Капціць свет. Уласна бел. Жыць без пэўнай мэты, без справы, без карысці для іншых. — Што, адны жывяце? — Адны. Во з дзедам так і капцім свет, — тужліва адказала кабета (В. Быкаў. Сотнікаў).
Узнік, відаць, на аснове фразеалагізма неба капціць (гл.) і ўжываецца з тоесным значэннем: не капціў дарэмна свету (К. Крапіва), стварэнне гэта свет копціць (І. Козел).
Капыліць (закапыліць) губы (-у). Агульны для бел. і ўкр. м. Крывіцца, выражаючы незадаволенасць, злосць. Скіба гумару ў сітуацыі не зразумеў, ён адно чмыхнуў і, як кажуць, закапыліў губу (А. Кажадуб. Высока сонейка, высока).
Фразеалагізм жэставага паходжання: унутраны стан чалавека называецца па знешнім выразніку гэтага стану.
Карміць абяцанкамі каго. Паўкалька з руск. м. (кормить обещаниями). Абяцаць зрабіць што-н. у хуткім часе і не выконваць абяцанага. Цётка ведала дабрату свайго пляменнічка: толькі абяцанкамі корміць (М. Лобан. На парозе будучыні).
Утварыўся ў руск. м. на базе фразеалагізма кормить завтраками, у апошнім кампаненце якога каламбурна сутыкаюцца два значэнні: ‘снеданне’ і ‘абяцанне зрабіць што-н. заўтра’.
Карты зблытаны чые, каго. Гл. <усе> карты зблытаны (змешаны) чые, каго.
Карты раскрыты чые. Гл. <усе> карты раскрыты чые.
Карты ў рукі каму. Гл. <і> карты ў рукі каму.
Карычневая чума. Агульны для ўсходнесл. м. Фашызм. Час яшчэ не сцёр ні з памяці людской, ні з пакутнай зямлі слядоў, якія пакінулі на ёй нечуваныя трагедыі, страты і ахвяры, што прынесла чалавецтву карычневая чума (В. Вітка. Даследуецца чалавек).
Узнікненне фразеалагізма абумоўлена тым, што ў Германіі фашысцкія малойчыкі насілі карычневыя кашулі.
Касіць дугой. Уласна бел. Не назапасіўшы корму для жывёлы, выпрошваць, купляць, пазычаць яго. Хай здаваў бы [скаціну] мой, у каго кармоў няма. Напрыклад, Сурміла. Ён ужо з месяц як косіць дугою (В. Блакіт. Шануй імя сваё).
Выраз каламбурнага характару. Утвораны на аснове свабоднага словазлучэння касіць касой, у якім назоўнікавы кампанент заменены словам дугой. Апошняе сімвалізуе запрэжанага каня, на якім едуць здабываць сена.
Касцьмі класціся. Уласна бел. Прыкладаць вялікія намаганні дабіцца чаго-н. Дзесяткі гадоў мы змагаліся за родную мову — некаторыя касцьмі клаліся ў тым змаганні (як Уладзімір Дамашэвіч, напрыклад), закідвалі пісьмамі ЦК КПСС, Гарбачова (В. Быкаў. Выступленне на VII з’ездзе СП БССР).
Склаўся на аснове фразеалагізма легчы касцьмі, вядомага яшчэ ў старажытнасці. Паводле летапісу, князь Святаслаў перад бітвай з грэкамі ў 970 г. сказаў воінам: «Не посрамим земли Русския, но ляжем костьми ту; мертвые бо срама не имут».
Касы (косы) сажань у плячах. Паўкалька з руск. м. (косая сажень в плечах). Рослы, плячысты, магутнага складу (пра мужчыну). Марыя Міхайлаўна ўважліва агледзела рослага правадніка. Касы сажаньу плячах. Волат (У. Мяжэвіч. Яблынька для доктара).
Вобразная аснова гэтага фразеалагізма грунтуецца на гіпербале. Даўней, да ўвядзення метрычнай сістэмы, у Расіі і Беларусі выкарыстоўваўся сажань — мера даўжыні, роўная З аршынам, або 2,134 м. Апрача гэтай меры, быў яшчэ махавы сажань, роўны двум з палавінай аршынам (па даўжыні адлегласці разведзеных у бакі рук), і касы сажань, які раўняўся адлегласці ад вялікага пальца правай нагі да канца сярэдняга пальца паднятай угору левай рукі.
Ката ў мяшку купляць. Калька з франц. м. (асhеtеr сhаt еn росhе). Выраз вядомы амаль усім славянскім народам, а таксама немцам і абазначае ‘набываць што-н. завочна, нічога не ведаючы пра якасці набытку’. — Ну што, Іван, пераапранайся і прымай гаспадарку. — Яшчэ паглядзім, Віктар, у якім яна ў цябе стане. Сам ведаеш, ката ў мяшку не купляюць (ЛіМ. 18.04.1975).
Фразеалагізм усведамляецца як жывая метафара.
Кату па пяту. Уласна бел. Вельмі малы, невысокі, нізкарослы. Я ж і кажу: колькі таго старшыні — во, на адзін корх, кату па пяту, а глядзі ж ты, як гайкі пачаў закручваць (П. Місько. За лужком, за рэчкаю).
Вобразнасць гэтага фразеалагізма, кампаненты якога звязаны рыфмай, заснаваная на літоце (знарочыстым прымяншэнні).
Кацялок варыць у каго. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. котелок варит, укр. казанок варить). Хто-н. разумны, кемлівы, знаходлівы. — Кацялок у цябе варыць, — пастукаў ён мяне па лбе (А. Якімовіч. Цяжкі год).
Прастамоўны выраз, утвораны на аснове сінанімічнага галава варыць у каго (гл.). Экспрэсіўнасць гэтага ўтварэння параўнальна з яго прататыпам значна павялічваецца, бо кампанент кацялок, прадметна-семантычна ўзаемазвязаны з кампанентам варыць, выклікае асацыяцыі са значэннем ‘невялікая пасудзіна, у якой вараць стразу’. Параўн. урывак з сатырычнага верша К. Крапівы «Цяп!», дзе гаворыцца пра «служку з гарснаба», які забараніў прадаваць торф на рынку: «Гнулі ж людзі свой горб, дык прадаць гэты торф мараць. Мо б хто з воз прывалок падагрэць „кацялок“, чый не варыць. Ды хутчэй як мага! Хоць бы гэтаму „Г“, што з гарснаба, бо наконт „кацялка“ і ў яго, дзівака, слаба».
Каша заварылася. Агульны для ўсходнесл. м. Распачалася складаная, непрыемная справа. Уся гэта каша заварылася пасля таго, як сюды прыязджаў стары скарбовы каморнік са сваімі інструментамі (Я. Колас. Нёманаў дар).
Выраз узнік на аснове дзеяслоўнага фразеалагізма заварыць кашу (гл.).
Каша ў галаве ў каго. Магчыма, недакладная калька з ням. м. (Gŕ́ützkорf ‘дурніла’; складаны назоўнік, у якім Grütz — каша, Корf — галава). Хто-н. блытана разважае, не мае яснасці ў разуменні чаго-н. — Разумнікі любяць вучыць, кіраваць, камандаваць. — Ну-ну… Каша ў цябе ў галаве (Л. Дайнека. Запомнім сябе маладымі).
Выраз успрымаецца як матываваны, іранічна-гіпербалізаванага ўтварэння.
Кашы не зварыш з кім. Агульны для ўсходнесл. м. Не дамовішся, не дойдзеш да згоды. Даставалася Лявону, і Пятрусю, і Сымону за чартоўскі чмут, туман, бо яны ўсе — канаводы, звадыяшы, і не зварыш з імі кашы (Я. Колас. Ігрышча).
Першапачатковая форма фразеалагізма, у якой ён зрэдку ўжываецца і цяпер, — піва не зварыш: «Ага, смяешся! значыць, люб. Бадай, з табою зварым піва» (К. Крапіва). Выраз паходзіць са свабоднага словазлучэння, у якім піва абазначала ‘пітво’ (гл. наварыць піва). Даўней пітво («піва») варылі ў складчыну і на свята разам пілі яго. Пра незгаворлівага, непамяркоўнага чалавека сталі казаць, што з ім піва не зварыш. З забыццём унутранай формы фразеалагізма кампанент піва быў заменены словам каша, відаць, пад уплывам іншых выразаў з кампанентам каша (заварыць кашу, каша заварваецца і інш.).
Квадратура круга. Паўкалька з ням. (dіе Quаdrаtur dеs Krеіsеs) або франц. (quаdrаturа du сегclе) ці лац. (quаdrаturа сіrсulі) м. Невырашальная задача. [Паэт] удала асвоіў новую паэтычную прастору нашай рэчаіснасці. Прастору; што не паддаецца вымярэнню нават квадратурай круга (Маладосць. 2001. № 9).