MoreKnig.org

Читать книгу «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» онлайн.

Матаць (намотваць, наматаць) <сабе> на вус што. Агульны для ўсходнесл. м. Цвёрда запамінаць, улічваць на будучае. Дзед Талаш прыглядаўся да Букрэя, прыслухоўваўся да яго загадаў і каманды і ўсё гэта матаў сабе на вус (Я. Колас. Дрыгва).

У фразеалагізме, відаць, знайшла адлюстраванне нервозная прывычка падкручваць вусы ў часе роздуму.

Мафусаілаў век. Агульны для ўсходнесл. м. Вельмі доўгае жыццё, даўгалецце. Няхай чалавек сам сабе ўстановіць мафусаілаў век (А. Мальдзіс. Восень пасярод вясны).

Паходзіць з біблейскага тэксту (Быццё, 5,12) пра патрыярха Мафусаіла, які пражыў нібыта 969 гадоў.

Махаць пасля бойкі кулакамі. Гл. размахваць (махаць, памахаць) пасля бойкі кулакамі.

Махнуць рукой на каго, на што. Агульны для ўсходнесл. і польск. м. Перастаць звяртаць увагу на каго-, што-н., перастаць цікавіцца кім-, чым-н. На Сымонку даўно ў хаце ўсе махнулі ўжо рукой (Я. Колас. Сымон-музыка).

Фразеалагізм жэставага паходжання: унутраны стан чалавека апісваецца праз пэўны жэст — знешні выразнік гэтага стану.

Медны лоб. Калька з франц. м. (front d’airain). Тупы, абмежаваны ці занадта ўпарты чалавек. Там, дзе ён робіць расцяроб, знікае ўсё жывое… Ha тое ж ён — і медны лоб, стварэнне ў помсце злое (А. Бачыла. Медны лоб). Параўн. каламбурнае выкарыстанне фразеалагізма ў вершы Я. Купалы «На тэму крытыкі і самакрытыкі»; О, крытык, грызапёр мой бедны! Чытач, яго ты пажалей; не месціць, брат, яго лоб медны ні прынцыпаў тых, ні ідэй.

Прыметнік медны як эпітэт да слова лоб выкарыстоўваўся ў лац. м., сустракаецца ў Бібліі (Ісаія, 48, 4): «жила железна, выя твоя, и чело твое медяно» (у шыі тваёй жыла жалезная, і лоб твой медны). У франц. м. словазлучэнне медны лоб стала ўжывацца з пераносным значэннем і перайшло ў шмат якія еўрапейскія мовы.

Мераць асьмінай грошы. Уласна бел. Многа мець, атрымліваць, нажываць (грошай). [Куторга: ] Ды і пасаг мае гаспадарскі: адна ў бацькоў; a стары грошы асьмінаю мерае (В. Дунін-Марцінкевіч. Пінская шляхта).

Асьміна (ад лічэбніка восем) — устар. слова, старая мера аб’ёму сыпкіх цел, пасудзіна на тры пуды збожжа або на восьмую частку бочкі (каля 105 л). Фразеалагізм засноўваецца на гіпербале. Гэта гіпербалічнасць падкрэсліваецца ў паэме Я. Купалы «Адплата кахання» ўжываннем спалучэння чуць не перад фразеалагізмам: «Жыў шляхціц багаты; меў поля ён многа, і конікаў сытых, і ўсякай скаціны, і грошы, што чуць іх не мераў асьмінай».

Мераць на адзін капыл каго. Уласна бел. Меркаваць пра каго-н., ацэньваць каго-н. абсалютна аднолькава, без уліку індывідуальных асаблівасцей. Але, бачыце, нельга ўсіх рабочых мераць на адзін капыл (Р. Мурашка. Сын).

Кантамінаванае ўтварэнне, узнікла аб’яднаннем фразеалагізмаў мераць на адзін аршын + на адзін капыл і захавала значэнне фразеалагізма мераць на адзін аршын.

Мераць на свой аршын каго, што. Агульны для ўсходнесл. м. Меркаваць пра каго-, што-н. аднабакова, суб’ектыўна, з асабістага пункту гледжання. Сядзіць такі ваяка-кіраўнік y лясным зацішку і мерае ўсіх на свой аршын, нават папракае другіх, распякае, павучае (М. Лынькоў. Векапомныя дні).

Склаўся ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння. Даўней, да ўвядзення метрычнай сістэмы, карысталіся аршынам — мерай даўжыні, роўнай 71,12 см. Аршыны вырабляліся саматужна і не заўсёды былі дакладнымі па даўжыні. Часам купец меў некалькі аршынаў і пры зручным выпадку мераў на «свой», укарочаны аршын.

Мераць на свой капыл каго, што. Уласна бел. Меркаваць пра каго-, што-н. аднабакова, суб’ектыўна, толькі са свайго пункту гледжання. Адчапіся ты, дзядзька Марцін! Не мерай ты ўсіх на свой капыл! (Я. Брыль. Апошняя сустрэча).

Узнік шляхам аб’яднання двух фразеалагізмаў y адзін: мераць на свой аршын + на свой капыл. Кантамінаванае ўтварэнне захавала значэнне фразеалагізма мераць на свой аршын.

Месца пад сонцам. Калька з франц. м. (place au soleil). Ужыв. са значэннямі ‘права на існаванне’ і ‘трывалае, высокае месца ў грамадстве’. [Скарына: ] Я за пошук месца пад сонцам для ўсіх моў і супраць міжрэлігійнай рознасці, a вы… (А. Петрашкевіч. Напісанае застаецца). A пра што думаў, чаго дамагаўся? Свайго месца пад сонцам…. A хто не дамагаецца свайго месца пад сонцам?.. (В. Блакіт. Шануй імя сваё).

Аўтар выразу — французскі матэматык, фізік, філосаф Паскаль, які ў творы «Pensées» (1670) ужыў названае спалучэнне са значэннем ‘права на існаванне’.

Месцы не вельмі аддаленыя. Гл. мясціны (месцы) не вельмі аддаленыя.

Мець зуб на каго. Гл. зуб мець на каго.

Мець месца. Калька з франц. м. (avoir lieu). Абазначае ‘быць у наяўнасці’ і ‘адбывацца, здарацца’. Асабістыя меркаванні тут не могуць мець месца. Справа ідзе пра чэсць палка (К. Крапіва. Проба агнём). І заўважце — такія выпадкі мелі месца не адзін раз і былі ў розных губернях (Я. Колас. На ростанях).

Унутраная форма скалькаванага фразеалагізма ўспрымаецца выразна.

Мець на ўвазе. Калька з франц. м. (avoir en vue). Ужыв. са значэннямі ‘падразумяваць каго-, што-н.’, ‘улічваць што-н., не забывацца пра што-н.’ і ‘разлічваць на што-н.’. — У такой справе гарачкі пароць не трэба… — Уякой гэта?.. — A ў нашай, партызанскай, — адказаў дзядзька, і цяжка было зразумець, што ён мае на увазе (У. Дамашэвіч. Між двух агнёў). Май на ўвазе, мы з табой яшчэ па-людску гаворым!.. (Э. Самуйлёнак. Будучыня). Сакратар райкома не меў на ўвазе дабівацца ад мядзведзіцкіх якой-небудзь пэўнай пастановы (К. Крапіва. Мядзведзічы).

Мець справу з кім, з чым. Калька з франц. м, (avoir affaire aves). Ужыв. са значэннямі: 1) сутыкацца з кім-н. ці з якім-н. фактам, з’явай і пад., 2) уступаць у якія-н. адносіны, y пэўныя сувязі, 3) карыстацца чым-н., зварочвацца да чаго-н. — Мы маем справу з таварышам, — гаварыў сакратар, — які парваў, я падкрэсліваю, які іменна парваў з бацькамі-гандлярамі (П. Галавач. Вінаваты). Ды і ўсё роўна ж праз Лібу прыйдзецца мець справу з яе бацькамі (Ц. Гартны. Сокі цаліны). Магазін — Міншвеяў дваццаць, прадаўцоў зусім няма там: хто прыходзіць адзявацца, мае справу з аўтаматам (К. Крапіва. Хвядос — Чырвоны нос).

Паходзіць з маўлення камерсантаў і напачатку дастасоўваўся да вядзення якой-небудзь сумеснай справы.

Мець сэрца на каго. Агульны для ўсходнесл. м. Злавацца на каго-н. I Костусь броеы свае хмурыць: і ён на брата сэрца мае, бо Уладзя дзядзьку зневажае (Я. Колас. Новая зямля).

Першапачатковае значэнне слова сэрца тут — ‘цэнтр злосці, гневу’ (параўн.: сердаваць, сярдзіты).

Мёртвая хватка. Агульны для ўсходнесл. і балг. (мъртво хващане) м. Здольнасць упарта дабівацца свайго. Начальніка ліцейнага цэняць за яго спраўнасць, за мёртвую хватку ў рабоце, паважаюць як практыка (У. Карпаў. Вясеннія ліўні).

Узнік y выніку метафарызацыі тэрміналагічнага словазлучэння, вядомага ў мове паляўнічых, дзе яно абазначае хватку ў сабак, пры якой сківіцы, сутаргава сціснуўшыся, доўгі час не могуць разамккуцца.

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code