MoreKnig.org

Читать книгу «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» онлайн.

На руку каму. Агульны для ўсходнесл. і польск. (na rękę) м., ужываецца са значэннем ‘падыходзіць каму-н., выгадна камусьці, адпавядае яго жаданням’. І чаму-у-то людзі маўчаць?.. Рабочыя маўчаць, салдаты маўчаць… Няўжоа не ведаюць, што іх маўчанка як раз на руку начальству? Га-а? У вас таксама? (Ц. Гартны. Сокі цаліны).

Выраз з’яўляецца „абломкам“ фразеалагізма на руку (у руку) іграць каму (гл.).

На руку (у руку) іграць каму. Калька з англ. м. (play into hands). Ускосна дапамагаць каму-н. сваімі паводзінамі, дзеяннямі. Самы адказны момант, дзядзька Лаўрэн, a ты гэтага не хочаш разумець і ідзеш у прагульшчыкі. На гэтым кулацкая агентура спекуляваць будзе, ты на руку кулаку граеш, a ты лепшы ўдарнік (Э. Самуйлёнак. Паляўнічае шчасце).

Узнік y асяроддзі карцёжнікаў, дзе абазначаў ‘дапамагаць аднаму з ігракоў, падыгрываць яму, даваць магчымасць выйграць ці адыграцца’.

На сваім месцы. Калька з франц. м. (en son lieu). Адпаведны свайму прызначэнню, справе, якой заняты. [Дзед Цыбулька: ] Вот я добра ведаю, што і Уладзімір Андрэевіч адчувае сябе на сваім месцы. A вы кожны на сваім месцы? (А. Макаёнак. Таблетку пад язык).

Успрымаецца як матываваны выраз.

На сваіх дваіх. Агульны для бел. і руск. м., абазначае ‘пехатою (дабірацца, ісці і пад.)’. Мы без дзядзі абыдземся… Мы на сваіх дваіх прывыклі тэпаць (П.Місько. Ціхае лета).

Скарочаны варыянт словазлучэння на сваіх дваіх нагах, y якім нагах—семантычна апорны кампанент. У сучаснай беларускай мове, як і ў рускай, зборныя лічэбнікі, y тым ліку і двое, не спалучаюцца з назоўнікам нага (кажуць: дзве нагі, a не двое ног; адпаведна ў месным скл.: на дзвюх нагах, a не на дваіх нагах); дваіх — месны скл. ад старой формы зборнага лічэбніка двоіі ў значэнні ‘пара’.

На свой капыл. Агульны для ўсходнесл. (руск. на одну колодку, укр. на один копил) і польск. (na jedno kopyto) м. Па-свойму, на свой узор, лад (рабіць, зрабіць што-н.). Рыгор і дагэтуль гне на свой капыл усё ў хаце, але, апроч неладоў, нічога з гэтага няма (К. Чорны. Вясна).

Утвораны шляхам унутрыфразеалагічнай дэрывацыі на базе дзеяслоўнага фразеалагізма мерацьна свой капыл y выніку ўсячэння дзеяслоўнага кампанента. Адарваўшыся ад кампанента мераць, выраз стаў спалучацца са шмат якімі дзеясловамі поўнага лексічнага значэння (гнуць, варочаць, перарабіць, збудаваць і інш.). У гэтым „абломку“ ёсць сэнсаўтваральны кампанент свой, суадносны з такім жа словам свабоднага ўжывання.

На святое ніколі. Паўкалька з польск. м. (na święty nikdy). Невядома калі; ніколі. [Якім: ] Калі, калі ўжо надойдзе тая часінка, што нас злучыць навекі і мы ўжо ніколі не расстанемся? Калі? Калі?.. [Паўлінка: ] Ха-ха-ха! На святое ніколі (Я. Купала. Паўлінка).

Утварыўся на ўзор спалучэнняў тыпу на святога Пятра, на святога Міколу; параўн. y прыказках-прыметах: На святога Мацея зіма пацее, На святога Прыска праб’е лёд і пліска. У гаворках, як засведчана ў М. Федароўскага, выраз ужываецца і без перакладу апошняга кампанента: на святы нігды; параўн. таксама: Аддасць ён табе на святыя мігды, што не ўгледзіш нігды.

На святыя нігды. Паўкалька з польск. м. (na święty nikdy, літаральна „на святое ніколі“). Невядома калі. — Кажуць, што во ў Вайтовічавай хаце маюцца школу адкрыць. — Будзе тое на святыя нігды (В. Адамчык. I скажа той, хто народзіцца).

Утвораны на ўзор спалучэнняў на святога Пятра, на святога Міколу.

На сёмым небе. Магчыма, калька з франц. м. (au septième ciel). Гэты фразеалагізм супадае сваім значэннем, вобразнасцю, лексічным складам, граматычнай структурай з такімі ж адпаведнікамі ў славянскіх, a таксама ням., англ. і некаторых іншых мовах. Ужыв. са значэннем ‘бязмерна шчаслівы, вельмі задаволены’: Ён [Мірон Іванавіч] тут жа, перадими, горача падзякаваў Дубку і яго двум памочнікам за ўдала праведзеную аперацыю. Дубок быў на сёмым небе ад радасці (М. Лынькоў. Векапомныя дні).

Выток фразеалагізма — уяўленні старажытных грэкаў, арабаў пра будову свету: купал неба нібыта складаецца з сямі крыштальных сфер; на верхнім, сёмым небе, дзе знаходзіцца Бог, — рай, царства нябеснае. Зыходная вобразнасць фразеалагізма не ўсведамляецца, і гэтым можна вытлумачыць з’яўленне ў некаторых беларускіх гаворках варыянта на дзесятым небе, які трапіў і ў мастацкія тэксты: „А калі ты падорыш мне дачку, a потым і сына, дык мы што на дзесятым небе будзем!“ (І.Козел). Дарэчы, y серб. — харв. літаратурнай мове нормай лічыцца на деветом небу:.

На сіні (чорны) пазногаць (пазногцік). У такой форме фразеалагізм ужыв. ў бел. м. паралельна з выразам ні на ногаць і абазначае ‘трошачкі, ледзь-ледзь’. Вы мяне прынялі як роднага… я ж для вас на сіні пазногаць нічога добрага не зрабіў (У. Дубоўка. Пялёсткі). Брыгадзір, рука старшыні, a чым ён памог нам хоць на чорны пазногцік? (І.Козел. Над хвалямі Серабранкі).

Аналагічны выраз з кампанентам сіні ёсць у пскоўскіх, пячорскіх, букавінскіх гаворках (на синии нёготь, синии ноготок, як за нігтьом сине). 3 той жа вобразнасцю, з кампанентам чорны ці яго адпаведнікамі (замест сіні) фразеалагізм сустракаецца ў шмат якіх іншых славянскіх гаворках. Усё гэта дае падставу, на думку М.І.Талстога, адносіць названы выраз да праславянскай эпохі. Значэнне кампанента сіні — ‘чорны’; з такой семантыкай гэта слова выкарыстоўваецца і цяпер у некаторых гаворках, прычым у нефразеалагічным ужыванні. Адсюль першапачатковы сэнс выразу на сіні пазногаць — ‘на чорную палоску пад ногцем’.

Насіцца ў паветры. Калька з франц. м. (être dans l'аіr). Няўхільна набліжацца, адчувацца, распаўсюджвацца (пра думкі, ідэі, з’явы і пад.). „Ты перабудаваўся?“ — гэта пытанне не проста носіццаў паветры, а яго вось-вось пачнуць тыражыраваць друк і гучнагаварыцелі, развешаныя на ўсіх вуліцах (А. Кудравец. Усясільная формула).

Фразеалагізм усведамляецца як матываваны.

Насіць ваду рэшатам (у рэшаце). Недакладная калька з лац> м. (haurire aquam cribro, літаральна „чэрпаць ваду рэшатам“). Рабіць што-н. безвынікова, заведама ўпустую. Кірыла прамаўчаў: лішне гаварыць — y рэшаце ваду насіць (А. Асіпенка. Кірыла Уласік).

У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз. Выраз сустракаецца ў камедыі Плаўта „Mercator“. У сярэднявеччы часцей ужываўся з рыфмаваным дадаткам дыдактычнай часткі: Qui discit sine libro, is aquam haurit cribro (Хто вучыцца без кнігі, той чэрпае ваду рэшатам).

Насіць на руках каго. Гл. на руках насіць каго.

На скрут галавы. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі ‘не думаючы, безразважна (рабіць што-н.)’ і ‘вельмі хутка, стрымгалоў (кінуцца, імчацца і пад.)’. Не, немцы не такія дурні, каб на скрут галавы перці за імі ў гушчар, не ведаючы, што іх чакае за кожным кустом (П.Місько. Мора Герадота). Кінуцца вось так у кусты на скрут галавы і бегчы… куды вочы глядзяць (Б. Сачанка. Вялікі Лес).

Узнік на аснове дзеяслоўнага фразеалагізма скруціць галаву, адно са значэнняў якога — ‘загінуць, знявечыцца’.

На славу. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі прыслоўным ‘вельмі добра, надзвычайна’ і прыметнікавым ‘вельмі добры, надзвычайны’. Прыйшлося дзядзьку весці справу і папацецьтакі на славу (Я. Колас. Новая зямля). Качагар быў сумленны… I выйшаў бы з яго машыніст на славу (М. Лынькоў. Андрэй Лятун).

Лічаць, што тут на ўжыта ў значэнні ‘ для’. Першапачатковае прыслоўнае значэнне на славу — ‘каб пра гэта гаварылі, праслаўлялі’. Прыметнікавае значэнне развілося ў фразеалагізме ў сувязі з тым, што ён замацаваўся ў маўленні і ў сінтаксічнай ролі азначэння да назоўнікаў.

Верыць, паверыць на слова. Калька з франц. м. (sur parole). Давяраючы чыйму-н. запэўненню, без пацвярджэння фактамі, доказамі. [Чарнавус: ] Якія ж прычыны вашага адчаю? [Туляга: ] Прычыны ёсць, Аляксандр Пятровіч! Паверце мне на слова! (К. Крапіва. Хто смяецца апошнім).

Можна лічыць, што тут кампанент слова — сэнсаўтваральны, суадносны з адным са значэнняў (‘абяцанне зрабіць, выканаць што-н.).

Настаўляць (наставіць) акуляры каму. Уласна бел. Уводзіць у зман, паказваючы што-н. y фальшывым, скажоным, але выгадным для сябе выглядзе. Пра багацце гэты пан Адольф гаворыць самазадаволена, бо ведае, што ў гэтым доме шануюць гаспадарлівых. A дзяўчо яму акуляры настаўляе! (В. Бур’ян. Век на мяжы — і „Паўлінка“ ў афішах).

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code