MoreKnig.org

Читать книгу «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» онлайн.

Відаць, пранік ва ўсходнесл. і польск. м. як недакладная калька з ням. м. (wie Мilch und Вlut, літаральна «як малако і кроў»); у форме злучальнай канструкцыі фразеалагізм ужываецца ў чэшск. (krеv а тlékо, літаральна «кроў і малако»), балг. (мляко и кръв) і некаторых іншых мовах. Вобразнасць фразеалагізма першапачаткова ўсведамлялася так: на белым, як малако, твары іграе яркі, як кроў, румянец.

Кроў з носа. Агульны дляўсходнесл. м. Абавязкова, нягледзячы ні на што, пры любых умовах. Слоў на вецер не кідайце, а калі ўжо што намечана, то кроў з носа, а каб было зроблена (В. Палтаран. Ключы ад сезама).

Паходзіць з канструкцыі больш поўнай формы хоць кроў з носа, а зраблю. Маюцца на ўвазе нярэдкія выпадкі, калі ў чалавека пры доўгай і напружанай працы можа пайсці з носа кроў.

Круціць баранку. Агульны для ўсходнесл. м. Працаваць шафёрам. Трэці дзесятак круціць баранку Васіль, а не захварэў на распаўсюджаную шафёрскую хваробу — ліхацтва (М.Гіль. Дзень пачаўся).

Паходзіць з маўлення шафёраў, дзе баранкай называюць рулявое кола ў аўтамабілі.

Круціць катрынку. Уласна бел. Надакучліва гаварыць адно і тое ж. Кінь сваю круціць катрынку, будзь прасцейшы, не… нудзі (А. Александровіч. Напор).

Выток фразеалагізма аналагічны з вытокам іншых: заводзіць (завесці) катрынку, заводзіць (завесці) <сваю> шарманку (гл.). Катрынка прыводзілася ў рух кручэннем ручкі.

Круціць носам. Калька з франц. м. (hосhеr du nеz). Ужыв. са значэннямі ‘адмаўляцца, натурыцца’ і ‘важнічаць, выказваючы незадавальненне’. Трапляецца гэтакі чалавек, дык яна яшчэ носам круціць (А. Васілевіч. Доля знойдзе цябе). Брат, сват, дзядзька, чорт лысы хай робяць, а ён прыйдзе на гатовае, ён, бачыце, запанеў:.. І носам будзе круціць: «Ах, не такусё! Ах, не гэтак!» (П.Місько. Ціхае лета).

Фразеалагізм жэставага паходжання. Тут унутраны стан чалавека апісваецца праз яго знешні выгляд.

Круціць шарманку. Агульны для бел. і руск. м. Надакучліва гаварыць адно і тое ж. Гебельс круціць шарманку, значыць — у Гітлера туз (К. Крапіва. Апошняя стаўка Гітлера).

Гэты фразеалагізм, як і тры іншыя, паходзіць з адной крыніцы. Гл. заводзіць (завесці) катрынку, заводзіць (завесці) <сваю> шарманку, круціць катрынку.

Крывіць губы. Уласна бел. Крывіцца, выражаючы незадаволенасць, злосць. Хто ахвотнік неба мераць, дык выходзь сюды наперад. Ну, а ты што крывіш губы? Ці табе лятаць не люба? (К. Крапіва. Хто за намі?).

Фразеалагізм жэставага паходжання: унутраны стан чалавека апісваецца праз яго знешні выгляд, выкліканы гэтым станам.

Крывое кола. Уласна бел. Упарты чалавек, які сваімі ўчынкамі пляміць сам сябе. — Васіль, пачакай, во нейкі малахольны, — пачуў ён услед, — нічога яму не скажы, крывое кола, — не крані ты яго! (У. Саламаха. Напрадвесні).

Крыніцай фразеалагізма, як мяркуе Ф. М. Янкоўскі, стала прыказка Крывое кола на сябе гразь (бруд, балота) кідае. У трапным вобразе, што адарваўся ад прыказкі, амаль цалкам захоўваецца яе сэнс. Параўн. ужыванне прыказкі ў п’есе В. Зуба «Юнацтва рыцара»: «[Казімір: ] А я ўсё роўна раскажу ўсім, што галёшы айца Нікана ператварылі ў паштовую скрынку. [Стась — Казіміру, шматзначна: ] Крывое кола на сябе гразь кідае… Май гэта на ўвазе…»

Крытычная маса. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. критическая масса, укр. критична маса). Пэўная мера чаго-н., неабходная для рэзкага, імклівага пераходу чаго-н. у іншы стан. Мяркуючы па ўсім, у арабаў дасягнула крытычнай масы пачуццё шчымлівай крыўды, знявагі іх годнасці (ЛіМ. 21.09.2001).

Узнік у выніку метафарычнага пераасэнсавання састаўнога тэрміна, якім у фізіцы называюць мінімальную колькасць ядзернага гаручага з падзельнымі нуклідамі, пры якім магчыма ажыццяўленне ядзернай ланцуговай рэакцыі дзялення.

Крыць няма чым каму. Агульны для бел., руск. (крыть нечем) и ўкр. (крити немае чим) м. Каму-н. няма як пярэчыць, няма як апраўдацца, няма чаго сказаць у адказ. Малайчына! Здорава пад’ехала!.. Мне і крыць няма чым… (І.Козел. Над хвалямі Серабранкі).

Першапачатковае значэнне гэтага выразу, што ўзнік у асяроддзі карцёжнікаў, — ‘няма чым пакрыць, пабіць карту праціўніка’.

Куды вочы нясуць (панясуць). Уласна бел. Адпаведна жаданням, куды захочацца, куды ўздумаецца (ісці, пайсці). Нацешышся, налюбішся, як я буду нагамі адбівацца, а тады сабе пойдзеш куды вочы панясуць (Л. Родзевіч. Пакрыўджаныя).

Узнік аб’яднаннем двух фразеалагізмаў-сінонімаў у адзін, вынікам іх кантамінацыі стаў фразеалагізм з тым жа значэннем: куды вочы глядзяць + куды ногі нясуць (панясуць). Зліццё фразеалагізмаў адбылося ў жывой народнай мове (выраз фіксуецца ў IV томе працы М. Федароўскага «Люд беларускі на Русі Літоўскай»).

Куды крывая вывезе каго. Запазыч. з руск. м. (куда кривая вывезет). Як атрымаецца. — Бяры, — працягнуў Міхалу [грошы] — там спатрэбіцца. Яшчэ невядома, куды крывая вывезе (У. Карпаў. Сотая маладосць).

Паводле В. М. Макіенкі, поўная форма выразу — куда крывая лошадь вывезет, дзе крывая абазначае ‘кульгавая’. Паехаць на такой «лошади» — справа рызыкоўная: яна можа давезці, а можа і не давезці да неабходнага месца.

Кукіш з маслам. Гл. дулю (фігу, кукіш) з маслам.

Куку ў руку. Агульны для бел. і ўкр. м. Абазначае ‘хабар, звычайна грашовы’. Пасябраваў; сволач, з Мусатавым, даў яму, кажуць, куку ў руку, толькі каб той памог яму спаймаць таго збеглага мужыка, што кінуў вілы… (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім).

Склаўся, відаць, на аснове прыказкі Схавай тры грошы ў руку на куку; яе занатаваў на Беларусі ў сярэдзіне XIX ст. П. Шпілеўскі, узнікненне прыказкі ён звязваў са старажытным павер’ем. Прыметай вясны было з’яўленне зязюлі ў лясах, і, каб шчасце спадарожнічала чалавеку ўвесь год, трэба было, пачуўшы першае «куку», зазвінець мапетамі ў кішэні ці ў руцэ. На куку або на зязюльку стала абазначаць ‘грошы, прызапашаныя на шчасце’. Пасля куку стала асацыявацца з таемным падарункам (такое значэнне ў слове куку вылучае ў «Слоўніку беларускай мовы» І.І.Насовіч, ілюструючы яго прыкладам: «Сунь яму куку ў руку, і дзела пойдзе добра»). Першапачатковы сэнс выразу куку ў руку — ‘грошы ў руку каму-н.’.

Кульгаць на абедзве нагі. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. хромать на обе ноги, укр. кульгати на обидві ноги). Ужыв. са значэннямі ‘мець значныя недахопы, хібы ў чым-н. (у ведах, падрыхтоўцы і пад.)’, ‘ісці дрэнна, з перабоямі, зрывамі (пра справу, работу і пад.)’ і ‘вельмі дрэнны (пра парадак, дысцыпліну і інш.)’. Лёгка сказаць — праштудзіруй. А калі Антось яшчэ ў школе па хіміі кульгаў на абедзве нагі… (З. Шостак. Выгадная штука). А што да партыйнай работы, то яна ў нас кульгае на абедзве нагі (М. Лобан. Гарадок Устронь). Высветлілася, што на ўчастку, як кажуць, на абедзве нагі кульгала дысцыпліна, ігнараваліся правілы тэхнічнай бяспекі (В. Макарэвіч. На галоўным напрамку).

Сфарміраваўся, відаць, пад уплывам блізкага ў сэнсавых і структурных адносінах біблейскага выразу хромать на оба колена: «I падышоў Ілья да ўсяго народу, і сказаў: ці доўга вам кульгаць на абодва калены?» (1-я кн. Царстваў, 18, 21).

Кульмінацыйны пункт <чаго, у чым>. Агульны для ўсходнесл. м. Найвышэйшы рубеж, вяршыня чаго-н. — Як вы думаеце, Сымон Іванавіч, ажэніцца наш знаёмы з гэтай дзяўчынай? — Я ўпэўнены. Наш прыход — кульмінацыйны пункту яго заляцанні (А. Пальчэўскі. Сваты).

Утварыўся ў выніку метафарызацыі астранамічнага састаўнога тэрміна, якім абазначаюць момант праходжання свяціла праз нябесны мерыдыян.

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code