Ламаць (паламаць) коп’і з-за каго, за што. Відаць, усходнесл. Горача спрачацца, даказваць, змагаючыся за што-н., адстойваючы чые-н. інтарэсы. Я ўспомніў між хлопцаў гэтых, на гэтых саляных копях, як крытык адзін з паэтам нядаўна ламалі коп’і (У. Нядзведскі. Будні Салігорскія).
Склаўся ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння. У старажытнасці кап’ё было зброяй першай сутычкі. Уступаючы ў бой, воіны стараліся выбіць праціўніка з сядла, пры гэтым нярэдка ламалі коп’і. Параўн. ужыванне блізкага гучаннем і яшчэ не пераасэнсаванага словазлучэння ў «Слове аб палку Ігаравым»: «Ту ся копіемъ приломати, ту ся саблямъ потручати о шеломы половецкыя».
Ламаць <сабе, свае> рукі. Агульны дляўсходнесл. м. Прыходзіць у адчай, узрушэнне (ад вялікага гора). Ой, ламалі свае рукі стары са старою: — Налажылась наша донька за ўсіх галавою! (Я. Купала. Бандароўна).
Фразеалагізм жэставага паходжання: унутраны стан чалавека апісваецца праз пэўны жэст — знешні выразнік гэтага стану.
Ламаць шапку перад кім. Агульны для ўсходнесл. м. Уніжацца, ліслівіць перад кім-н., паддобрывацца пад каго-н. Хочаце ламаць шапку перад кожным сталом, чакаць прыёму ў дырэктара… (М. Лужанін. Дзівадла).
Ва ўкр. м. выраз ужываецца і з варыянтнасцю дзеяслоўнага кампанента: м'яти шапку, г. зн. мяць, камячыць шапку, ці, так бы мовіць, «ламаць» яе. У такім разе можна лічыць, што выраз утварыўся шляхам метанімічнага пераносу: просьбіт, прыніжана звяртаючыся да каго-небудзь, здымаў шапку і, трымаючы яе ў руцэ, механічна, ад няёмкасці, мяў, камячыў яе, «ламаў».
Ласкавае цяля. Гл. ліслівае (ласкавае) цяля (цялятка).
Лаўры спаць не даюць каго, чые каму. Паўкалька з грэч. м. Абазначае ‘хтосьці вельмі зайздросціць чыйму-н. поспеху’. — Табе што, брыгадзіравы лаўры спаць не даюць? — спыталі ў Антося аднойчы (Настаўн. газ. 30.12.1981). Параўн. каламбурнае выкарыстанне фразеалагізма: Скардзіўся на бяссонніцу. Не давалі спаць лаўры (Б. Сачанка. Манпансье з гарчыцаю).
Гэта крылаты выраз, які належыць старажытнагрэчаскаму дзяржаўнаму дзеячу і палкаводцу Фемістоклу. Ён прымаў удзел у Марафонскай бітве, у якой грэкі на чале з афінскім стратэгам Мільціядам разбілі персаў. Фемістокл зайздросціў славе стратэга, паўтараючы: «Лаўры Мільціяда не даюць мне спаць», аж пакуль сам не стаў славутым палкаводцам.
Лахі пад пахі. Уласна бел. У літаратурны ўжытак увайшоў з паўднёва-заходніх гаворак рэспублікі, дзе слова лахі з’яўляецца агульнай назвай разнароднага адзення (параўн. у «Пушчанскай адысеі» А. Карпюка: «Не ведаю, кажух браць ці не? Мо дарэмна буду толькі валачы лахі…»). Першапачатковы сэнс спалучэння зразумелы. У далейшым кампаненты выразу, звязаныя ўнутранай рыфмай, страцілі канкрэтнае і набылі больш шырокае, абагульненае значэнне: лахі — не абавязкова толькі ‘адзенне’, пад пахі — не абавязкова ‘пад плечы’. Фразеалагізм стаў ужывацца са значэннем ‘свае пажыткі з сабой’, калі гаворыцца пра любыя асабістыя рэчы, што можна прыхапіць з сабой, панесці ў руках ці на сабе перад адыходам, уцёкамі, ад’ездам куды-небудзь: А што ж будзе? Вазьму лахі пад пахі — маёмасць мая невялікая — ды пайду шукаць шчасця на свеце (Я. Колас. На ростанях). Звычайна фразеалагізм ужываецца пры дзеясловах браць, узяць, забраць, якія могуць прапускацца, але падразумяваюцца: паціхеньку бяры пахі пад пахі і выбірайся (Я. Колас); бярыце пахі пад пахі і тупайце (А. Кудравец); забірай лахі пад пахі (В. Каналь).
Калі ж фразеалагізм ужываецца ў ролі дзеяслоўнага выказніка перад аднародным выказнікам (пры перадачы хуткай змены падзей), то ён абазначае ‘схапіць з сабой свае манаткі’: Ты аконца адчыніш, лахі пад пахі ды скакель з хаты ў сад, як пятух! (Я. Купала. Паўлінка). Або: зараз лахі пад пахі і дадому (К. Чорны); мы лахі пад пахі ды ходу (М. Лынькоў). У такіх выпадках перад намі ўжо іншы самастойны фразеалагізм, адрозны ад папярэдняга сваёй семантыкай, сінтаксічнай роляй і спалучальнымі магчымасцямі.
Лебядзіная песня. Калька з грэч. м. (kuknеіоn аsmа). Апошні, найбольш значны твор каго-н., апошняя праява таленту, здольнасці. Тарас Хадкевіч… браў пласт мінулага і знаходзіў у ім тыя парасткі новага, якія сёння з’яўляюцца рэальнасцю, сучаснасцю. Пра гэта можа сведчыць яго раман «Песня Дзвіны», — гэтая, на глыбокі жаль, лебядзіная песня пісьменніка (ЛіМ. 15.08.1975).
Узнікненне фразеалагізма звязана з павер’ем, што лебедзь спявае адзін раз у жыцці — перад самай смерцю. Павер’е, вядомае старажытным грэкам, сустракаецца ў творах Эзопа, Эсхіла. Відаць, яно мае пад сабой грунт: як сведчаць вучоныя-заолагі, напрыклад нямецкі натураліст А. Брэм, апошнія ўздыхі раненага лебедзя нагадваюць песню.
Легчы (залегчы) на дно. Уласна бел. (у руск., укр., польск. і іншых слоўніках не фіксуецца). Прытаіўшыся, не рабіць ніякіх дзеянняў. Нам трэба на пару тыдняў легчы на дно, перачакаць, а як міліцэйскі шмон на дарогах сціхне, уцячы за мяжу (В. Праўдзін. Вяртанне з апраметнай). Звольніўшыся з гэтай пасады, ён залёг на дно… Не хацеў лішні раз паказвацца (Нар. воля. 16.11.2000).
Паходзіць, відаць, з маўлення маракоў падводнага флоту. Параўн. выкарыстанне фразеалагізма ў дачыненні да матросаў: «Хлопцы раз’язджаліся па сваяках, каб, залегшы на дно, перачакаць месяц-паўтара да новага выхаду ў мора» (У. Арлоў).
Легчы касцьмі. Усходнесл. Ужыв. са значэннямі ‘загінуць у баі’ і ‘старацца з усіх сіл зрабіць што-н.’. Счапіўся з гадам хіленькі пінчук і лёг касцьмі, не прапусціўшы немца! (Е. Лось. Гавораць несмяротныя). Касцьмі лягу, змагаючыся супроць пасадкі «хіміка» ў гэтым раёне (І.Шамякін. Атланты і карыятыды).
Выраз фіксуецца ў старажытным летапісе, паводле якога князь Святаслаў перад бітвай з грэкамі ў 970 г. сказаў сваім воінам: «Не посрамим земли Русския, но ляжем костьми ту; мертвие бо срама не имут». Касцьмі — старая форма творнага скл. мн. л., адпавядае сучаснай касцямі. Семантычная сувязь паміж кампанентамі ў фразеалагізме легчы касцьмі невыразная, аднак некаторы намёк на гэту сувязь адчуваецца пры супастаўленні фразеалагізма з пазнейшымі, сэнсава тоеснымі ўтварэннямі легчы трупам, злажыць косці.
Лезці (ісці) на ражон. Усходнесл. Абазначае ‘пачынаць штосьці рызыкоўнае, асуджанае на няўдачу, дзейнічаць, не думаючы пра вынікі’. Ды і сабе самому вы нашкодзіце: вам лезці на ражон няма чаго (Н.Гілевіч. Формула ржавіны).
Даўней словам ражон называлі востры кол, які выкарыстоўвалі на паляванні. 3 ім хадзілі на мядзведзя. Звычайна некалькі такіх ражноў пахіла ўкопвалі ў зямлю і гналі на іх звера. На фразеалагізацыю свабоднага словазлучэння лезці на ражон паўплывала тое, што ў мове ўжо быў фразеалагізм перці супраць ражна (гл.), які прыйшоў з царк. — слав. м. Дарэчы, лезці на ражон ужываецца і ў форме перці на ражон: «Я маю спакойны розум і без адуму на ражон ніколі не пру» (М. Гарэцкі).
Лезці на сцяну. Гл. на сцяну лезці.
Лезці са сваім статутам у чужы манастыр. Агульны для ўсходнесл. м. Умешвацца ў чужыя справы, навязваючы каму-н. свае рашэнні. Помнілася Рыгору адна размова ў двары з суседам. — Прабач, што лезу са сваім статутам у чужы манастыр, — сказаў той. — Але шкада цябе (М. Барэйша. Кембрыйскае мора).
Паходзіць з прыказкі У чужы манастыр са сваім статутам не ходзяць. Даўней кожны манастыр меў свой статут — звод правіл, якімі і кіраваліся члены пэўнай абшчыны манахаў.
Лезці сляпіцай у вочы <каму>. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі ‘назойліва прыставаць, невыносна дакучаць’ і ‘раздражняць, злаваць каго-н. непрыемным уздзеяннем’. I сур’ёзны ты чалавек, здаецца, а паводзіны твае камарыныя, так і лезеш сляпіцаю ў вочы (М. Лынькоў. Векапомныя дні). Праз запыленыя вокны хат сямтам пазіралі агні. I снег усё ішоў лез у вочы сляпіцай (Я. Брыль. У Забалоцці днее).
Узнік на аснове фразеалагізма лезці ў вочы (каму) шляхам пашырэння яго кампанентнага складу. Да выразу з цьмянай унутранай формай дададзены для яе ажыўлення кампанент у форме творнага параўнальнага склону; сляпіцай абазначае ‘як сляпіца’ ці ‘як сляпень’.
Лезці смалой у вочы каму, да каго. Уласна бел. Назойліва прыставаць, невыносна дакучаць. Смалайціс моцна пакрыўдзіўся, затое не лез ужо да кожнага смалою ў вочы (М. Гарэцкі. Віленскія камунары).
Утвораны на аснове фразеалагізма лезці ў вочы (каму) шляхам пашырэння яго кампанентнага складу назоўнікам у форме творнага параўнальнага склону. Смалой абазначае ‘як смала’.
Лёгкая рука ў каго. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. прыносіць шчасце, поспех, удачу ў чым-н. — Цяпер загоіцца, — упэўнена кажа дзед і складвае свае прычандалы ў капшук. — У мяне лёгкая рука (В. Гардзей. Дом з блакітнымі аканіцамі).
Выток фразеалагізма — былое павер’е, што ў некаторых людзей лёгкая рука, якая прыносіць удачу. Першапачаткова ўжываўся, калі гаварылася пра што-небудзь набытае ў чалавека з лёгкай рукой; гэтым выказвалася ўпэўненасць, што ўсё пойдзе рукой, будзе ручыць, г. зн. удавацца, добра весціся.
Лёд крануўся. Фразеалагізм з той жа вобразнасцю і значэннем ёсць таксама ў руск. м. (лед тронулся), укр. (лід пішов), польск. (lоdу ruszуlу). Яго сэнс — ‘штосьці пачалося’. Лёд крануўся, таварыш камандуючы!.. 26-я і 84-я гвардзейскія дывізіі ўзялі Шалашына і ў добрым тэмпе ўсцяж магістралі выходзяць на рубеж Юрцава — Бардзюкі! (І.Мележ. Мінскі напрамак).
Выраз мае празрыстую ўнутраную форму, ён склаўся на аснове фразеалагізма лёд разбіты (гл.).