на сцену“. Або ў апавяданні Ядвігіна Ш. „Чортава ласка“: „Раве скаціна, аж на сцяну лезе, a з хлява ані руш!“ Меркаванне (Э. Вартаньян і інш.), быццам прататып фразеалагізма — словазлучэнне, звязанае са штурмам крапасных сцен, наўрад ці пераканальнае, бо цяжка адчуць хоць якую-небудзь сувязь паміж значэннямі свабоднага і фразеалагічнага словазлучэнняў.

На ты быць. Агульны амаль для ўсіх славянскіх м. Ужыв. са значэннямі ‘у сяброўскіх, блізкіх адносінах’ і ‘з вельмі добрым разуменнем чаго-н.’. Мы з ім былі на ты, аднак ён быў на дваццаць гадоў з гакам старэйшы (Я. Брыль. Ніжнія Байдуны). Усё жыццё гэтага чалавека праходзіла сярод лічбаў, ён з імі быў як кажуць, на ты (М. Даніленка. Восеньскі букет).

Узнік як супрацьлеглае ўтварэнне на аснове фразеалагізма на вы — калькі з франц. м. (гл.).

На ўвесь мах. Агульны для бел. і руск. (во весь мах) м. Як мага, вельмі хутка. I Міхліны дні ўзварушаны былі жыццём ды разгушканы на ўвесь мах (С. Баранавых. Новая дарога).

Ёсць меркаванні, што выток фразеалагізма ідзе з падабенства з’яў: y ім „намёк на млынавое крыло — „мах“, на вятрак, пушчаны на ўвесь мах“ (М.І.Міхельсон), „слова мах — гэта адзін абарот млынавога кола“ (М. М. Шанскі).

На ўзвей (на ўзві) вецер. Уласна бел. Дарэмна, упустую, безвынікова (рабіць што-н.). Была і ў гміне, і ў павеце, y розных следчых і паноў і абхадзіла на ўзві вецер нямала панскіх устаноў (Я. Колас. Рыбакова хата).

Склаўся ў выніку аб’яднання двух фразеалагізмаў y адзін: на вецер гаварыць + узвейвецер. Кантамінаваны выраз захаваў значэнне фразеалагізма на вецер, але пашырыў свае спалучальныя магчымасці, стаў ужывацца не толькі з дзеясловам гаварыць, a і з іншымі (ісці, абяцаць і г. д.): „Пакуль нашы чаравікі не купілі, пакуль y іх не ходзяць на работу, y кіно, на танцы, значыць, мы працуем, як у народзе кажуць, на ўзвей вецер“ (Л. Левановіч).

На ўзводзе. Запазыч. з руск. м. (на взводе). Ужыв. са значэннямі: 1) y стане ап’янення, 2) y стане ўзбуджэння, раздражнення. Ты сёння, старшыня, на ўзводзе, падпіўшы (А. Макаёнак. Каб людзі не журыліся). Вярнуўся [муж] і ўбачыў што Ніна на ўзводзе, — моўча сядзела на канапе і вязала світэр (В.Гігевіч. Асенні вечар).

Лічаць, што сучасны варыянт фразеалагізма — вынік скарачэння ранейшых выразаў на першым (другім, трэцім) узводзе, якія адрозніваліся паміж сабой ступенню пэўнай ацэнкі чалавека. Склаўся па асацыяцыі з узвядзеннем ружэйнага курка для гатоўнасці выстраліць. Паводле М.І.Міхельсона, на трэцім узводзе значыла ‘вельмі п’яны’, „больш за магчымае, бо курок ружжа, на які тут намякаецца, мае толькі два ўзводы“. 2-е значэнне развілося на аснове 1-га, y якім актуалізацыю атрымала сема ўзбуджанасці. Параўн. ужыванне фразеалагізма з агаленнем яго зыходнай вобразнасці: „Неаднойчы пераконваўся, што лепш за ўсё мне працуецца на ўзводзе, калі палец увесь час на спускавым курку, націснеш — і стрэліць! Ты нават не ведаеш, куды: y сябе самога, y сябра ці ворага…“ (А. Кудласевіч).

На ўлонне прыроды. Гл. на лона (на ўлонне) прыроды.

На ўлонні прыроды. Гл. на лоне (на ўлонні) прыроды.

На ўсе застаўкі. Агульны для бел. і ўкр. (на всі заставки) м. Фразеалагізм у залежнасці ад таго, з якімі дзеясловамі ён спалучаецца, рэалізуе розныя значэнні: 1) спаўна, як толькі можна (рабіць што-н.): газаваць на ўсе застаўкі (А. Макарэвіч); 2) вельмі гучна, голасна (храпці, захрапці): храпуць на ўсе застаўкі (А. Савіцкі); 3) вельмі хутка, імкліва (бегчы і пад.): пёр на ўсе застаўкі (З. Бядуля); 4) вельмі моцна, празмерна (хваліць і пад.): на ўсе застаўкі расхвальваў (В. Дайліда); 5) шырока, прыветліва (смяяцца і пад.): на ўсе застаўкі ўсміхнуўся (Я. Брыль).

Узнік y выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, дзе застаўкі — ‘шчыты для затрымання вады, якая падае на кола вадзянога млына’. Зыходнае значэнне — ‘спаўна, як толькі можна’.

На ўсе коркі. Запазыч. з руск. м. Mae значэнне ‘вельмі моцна’. Калі вам часамі закідаюць вуду (хто? глядзіце самі, я казаць не буду), хваляць на ўсе коркі, хоць жадаюць смерці, — гэта зноў жа толькі фіга на талерцы (К. Крапіва. Фіга на талерцы).

На думку А. М. Бабкіна, выраз паходзіць з мовы пекараў і ўжываўся спачатку ў поўнай форме распекать на обе (на все) корки (дзе корка адпавядае беларускаму скарынка), a пасля расшчапіўся на дзве часткі: дзеяслоў распякаць з тым жа значэннем, што і поўная фразеалагічная адзінка, — ‘вельмі моцна прабіраць, выгаворваць з дакорам’, і самастойны выраз на ўсе коркі — ‘вельмі моцна’. Апошняе найчасцей спалучаецца з дзеясловамі са значэннем ‘бічаваць словамі’.

На ўсе лапаткі. Гл. ва (на) усе лапаткі.

На ўсе сто. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі: 1) y поўнай меры, як і трэба (рабіць што-н.), 2) вельмі добра, цудоўна (жыць, рабіць што-н.), 3) вельмі добры, цудоўны. Юркаў гэтым перакананы на ўсе сто (І.Сяркоў. Мы — хлопцы жывучыя). Што і казаць, жылі на ўсе сто, на поўную маліну… (М. Лынькоў. На вялікай хвалі). Конь, як кажуць, на ўсе сто (В. Адамчык. Год нулявы).

Гэта скарочаны варыянт фразеалагізма на ўсе сто працэнтаў, які ўзнік са свабоднага словазлучэння ў выніку развіцця ў ім пераноснага значэння.

На ўсе чатыры <бакі, стараны> ісці (пайсці), адпускаць (адпусціць) і пад. Недакладная калька з франц. м. (aller par quatre chemins, літаральна „ісці па чатырох дарогах“). У любое месца, абы-куды, куды захочацца. Ці ты скажаш, ці не? Вырашай! Нашто цяганіна? Мы пусцім цябе на ўсе чатыры бакі (С. Баранавых. Калі ўзыходзіла сонца).

Паводле М.І.Міхельсона, выраз засноўваецца на даўнейшым звычаі франкаў пры вызваленні раба ставіць яго на скрыжаванні, што вядзе ў розныя чатыры бакі, і гаварыць: „Няхай будзе свабодны і ідзе куды хоча“.

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code