Кум каралю <і сват міністру>. Відаць, уласна бел., хоць зрэдку сустракаецца (як адназначны) ва ўкр. і руск. м. Ужыв. са значэннямі: 1) свабодны, ні ад каго не залежны, у выгадным становішчы, 2) багаты, заможны, забяспечаны, 3) вельмі добра, цудоўна (жыць, адчуваць сябе і пад.). Адзін я пачуваю сябе ніштавата: яшчэ дома нацягнуў гумовікі, то цяпер кум каралю (Г. Пашкоў. Палескія вандроўнікі). Чалавек ты не дурны, а жыць не ўмееш… Колькі разоў табе казаў: слухай мяне і будзеш кум каралю (М. Арочка. Хай расце маладая таполя). Ты адчуваеш тут сябе — кум каралю (Д.Бічэль-Загнетава. У Гальшанах).
Першапачатковая структура фразеалагізма — двухкампанентная (кум каралю). Другая ж частка, факультатыўная і не часта ўжывальная, нарошчана, змадэліравана на ўзор першай і звязана з ёю злучнікам «і». Сустракаюцца выпадкі далейшага, праўда, індывідуальна — аўтарскага, разгортвання вобразнай асновы фразеалагізма і яшчэ большага пашырэння кампанентнага складу: «О, ты цяпер кум каралю і сват міністру… лёгкай і харчовай прамысловасці» (П.Місько). У аснове фразеалагізма, хутчэй за ўсё, — нерэальны, прыдуманы, іранічна-гіпербалізаваны вобраз. Магчыма, выраз напачатку ўжываўся як параўнальны зварот: «Я цяпер, брат, жыву, як кум каралю» (Р. Сабаленка); параўн. і ва ўкр. м.: «Тепер, взимку, я розкошую, мов кум королю» (М. Стэльмах). Выраз мог узнікнуць тады, калі Беларусь была ў складзе Рэчы Паспалітай, якой кіраваў кароль. Ужыванне ў бел. м. гэтага трохзначнага фразеалагізма можна было б пацвердзіць 22 прыкладамі з мастацкіх тэкстаў, тады як ва ўкр. і руск. м. ён адназначны і ілюструецца ў слоўніках 2–3 цытатамі.
Купляць ката ў мяшку. Гл. ката ў мяшку купляць.
Курам на смех. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі: 1) вельмі дрэнны, 2) вельмі недарэчна, бяссэнсава, смехатворна, 3) зусім мала. Справы ў насу дэпо — курам на смех (М. Лынькоў. Векапомныя дні). Гэта ж курам на смех, каб барон ды жаніўся з ёю, баранесай захацелася стаць… (М. Машара. I прыйдзе дзень…). Пятрок рабіў як пракляты, шчыраваў удзень і ўночы, а плёну было курам на смех (В. Быкаў. Знак бяды).
Узнік па мадэлі людзям на смех (параўн., напрыклад, у прыказцы Паспех людзям на смех). Каламбурны характар гэтага спалучэння ў тым, што куры не ўмеюць смяяцца. «Ні адна са свойскіх жывёл не дае найбольшых прычын да пагардлівых насмешак ці параўнанняў, як курыная парода» (С. Максімаў).
Курту з гурту выбіраць (выбраць). Уласна бел. (Выбіраць) каго-н. непрыгожага, кепскага. Выбіраюць курту з гурту — рэжа рэпліка (Р. Барадулін. У Джолсііта Дамасанава).
У літаратурнай мове няма назоўніка курта, суадноснага з першым кампанентам фразеалагізма, хоць і ёсць прыметнік куртаты (з чатырма значэннямі). У многіх жа беларускіх гаворках, як сведчаць дыялектныя слоўнікі, існуе слова курта ‘маларослы, нізкі чалавек’. У такім разе ўнутраная форма фразеалагізма становіцца празрыстай. Першы ж кампанент атрымаў больш шырокае негатыўнае значэнне ў параўнанні з зыходным. Выраз склаўся ў жывой народнай мове (фіксуецца М. Федароўскім: з гурту выбраў курту).
Куры не клююць грошай. Агульны для ўсходнесл. м. Вельмі многа (грошай у каго-н.). Хо-хо… Думае, у мяне грошай — куры не клююць… (П.Місько. Градабой).
Часам узнікненне фразеалагізма спрабуюць прывязаць да даўнейшых пэўных звычаяў. Думаецца, аднак, што гэта выраз з нерэальным вобразам у яго аснове, што гэта плён народнай фантазіі. Параўн. і іншыя з кампанентам куры: і куры не шэпчуць пра каго, куры будуць смяяцца з каго, курам на смех.
Курыць фіміям каму. Агульны для ўсходнесл. м. Падлізліва праслаўляць, узвялічваць кагосьці. Ёсць пара крытыкаў, вядомых нам, якія кураць фіміям… (К. Крапіва. Шчыры поп). Замест кампанента курыць ужываецца і кадзіць: Стала крытыкаў пашане, фіміяму не кадзілі, сходы ішлі не да світання, а не больш за паўгадзіны (М. Лужанін. Сілівон на дачы). Аналагічная вобразнасць і ў балг. фразеалагізме кадя тамян (‘курыць, кадзіць фіміям’).
Словы курыць і фіміям цяпер ужо ў пасіўным складзе лексікі. Першае абазначае ‘спальваць якое-н. рэчыва, што дае пахучы дым’, а фіміям тое самае, што і ладан. Разам жа яны ўтвараюць фразеалагізм, які, аднак, не мае адцення ўстарэласці. Ён паходзіць са свабоднага словазлучэння, звязанага са старажытным абрадам ахвяравання, асобным відам якога было спальванне фіміяму перад багамі. Гэтым славілі і залагоджвалі іх. Фіміям курыўся і пры набажэнстве ў цэрквах, а таксама пры князёўскіх, царскіх дварах.
Курэнне фіміяму. Уласна бел. Надзвычайнае ўзвялічванне, ліслівае праслаўленне каго-н. Ад нечаканасці і такога адкрытага курэння фіміяму яледзь не з’ехала пад трыбуну, што стаяла побач (В. Паўлава. Шклоўскія страсці).
Узнік унутрыфразеалагічным спосабам на аснове суадноснага дзеяслоўнага выразу курыць фіміям (каму), набыўшы прадметнае значэнне і іншыя ўласцівасці назоўнікавых фразеалагізмаў (гл.).
Кусаць <сабе> локці. Агульны для ўсходнесл. м. Перажываць, шкадаваць з прычыны чагосьці няздзейсненага, непапраўна страчанага. От дзівачка! Удачы сваёй не бярэш! Ну што ж, я сказала! Дзела тваё. Кусай потым локці сабе! (І.Мележ. Завеі, снежань).
Узнік на вобразнай аснове прыказкі Блізка локаць, ды не ўкусіш, як бы насуперак яе літаральнаму значэнню. Сэнсавая блізкасць паміж фразеалагізмам і прыказкай відавочная: прыказка ўжываецца як выказванне жалю, калі нельга ўжо здзейсніць штосьці.
Л
Лавачка закрываецца (закрылася, закрыецца). Агульны для ўсходнесл. м. Спыняецца якая-н. справа, хто-н. перастае займацца чым-н. І ты думаеш да пенсіі дарабіць? Доўга табе яшчэ. Прыдумаюць які аўтамат — закрылася лавачка (А. Жук. Хлопчык на краі поля).
Фразеалагізм, структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, утварыўся на базе суадноснага дзеяслоўнага закрываць лавачку (гл.).
Лавіць рыбку ў каламутнай вадзе. Калька з франц. м. (ресЬег еn еаu trouble). Карысліва карыстацца якімі-н. цяжкасцямі. А я думаю — не, не туды, павярнулі. I паддаў ім халодненькага душу, каб выцверазіць. «Што, — кажу, — хлеб не ўдаецца, дык рашылі рыбку у каламутнай вадзе лавіць?» (М. Лобан. Гарадок Устронь).
У французаў выраз склаўся на аснове адной з баек Эзопа, перакладзеных з грэч. м. У байцы расказваецца, як хітры рыбак, ускаламуціўшы ваду, ловіць у ёй рыбу, якая сама ўсплывае наверх. Фразеалагізм прыжыўся ў славянскіх, а таксама ням., англ. і іншых мовах.
Лазара пець (спяваць). Агульны дляўсходнесл. м. Бедаваць, прыкідвацца няшчасным, старацца расчуліць кагосьці. Ну, святая Барбара, цяпер на табе далёка не заедзеш. Як зловяць паны, дык і будзеш тады Лазара пець (К. Крапіва. Канец дружбы).
У дасавецкі час улюбёнай песняй многіх жабракоў была песня пра беднага Лазара. Пра гэта, напрыклад, у драме Я. Купалы «Раскіданае гняздо»: «Старац ідзе наперад, за ім — Марыля з дзецьмі па баках, а за Марыляй — Данілка. Усе пяюць „Лазара“ — Данілка іграе». У «Беларускім зборніку. Вып. 5» (1891) Е. Раманаў пісаў: «„Лазар Бедны“ шырока распаўсюджаны на Беларусі, яго спяваюць не толькі старцы ех оffiсіо [па прафесіі, „па пасадзе“], але і ўсе прыгнечаныя і зняволеныя. Здаецца, беларус не супраць таго, каб бачыць у Бедным Лазары самога сябе». Песня склалася на аснове евангельскай прытчы (Лука, 16,19–25) пра Лазара, які, хворы, пакрыты струпамі, ляжаў каля варот багацея, чакаючы, пакуль яму выкінуць аб’едкі. Тэкст песні і яе жалобны матыў скіроўвалі на тое, каб расчуліць слухачоў, выпрасіць у іх міласціну. Пад выглядам жабракоў часам хадзілі пад вокнамі ці ў людным месцы і пелі «Лазара» і такія, што прыкідваліся няшчаснымі. Гэта і было падставай для пераасэнсавання свабоднага словазлучэння.
Лакмусавая паперка. Агульны для ўсходнесл. м. Сродак выяўлення, праверкі адносін паміж кім-н. Швейк стаў яшчэ пры жыцці Гашака лакмусавай паперкай. Па адносінах да яго высвятлялася ўсё прагрэсіўнае і рэакцыйнае (Настаўн. газ. 27.04.1983).
Утварыўся ў выніку пераасэнсавання хімічнага састаўнога тэрміна. Ім абазначаюць фільтравальную паперу, насычаную растворам лакмусу, якая ўжываецца як рэактыў на кіслоты і шчолачы.
Ламанне галавы. Уласна бел. Напружаная спроба вырашыць, зразумець, разгадаць што-н. Што датычыцца таго, як пракарміць сям 'ю, гэта сапраўды рэальнае ламанне галавы, часам сорам і ганьба, калі і жыць не хочацца (Р. Тармола-Мірскі. Не давайце чужынцамі быць).
Назоўнікавы фразеалагізм, утвораны ад суадноснага дзеяслоўнага ламаць галаву над чым (гл.).
Ламацца ў адчыненыя дзверы. Калька з франц. м. (еnfопсег unе рогtе оuvегtе). Настойліва сцвярджаць, даказваць тое, што даўно ўсім вядома і не выклікае пярэчанняў. [Валун: ] А навошта даказваць тое, што і так ясна ўсім? Навошта ламацца ў адчыненыя дзверы? (А. Чарноў. Усё спачатку).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз.
Ламаць галаву над чым. Калька з ням. м. (sісh dеn Корf zеrbгесhеn). Напружана думаць, задумвацца, стараючыся зразумець, разгадаць што-н. Зелянюк ламаў галаву над сфармуляваннем пэўнага, яснага адказу на запытанне, якое зрабіла яму Стася пры іхняй неспадзяванай сустрэчы (М. Зарэцкі. Вязьмо).
У аснове фразеалагізма — нерэальны, гіпербалізаваны вобраз.