MoreKnig.org

Читать книгу «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» онлайн.

Адбіць хлеб у каго. Гл. хлеб адбіць у каго.

Адваротны (другі) бок медаля. Паўкалька з франц. м. (lе геvеrs dе mеdаіllе). Супрацьлеглы, ценявы, непажаданы бок якой-н. справы. Цяжкасці цяжкасцямі. Але ёсць другі бокмедаля… Засеяць травамі семсот гектараў… значыць, нейкім культурам месца не даць (Э. Ярашэвіч. Белыя Лугі).

Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння. Маецца на ўвазе тое, што адваротны бок медаля звычайна апрацоўваецца чаканшчыкамі горш, чым знешні, вонкавы.

Ад варот паварот. Агульны для бел. і руск. м. Катэгарычная адмова. І чаму рабіць толькі адзін хор і аркестр? А калі хто не можа спяваць ці іграць, тады што — ад варот паварот? (П. Місько. Дзе Нёмана быстрыя воды…).

Першапачаткова гэты рыфмаваны выраз меў больш канкрэтны сэнс: выкарыстоўваўся толькі тады, калі гаворка ішла пра вынікі сватання і ў спалучэнні, напрыклад, з дзеясловам даць абазначаў ‘адмовіць таму, хто сватаецца’. 3 такім значэннем ён зрэдку ўжываецца і цяпер: «Глядзелі-глядзелі бацькі нявесты на жаніха, дый далі сватам ад варот паварот» (Б. Сачанка).

Адвейваць зерне ад паловы. Уласна бел. Аддзяляць добрае ад дрэннага, карыснае ад шкоднага, непатрэбнага. Калі яны [копіі лістоў] для Вас акажуцца непатрэбнымі, я тады, будучы ў Мінску, забяру назад. Але мне чамусьці здаецца, што Вы здолееце адвеяць зерне ад паловы (У. Дубоўка. Ліст да Дз. Бугаёва).

Мадэліраваны выраз, створаны на ўзор рускага отделять пшеницу от плевел з захаваннем структуры і заменай кампанентаў іншымі словамі. У бел. літаратурнай м. выраз ужываецца ў абедзвюх трывальных формах дзеяслоўнага кампанента і ў такіх варыянтах: адвейваць (веяць, адсейваць) зерне ад паловы (мякіны); адвеяць (адсеяць) зерне ад паловы (мякіны). Выток фразеалагізма отделять пшешіцу от плевел — евангельская прытча (Матфей, 13, 24–30). У ёй расказваецца, як да чалавека, які пасеяў пшаніцу, ноччу прыйшоў вораг і паміж пшаніцаю пасеяў плевелы (пустазелле). Калі ўзышла пшаніца з пустазеллем, рабы прапанавалі гаспадару павырываць зелле, але ён загадаў пакінуць усё, як ёсць, а ў часе жніва спачатку вырваць зелле і спаліць яго, а пасля сабраць пшаніцу. Зрэдку ў бел. творах можна напаткаць і выраз, тоесны з руск.: «Будзе зручная часіна, перагледзім іх [пракламацыі] і тады аддзелім плевелы ад пшаніцы» (Я. Колас).

Адвесці вочы каму. Гл. адводзіць (адвесці) вочы каму.

Адвод вачэй. Агульны для бел. і руск. (отвод глаз) м. Маскіроўка, падман, наўмыснае адцягванне ўвагі ад чаго-н. Прыпомніла [Стэпа], як пры спатканні з Рыгорам у яе хаце Пятрусь пільна распытваў пра Рыгу, пра жыццёў ёй. А мо яшчэ тады згаварыўся з Рыгорам над ’ехаць да яго [у Рыгу]. Пецярбург — проста адвод вачэй (Ц. Гартны. Сокі цаліны).

Утвораны на аснове прыслоўнага фразеалагізма для адводу вачэй (гл.), набыў прадметнае значэнне і граматычныя ўласцівасці назоўнікавых выразаў.

Адводзіць (адвесці) вочы каму. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. отводить глаза, укр. відводити очі). Хітруючы, адцягваць увагу ад чаго-н. Вунь! 3 пятага вагона ідзе. I яшчэ адна… Іх сустракае нейкі хлопец… Незнаёмы… Бач… Каб вочы адвесці (П. Галавач. Вінаваты).

Склаўся на аснове былога павер’я ў магічную сілу слова або пэўных дзеянняў, даступных ведзьмакам, знахарам, нібыта здольным знарок пераключыць чыю-небудзь увагу на што-небудзь іншае.

Адгароджвацца (адгарадзіцца) кітайскай сцяной ад каго, ад чаго. Агульны для ўсходнесл. м. Вельмі моцна, наглуха адасабляцца, адмяжоўвацца ад каго- ці чаго-н. Мы сабе добра жывём вялікай сям’ёй і адгарадзіліся кітайскай сцяной ад усіх. Як у манастыры жывём (З. Бядуля. Язэп Крушынскі).

Гэты дзеяслоўны фразеалагізм склаўся на аснове назоўнікавага кітайская сцяна (гл.), які мае значэнне ‘неадольная перашкода і поўная ізаляванасць’ і ўзнік на базе тэрміналагічнага словазлучзння. Вялікая кітайская сцяна была не толькі сур’ёзнай перашкодай для ворагаў-вандроўнікаў з поўначы, але і сімвалізавала поўную ізаляванасць, адсутнасць зносін з суседзямі.

Ад гаршка паўвяршка. Уласна бел. Вельмі нізкі, малы ростам. Не паспеу дагаварыць Якім, як Рыгорка ашчэрыўся, зафыркаў, вы зверыўшыся на Якіма. — Бач ты, ад гаршка паўвяршка, а ўжо вучыць… Вучоны! (І. Дуброўскі. Скасаваны агрэх).

Утвораны на аснове руск. рыфмаванага фразеалагізма от горшка два вершка (параўн. ва ўкр. м.: від горшка два вершка). Вобразнасць фразеалагізма засноўваецца на літоце (знарочыстым прымяншэнні). Вяршок — даўнейшая мера даўжыні, роўная 4,4 см, якой карысталіся да ўвядзення метрычнай сістэмы.

Аддаваць (аддаць) сэрца каму. Калька з франц. м. (dоппег sоn соеur). Кахаць каго-н. Канечне, на ліха табе хто, на ліха я! Лепшую знайшоў. Маладзейшая прываражыла. Ёй аддаў сэрца! (Л. Калодзежны. Ішоў чалавек).

Сэнсаўтваральны кампанент сэрца тут выступае як сімвал любоўных пачуццяў.

Адданне чэсці. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. отдание чести, укр. віддання честі). Вітанне каго-н. па-ваеннаму, з прыкладаннем рукі да галаўнога ўбору. І заўважаецца адразу тут іншы край… парадак, дысцыпліна, лад, адданне чэсці… (Я. Колас. На шляхах волі).

Назоўнікавы фразеалагізм, утвораны на аснове суадноснага дзеяслоўнага аддаць чэсць (каму).

Аддаць богу душу. Гл. богу душу аддаць.

Аддаць канцы. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі: 1) адвязаць канаты, трос або ланцуг, калі судна адыходзіць ад прычала ў плаванне, 2) уцячы, 3) памерці. — Клыпу ўгору! — кажа боцман, свідруе пальцаму столь, а тады перакладае. — Падняць якар. Шпурняй вяроўкі! Аддаць канцы! (Г. Пашкоў. Палескія вандроўнікі). Будзьце здаровы, цётка Зося, я аддаю канцы (М. Ваданосаў. Пераломнае лета). Прымі сына. Канае мой Васька. Калі не выхадзіш — канцы аддасць (В. Карамазаў. Пушча).

Выраз сваім першым значэннем прыйшоў у літаратурны ўжытак з прафесійнага маўлення маракоў, дзе замест афіцыйнага аддаць швартовы кажуць і аддаць канцы (швартовы і канцы — ‘канаты’). Другое значэнне (‘уцячы’) развілося на аснове першага (адчаліць — пайсці — з’ехаць…); параўн.: «Зрэшты, была і яшчэ важная прычына аддаць канцы, кажучы марской тэрміналогіяй, — нясцерпны сум па Каці» (А. Асіпенка). Трэцяе значэнне склалася не на аснове сэнсавай сувязі з марскім тэрмінам (яе няма), а ў выніку каламбурнага выкарыстання двух значэнняў слова канцы, падмены значэння ‘канаты’ значэннем ‘смерць’ (параўн., напрыклад, у Р. Мурашкі: От толькі не пусці, дык канцы табе будуць!). У гэтым пераасэнсаванні, відаць, адбілася традыцыйная ацэнка мора як пастаяннай небяспекі для жыцця: Хто па моры не плаваў, той бяды не ведаў; Чакай гора з мора, бяды ад вады; Хораша мора — з берага.

Аддаць сэрца каму. Гл. аддаваць (аддаць) сэрца каму.

Ад дошкі да дошкі. Агульны для ўсходнесл. м. Ад пачатку да канца, нічога не прапускаючы (чытаць, прачытаць і пад.). Жураўскі праглядаў толькі апошнія старонкі: спорт, фельетоны, здарэнні… Валовік і Сініцын чыталі ўсё, як кажуць, ад дошкі да дошкі (М. Герчык. Вяртанне да сябе).

Утвораны метанімічным шляхам ад свабоднага словазлучэння, звязанага з даўнейшым спосабам пераплятання кніг: іх вокладкі рабіліся з дошак, абцягнутых скурай або тканінай. У «Зборніку беларускіх прыказак» І. І. Насовіча выраз фіксуецца ў форме ад дошкі да дошкі, а ў сярэдзіне ні крошкі і тлумачыцца як ‘насмешка з хлопчыкаў, якія хваляцца ўменнем чытаць’.

Адзін бок медаля. Уласна бел. Знешняя, відавочная частка якой-н. справы. Прэміі, званні, ордэны, кнігі, слава! Гэта адзін бок, як кажуць, медаля. На другім жа — праца, барацьба (Б. Сачанка. Не на той вуліцы).

Антанімічнае ўтварэнне на аснове фразеалагізма адваротны (другі) бок мёдаля (гл.).

Адзін канец. Агульны для бел. і руск. м. Ужыв. як выказванне роспачнай рашучасці са значэннем ‘няма выбару, кепскі зыход непазбежны’. Там [у Картуз-Бярозе] ужо ўсё роўна не было чаго губляць чалавеку, хоць зракайся, хоць прызнавайся — усё роўна адзін канец (М. Машара. I прыйдзе час…).

Сэнсаўтваральным тут выступае кампанент канец, які асацыіруецца са словамі пагібель, смерць.

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code