MoreKnig.org

Читать книгу «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» онлайн.

Мукі Тантала (танталавы мукі (пакуты). Выток фразеалагізма — грэч. міфалогія, але склаўся ён як пераасэнсаваны выраз у лац. м. (Tantali supplicia), адкуль як фразеалагічная паўкалька перайшоў амаль ва ўсе еўрапейскія мовы. Сэнс выразу — ‘нясцерпныя пакуты ад блізкасці жаданай мэты і немажлівасці дасягнуць яе’. Мукі Тантала — бачыць жанчыне люстэрка і не паглядзецца ў яго (Б. Сачанка. Манпансье з гарчыцаю). Думаеш, я не бачыла тваіх танталавых пакут? Бачыла. Але, думаю, маўчаць буду (Я. Ермаловіч. Валуны).

Паводле міфа, фрыгійскі цар Тантал доўгі час быў любімцам багоў, яго запрашалі на Алімп, пакуль ён не расказаў людзям пра тайнае рашэнне Зеўса (у другіх варыянтах міфа гаворыцца пра іншую віну Тантала перад багамі). Яго сурова пакаралі: скінулі ў падземнае царства на вечныя мукі прагі і голаду. Ён стаяў па горла ў вадзе, але не мог напіцца, бо вада адразу адступала. Над ім звісалі галіны з яблыкамі, грушамі і іншай садавіной і тут жа адхіналіся, калі ён працягваў да іх рукі.

Мурашкі бегаюць (пабеглі, забегалі) па целе (па спіне, па скуры) y каго, каго, чыім. Агульнаслав. (руск. мурашки бегают по спине, укр. мурашкі по тілу бігають, польск. mrowie mię przechodzi, серб. — харв. пошлі су мравці уз кожу, балг. мравки палазват). Хто-н. адчувае дрыжыкі ад моцнага страху, хвалявання і пад. На дарозе паявілася белая абледзянелая здань. У Міці па целе пабеглі мурашкі (І.Навуменка. Сасна пры дарозе).

Склаўся на аснове падабенства з’яў, праз супастаўленне адчування дрыжыкаў з бегаючымі па целе мурашкамі.

Мухі не пакрыўдзіць. Агульны для ўсходнесл.(руск. мухи не обидит, укр. мухи не скривдить), польск. (muchu nie skrzywdzi), чэшск. (ani mouse nеubliži) м.; параўн. y некаторых іншых мовах: франц. ne pas faire de mal à une nouche (літаральна «не прычыніць болю нават мусе», ням. kann keiner Fliege etwas zuleide tun (літаральна «не можа прычыніць крыўду нават мусе»). Вельмі ціхі, лагодны, пакорлівы. — Кастусь добры… — нібы адгадвае нашы думкі дзед. — Мухі не пакрыўдзіць: кавалкам хлеба не папракне, y рот не загляне (К. Каліна. Світанак).

Вобразнасць фразеалагізма засноўваецца на літоце (знарочыстым прымяншэнні).

Муціць ваду. Гл. каламуціць (муціць) ваду.

Мыліць галаву каму. Гл. галаву мыліць (намыліць) каму.

Мышыны жарэбчык. Запазыч. з руск. м. Стары, які любіць заляцацца да маладых жанчын. Аказваецца, «галубятнікі» перамаглі. Ды няхай не носяцца, мышыныя жарэбчыкі (Я. Колас. Пісьмо IL Броўку).

Упершыню ўжыты ў паэме М. В. Гогаля «Мёртвыя душы» (1842) — y разгорнутым параўнанні Чычыкава, які перабіраў ножкамі, са старэнькімі фарсунамі, што даволі спрытна бегаюць каля дам і называюцца мышынымі жарэбчыкамі. Відаць, Гогаль і аўтар гэтага выразу. Мышыны — колеру мышы (пра масць каня), тут у сэнсе ‘які пачынае сівець’.

Мядзведжае вуха. Агульны для ўсходнесл. м. Вечназялёная паўзучая расліна сямейства верасовых з бела-ружовымі кветкамі і чырвонымі ягадамі; талакнянка. Паблізу раслі смолкі, мядзведжае вуха, дзікі кроп (М. Даніленка. Ля Дняпра, y другім эшалоне).

Склаўся на аснове падабенства паміж прадаўгаватым махнатым лісцем расліны і мядзведжым вухам.

Мядзведжы куток (кут). Паўкалька з руск. м. (медвежий угол). Глухая, аддаленая мясціна. Пасмею запытаць, з якой важнай патрэбай дарагія госці адважыліся наведаць наш гэты мядзведжы куток? (М. Лобан. На парозе будучыні).

У фразеалагізме — выразны намёк на мядзведжы бярлог, на глуш, дзе толькі водзяцца мядзведзі.

Мядовы месяц. Калька з франц. м, (la lune de miel), абазначае ‘першы, найбольш шчаслівы час сямейнага жыцця’. У іншых дома сварка, лямант, крык. A тут бясконца месяц цягнецца мядовы. (Э. Валасевіч. Развод). Калі выраз дапаўняецца якім-небудзь абстрактным назоўнікам у форме род. скл., то мае сэнс ‘росквіт, лепшы час’: Польскае шляхецтва перажывала мядовы месяц адраджэння свае дзяржаўнасці, зварот да жыцця, здзяйсненне гадаваных вякамі надзей (Я. Колас. Дрыгва).

Крылаты выраз з рамана Вальтэра «Задзіг, або Лёс» (1747), дзе сустракаецца ў такім кантэксце: «Задзіг пераканаўся, што першы месяд шлюбу… з’яўляецца мядовым месяцам, a другі—палыновым». Вальтэр выкарыстаў думку і вобразы з персідскага афарызма: «Калі першы месяц шлюбнага жыцця бывае толькі мядовым, то другі бывае палыновым».

Мяняць (змяніць, перамяніць) пласцінку. Калька з франц. м. (changer le disque). Пераключацца на новую тэму размовы. Кравец не толькі не падтрымаў яго, a нават падміргнуў, каб той мяняў хутчэй пласцінку. Толік адразу ж перавёу гаворку на іншую тэму (Л. Гаўрылкін. Матчына хата).

Склаўся шляхам метафарызацыі адпаведнага свабоднага словазлучэння, звязанага з ігрой на патэфоне, грамафоне, калі даводзіцца замяняць неўпадабаную пласцінку іншай.

Мясціны (месцы) не вельмі аддаленыя. Паўкалька з руск. м. (места не столь отдаленные). Далёкая ссылка. — Кажаш, табе патрэбна толькі сталіца? I што ж — здалёк ты шыбуеш да яе? — Здалёк. Хоць у мастацкай літаратуры тыя мясціны завуцца чамусьці «мясцінамі не вельмі аддаленымі» (Я. Васілёнак. Першы стрэчны).

Выраз з «Улажэння аб пакараннях» царскай Расіі. Першапачаткова мелася на ўвазе ссылка ў еўрапейскую частку краіны.

Мячы скрыжоўваюцца дзе. Агульны для ўсходнесл. м. Пачынаюцца паядынкі, баі і пад. Белая Русь… Колькі разоў на яе зямлі скрыжоўваліся мячы, і беларусы першыя прымалі ўдары ад шматлікіх ворагаў, сквапных чужаземцаў (І.Гурскі. Вецер веку).

Структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, фразеалагізм утварыўся на аснове суадноснага дзеяслоўнага выразу скрыжоўваць шпагі (мячы) (з кім) (гл.).

Мяшацца з гразёю. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. смешиваться с грязью, укр. змішуватися з болотом). Усяляк прыніжацца, беспадстаўна абвінавачвацца. Наша роднае ўхілялася ўбок, аддавалася на смех, выскаленне і кпіны, тапталася нагамі і мяшалася з гразёю, a за прыклад выстаўлялася чужое, велікарускае, дзецям не даступнае і малазразумелае (Я. Лёсік. Што рабіць?).

Утвораны ад фразеалагізма мяшаць (змешваць) з граззю (гразёю) (каго, што) — выразу з жывой унутранай формай, звязанай, хутчэй, з нерэальным, гіпербалізаваным, чым рэальным вобразам.

Н

На авось. Запазыч. з руск. м. 3 разлікам на шчаслівую выпадковасць; наўдачу (рабіць што-н.). Пагана адчувае сябе Саўка, a ўсё таму што не дадумвае сваіх думак, робіць на авось, пакладаючыся на шчаслівы выпадак (Я. Колас. Дрыгва).

Лічаць, што слова авось паходзіць ад займеннікавага спалучэння a во ce, якое сустракаецца ў тэкстах XVI–XVII стст. і літаральна абазначала «а вось» (параўн. часціну авось з тым самым значэннем у сучаснай бел. літаратурнай м.). Указальнае слова авось, якое ў гутарковым маўленні страчвае канцавую галосную, паступова замяняецца на іншыя, y тым ліку на часціцу «можа», «а можа».

На авось ды нябось. Уласна бел. (параўн. y руск. м.: авось да небось са значэннем ‘як будзе, як здарыцца’). 3 разлікам на шчаслівую выпадковасць; наўдачу (пакладацца, рабіць што-н.). Кароў аслабленых падвязваць на вужышчы пад жываты бацька не збіраўся, падсмейваўся з гультаяватых «зімагораў», што пакладаліся на авось ды нябось (У. Калеснік. Доўг памяці).

Развіўся ў выніку далучэння да фразеалагізма на авось (гл. вышэй) часціцы нябось, якая як бы падагнана пад «гукавую сіметрыю».

На адзін капыл. Агульны для ўсходнесл. (руск. на одну колодку, укр. на один копил) і польск. (na jedno kopyto) м. Аднолькавыя, падобныя адзін да аднаго. Усе яны [паны] на адзін капыл — стараюцца дастаць з цябе ўвесь дух, пакуль ты ў іх служыш (УДамашэвіч. Дзявочая клятва).

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code