MoreKnig.org

Читать книгу «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» онлайн.

Кітайская грамата. Агульны для ўсходнесл. м. Недаступнае для разумення, тое, у чым цяжка разабрацца. У яе прыстойнае вымаўленне, учэпістая памяць. Запомніла шмат слоў і зусім вольна адчувае сябе на старонцы, якая яшчэ ўчора была кітайскай граматай (І. Навуменка. Замець жаўталісця).

Метафарычнае значэнне, якое цяпер мае гэты выраз, узнікла на аснове канкрэтнага. Кітайская грамата (пісьмо) цяжкая для авалодання ёю. У Кітаі карыстаюцца не гукавым пісьмом, а іерогліфамі, кожны з якіх абазначае пэўнае слова. Такіх графічных знакаў ёсць каля 60 тысяч, з іх 6–7 тысяч найбольш ужывальныя, без ведання якіх нельга прачытаць газету, часопіс, папулярную літаратуру. Многія іерогліфы вельмі складаныя.

Кітайская сцяна. Агульны дляўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі: 1) неадольная перашкода; поўная ізаляванасць ад каго-, чаго-н., 2) чаго, сур’ёзная перашкода ў чым-н. Добра паказана [у аповесці А. Мальдзіса] таксама, што ў гістарычным плане аніякай «кітайскай сцяны» не было паміж беларускімі і літоўскімі вёскамі ў межах адных і тых самых паветаў і валасцей Беларусі і Літвы (ЛіМ. 14.12.1984). Ідэя наша — наша сіла… Каб толькі не расла неразумення наўсцяж кітайская сцяна (М. Лужанін. Як нараджаўся новы свет).

Узнік на базе тэрміналагічнага словазлучэння. Вялікай кітайскай сцяной называюць крапасную сцяну ў Паўночным Кітаі, якая будавалася ў IV–III стст. да н. э. і часткова захавалася да нашых дзён. Зробленая з каменных пліт, цэглы і зямлі, даўжынёй да пяці тысяч кіламетраў, пры шырыні да шасці і вышыні да дзесяці метраў, яна прызначалася для аховы ад набегу вандроўных плямёнаў. Гэта была сур’ёзная перашкода для ворагаў.

Класці (пакласці, палажыць) пад сукно што. Агульны для ўсходнесл. м. Адкладваць рашэнне чаго-н. (справы, просьбы, заявы), пакідаць без увагі, без руху. [Глуздакоў:] У нас ёсць пісьмо з вобласці аб перагібах Буйкевіча? [Цесакоў:] Першы раз чую. [Лявон: ] Няўжо і там пад сукно палажылі? (А. Макаёнак. Лявоніха на арбіце).

Узнікненне фразеалагізма звязана з традыцыямі даўнейшай судовай практыкі, калі тыя ці іншыя заявы, прашэнні знарок адкладваліся на доўгі час пад сукно, якім засцілаўся службовы стол чыноўніка.

Класці (пакласці, скласці) на алтар чаго, чый што. Блізкі па форме адпаведнік ёсць у розных мовах: руск. (приносить на алтарь чего), укр. (приносити (віддавати, складати) на вівтар (алтар) чого, чий што), польск. (złоżуć nа оłtаrz сzegо со) і інш. Аддаваць што-н. у імя чагосьці высокага, дарагога і пад. Мусіць, у гісторыі не было іншага чалавека, які б паклаў на алтар беларускага асветніцтва столькі ўласных сродкаў, як Магдаліна Радзівіл (Настаўн. газ. 26.01.2002).

Узнік у выніку пераасэнсавання рэлігійнага тэрміналагічнага словазлучэння, дзе алтаром называецца месца, на якое ўскладаліся ахвярапрынашэнні і перад якім адпраўляліся культавыя абрады.

Класці (складваць) галаву за каго, за што, дзе; скласці (злажыць, пакласці, палажыць) галаву за каго, за што, дзе. Агульны для ўсходнесл. і польск. (złоżуć głowę) м. Гінуць у баі, ахвяроўваць сабой. — Дзе ж ваш Анатоль цяпер? — Жывога няма! Каб на вайне галавы не склаў, дык абазваўся б дагэтуль (К. Чорны. Трэцяе пакаленне).

Выраз з рознымі варыянтамі дзеяслоўнага кампанента сустракаецца ў старажытных помніках, у тым ліку ў «Слове аб палку Ігаравым». Узнік, хутчэй за ўсё, у вайсковым асяроддзі, у баявой практыцы. Кампанент галава выступае як сімвал жыцця.

Класціся на алтар чаго, чаму. Блізкі па форме адпаведнік, відаць, ёсць у іншых суседніх мовах, хоць у слоўніках і не фіксуецца. Аддавацца чаму-н. у імя чагосьці высокага, дарагога і пад. Ды што змагацца з неспазнаным? На алтар яму кладзецца творчасць — ахвярапрынашэнне, калі ахвярнікам робіцца мальберт, аркуш паперы, сцэна, ахвярай — талент і дух (В. Куртаніч. Майстра практычных дыскусій).

Утварыўся на аснове суадноснага фразеалагізма класці на алтар чаго, чый што (гл.).

Клюнуць на вудачку чыю, каго, чаго, якую. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘паддацца на падман’ і ‘аказацца пад уздзеяннем чаго-н.’. Толькі свіснулі — і ты прыбег. Можна павіншаваць мяне — я выйграў пары. Я быў упэўнены, што ты клюнеш на гэтую вудачку (Л. Дайнека. Запомнім сябе маладымі). Пальчык, як маленькі, клюнуў на вудачку свае ўласнай фантазіі і нейкага хваравітага ўяўлення (У. Дамашэвіч. Я шукаю бацьку).

Узнік у выніку метафарызацыі свабоднага словазлучэння, якое ў маўленні рыбакоў ужываецца з прамым значэннем слоў.

Кляваць носам. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. клевать носом, укр. клювати носом). Драмаць седзячы ці стоячы. Паўлік так навеславаўся, што заснуў у бацькавай лодцы. Канашэвіч таксама клюе носам (Г. Пашкоў. Палескія вандроўнікі).

Склаўся праз супастаўленне чалавека, які то апускае, то падымае галаву, калі дрэмле седзячы ці стоячы, — з птушкамі, калі яны клююць ежу дзюбай.

Кожны сустрэчны. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. каждый встречный, укр. кожний стрічний). Любы, без разбору чалавек. Нярэдка ў жыцці наглядаецца, што двудушнік, пустазвон кожнага сустрэчнага надзяляе такімі ж рысамі характару, якімі валодае ён сам (Р. Семашкевіч. Бацька ў калаўроце).

Утвораны на аснове фразеалагізма першы сустрэчны (гл.) — калькі з франц. м.

Колькі лет колькі зім! Агульны для ўсходнесл. м. (руск. сколько лет сколько зим!;укр. скільки літ скільки зим!). Як даўно не бачыліся! Вокліч пры сустрэчы з кім-н., каго даўно не бачыў, з кім даўно не сустракаўся. Церах пазнаў Васіля адразу. Растапырыўшы рукі, стаў на дарозе. — Іванавіч! Колькі лет колькі зім!.. (І. Навуменка. Срэбныя імхі).

Узнік у выніку скарачэння выразу колькі лет колькі зім не бачыліся! Лет — устарэлая форма род. скл. мн. л. ад лето.

Конь божы. Уласна бел. (параўн. у польск. м.: kоń Рапа Jеzusа) Ужыв. як эўфемізм, як своеасаблівы стылістычны сінонім да слова асёл са значэннем ‘тупы, неразумны чалавек’. —Храбры круль Ян Трэці Сабескі сабраў сваё гераічнае войска і 12 верасня… — Матка боская! — зноў спыняе яго панна Рузя. — Ну, сабраў, ну, прыйшоў, ну, разбіў!.. Конь ты божы! Ды гавары ты, нарэшце, сваімі словамі! (Я. Брыль. Сірочы хлеб).

Паводле Евангелля, Ісус Хрыстос ездзіў па свеце на асле. Параўн.: «Калі ўязджаў Ісус Хрыстос у Іерусалім, Асёл яго на спіне вёз, натоўп ішоў за ім» (К. Крапіва. Асёл Ісуса Хрыста). Выраз узнік як перыфраза, як другая назва асла — пры адначасовым перанясенні назвы з зыходнага значэння слова асёл (‘жывёліна’) на другаснае, метафарычнае (‘тупы, неразумны чалавек’).

Коп’і ломяцца (ламаліся) з-за каго, з-за чаго. Агульны для ўсходнесл. м. Адбываюцца гарачыя спрэчкі, рашучая барацьба. Я стараўся не ўдзельнічаць у гэтай баталіі, адмоўчваўся, аднекваўся, рабіў выгляд, што не разумею, з-за чаго ломяцца коп`i (Л. Дайнека. Футбол на замініраваным полі).

Фразеалагізм, структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, склаўся на аснове суадноснага дзеяслоўнага ламаць коп`i з-за каго, за што (гл.).

Костачкі (косці, косткі) перамываць каму, чые, каго. Усходнесл. Абазначае: 1) абгаворваць, бэсціць каго-н., 2) асуджаць чые-н. недахопы, крытыкаваць каго-н. Ніна пацягвала з кубка чай, а Яроціха, усеўшыся з нагамі на табурэтцы і ўспёршыся локцямі на столік, не пераставала гаварыць. І ўсё тое самае: пра школьных сарок, якяны Нініны костачкі перамываюць (М. Лобан. Гарадок Устронь). Навошта перамываць косткі завочна, траціць зарад крытыкі, ці не лепш пакінуць яго на лепшы час? (І.Шамякін. Крыніцы).

Узнікненне фразеалагізма звязана са старажытнаславянскім абрадам паўторнага пахавання. Звычайна праз тры гады пасля першага пахавання магіла раскопвалася: трэба было праверыць, ці не быў нябожчык пры жыцці звязаны з ведзьмакамі, пярэваратнямі, і, калі гэта так, зняць з яго закляцце і ачысціць ад грахоў. Перад тым як зноў закапаць нябожчыка, яго родзічы і сваякі перабіралі косці, перамывалі іх вадой або віном. Пры перамыванні костачак не абыходзіліся без ацэнкі нябожчыка, яго характару, паводзін, г. зн. без абгаворвання.

Костка ў горле каму, для каго, для чаго. Уласна бел. Вялікая перашкода, непрыемнасць для каго-, чаго-н. Ён жа [Ціток ]можа стаць другім багачом у воласці. Каб толькі гэта костка ў горле, Кандрат, за ім не ўплянтаўся (М. Лобан. На парозе будучыні).

Утварыўся на аснове дзеяслоўнага фразеалагізма стаць косткай у горле ў выніку ўсячэння дзеяслоўнага кампанента, набыў катэгарыяльнае значэнне прадметнасці і адпаведныя граматычныя ўласцівасці назоўнікавых фразеалагізмаў.

Косць ад косці каго, чыёй. Запазыч. з царк. — слав. м. У Бібліі (Быццё, 2,21–23) пра стварэнне першых людзей на зямлі гаворыцца, як Адам, прачнуўшыся і ўбачыўшы Еву, зробленую з яго рабрыны Богам, сказаў: «Вось гэта косць ад касцей маіх і плоць ад плоці маёй». Выраз, які ў словах біблейскага Адама меў і канкрэтны сэнс, стаў вобразным абазначэннем роднасці ці ідэйнай блізкасці: Я косць ад косці, крывінка ад крывінкі мужыка… (Т. Хадкевіч. Даль палявая). Цярэшка — косць ад косці свайго народа, ён беларускі ўсім… (С. Ляўшук. Гэта яго лёс).

Косы сажань у плячах. Гл. касы (косы) сажань у плячах.

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code