Мёртвым грузам ляжаць. Калька з англ. м. (dead load, літаральна «мёртвы груз»). Без выкарыстання, як зусім непатрэбнае. Мёртвым грузам ляжаць яны [некаторыя творы], Як муміі ў грабніцах, на пыльных стэлажах бібліятэк (Х. Жычка. Белыя санеты).
У англ. м. ёсць і тэхнічны тэрмін dead load для абазначэння незапатрабаваных матэрыяльных каштоўнасцей. Фразеалагізм склаўся на аснове гэтага тэрміна.
Мёртвыя душы. Запазыч. з руск. м. Неіснуючыя асобы, якія толькі фіктыўна лічацца дзе-н. На заводзе… праходзілі на зарплату мёртвыя душы, грошы за іх атрымоўвалі. Цягнулася гэта некалькі гадоў (А. Жук. Асабліва небяспечнае).
Выраз з аднайменнай паэмы (1842) М. В. Гогаля. Галоўны герой паэмы Чычыкаў са спекуляцыйнай мэтай скуплівае ў памешчыкаў «мёртвыя душы» — прыгонных сялян-нябожчыкаў, якія па дакументах яшчэ лічыліся жывымі.
Між двух агнёў. Ужыв. таксамаўруск. (между двух огней), укр. (між двома вогнями), балг. (между два огьня), серб. — харв. (изме у две ватра) м. У становішчы, калі небяспечна з абодвух бакоў. У вайну немцы паставілі Анікея на нейкі час старастам. Вялікім дыпламатам трэба было быць, каб круціцца між двух агнёў — займаць такую пасаду і не даваць у крыўду людзей (М. Ракітны. Чысціня).
Мяркуюць, што ўзнікненне фразеалагізма звязана са звычаем, які быў y цюркскіх і мангольскіх ханаў Каб трапіць у штаб хана, трэба было прайсці між двух ачышчальных агнёў Як сведчыць адзін з летапісаў, y 1246 г. y стаўцы Батыя пакаралі смерцю вялікага князя Міхаіла Чарнігаўскага за тое, што ён не захацеў прайсці паміж двух агнёў. Пра гэты абразлівы ханскі звычай ведалі і ў Заходняй Еўропе. Захаваліся, напрыклад, успаміны італьянца П. Карпіні (XIII ст.), які піша пра культ агню ў манголаў: «Робяць два агні і побач ставяць два кап’і з вяроўкай на верхавіне… і між двух агнёў праходзяць людзі, жывёлы». На гэтай аснове склаўся фразеалагізм між двух агнёў і ў немцаў (zwischen zwei Feuer), французаў (entre deux feux); магчыма, гэта калька са славянскіх моў.
Між (паміж) іншым. Калька з франц. м. (entre autres). Ужыв. са значэннямі ‘не звяртаючы асаблівай увагі, мімаходам’ і ‘дарэчы; y сувязі са сказаным’. Нават і на канікулах [Васіль і Максім] сустракаліся так сабе, між іншым, як і з усімі іншымі былымі аднакласнікамі (І.Шамякін. У добры час). Паміж іншым, таварыш Дубіцкі, ты вельмі смелы (А. Чарнышэвіч. На сажалках).
Між (паміж) молатам і кавадлам. Калька з ням. м. (zwischen Hammer und Amboß). У цяжкім становішчы, калі небяспека ці непрыемнасць пагражае з двух бакоў (быць, аказацца, знаходзіцца і пад.) Карнікі атакавалі партызан з боку Латвіі. Партызанскія брыгады апынуліся паміж молатам і каеадлам (В. Ждановіч. Асвея).
Паходзіць ад аднайменнай назвы рамана (1868) Фрыдрыха Шпільгагена.
Між (паміж) намі <кажучы>. Калька з франц. м. (entre nous soit dit). Ужыв. як пабочнае словазлучэнне са значэннем ‘пад сакрэтам (пра што-н. такое, чаго не варта гаварыць іншым)’ Учора, між намі кажучы, быў я ля паліўнага склада… Цікавіўся… Дорага, скажу табе, цяпер гэтыя паленцы каштуюць (М. Капыловіч. Шукаю кватэру).
У франц. м. выраз сфарміраваўся, відаць, пад уплывам фразеалагізма з лац. м. inter nos.
Між (паміж) небам і зямлёй. Фразеапагізм з аналагічнай вобразнасцю, структурай і значэннем ёсць амаль ва ўсіх еўрапейскіх мовах. Яго выток — Біблія, дзе выраз сустракаецца некалькі разоў. Так, y Другой кнізе царстваў (18, 9) расказваецца, як у час бітвы дружыннік Авесалом «заблытаўся валасамі сваімі ў галлі дуба і павіс між небам і зямлёю, мул жа яго пад ім прайшоў».
Ужыв. са значэннямі: 1) y стане няпэўнасці, неўладкаванасці (быць, заставацца і пад.), 2) без пастаяннага жылля, дзе давядзецца (жыць, знаходзіцца і пад.), 3) далёка ад рэчаіснасці (быць, існаваць і пад.). Цяпер яго ўжо нічога не звязвала з арміяй… цяпер ён заставаўся адзін між небам і зямлёю (В. Быкаў. Жураўліны крык). Як ёй, адной, з ім, калі і самой між зямлёй і небам жыць даводзіцца? (І.Мележ. Завеі, снежань). Душы іхнія, размякчаныя і разагрэтыя гарэлкай, ужо, як кажуць, між небам і зямлёй (Л. Дайнека. Футбол на замініраваным полі).
Між (паміж) Сцылай і Харыбдай. Паўкалька з ням. (zwischen Szylla und Charybdis) ці англ. (between Scylla and Charybdis) м. У цяжкім становішчы, калі непрыемнасці, небяспека пагражаюць з двух бакоў (выбіраць, быць і пад.) Глыбы думак. Праху глыбы — за сівою даўніной паміж Сцылай і Харыбдай… (Я. Янішчыц. Глыбы думак).
Выток фразеалагізма — грэчаская міфалогія. Сцыла і Харыбда — дзве пачвары, якія пільна ахоўвалі Месінскі праліў (паміж Сіцыліяй і Апенінскім паўвостравам) і жылі ў пячорах па абодва бакі ад праліва. Праход праз вузкі праліў (між Сцылай і Харыбдай) быў надзвычай небяспечны для мараплаўцаў.
Міма вушэй прапускаць (прапусціць), пускаць (пусціць), праходзіць (прайсці). Агульны для ўсходнесл. і польск. (mimo uszu) м. Без увагі і рэагавання (прапускаць тое, што гаворыцца кім-н.). Сама гаспадыня маўчыць, але ніводнае слова наша міма вушэй не прапускае — відаць па яе насцярожанасці (В. Карамазаў. Векапомнае).
Выраз успрымаецца як матываваны. Першапачаткова ўжываўся, відаць, толькі пры дзеяслове-суправаджальніку пусціць. Параўн. адну з першых фіксацый фразеалагізма, якая адносіцца да 1551 г: A ведь-же его королевская милость, не хотячи тое прозьбы мимо уши cвou… nycmumu (Акты, относящиеся к истории Западной России. — СПб., 1846–1853, т. З, с.34).
Міна запаволенага дзеяння. Агульны для белруск. (мина замедленного действия), укр. (міна сповільненоï діï) м. Тое, што пагражае небяспечнымі наступствамі. У 30-я гады рукапісы станавіліся для іх аўтараў мінай запаволенага дзеяння, — іх нярэдка падшывалі да судовай справы ў якасці «доказаў» варожай думкі, — і часта служылі «падставай», каб «прышыць» пісьменніку 58-ы артыкул крымінальнага кодэкса — «антысавецкую прапаганду» (У. Конан. Каментарыі [да кн.: І.Замоцін. Творы]).
Узнік y выніку метафарычнага пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, шырокавядомага ў вайсковай справе.
Млын пусты. Уласна бел. Чалавек, які займаецца не справай, a пустымі размовамі; балбатун, пустаслоў. — A што папу казаць я маю? Я печ на рай не памяняю! — Цьфу, млын пусты! ото завала, бадай цябе было зарвала! (Я. Колас. Новая зямля).
Паходзіць ад параўнання балбатлівага чалавека з пустым млыном, г. зн. такім, які прарэзліва гудзе пры недастатковай загрузцы яго камянёў.
Можна ў плуг запрагаць каго. Уласна бел. Хто-н. вельмі моцны, здаровы. Што за народ! Што за людзі! Пабачылі, што бяру без чаргі, па тваім дакуменце, то адразу накінуліся на мяне, гатовыя былі разарваць: якая я, маўляў, інвалідка, мяне ў плуг запрагаць можна (І.Капыловіч. Калі трэба жыць).
У аснове выразу — гіпербалічнае супастаўленне з канём (паводле сілы, стану здароўя).
Можна язык зламаць. Уласна бел. Цяжка вымавіць што-н. (слова, фразу і пад.). Калі некаторыя з гэтых слоў прамаўляюцца лёгка ці з пэўным намаганнем, то на іншых… можна язык зламаць (А. Каўрус. Служэнне роднаму слову).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, звязаны з языком як органам маўлення.
Мокрая курыца. Відаць, калька з франц. м. (poule mouillée). Ужыв. са значэннямі ‘чалавек, які мае ўбогі, прыгнечаны выгляд’ і ‘слабавольны, бесхарактарны чалавек’. Піп адчуваў сябе не героем з неба, а мокрай курыцай (Я. Маўр. Amok). A вы, пан турэмны начальнік, будзьце сапраўдным начальнікам, не мокрай курыцай! Тут вам не берлінская галантарэя! (М. Лынькоў. Векапомныя дні).
Узнік y выніку асацыяцыі па падабенстве з курыцай, якая, калі вымакне на дажджы, мае мізэрны выгляд.
Молада-зелена. Запазыч. з руск. м. Нявопытны, наіўны па маладосці год. Маладосць, што ты хочаш. Молада-зелена. Дурны быў, паміж намі кажучы. Яно, каб на цяперашні розум, асцеражнейшы быў бы (В.Гігевіч. Дом, да якога вяртаешся).
Першапачаткова дастасоўваўся да садавіны і агародніны, зялёны (зелена) абазначала ‘няспелы, недаспелы’. Параўн., як арыгінальна расшыфроўвае вобразнасць фразеалагізма М. Лынькоў y аповесці «Апошні зверыядавец», далучаючы да кожнага кампанента разгорнутае параўнанне: «Ёрзкая ты ў мяне, браце, дзяўчына. Не нажыць бы бяды часам… Молада-зелена. Так, молада-зелена. Молада, як пахучыя вятры вясновыя, поўныя гуду жыццёвага, перазвону палёў і лясоў — перазвону птушынага, срэбнага. Зелена, як тыя лісточкі прыбярыхі-бярозы, як тыя лугі-мурагі са сваімі мядовымі краскамі…»
Мора па калена каму. Агульны для ўсходнесл. м. Паходзіць з прыказкі П’янаму мора па калена, y складзе якой ён меў тое ж значэнне ‘нічога не страшна, усё нічога не варта’. Сінтаксічныя сувязі фразеалагізма (здольнасць кіраваць давальным склонам: мора па калена к a м у) засталіся такімі, якія былі і ў прыказцы. Некаторыя лічылі, што галоўнае — разбурыць усё старое, што напрыдумлялі паны афіцэры, a тады, маўляў, нам мора па калена… (І.Шамякін. Матрос з «Алега»).