MoreKnig.org

Читать книгу «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» онлайн.

К

Каб і духу не было чыйго <дзе>. Агульны дляўсходнесл. м. (руск. чтоб и духу не было, укр. щоб і духу не було). Выказванне катэгарычнага патрабавання, каб хто-н. тут жа знік і больш не паказваўся. — Парабчука гэтага, тата, каб і духу не было, — закамандаваў Казік (С. Грахоўскі. Рудабельская рэспубліка).

Тут духу першапачаткова значыла ‘паху, які выдзяляецца ў чалавека з паверхні скуры’. Гэты кампанент нярэдка замяняецца ў маўленні іншымі — паху, смуроду або выступае ў спалучэнні з паху: «Ану, выкідвайцеся з вагона, каб і паху вашага тут не было!» (М. Лынькоў); «Забудзе пра гэтага галадранца. Заўтра ж турну, каб і смуроду не было» (С. Грахоўскі); «Веры трэба канечна выгнаць яе, гэтую кулацкую гідру, сказаць, каб яе духу-паху тут не было» (М. Зарэцкі). Параўн. ва ўкр. м.: щоб і дух не пах (не смердів) (чий де).

Каб пуста было каму. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. чтоб пусто было, укр. щоб пусто було). Выказванне злосці, нядобразычлівасці. Бадай ты спух! Ото распуста! А каб табе было, гад, пуста! Няма ні сораму, нічога… (Я. Колас. Новая зямля).

Мяркуюць, што напачатку гэта было пажаданне неўраджаю ці няўдалага палявання.

Прыкідвацца, глядзець казанскай сіратой. Запазыч. з руск. м. Пакрыўджаным, няшчасным (прыкідвацца). — Не чуў я, каб хто мяне гукаў, дапытваўся — не патрэбен я нікому… — Во-ёй, не прыкідвайся казанскай сіратою... (П. Місько. Мора Герадота).

Утварыўся на аснове фразеалагізма казанская сірата (гл.), замацаваўшыся ў сваіх семантычных сувязях са строга акрэсленымі дзеясловамі прыкідвацца, глядзець.

Казанская сірата. Запазыч. з руск. м. Той, хто прыкідваецца пакрыўджаным, няшчасным (з мэтай разжаліць каго-н.). І ўспомніў Васька, як хадзіў ён учора з камандзірам роты і Насцяй па свой заробак да гаспадара. Зніціўся той, збедніўся, ну проста сірата казанская, якія ў яго грошы, калі вайна і разруха… (М. Лынькоў. Маладосць).

Першапачаткова выкарыстоўваўся ў дачыненні да татарскіх князёў, якія пасля ўзяцця войскамі Івана Грознага ў 1552 г. сталіцы Казанскага царства стараліся прыстасавацца да новай улады, часам пераходзілі ў хрысціянства, слалі рускаму цару чалабітныя, скардзячыся на сваю долю і спадзеючыся на розныя ўступкі, патуранні.

Казёл адпушчэння. Запазыч. з царк. — слав. м. Чалавек, на якога звальваюць чужую віну, адказнасць за другіх. Параіліся разумнікі дый вырашылі: «Ахвяруем. На тое ён і Казёл, каб быць казлом адпушчэння. Цяпер-то мы напэўна адкупімся» (К. Крапіва. Ці была ў яго галава?).

У Бібліі (Левіт, 16, 21–22; 16, 9-10) расказваецца пра старажытнаяўрэйскі абрад «казлаадпушчэння»: адзін раз у год, у дзень адпушчэння грахоў, прыводзілі ў пэўнае месца казла, і на яго галаву першасвяшчэннік (вярхоўны жрэц) ускладваў абедзве рукі, што сімвалізавала перакладанне грахоў усяго народа на казла, якога пасля праганялі («адпускалі») у пустыню.

Казка пра белага бычка. Запазыч. з руск. м. Бясконцае паўтарэнне аднаго і таго з самага пачатку. — А можа б, ты ўсё-ткі засталася? Небяспечна ж там дужа, чуеш?.. — Я ўжо казала, цётачка… Нашто нам паўтараць казку пра белага бычка?.. (І. Мележ. Мінскі напрамак).

Значэнне выразу склалася на аснове кароткай, але дакучлівай народнай казкі для дзяцей, калі тыя зноў і зноў прасілі расказаць яшчэ адну казку: «— Расказаць табе казку пра белага бычка? — Раскажы! — Ты раскажы, ды я раскажы, да чаго ў нас будзе і дакуль гэта будзе! Расказаць табе казку пра белага бычка?» і г. д.

Каінава пячаць. Агульны для ўсходнесл. і польск. (рiętnо kаіnоwе) м. Абазначае ‘след злачыннасці’. Каму патрэбна творчасць, на якой ляжыць каінава пячаць? (К. Крапіва. З народам).

Склаўся на аснове біблейскага сюжэта (Быццё, 4) пра першае забойства на зямлі і кару за яго. Калі Каін, сын Адама і Евы, прызнаўся, што ў час ахвяравання забіў свайго брата Авеля, Бог пакараў забойцу: зрабіў на яго твары спецыяльны знак і загадаў быць вечным вандроўнікам.

Каламуціць (муціць) ваду. Агульны для ўсходнесл. (руск. мутить воду, укр. каламутити воду) іпольск. (mącіć wоdę) м. Ужыв. са значэннямі ‘свядома заблытваць якую-н. справу’ і ‘уносіць разлад, беспарадак у адносіны паміж кім-н.’. — Усё на тое хіліцца, што немцы не аддадуць Саветам Бярэсця. — Як гэта не аддадуць?… Берасць савецкі! Разумееш ты ці не? Савецкі! I ты тут вады не муці! (К. Каліна. Світанак). Бабка твая ваду каламуціць!.. Ну і шкодная старая, ніяк ёй не дагадзіць! (В. Іпатава. Зачараваная півоня).

Мяркуюць, што выраз утвораны на аснове фразеалагізма лавіць рыбу (рыбку) у каламутнай вадзе (гл.).

Каланіца носіць каго, дзе, калі. Уласна бел. Хто-н. недарэчы, не ў пару аказваецца, з’яўляецца дзе-н. «Аэраплан! Аэраплан!» — пракінулася па радах. Задраліся галовы. «У хлябу і то каланіца яго носіць», — прабурчаў нехта (М. Гарэцкі. Ціхая плынь).

Склаўся шляхам мадэліравання — на ўзор выразаў ліха носіць, чорт носіць, хвароба носіць і пад. — з захаваннем структуры фразеалагізмаў-папярэднікаў і з заменай назоўнікавага кампанента іншым. Каланіца — калёсная мазь.

Калі ласка. Агульны для бел. і ўкр. м. Ужыв. як зварот для выражэння ветлівай просьбы, пабуджэння са значэннем ‘прашу вас’. Можа, пяройдзем у той пакой, калі ласка, я вам яго анкету пакажу? (Я. Брыль. Птушкі і гнёзды).

Утварыўся, відаць, у выніку скарачэння больш поўнай формы калі твая (ваша) ласка будзе. Параўн. у ананімнай паэме «Энеіда навыварат»: «Калі ўжо ласка твая будзе, вялі нам лазню пратапіць». У форме калі ласка выраз выкарыстоўваўся ў творах XIX ст. («Гутарка Данілы са Сцяпанам», п’еса В. Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта»).

Каліф на час. Агульны для ўсходнесл. м. Чалавек, які займеў уладу на кароткі тэрмін. На славу працуюць любімыя браты нашы — партызаны. Звярыны жах пасялілі яны ў тупыя чарапы нямецкіх каліфаў на час (М. Лынькоў. Блізка вясна Беларусі).

Склаўся на аснове арабскай казкі «Сон наяву, ці Каліф на час». У ёй гаворыцца, як малады багдадзец Абу-Гасан паклікаў да сябе ў госці незнаёмца і расказаў яму пра сваю запаветную мару — стаць хоць на адзін дзень каліфам. Незнаёмец якраз і быў пераапрануты каліф — вярхоўны правіцель Багдада. Абу-Гасану далі снатворнага парашку, перанеслі ў палац і, калі прачнуўся, цэлы дзень ушаноўвалі як каліфа. А вечарам, зноў усыпіўшы, вярнулі дамоў.

Калі (як) рак (на гары) свісне. Агульны для ўсходнесл. м. Ніколі ці невядома калі (будзе, павінна адбыцца што-н.). — Я магу кінуць піць. — Калі? Як рак на гары свісне. — Як ты загадаеш (Л. Калодзежны. Аўсяны звон).

У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз як плён народнага гумару.

Каломенская вярста. Запазыч. з руск. м. Чалавек вельмі высокага росту. Зверху раздаўся глухаваты голас: — Гэй, вярста каломенская, прыгніся, калі кацялок табе дарагі! Тут хутка прадзіравяць (І. Новікаў. Ачышчэнне).

Склаўся на аснове параўнання высакарослага чалавека з вельмі высокімі верставымі слупамі, якія былі пастаўлены паміж Масквой і сялом Каломенскім, дзе знаходзілася летняя рэзідэнцыя цара Аляксея Міхайлавіча.

Калос на гліняных нагах. Паўкалька з франц. м. (соlоssе аuх ріеds d’аrgіlе). Што-н. знешне вялікаснае, але слабае, гатовае разбурыцца. Ніхто нават не падумае, што ўсё гэта — калос на гліняных нагах, які вось-вось зваліцца (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім).

Склаўся на базе біблейскага аповеду (Данііл, 2, 31–36) пра вавілонскага цара Навухаданосара, якому прысніўся вялікі страшны ідал: галава яго «была з чыстага золата, грудзі і рукі з серабра, чэрава і клубы — медныя, галёнкі жалезныя, ногі часткова жалезныя, часткова гліняныя». «Камень адарваўся ад гары, ударыў у ідала, у жалезныя і гліняныя ногі яго — і разбіў іх». Паводле Бібліі, металічны ідал-велікан на гліняных нагах і яго лёс сімвалізавалі вавілонскае царства з незайздроснай будучыняй — разбурэннем, гібеллю ад персаў.

Перейти на стр:
Изменить размер шрифта:
Продолжить читать на другом устройстве:
QR code