MoreKnig.org

Читать книгу «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» онлайн.

Калоць вочы каму. Агульны для ўсходнесл. м. Абазначае ‘быць непрыемным каму-н., выклікаць злосць’ і ‘моцна папікаць, сароміць каго-н.’. Зразумей, Мікола, што наш дастатак коле людзям вочы, усе зайздросцяць, таму і плятуць на мяне розную недарэчнасць (М. Машара. I прыйдзе час…). Ніхто яму, Вадзіму, не будзе калоць вочы былымі памылкамі (І. Шамякін. Атланты і карыятыды).

Выраз паходзіць з прыказкі Праўда вочы коле, у складзе якой абазначае ‘вельмі непрыемная, выклікае злосць, раздражняе’. Другое значэнне фразеалагізма таксама мае семантычную сувязь з прыказкай, толькі ўскосную.

Калумбава яйка. Паўкалька з франц. (l’оеuf dе Соlоmb) ці ням. (dаs Еі dеs Kоlumbus) м. Удалае рашэнне чаго-н., знойдзены выхад з цяжкага становішча. — Па неправераных даных сёння ноччу забіта Настасся Вашчыла [супрацоўніца нямецкай разведкі]. —Гэта праўда? — Калумбава яйка… Нечаканы ўчынак шпега, якога ўчора Настасся Вашчыла на вуліцы стэкам спаласавала, выручыў нас, — тлумачыў Краеўскі. — Не трэба рук пэцкаць... (І. Гурскі. Вецер веку).

Склаўся на аснове хадзячага аповеду пра Хрыстафора Калумба. Калі адзін з суразмоўнікаў іранічна заўважыў, што адкрыццё Амерыкі было няцяжкай справай, Калумб прапанаваў яму паставіць яйка на стале. Ніхто не мог гэтага зрабіць. Тады Калумб, разбіўшы яйка з тупога канца, паставіў яго старчма. Пры гэтым нібыта дадаў: «Так, гэта справа няцяжкая».

Камандаваць парадам. Агульны для ўсходнесл. м. Распараджацца, верхаводзіць, быць завадатарам, аказваць уплыў на ход чаго-н. Рабушка і Навучэнка пачалі пярэчыць, тады Саша растлумачыў: — Паколькі парадам камандую я, то слухайце мае загады! Пайшлі! (І. Новікаў. Дарогі скрыжаваліся ў Мінску).

Узнік у выніку пераасэнсавання састаўнога тэрміна, які ўжываецца ў маўленні ваенных.

Камар носа не падточыць (не падсуне). Агульны для ўсходнесл. м. Нельга прыдрацца да чаго-н. А хіба крытыкаваць цябе няма за што? Усё ў цябе так спраўненька, так добранька, што і камар носа не падточыць? (М. Лобан. Гарадок Устронь).

Першапачаткова выраз выкарыстоўваўся, відаць, як ацэнка такой сталярнай або цяслярскай работы, пры якой паміж шчыльна падагнанымі дошкамі ці бярвёнамі нельга прасунуць нават камарынага носа.

Камень за пазухай. Агульны для ўсходнесл. м. Скрытая, затоеная злосць, нядобры намер. Без каменя за пазухай я падаю, равеснік, табе руку на дружбу — не адхіляй яе! (Н. Гілевіч. Равесніку за акіянам).

Вытворны ад дзеяслоўнага фразеалагізма насіць (трымаць, хаваць) камень за пазухай ‘затойваць злосць на каго-н., быць гатовым зрабіць што-н. дрэннае каму-н.’. Адарваўшыся ад дзеяслоўнага выразу, яго фрагмент атрымаў прадметнае значэнне.

Камень спатыкнення. Паўкалька з царк. — слав. м. (камень преткновения). Значная перашкода, цяжкасць. А. Бачыла, скажам, піша, што цяпер «сваім багаццем хваліцца ўсё тая ж зямля, якой цураліся тады». Пакуль што для многіх «каменем спатыкнення» з’яўляецца менавіта гэтае невырашальнае: тады і цяпер… (М. Арочка. Зямля, асвечаная любоўю).

Выток фразеалагізма — Біблія (Ісаія, 8, 14), дзе першапачаткова спалучэнне мела канкрэтны сэнс, бо гаворка ішла пра пакладзены богам у Сіёне камень, аб які спатыкаліся нявернікі ці тыя, хто не скараўся перад строгімі законамі.

Каменьчык (-і) у агарод чый. Агульны для ўсходнесл. м. Іранічны, крыўдны намёк на што-н. Роза зразумела, што крытыка яе работы з’яўляецца адначасна каменьчыкам у Юркаў агарод (У. Калеснік. Пасланёц Праметэя).

Склаўся на аснове фразеалагізма кідаць каменьчыку агарод чый, каго (гл.) у выніку ўсячэння дзеяслоўнага кампанента. Будучы «абломкам» дзеяслоўнага выразу, захаваў «долю» семантыкі ўсяго фразеалагізма, набыў катэгарыяльнае значэнне прадметнасці.

Каменя на камені не пакінуць. Паўкалька з царк. — слав. м. Ужыв. са значэннямі: 1) знішчыць ушчэнт, разбурыць да канца, 2) ад каго, ад чаго; бязлітасна раскрытыкаваць каго-, што-н. Колькі разоў цябе нішчылі, Крычаў, не пакідалі на камені камень (У. Дубоўка. Крычаўская спакуса). У слоўных баталіях з хлопцамі Марыя любіла не пакінуць ад апанента каменя на камені (У. Караткевіч. Нельга забыць).

Выраз шмат разоў сустракаецца ў евангельскіх тэкстах, у прыватнасці (Марк, 23, 2) там, дзе расказваецца, як Хрыстос прарочыць пагібель Іерусаліма: «Дакладна кажу вам; не пакінецца тут каменя на камені („не имать остати здесь камень на камени“); усё будзе разбурана». Фразеалагізм выкарыстоўваўся ў тэкстах старажытнай беларускай пісьменнасці, напрыклад у «Аповесці аб Трыстане» (каля 1580 г.): «…иже там камень на камени не зостал».

Камяні кідаюцца ў каго. Уласна бел. Хто-н. асуджаецца, абвінавачваецца, ганьбіцца. I зноў непрыемна чытаць некаторыя ўспаміны, дзе кідаюцца камяні ў яе [жонку М. Стральцова] (Р. Барадулін. Конь гуляў па волі…).

Выраз, структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, склаўся на аснове суадноснага дзеяслоўнага кідаць камень (у каго), які абазначае ‘асуджаць, абвінавачваць, ганьбіць каго-н.’ (гл.).

Кануць у Лету. Запазыч. з руск. м. Быць забытым, назаўсёды знікнуць. Мае дарагія сябры, сёстры і брацця, — мінуць, пройдуць, у Лету кануць стагоддзі, зменяцца пакаленні… (А. Карпюк. Вершалінскі рай).

Выраз узнік, паводле М. М. Шанскага, у пачатку XIX ст. у паэтычных творах на аснове гутарковага канул в воду; апошні кампанент быў заменены іншым словам — вобразам з грэчаскай міфалогіі. Лета — рака забыцця ў падземным царстве, з якой душы тых, хто трапляў на той свет, пілі ваду; адзін глыток вады прымушаў іх забываць зямлю і сваё былое жыццё на ёй.

Канцы з канцамі не зводзяцца (не сыходзяцца) у каго, дзе. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘не хапае чаго-н. для задавальнення жыццёвых патрэб на ўвесь вызначаны перыяд’ і ‘няма ўзгодненасці, адпаведнасці паміж рознымі бакамі чаго-н. (у разважаннях, доказах і пад.)’. Зажынкі заўсёды ўрачыстая падзея, свята. Павялося гэта здавён-даўна, з тых часоў, калі ў многіх хатах канцы не зводзіліся з канцамі. Не хапала хлеба, каб дацягнуць да новага ўраджаю (І. Дуброўскі. Буйным крокам). Не, хлопча, канцы з канцамі ў цябе пакуль што не сыходзяцца. Відаць, ты яшчэ не разабраўся толкам у гэтых абозах і авангардах… (М. Ткачоў. Пошукі скарбаў).

Фразеалагізм, структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, склаўся на аснове суадноснага дзеяслоўнага зводзіць канцы з канцамі (гл.).

Канцы ў ваду. Гл. <і> канцы ў ваду.

Капанне на мазгі. Агульны для ўсходнесл. м. Пастаяннае ўздзеянне на каго-н., бесперапыннае настаўленне, павучанне каго-н. У такіх выпадках — Ліза ведала з шматгадовага вопыту — лабавая атака не падыходзіць. Трэба іншы манеўр — спакой, ласка, зацяжная аблога і паступовае «капанне на мазгі» (І. Шамякін. Атланты і карыятыды).

Назоўнікавы фразеалагізм, вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага капаць на мазгі каму ‘пастаянна гаварыць адно і тое ж, уздзейнічаючы на каго-н., павучаючы, настаўляючы каго-н.’.

Капаць яму каму, пад каго, для каго. Агульны для ўсходнесл. м. Рабіць зло, шкодзіць, рыхтаваць вялікую непрыемнасць каму-н. — Ты сам сабе яму капаеш… — Ты мне капаеш яму! — перапыніў Аўгіню Васіль (Я. Колас. Дрыгва).

Паходзіць з прыказкі Не капай другому яму, сам увалішся. Фразеалагізм захаваў той самы сэнс, што і ў прыказцы, і здольнасць кіраваць давальным склонам, але развіў і іншыя кіравальныя сувязі (пад каго, для каго).

Капля ў моры <чаго>. Гл. кропля (капля) у моры <чаго>.

Капну́́ць глыбей. Агульны для ўсходнесл. м. Больш грунтоўна вывучыць, высветліць што-н., пранікнуць у сутнасць чаго-н. У 1949 годзе мяне вырашылі перавесці на новы факультэт. Я адразу ўцяміў, што там прападу: капнуць глыбей і высветляць, што сын расстрэлянага шпіёна пралез да сакрэтаў (А. Лукашук. Здзек).

Выраз з агульным аналітычным значэннем. Абодва кампаненты сэнсава суадносяцца з перыферыйнымі значэннямі адпаведных слоў: капнуць — са значэннем ’унікнуць у што-н., дабрацца да чаго-н.’, глыбей — ‘больш змястоўна, больш грунтоўна’.

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code